ПАЛЕАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), палеаген,

першая сістэма кайназойскай эратэмы (групы) агульнай стратыграфічнай шкалы, адпавядае першаму перыяду кайназойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі мелавой сістэмы (перыяду), папярэднічае неагенавай сістэме (перыяду). Пачалася каля 65 млн. г. назад, доўжылася больш за 40 млн. гадоў. Назву ўвёў ням. геолаг К.​Наўман (1866). У самастойную сістэму вылучана ў 1960, да таго лічылася падсістэмай (аддзелам) трацічнай сістэмы. Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі): палеацэн (ранняя), эацэн (сярэдняя) і алігацэн (позняя). На Беларусі палеаген, паводле прынятай схемы ў Зах. Еўропе, падзяляецца на ярусы (вякі): дацкі і танецкі (ніжні аддзел), лютэцкі, бартонскі і прыабонскі (сярэдні), рупельскі і хацкі (верхні). Паводле характэрных комплексаў выкапнёвых фарамініфераў, нанапланктону і рэшткаў раслін вылучана 7 світ: сумская, канеўская, бучацкая, кіеўская, харкаўская, страдубская, крупейская.

У палеагене сфарміраваліся складкавыя структуры альпід і ўзніклі восевыя часткі сучасных Пірэнеяў, Альпаў, Карпат, Крыма, Каўказа, Паміра, Гімалаяў і інш. Платформы неаднойчы зведалі марскія трансгрэсіі і рэгрэсіі. Адклады палеагену пашыраны на ўсіх кантынентах і прадстаўлены пераважна марскімі, радзей кантынентальнымі ўтварэннямі. З імі звязаны радовішчы нафты, газу, бурых вуглёў, жал. і марганцавых руд і інш. У флоры панавалі пакрытанасенныя, паступова з’яўляліся віды, больш падобныя на сучасныя. У жывёльным свеце для марской фауны характэрны нумуліты, сярод наземных жывёл — млекакормячыя. У эацэне з’явіліся драпежнікі, капытныя, грызуны, рукакрылыя, у алігацэне — першыя хобатныя, чалавекападобныя малпы. У канцы эацэну адбылося глабальнае пахаладанне клімату, пачалося фарміраванне ледавіковага шчыта Антарктыды.

На Беларусі адклады П.с.(п.) пашыраны на Пд і ў цэнтр. частцы. Палеацэн — раннеалігацэнавы час прадстаўлены марскімі адкладамі (пяскі кварцавыя, глаўканіт-кварцавыя, алеўрыты, пясчанікі, гліны, мергелі, апокі і інш.); позні алігацэн — кантынентальнымі адкладамі (пяскі, гліны, месцамі вуглістыя). Агульная магутнасць да 80 м. Залягаюць на глыб. 30—220 м, па далінах р. Дняпро і яе прытокаў месцамі выходзяць на паверхню. З адкладамі П.с. (п.) звязаны радовішчы фасфарытаў, глаўканіту, тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, бурых вуглёў, праяўленні бурштыну і тытан-цырконіевых россыпаў. Макс. трансгрэсія (харкаўскае мора — апошняе на Беларусі) ахапіла да 60% тэрыторыі. 3 сярэдзіны алігацэну (каля 30 млн. г. назад) асадканамнажэнне праходзіла ў далінах палеарэк, азёрах і забалочаных нізінах. Інтэнсіўна развіваўся карст. Флора была субтрапічная: вечназялёныя і цвердалістыя пароды з дамешкамі шыракалістых лістападных форм і голанасенных раслін. На працягу палеагену клімат змяніўся ад трапічнага да субтрапічнага, блізкага да цеплаўмеранага.

Літ.:

Маныкин С.С. Палеоген Белоруссии. Мн., 1973.

Л.​І.​Мурашка.

