мужчынскі манастыр у г. Пячоры Пскоўскай вобл. (Расія). Узнік каля сярэдзіны 15 ст., калі ў пячорах пасяліліся першыя манахі-пустэльнікі. Быў своеасаблівым фарпостам абароны на зах. мяжы Расіі. У 1581—82, 1592, 1611—16 на яго нападалі шведы. Пасля Паўн. вайны 1700—21 страціў сваё абарончае значэнне. У 1473 пабудавана першая пячорная Успенская царква (перабудавана ў 1522—23, 18 ст.). У 16 ст. каля манастырскіх пабудоў узнік пасад, які пазней перарос у горад. У 2-й пал. 16 ст. манастыр разам з пасадам абнесены крапасной сцяной з 9 вежамі (перабудавана ў 1701). Уваход на тэр. манастыра цераз Святыя вароты, акцэнтаваныя вежай і ківотам над аркай. Гал. кампазіцыйны элемент — шматпралётная 2-ярусная званіца (16 ст.) з гадзіннікам. Захаваліся таксама цэрквы Дабравешчанская (1541, фасад 18—19 ст.), надбрамная Нікольская (1564, арх. П.Забалотны) з вежай, св. Пятра (17 ст.), Пакроўская (18 ст.); пячоры (даўж. 200 м; з’яўляюцца манастырскімі могілкамі). Абарончыя і культавыя будынкі манастырскага комплексу належаць да Пскоўскай шкалы дойлідства.
Літ.:
Древний Псков: История, искусство, археология;
Новые исслед. М., 1988;
Псков через века: Памятники Пскова сегодня. СПб.;
Псков, 1994.
Г.А.Лаўрэцкі.
Пскова-Пячорскі манастыр. Царква святога Пятра. 17 ст.Абарончыя ўмацаванні Пскова-Пячорскяга манастыра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Сад ’участак зямлі, засаджаны дрэвамі, кустамі і кветкамі; дрэвы, кветкі, якія растуць на гэтым участку’, дыял. ’карма ў невадзе, мяшок пасярод яго, куды трапляе рыба’ (віц., Нар. лекс.), ’пасад у гумне’ (Нас.), ’верхні і ніжні млынарскія каменні’ (Некр.), ’грыбная калонія ў лесе’ (Яшк.). Да садзіць, сесці. У першым значэнні агульнаславянскае і праславянскае: рус., укр.сад, стараж.-рус.садъ ’дрэва, расліны, гай, сад’, ст.-слав.садъ ’сад’, польск.sad ’сад, парк’, в.-луж., н.-луж.sad ’садавіна; сад’, чэш., славац.sad ’сад, насаджэнне’, серб.-харв.са̑д ’новае насаджэнне’, славен.sȃd ’плод; плантацыя’, балг., макед.сад ’насаджэнне’. Праслав.*sadъ ’пасадка’, старая аснова на ‑ŭ (Мейе, RS 6, 131). Бліжэйшыя адпаведнікі ў ст.-інд.sadá ’язда вярхом, сядзенне’, ст.-ісл.sót ’сажа’, гл. Траўтман, 259 і наст.; Майргофер, 3, 473; Фасмер, 3, 543 і наст.; Брукнер, 478 і наст.; Махэк₂, 539, Сной₁, 550; Шустар-Шэўц, 2, 1263; Борысь, 537. Сад у значэнні ’дзіцячы сад’ з рус.сад ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
«АПАКРЫ́СІС», Апокрысіс, «Апокрисис, албо отповедъ на книжкы о съборе Берестейском...»,
помнік стараж.бел. пісьменства; твор царкоўна-палемічнай літаратуры. Апубл. ў 1597 у Вільні на польск. мове, перавыд. у 1598 у Астрозе ў перакладзе на старабел. мову. Аўтар (мяркуюць — валынскі пратэстант Марцін Бранеўскі) па даручэнні кн. Канстанціна Астрожскага выступіў у абарону нац.-рэліг. незалежнасці праваслаўных Украіны і Беларусі пасля Брэсцкай уніі 1596 і ў адказ на кнігі яе апалагетаў П.Скаргі і І.Пацея, схаваўшыся пад псеўданімам Хрыстафор Філалет. Аўтар паказаў, што царк. саюз уніяцкіх і каталіцкіх епіскапаў абумоўлены не праблемамі багаслоўскай ісціны і маралі, а імкненнем да гарантаваных матэрыяльных выгод, высокіх дзярж.пасад, рэліг. прывілеяў і паліт. правоў. У «Апакрысісе» выкарыстаны шырокі арсенал літ. і фалькл. мастацкіх сродкаў: анекдатычныя гісторыі, байкі, сатыр. бытавыя замалёўкі, трапныя прыказкі і прымаўкі, каларытныя эпітэты і параўнанні. «Апакрысіс» — яркая старонка антыуніяцкай публіцыстыкі. Ён адыграў значную ролю ў кансалідацыі ўкр. і бел. народаў у іх барацьбе за нац.-культ. самабытнасць. Раскрыўшы вострую супярэчнасць паміж феад. вярхамі двух асн. веравызнанняў Рэчы Паспалітай, аўтар змагаўся за традыцыі і веру народа з пазіцый мясц. знаці, якая баялася, каб палітыка уніяцка-каталіцкага духавенства не прывяла дзяржаву да ўнутр.сац. і нац.-вызв. вайны. Таму ён заклікаў знаць да салідарнасці і сумесных дзеянняў.