т. 11, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГРА́ЦЫІ ЖЫВЁЛ,

заканамерныя перамяшчэнні жывёл на значныя адлегласці, што выклікаюцца істотнымі зменамі ўмоў існавання або звязаны з цыкламі антагенезу, найб. значныя і экалагічна ўсеабдымныя формы адаптацыі арганізмаў, фізіялагічна абумоўленыя фотаперыядычнасцю і інш. Адрозніваюць рэгулярныя (перыядычныя) і нерэгулярныя (неперыядычныя) М.ж. Рэгулярныя бываюць сутачныя (звязаныя са зменай асветленасці, вільготнасці, т-ры, пошукам корму) і сезонныя (перамяшчэнні да месцаў кармлення, зімоўкі, лінькі, размнажэння, спячкі і інш.). Нерэгулярныя М.ж. (вымушаныя вандроўкі) абумоўліваюцца ўзнікненнем незвычайных абставін: засухі, паводкі, пажару, масавага размнажэння віду ці змены экалагічных умоў; маюць важнае значэнне ў расшырэнні арэала віду. Нерэгулярныя, з вял. інтэрваламі, высяленні жывёл па-за межы радзімы наз. эміграцыямі ці інвазіямі (напр., у амялушак, крыжадзюбаў); іх разглядаюць як пачатковы этап фарміравання міграцый. Адрозніваюць М.ж. гарызантальныя (на сушы, у вадзе) і вертыкальныя (у гарах, тоўшчы вады, глебы, па ярусах расліннасці), актыўныя (пры дапамозе органаў перамяшчэння) і пасіўныя (перанос воднымі цячэннямі, паветр. плынямі). Напрамкі М.ж., т.зв. міграцыйныя шляхі, вывучаюць з дапамогай мечання жывёл, кальцавання птушак і інш. Неабходная ўмова міграцый — наяўнасць біял. пачуцця часу, здольнасць жывёл вызначаць напрамак руху (біянавігацыя) пры дапамозе фіксацыі месцазнаходжання Сонца, Месяца, зорак, струменяў паветра, цячэнняў вады, характэрных рыс ландшафтаў, геахім. і акустычных асаблівасцей асяроддзя або напрамкаў магн. поля.

У млекакормячых найб. далёкія міграцыі характэрныя для дзікіх паўн. аленяў, кажаноў, кітоў, маржоў, цюленяў. Мясц. сезонныя міграцыі з адных біятопаў у другія робяць грызуны, драпежнікі, зубры, ласі і інш. Нерэгулярныя міграцыі адзначаны для андатры, вавёркі, вадзяной палёўкі, пацукоў і інш. Больш за інш. перамяшчаюцца птушкі (пералёты птушак найб. вывучаны). У земнаводных і паўзуноў міграцыйныя паводзіны выяўлены слаба, за выключэннем марскіх чарапах (зялёныя чарапахі пераадольваюць адлегласці да 2 тыс. км) і марскіх змей. Бясхвостыя амфібіі (рапухі) і хвастатыя (трытоны) робяць сезонныя міграцыі да месцаў размнажэння на адлегласць да 5 км. У рыб адбываюцца зімавальныя, кармавыя і нераставыя міграцыі. Для прахадных рыб характэрны нераставыя міграцыі: катадромныя (з прэсных вадаёмаў у мора, напр., у вугра еўрапейскага) і анадромныя (з мора ў рэкі — у асятровых, ласасёвых, селядцовых). На Беларусі мясц. зімавальныя і нераставыя міграцыі робяць лешч, падуст, плотка, сазан, сом, стронга ручаёвая і інш. У насякомых 2 асн. тыпы міграцый: неперыядычныя — перамяшчэнне вял. колькасці асобін, якое звязана з рассяленнем віду (пералёты саранчы, матыля данаіды), перыядычныя (сезонныя або сутачныя) — з аднаго біятопа ў другі ці ўнутры аднаго біятопа: вады, глебы, паветра, расліннага покрыва, паразітаў у целе або на целе гаспадара (лічынкі двухкрылых, жукоў і інш.). Сезонныя міграцыі робяць божыя кароўкі, каларадскія жукі, клапы-чарапашкі і інш. У водных беспазваночных найб. паказальныя вертыкальныя сезонныя і сутачныя міграцыі, якія звязаны з асветленасцю, салёнасцю і аэрацыяй вады, т-рай (напр., дафнія, лептадора, лімнакалянус, мізіда і інш., асабліва планктонныя арганізмы).

Літ.:

Электрические и акустические поля рыб: Сб. М., 1973;

Блон Ж. Великие кочевья: Пер. с фр. М., 1975;

Клаудсли-Томпсон Дж. Миграция животных: Пер. с англ. М., 1982.

т. 10, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДАГАСКА́Р (малагасійскае Madagasikara, фр. Madagascar),

Рэспубліка Мадагаскар (малагасійскае Repoblikani Madagasikara, франц. République de Madagascar), дзяржава на в-ве Мадагаскар і суседніх дробных а-вах у Індыйскім ак. на У ад Афрыкі Пл. 595,8 тыс. км², у т. л. в-ва Мадагаскар 590 тыс. км² (чацвёрты па велічыні ў свеце). Нас. 14463 тыс. чал. (1998). Дзярж. мовы — малагасійская і французская. Сталіца — г. Антананарыву. Падзяляецца на 6 фарытані (правінцый). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (26 чэрв.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, прынятая на рэферэндуме ў 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць парламенту, які складаецца з 2 палат: Нац. сходу (выбіраецца насельніцтвам на 4 гады) і Сената (частку сенатараў назначае прэзідэнт, частку выбіраюць выбаршчыкі ад тэр. аб’яднанняў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, выбраным Нац. сходам.

Прырода. Цэнтр. і ўсх. часткі вострава займае Высокае або Цэнтральнае, плато выш. 1000—1800 м, складзенае з крышт. і метамарфічных парод. Найвыш. пункт — г. Марумукутру (2876 м) у вулканічным масіве Царатанана на Пн. Уздоўж усх. ўзбярэжжа — прыморская нізіна. На З ад плато — узгорыстыя раўніны, якія прыступкамі паніжаюцца да зах. ўзбярэжжа. Ёсць патухлыя вулканы, бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: храміты, графіт, слюда, кварц, цыркон, берыл, руды нікелю і кобальту, каменны вугаль, баксіты, паўкаштоўныя камяні і інш. Клімат трапічны, на ПнЗ экватарыяльных мусонаў. На нізінах сярэднямесячныя т-ры ад 13—20 °Cліп.) да 27—33 °Cстудз.). На Высокім плато клімат умераны, з мяккім летам. Ападкаў ад 3000 мм за год на ўсх. схілах гор да 1000—500 мм на З і Пд. Найб. ападкаў летам. Рачная сетка густая. Расліннасць і жывёльны свет уключаюць шмат эндэмічных відаў. На ўсх. узбярэжжы трапічныя лясы, у цэнтр. раёнах і на З — ксерафітавыя лясы і саванны, на ПдЗ — паўпустыні. Пад лесам і хмызнякамі 40% тэрыторыі. З жывёл характэрны лемуры (35 відаў), насякомаедныя, дробныя драпежнікі, паўзуны і інш. Нац. паркі Ісалу, Мантань-д’Амбр, 32 запаведнікі. Аб’яднаны прыродны запаведнік Цынжы-дзю-Бемараха і раён Ананалава ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Насельніцтва. 99% складаюць малагасійцы — народ малайска-палінезійскай моўнай групы. Падзяляюцца на некалькі этн. груп, якія адрозніваюцца гіст. мінулым і спосабам вядзення гаспадаркі. Жывуць таксама невял. групы французаў, выхадцаў з Індыі і Пакістана, кітайцы, арабы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць прыхільнікі мясц. традыцыйных культаў (47%), католікі (26%), пратэстанты (23%); ёсць мусульмане і інш. Сярэднегадавы прырост 28,2% (1997). Сярэдняя шчыльн. 24,3 чал. на 1 км², найб. — на Высокім плато (да 300 чал. на 1 км²), найменшая — на Пд (каля 5 чал. на 1 км²). У гарадах жыве 26% насельніцтва. Найб. г. Антананарыву — 1053 тыс. чал. (1997). Больш за 100 тыс. ж. у гарадах Туамасіна, Фіянаранцуа, Махадзанга. У сельскай гаспадарцы занята 86% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і абслуговых галінах — па 7%.

Гісторыя Этнагенез насельніцтва М. да канца не высветлены. Паводле адной версіі, М. спачатку быў заселены афрыканцамі — банту, а з 2—4 ст. тут сталі сяліцца выхадцы з Інданезіі; паводле іншай, афрыканцы з’явіліся значна пазней, у выніку склалася змешанае ў расавых адносінах насельніцтва. Ранняя гісторыя М. малавядома. З 7 ст. М. наведвалі арабы і суахілі. У 14 ст. ў цэнтр. ч. вострава склалася дзярж. ўтварэнне народа мерына — Імерына. У 16—17 ст. заснаваны дзяржавы народаў сакалава (на зах. узбярэжжы), бецымасарака (на ўсх. узбярэжжы), бецыляў (у цэнтр. горнай ч.). Першымі еўрапейцамі, якія наведалі М., былі партуг. мараплаўцы Б.​Дыяш (1500) і Ф.​Суарыш (1506). У сярэдзіне 17 ст. на М. праніклі французы, з якімі сапернічалі англічане і галандцы. У канцы 18 ст. адзін з правадыроў мерына — Андрыя-нампуйнімерына [1787—1810] аб’яднаў б. частку М. ў адзіную дзяржаву. Яго сын Радама I [1810—28] абвясціў сябе каралём М. У 2-й пал. 19 ст. пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Райнілаярывуні дзяржава рэарганізавана на еўрап. ўзор, створана рэгулярнае войска, адчынены школы з навучаннем на малагасійскай мове. У выніку франка-малагасійскіх войнаў (1883—85 і 1894—95) Францыя ліквідавала каралеўства М. і абвясціла яго ў 1896 франц. калоніяй. У 1946 засн. Дэмакр рух малагасійскага адраджэння (ДРМА), які выступаў за самакіраванне. Антыкаланіяльнае паўстанне 1947—48 жорстка задушана, а ДРМА забаронены. З 1956 дзейнічала Сацыял-дэмакр. партыя (СДП) на чале з Ф.​Цырананам.