Літ.:
Яременко П.К. Український письменник-полемист Христофор Філалет і його «Апокрисис». Львів, 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЦЫ НДІМіністэрства працы Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1991 у Мінску на базе Бел. філіяла (з 1971) НДІ працы Дзяржкампрацы СССР. Асн. кірункі навук. даследаванняў: народанасельніцтва (дэмаграфічныя працэсы, міграцыя); рынак працы (рацыянальнае і эфектыўнае выкарыстанне прац. рэсурсаў, занятасць і беспрацоўе, прафарыентацыя і адукацыя, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка кадраў, рэгіянальныя асаблівасці рынку працы); аплата працы (удасканаленне дзярж. механізма рэгулявання заработнай платы, распрацоўка рэкамендацый матэрыяльнага стымулявання для павышэння эфектыўнасці гаспадарання прадпрыемстваў, выканання норм і нарматываў прац. і матэрыяльных выдаткаў); даходы і ўзровень жыцця насельніцтва (фарміраванне даходаў і расходаў насельніцтва, іх структура і дынаміка; распрацоўка мінім.дзярж.сац. стандартаў і іх выкарыстанне пры рэгуляванні даходаў; развіццё сістэм сац. страхавання; беднасць, маштабы і шляхі яе пераадолення); рэгламентацыя і нарміраванне працы (удасканаленне метадалогіі ацэнкі складанасці працы служачых; распрацоўка і вядзенне адзінага тарыфна-кваліфікацыйнага даведніка работ і прафесій рабочых, кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых; распрацоўка метадычнай і нарматыўна-інфарм. базы для нарміравання працы і інш); ахова і ўмовы працы (рэфармаванне сістэмы пенсіённага забеспячэння за работу ў асаблівых умовах працы; эканам. стымуляванне стварэння бяспечных умоў працы); сац. праблемы працы (развіццё сістэмы сац. партнёрства, накіраванай на ўзгадненне інтарэсаў работніка, наймальніка і дзяржавы; падрыхтоўка нарматыўных і метадычных матэрыялаў работы з персаналам); маніторынг сац.-працоўнай сферы Беларусі і інш. З 1993 выдае навук., нарматыўную і даведачную л-ру па праблемах даследавання; з 1995 — штомесячнік «Бюллетень Министерства труда Республики Беларусь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФУ́ЦЫЙ, Кун-цзы (каля 551 да н. э., цяпер г. Цюйфу правінцыі Шаньдун, Кітай — 479 да н. э.),
старажытнакітайскі мысліцель, заснавальнік канфуцыянства. Паходзіў са збяднелага знатнага роду. Каля 530 да н. э. пачаў актыўную настаўніцкую дзейнасць, каля 510 запрошаны да двара правіцеля Лу. У 502—497 займаў шэраг дзярж.пасад, у т. л.найвыш. суддзі царства Лу. Прымушаны да адстаўкі, 14 гадоў вандраваў амаль па ўсіх тагачасных кіт. царствах. У 484 вярнуўся і прысвяціў сябе заняткам з вучнямі, рэдагаванню помнікаў стараж.-кіт. пісьменства, збіранню нар. і прыдворнай паэзіі, апрацоўцы хронікі царства Лу. Дзейнасць К. супала з перыядам заняпаду ўлады дынастыі Чжоў і распаду традыц. грамадскіх сувязей. Імкненне да аднаўлення парушанага грамадскага ладу лягло ў аснову яго маральнага і сац. вучэння, у якім ён ідэалізаваў раннефеад. мінулае часоў панавання першых уладароў з дынастыі Зах. Чжоў. К. прыпісваюць рэдагаванне або аўтарства (частковае) Пяцікніжжа канфуцыянскага канона («Кніга перамен», «Кніга песень», «Кніга дакументаў», «Запіскі пра звычаі», «Вёсны і восені» — хроніка царства Лу). Асн. погляды К. выкладзены ў кн.: «Гутаркі і меркаванні» (напісана яго вучнямі і паслядоўнікамі), «Вялікае вучэнне» і «Дактрына сярэдзіны» (апрацаваны ўнукам К.), у трактаце «Мэн-цзы», напісаным яго паслядоўнікам Мэн-цзы. Гэтыя кнігі разам складаюць Чатырохкніжжа канфуцыянскага канона.