У кастр. 1958 абвешчана аўт. Малагасійская рэспубліка (МР) у складзе франц. Супольнасці на чале з Цырананам. 26.6.1960 абвешчана яе незалежнасць. Урад Цырананы праводзіў палітыку супрацоўніцтва з Францыяй і ЗША і прыцягнення замежнага капіталу. Эканам. цяжкасці вясной 1972 выліліся ў масавыя бунты, што прымусіла ўрад перадаць уладу ген. Г.​Рамананцуа. Пасля некалькіх няўдалых спроб дзярж. пераваротаў у чэрв. 1975 улада перайшла да Вярх. рэв. савета (ВРС) на чале з Д.Рацыракам (са снеж. 1975 прэзідэнт). На рэферэндуме ў снеж. 1975 ухвалена хартыя Малагасійскай сацыяліст. рэвалюцыі і прынята канстытуцыя Дэмакр. рэспублікі М. Адзінай паліт. арг-цыяй застаўся створаны ў 1976 Нац. фронт абароны сацыяліст. рэвалюцыі. Быў нацыяналізаваны шэраг прыватных кампаній. У канцы 1980-х г. краіну ахапілі масавыя выступленні за дэмакратызацыю. У сак. 1990 дазволена шматпартыйнасць. На рэферэндуме ў жн. 1992 прынята новая канстытуцыя, краіна перайменавана ў Рэспубліку М. На выбарах у сак. 1993 лідэр апазіцыі А.​Зафі выбраны прэзідэнтам М. У выніку канфлікту паміж заканад. і выканаўчай уладамі ў чэрв. 1996 парламент аб’явіў імпічмент Зафі. На выбарах у лют. 1997 прэзідэнтам М. зноў выбраны Рацырака. М. — чл. ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963). Дзейнічаюць паліт. рухі і партыі: Стоўп і апора для выратавання М., Эканам. лібералізм і дэмакр. дзеянне для нац. адраджэння, Партыя кангрэса незалежнасці М. — адноўленая.

Гаспадарка. М. — эканамічна адсталая агр. краіна. Штогадовы даход на 1 чал. каля 700 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае 33% валавога нац. прадукту, прамысловасць — 15%, абслуговыя галіны — 52%. Для с.-г. выкарыстання прыдатныя каля 10 млн. га. Апрацоўваецца каля 3 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюцца прасторы саваннаў, рэдкастойных лясоў і хмызнякоў агульнай пл. больш за 34 млн. га. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, ёсць плантацыі замежных і мясц. кампаній. Гал. экспартныя культуры (1994, тыс. т): кава — 80, гваздзіка — 7, ваніль — 2,8 (1-е месца ў свеце), сізаль — 20, перац.

На свае патрэбы вырошчваюць (1994, млн. т): рыс — 2,3, маніёк — 2,3, батат. — 0,5, кукурузу — 0,2, цукр. трыснёг — 2, бульбу, фасолю, арахіс, бавоўнік, тытунь. Рыс вырошчваюць на арашальных землях на Высокім плато і ў суседніх раёнах, клубневыя культуры — пераважна на У. Развіты агародніцтва і садоўніцтва. На Высокім плато значныя плошчы пад яблынямі, грушамі, персікамі, абрыкосамі. Жывёлагадоўля характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю. Пагалоўе: буйн. раг. жывёлы — 10 млн. галоў (больш за 90% складаюць зебу), коз і авечак — каля 3 млн. галоў, свіней — 1,4 млн. галоў. Птушкагадоўля.

Лясная гаспадарка і рыбалоўства. У год вылоўліваюць каля 100 тыс. т рыбы, крэветак, крабаў, вустрыц, лангустаў. Прам-сць прадстаўлена дробнымі і сярэднімі прадпрыемствамі, пераважна горназдабыўной і харч. прам-сці. Здабываюць храміты — 146 тыс. т, графіт — 14 тыс. т, слюду — 1 тыс. т. Невял. здабыча кварцу, цыркону, берылу, танталіту, паўкаштоўных камянёў (аметыст, турмалін, тапаз). У харч. прам-сці пераважаюць прадпрыемствы: мукамольныя, рысаачышчальныя, цукр., тытунёвыя, мясакансервавыя, алейныя (перапрацоўка соі, арахісу, пальмавых ядраў). Вытв-сць электраэнергіі 595 млн. кВт гадз (1995), на невял. ЦЭС (працуюць на імпартнай нафце) і ГЭС. Іншыя галіны прам-сці прадстаўлены асобнымі прадпрыемствамі: з-ды нафтаперапр., па вытв-сці ўгнаенняў (Туамасіна), 2 аўтазборачныя (Антананарыву), 2 цэм. (Махадзанга і Анцырабе), суднабуд. (Манандзары), суднарамонтны (Анцэранана), фармацэўтычны (Фіянаранцуа); ёсць прадпрыемствы радыё- і электратэхнічныя, лакафарбавыя, дрэваапр., гарбарна-абутковыя, тэкст., па вытв-сці пластмас. Развіты саматужныя промыслы — выраб тканін, адзення, абутку, мэблі, керамікі і інш. Асн. цэнтры прам-сці — гарады Антананарыву, Туамасіна, Фіянаранцуа, Махадзанга. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, марскі. Аўтадарог 49,8 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,7 тыс. км, у краіне 48 тыс. легкавых і 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Даўж. чыгунак (каляя — 1 м) 883 км. Марскі флот адыгрывае вял. ролю ва ўнутр. перавозках і знешнім гандлі. У краіне больш за 20 марскіх партоў, галоўныя — Туамасіна (больш за 40% аб’ёму знешняга гандлю), Махадзанга, г. Анцэранана. Авіяц. транспарт базіруецца на 105 аэрапортах (1996). Міжнар. аэрапорты каля г. Антананарыву і Махадзанга. У 1996 экспарт склаў 493 млн. дол., імпарт — 612 млн. долараў. М. экспартуе каву (45% па кошце), ваніль (20%), гваздзіку, крэветкі, тэкстыль, храміты, графіт, слюду; імпартуе машыны і абсталяванне, паўфабрыкаты, нафту, тавары шырокага ўжытку, харч. прадукты. Асн. гандл. партнёры Францыя (41% экспарту, 40% імпарту), Японія, ЗША, Германія, Паўд.-Афр. Рэспубліка. М. атрымлівае фін. дапамогу ад Францыі і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — малагасійскі франк.

І.​І.​Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Мадагаскара.
Да арт. Мадагаскар. Панарама г. Антананарыву.
Да арт. Мадагаскар. На рацэ ў раёне ўсходняга ўзбярэжжа.

т. 9, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́МБІЯ (Zambia),

Рэспубліка Замбія (Republic of Zambia), краіна ва ўнутранай ч. Паўд. Афрыкі. Мяжуе на ПнЗ з Дэмакр. Рэспублікай Конга (б. Заір), на Пн з Танзаніяй, на У з Малаві і Мазамбікам, на Пд з Зімбабве, Намібіяй і Батсванай, на З з Анголай. Пл. 752,6 тыс. км². Нас. 8936 тыс. чал. (1993). Дзярж. мова — англійская, але шырока карыстаюцца і мясц. мовамі.

Сталіца — г. Лусака. Краіна падзяляецца на 9 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (24 кастр.).

Дзяржаўны лад. З. — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1991 кіраўніком дзяржавы і ўрада з’яўляецца прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган дзяржавы — Нац. сход (аднапалатны парламент), 150 членаў якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прэм’ер-міністра і міністраў якога назначае прэзідэнт.

Прырода. Амаль усю краіну займае хвалістае пласкагор’е (выш. 1000—1500 м), складзенае з дакембрыйскіх гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў. На У горы Мучынга (выш. да 1893 м, г. Мумпу). З. мае запасы медзі сусв. значэння (частка т.зв. «Меднага пояса» на граніцы з Дэмакр. Рэспублікай Конга), кобальт, поліметалы, ванадый, уран, золата, жалеза, каменны вугаль. Клімат субэкватарыяльны з трыма сезонамі — дажджлівым і цёплым (ліст.крас.), сухім і халаднаватым (май—ліп.), сухім і гарачым (жн.кастр.). Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (кастр.) каля 20—25 °C, самага халоднага (ліп.) каля 15—20 °C. Ападкаў 750—1500 мм за год. Бываюць засухі. Рачная сетка густая: р. Замбезі з прытокамі Кафуэ, Луангва і інш., вытокі Конга з азёрамі Бангвеулу і Мверу, паўд. ч. воз. Танганьіка. На Замбезі вадасх. Карыба, ёсць парогі і вадаспады, у т. л. вадаспад Вікторыя. Агульныя запасы гідраэнергіі больш за 50 млн. кВт. Пераважае саванная расліннасць на чырвона-карычневых глебах. Жывёльны свет разнастайны: ёсць буйныя траваедныя — сланы, насарогі, буйвалы, зебры, жырафы, антылопы; драпежнікі — ільвы, леапарды, гіены. Каля 20 нац. паркаў (Кафуэ, Сіёма-Нгвезі, Паўн. і Паўд. Луангва і інш.).