Літ.:
Семененко И.И. Афоризмы Конфуция. М., 1987;
Переломов Л.С. Конфуций: жизнь, учение, судьба. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛІ́ЦЫЯ (ад лац. militia войска),
1) апалчэнне ў магнацкіх гарадах ВКЛ у 16—18 ст. Прызначалася для абароны горада пры аблозе.
2) Апалчэнне ў Рас. імперыі ў 1806—07, скліканае ў сувязі з пачаткам вайны -з Францыяй і пагрозай уварвання напалеонаўскіх войск у межы краіны.
3) М. ў Рэспубліцы Беларусь — дзярж. ўзброены праваахоўны орган, прызначаны абараняць жыццё, здароўе, правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, грамадства і дзяржавы ад злачынных і інш. проціпраўных замахаў. Як афіц. орган створана ў студз. 1919 [першы атрад М. створаны ў Мінску 4(17)3.1917; узначальваў М.В.Фрунзе]. Арг-цыя, парадак дзейнасці, правы і абавязкі М. вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб міліцыі» ад 26.2.1991. Задачы М.: ахова грамадскага парадку; забеспячэнне асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян і грамадскай бяспекі; прадухіленне і спыненне злачынстваў і інш. правапарушэнняў; выяўленне і раскрыццё злачынстваў, вышук асоб, якія іх учынілі; абарона ўсіх форм уласнасці ад проціпраўных замахаў; аказанне дапамогі грамадзянам, дзярж. органам і юрыд. асобам у абароне іх правоў і рэалізацыі ўскладзеных на іх абавязкаў; выкананне крымін. пакаранняў і адм. спагнанняў у межах сваёй кампетэнцыі. Дзейнасць М. заснавана на прынцыпах законнасці, гуманізму, павагі да правоў чалавека, галоснасці, цеснай сувязі з насельніцтвам. Складаецца з крымінальнай ’М., М. грамадскай бяспекі і спец. М. Арганізац. структура, штатная колькасць і пералік пасад М. вызначаюцца ў парадку, што ўстанаўліваецца ўрадам. М. ўваходзіць у сістэму органаў МУС. Кантроль за дзейнасцю М. ажыццяўляюць органы, якія ўтварылі яе, і вышэйстаячыя органы МУС. Нагляд за законнасцю ў дзейнасці М. ажыццяўляе Пракурор Рэспублікі Беларусь і падпарадкаваныя яму пракуроры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБАЧО́Ў (Міхаіл Сяргеевіч) (н. 2.3.1931, с. Прывольнае Чырвонагвардзейскага р-на Стаўрапольскага краю, Расія),
савецкі дзярж. і паліт. дзеяч. Ген. сакратар ЦККПСС (1985—91), прэзідэнт СССР (1990—91). Скончыў Маскоўскі ун-т (1955), Стаўрапольскі с.-г.ін-т (1967). З 1955 на камсамольскай і парт. рабоце. У 1966—68 1-ы сакратар Стаўрапольскага гаркома КПСС. З 1968 2-і сакратар, з 1970 1-ы сакратар Стаўрапольскага крайкома КПСС. У 1978—85 сакратар ЦККПСС, у 1980—91 чл. Палітбюро (канд. з 1979). Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР (1988—89) і Вярх. Савета СССР (1989—90). Узначаліў працэс перабудовы ў СССР. Унутрыпаліт. жыццё пры Гарбачове характарызавалася паглыбленнем эканам. крызісу, нарастаючымі цэнтрабежнымі тэндэнцыямі ў саюзных рэспубліках і звязанымі з гэтым канфліктамі. Знешнепаліт. дзейнасць была накіравана на спыненне блокавага процістаяння і гонкі ўзбраенняў, ядзернае раззбраенне (дагаворы па абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў, па скарачэнні звычайных узбраенняў у Еўропе, аднабаковы мараторый СССР на выпрабаванне ядзернай зброі і інш.). Пры Гарбачове выведзены сав. войскі з Афганістана, знешнепаліт. курс КПСС і СССР садзейнічаў аб’яднанню ФРГ і ГДР, спыненню дзейнасці Арг-цыі Варшаўскага дагавора 1955, распаду сусв. сістэмы сацыялізму. Пасля спынення дзейнасці КПСС і распаду СССР (гл.