Насельніцтва. 99% насельніцтва складаюць афрыканцы моўнай сям’і банту, у т. л. народы групы цэнтр. банту — бемба (жывуць на Пн і ў цэнтр. частцы, 34%) і тонга (Пд, 16%), групы ўсх. банту — малаві (У, 18%), інш. груп — балунда (ПнЗ), балозі (ПдЗ), нгоні (У), чэва (У). Жывуць таксама еўрапейцы (пераважна англічане і афрыканеры) і выхадцы з Індыі. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне, у т. л. пратэстанты (35%), католікі (27%), афр. цэрквы (9%). Ёсць невял. групы мусульман (на Пн), індуістаў, прыхільнікаў мясц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 12 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены «Медны пояс» і раёны на Пд ад яго да г. Лусака (50—200 чал. на 1 км²). У засушлівых мясцінах на З і У шчыльнасць памяншаецца да 1 чал. на 1 км. У гарадах жыве каля палавіны насельніцтва (1995). Найб. гарады (тыс. ж., 1990): Лусака — 982,4, Ндола — 467, Кітве-Нкана — 348,6, Кабве — 200,3, Чынгола — 186,8, Муфуліра — 175, Луанш’я — 147,7. У краіне вельмі пашыраны СНІД.

Гісторыя. Тэр. З. заселена з глыбокай старажытнасці. Гэта адно з найстаражытнейшых месцаў апрацоўкі жалеза. Бушменаў, якія прыйшлі сюды, верагодна ў 1-м тыс. да н.э., з 6 ст. н.э. пачалі выцясняць на Пд плямёны банту. У 17—19 ст. тут фарміраваліся раннефеад. дзяржавы плямён лунда, баротсе, бемба, нгоні. Першыя еўрапейцы (партугальцы) на тэр. З. з’явіліся ў канцы 18 ст. У 1880-я г. на тэр. дзяржавы баротсе праніклі агенты Брыт. паўднёва-афр. кампаніі, заснаванай С.​Родсам. У 1890 кампанія атрымала ад уладара баротсе Леванікі I выключнае права на эксплуатацыю прыродных багаццяў. У 1891 англічане навязалі пратэктарат дзяржаве баротсе, потым лунда. У 1895 гэтыя тэрыторыі атрымалі афіц. назву Радэзія (ад прозвішча Родса). У 1900 пад кіраванне кампаніі перададзены таксама землі плямён бемба і нгоні. Пачалася эксплуатацыя радовішчаў медзі, у 1903—10 тут пабудавана чыгунка. Еўрап. каланісты набывалі найб. урадлівыя землі, а мясц. насельніцтва выцяснялі ў спец. рэзервацыі. У 1911 тэр. сучаснай З. вылучана ў асобны пратэктарат пад назвай Паўн. Радэзія (у 1924 афіцыйна абвешчана брыт. пратэктаратам). Пасля 1-й сусв. вайны пачалося хуткае развіццё горнаруднай прам-сці, асабліва здабычы медзі. У 1948 створана першая афр. арг-цыя — Кангрэс Паўн. Радэзіі (з 1951 Афр. нац. кангрэс, АНК). У 1953 Паўн. Радэзія разам з Паўд. Радэзіяй (сучасная Зімбабве) і Ньясалендам (сучасная Малаві) увайшлі ў створаную Вялікабрытаніяй Федэрацыю Радэзіі і Ньясаленда, дзе дамінавала еўрап. меншасць з Паўд. Радэзіі. Пасля расколу АНК у 1959 узнікла Аб’яднаная партыі нац. незалежнасці (ЮНІП) на чале з К.​Каўндай. У 1962 абвешчана канстытуцыя і створаны кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў АНК і ЮНІП на чале з Каўндай. Пасля скасавання федэрацыі (1963) Паўн. Радэзія 24.10.1964 атрымала незалежнасць і прыняла назву З., з 1965 — рэспубліка. Член Садружнасці, член ААН, Арг-цыі афр. адзінства. Прэзідэнтам краіны быў абраны Каўнда (у 1964—73 адначасова кіраўнік урада), які распачаў унутр. рэформы ў рамках абвешчанай у 1969 канцэпцыі «філасофіі гуманізму» (у т. л. кантроль над брыт. і амер. горнапрамысл. кампаніямі). Знешняя палітыка гэтага часу характарызавалася збліжэннем з Танзаніяй і Кітаем, канфліктамі з Паўд.-Афр. рэспублікай (ПАР), калан. ўладамі партуг. Мазамбіка і Радэзіі, падтрымкай вызв. руху ў гэтых краінах. У 1971 адзін з кіраўнікоў ЮНІП С.​Капвепве заснаваў апазіцыйную Аб’яднаную прагрэс. партыю (АПП), якая разам з АНК выступіла супраць прэзідэнта Каўнды і ЮНІП. У 1972 улады аб’явілі АПП і АНК па-за законам і абвясцілі З. аднапарт. дзяржавай. У 1975 З. ўвайшла ў кааліцыю прыфрантавых дзяржаў Паўд. Афрыкі, удзельнічала ў перагаворах з уладамі ПАР і Нар. арг-цыяй Паўд.-Зах. Афрыкі (СВАПО) па сітуацыі ў Паўд. Афрыцы. У 1976 прэзідэнт Каўнда абвясціў сацыяліст. канцэпцыю т.зв. камунакратыі. Эканам. крызіс, што нарастаў у З. з пач. 1980-х г., стаў прычынай актывізацыі апазіцыі, якая дамагалася ліквідацыі аднапарт. сістэмы (няўдалы дзярж. пераварот ваенных 1990), узнік Рух за шматпарт. дэмакратыю (ММД), які патрабаваў свабодных выбараў і стварэння часовага ўрада. У 1991 прынята новая канстытуцыя, адбыліся выбары, перамогу на якіх атрымаў ММД. Яго лідэр Ф.​Чылуба стаў прэзідэнтам.

У краіне дзейнічае шматпарт. сістэма. Асн. партыі: Рух за шматпарт. дэмакратыю і Аб’яднаная партыя нац. незалежнасці.

Гаспадарка З. — адна з найменш развітых краін свету. Штогадовы даход на 1 чалавека каля 400 дол. ЗША. Прам-сць дае 46% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — 18, абслуговыя галіны — 36%. Вядучае месца ў прам-сці належыць горназдабыўной і каляровай металургіі. З 1982 горназдабыўная прам-сць цалкам кантралюецца дзяржавай. З. займае 5-е месца ў свеце па здабычы медзі — каля 500 тыс. т штогод. Буйнейшыя руднікі каля гарадоў Кітве-Нкана, Луанш’я, Муфуліра, Чынгола, Ндола, Рон-Антэлап, Чыбулума. У «Медным поясе» працуюць буйныя медзеплавільныя заводы. З. займае 2-е месца ў свеце па здабычы кобальту; штогадовая здабыча каля 5 тыс. т (каля 15% сусв. вытв-сці). Здабываюць таксама цынк, свінец, берылій, селен, каменны вугаль, аметысты і інш. Вытв-сць электраэнергіі каля 8 млрд. кВт гадз за год. ГЭС Карыба на р. Замбезі (магутнасць каля 700 тыс. кВт) і ГЭС Кафуэ на р. Кафуэ даюць больш за 70% усёй электраэнергіі. Буйная ЦЭЦ у г. Ндола. Частка электраэнергіі экспартуецца ў суседнія краіны. Астатнія галіны прам-сці маюць меншае значэнне. У г. Ндола заканчваецца нафтаправод з Дар-эс-Салама (Танзанія), працуюць нафтаперапр. з-д, шынны камбінат, хім. прадпрыемствы. У г. Луанш’я з-д па вытв-сці электракабелю, вырабаў з медзі і алюмінію, у г. Муфуліра выплаўка другаснага чыгуну і сталі, вытв-сці метал. вырабаў для горнай прам-сці. Там жа і ў г. Кафуэ выраб выбуховых рэчываў. У краіне ёсць асобныя прадпрыемствы хім. (Кітве-Нкана, Лусака, Ндола), па вытв-сці мінер. угнаенняў (Кафуэ), цэменту (Лусака), буд. матэрыялаў (Кітве-Нкана), па зборцы аўтамабіляў і веласіпедаў з імпартаваных дэталей і вузлоў (Лусака, Ндола). Лёгкая прам-сць прадстаўлена галінамі: тэкст. (Кітве-Нкана, Кафуэ), швейнай (Лусака, Кітве-Нкана, Муфуліра, Лівінгстан), гарбарна-абутковай (Кафуэ), мэблевай (Кітве-Нкана, Ндола, Кафуэ), дрэваапр. (Кітве-Нкана, Луанш’я, Лівінгстан), керамічнай (Кітве-Нкана). Параўнаўча развіты харч. (цукр., мясная, мукамольная, піваварная — Лусака, Ндола, Чынгола) і харчасмакавая (пераважна тытунёвая — Луанш’я, Муфуліра, Лівінгстан і інш.) прам-сць. Вытв-сць асобных відаў прамысл. прадукцыі (1994): азотных угнаенняў — 58 тыс. т, фосфарных — 19,2 тыс. т, калійных — 8,3 тыс. т, цукру — 150 тыс. т. прадукцыі лесапілавання — 112 тыс. м³, паперы і кардону — 4 тыс. т, цэменту — 376 тыс. т. Каля 70% жыхароў краіны занята ў сельскай гаспадарцы. Агульная пл. с.