Белавежскія пагадненні 1991) Гарбачоў пайшоў у адстаўку з пасад генсека ЦККПСС і прэзідэнта СССР. Са снеж. 1991 прэзідэнт Міжнар. фонду сац.-эканам. і паліталагічных даследаванняў («Гарбачоўфонд»). Нобелеўская прэмія міру 1990.
Тв.:
Августовский путч: Причины и следствия. М., 1991;
Бел.пер. — Перабудова і новае мысленне для нашай краіны і для ўсяго свету. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗІМІ́Р IVЯгелончык
(30.11.1427, Кракаў — 7.6.1492),
вял. князь ВКЛ [1440—92], кароль польскі [1447—92]. Малодшы сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай. Пасля абрання К. IV на польскі трон паміж ВКЛ і Польшчай устаноўлена персанальная унія, ВКЛ захавала незалежнасць. Вярнуў ВКЛ з Польшчы Дарагічынскую зямлю (1444), замацаваў у складзе дзяржавы Валынь, канчаткова далучыў да ВКЛ Жамойць. Дзеля пашырэння асабістых і маянтковых правоў баяр выдаў прывілей 1447. У час яго панавання ў ВКЛ узмацнілася роля паноў-рады. Вымушаны быў змагацца з апазіцыяй бел.-літ. арыстакратыі. У 1441 групоўка слуцкага кн. Алелькі Уладзіміравіча вымусіла К. IV перадаць Алельку Кіеўскае княства. Вёў барацьбу з прэтэндэнтам на велікакняжацкі пасадкн. Міхаілам Жыгімонтавічам. У 1471 ліквідаваў удзельнае Кіеўскае княства. Каб з’яднаць пануючае саслоўе, пачаў раздачу маёнткаў баярам. Выдаў Судзебнік 1468, з якога пачалася кадыфікацыя феад. права ў дзяржаве. Знешняя палітыка К. IV на ўсходзе была накіравана на ўтрыманне рус. княстваў у складзе ВКЛ (гл.Дагавор 1449), падтрымку Вял. Арды ў яе барацьбе супраць Масквы. Вёў барацьбу з Крымскім ханствам (былым саюзнікам). У Польшчы абапіраўся на сярэднюю шляхту і вёў барацьбу з магнацкай апазіцыяй. Выдаў Няшаўскія статуты 1454, якімі пашыраліся і ўзмацняліся правы шляхты і шляхецкіх земскіх сеймікаў, а магнаты пазбаўляліся выключнага права займаць дзярж. пасады. У 1454—66 вёў вайну з Тэўтонскім ордэнам (ВКЛ не ўдзельнічала), у выніку якой Польшча атрымала выхад да Балтыйскага мора, ордэн прызнаў сваю васальную залежнасць ад польскай дзяржавы. У дынастычнай палітыцы дамогся выбрання свайго старэйшага сына Уладзіслава каралём Чэхіі, а потым і Венгрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСО́ЛЬСТВА,
пастаяннае дыпламат. прадстаўніцтва найбольш высокага класа, якое ўзначальваецца паслом. Да функцыі П. адносяцца: прадстаўнічая функцыя (выступаць ад імя акрэдытуючай дзяржавы); абарона інтарэсаў акрэдытуючай дзяржавы і яе грамадзян; вядзенне перагавораў з урадам дзяржавы знаходжання; развіццё дружалюбных адносін паміж акрэдытуючай дзяржавай і дзяржавай знаходжання; функцыя інфармацыі свайго ўрада пра краіну знаходжання і інш.Асн. дагаворным актам, які рэгламентуе стварэнне, спыненне, функцыі і дзейнасць П., з’яўляецца Венская канвенцыя 1961 аб праве дыпламат. зносін. Унутр. структура П., устанаўленне адпаведных пасаді г.д. вызначаюцца заканадаўствам акрэдытуючай дзяржавы. Персанал П. падраздзяляецца на 3 катэгорыі: дыпламат., адм.-тэхн. і абслуговы. Назначэнне кіраўніка П. праходзіць 4 стадыі: запытанне агрэману; назначэнне на пасаду; прыбыццё ў краіну знаходжання; афіц. ўступленне на пасаду. Уступленне пасла на пасаду звязана з уручэннем ім сваіх паўнамоцтваў (даверчай граматы) органу або службовай асобе, пры якой ён акрэдытуецца. Астатнія члены П. пасля свайго назначэння і прыбыцця ў краіну знаходжання лічацца прыступіўшымі да выканання службовых абавязкаў з моманту паведамлення ад кампетэнтных улад дзяржавы знаходжання. Спыненне дзейнасці П. можа адбыцца пры спыненні дзяржавамі афіц. адносін без іх разрыву, пры разрыве дыпламат. адносін, узбр. канфлікце, знікненні аднаго з бакоў у якасці суб’екта міжнар. права, пры неканстытуцыйнай змене ўрада ў адной з падтрымліваючых адносіны краін і ў некаторых інш. выпадках. Функцыі члена дыпламат. персаналу могуць спыніцца ў сувязі з яго адкліканнем па нейкіх падставах, абвяшчэннем яго персонай нон грата, у выпадку абвяшчэння дыпламата прыватнай асобай (т. зв. дысмісл) і адмаўлення дыпламата выконваць свае функцыі (інсурэкцыя). П. і яго супрацоўнікі карыстаюцца дыпламат. імунітэтам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ НІ́ЖНІ ЗА́МАК, Стралецкі замак. Пабудаваны паводле загаду цара Івана IV Грознага пасля ўзяцця Полацкарус. войскамі ў 1563, прымыкаў да Полацкага Верхняга замка.
Пл. 6 га. З У і ПдЗ быў абгароджаны валам (вал Івана IV Грознага) даўж. каля 600 м, выш. да 10 м, шыр. у аснове да 30 м. Першыя звесткі пра замак і вал сустракаюцца ў пісьмовых крыніцах 2-й пал. 16 ст., калі пад кіраўніцтвам баярына П.І.Шуйскага ваяводы П.Зайцаў і Б.Шчокін значна ўмацавалі Полацк. У гэты час і насыпаны вал. Пры яго буд-ве быў выкарыстаны грунт аб’ёмам каля 230 тыс.м³. Частка грунту была ўзята з месца, дзе капалася новае рэчышча р. Палата (паміж стараж. полацкімі гарадзішчам і селішчам). Паводле плана 1579 С.Пахалавіцкага, на вале было 8 вежаў. У цэнтры замка стаяла вежа-данжон. У сярэдзіне —2-й пал. 17 ст. вежы і сцены замка заменены «тынам стаячым». З канца 16 ст. замак перастаў адыгрываць фартыфікацыйную ролю, у 1579 войскі С.Баторыя штурмавалі полацкія ўмацаванні з боку Верхняга замка. У пач. 17 ст.тэр. Ніжняга замка ўключана ў Полацкі Вялікі пасад. Археал. даследаванні П.Н.з. праводзілі Л.Д.Побаль (1959), Г.В.Штыхаў (1962, 1964), С.В.Тарасаў (1986, 1989, 1990). У 1984 на тэр. замка знойдзены скарб стараж. залатых рэчаў (гл.Полацкія скарбы).
Літ.:
Дэйніс І.П. Ніжні замак у Полацку // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1983. №2;
гл. таксама пры арт.Полацкі Верхні замак.
С.В.Тарасаў.
Да арт.Полацкі Ніжні замак. Полацкія замкі. З гравюры 16 ст.