-г. зямель каля 7 млн. га, у т. л. пад ворывам каля 2 млн. га. Вылучаюцца 2 сектары: традыцыйны (на 1 гаспадарку прыпадае 1,5 га), вытв-сць харч. культур на свае патрэбы; таварны (каля 1000 буйных ферм па 1000 га). На свае патрэбы вырошчваюць (1994, тыс. т): кукурузу — 1021, пшаніцу — 43, проса — 63, сорга — 35, маніёк — 580, арахіс — 27. Таварныя культуры (1994, тыс. т): цукр. трыснёг — 1311, тытунь — 7, бавоўна — 16. Развіта агародніцтва. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна на Пд краіны (шкодзяць муха цэцэ, эпідэміі, засухі). Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 3 млн. галоў), коз і авечак (каля 0,4 млн. галоў), свіней (каля 0,3 млн. галоў). Развіта птушкагадоўля. Штогод ловяць каля 60—70 тыс. т рыбы. Аснова трансп. сеткі — чыгункі Ндола—Лівінгстан і Капіры-Мпошы—Дар-эс-Салам (Танзанія) з адгалінаваннямі. Агульная даўж. чыгунак 2164 км. Аўтадарог каля 37 тыс. км, з іх каля 6,7 км з цвёрдым пакрыццём. Краіна залежыць ад доступу да марскіх партоў ПАР, Анголы, Танзаніі. Міжнар. аэрапорты ў гарадах Лусака, Ндола, Лівінгстан. Экспарт і імпарт З. прыкладна роўныя — па 1 млрд. дол. ЗША штогод. З. экспартуе медзь (85% экспарту па кошце), кобальт (6%), цынк, свінец, тытунь і інш., імпартуе машыны і трансп. сродкі (38%), хім. і харч. прадукты, разнастайныя прамысл. вырабы. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША, Японіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, ПАР. Грашовая адзінка — квача.

Літ.:

Березин В.И. Замбия: Пуги завоевания экон. независимости. М., 1972;

Перышкин Е.В. Политическая система Республики Замбии. М., 1980.

Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

Герб і сцяг Замбіі.
Да арт. Замбія. Вёска на паўночным захадзе краіны (злева). У адным з раёнаў г. Лусака.

т. 6, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́Н (франц. roman, ням. Roman, ад лац. romanus рымскі; у часы позняга сярэдневякоўя — твор, напісаны на раманскай мове),

празаічны (часам вершаваны) твор; жанр эпічнай л-ры (гл. Эпас). У аснове Р. ляжыць аповед пра прыватны лёс чалавека ў грамадстве і ў свеце. Р. ўласціва свабодная празаічная форма апавядання, спалучэнне высокай патэтыкі з празаічна-прыземленым паказам жыцця, арган. зліццё эпасу, драмы і лірыкі. Мае розныя формы аповеду: апавяданне ад першай асобы — сказавая форма; дыялагічная форма і аб’ектыўнае апавяданне ад трэцяй асобы. Як эпічная форма л-ры, Р. убірае, сінтэзуе і ўзнаўляе шматгранны свет жывой і нежывой прыроды, паказвае ўсё багацце складаных падзей і вострых жыццёвых сітуацый, што рэалізуюцца праз паводзіны людзей, іх учынкі (выяўляюцца ў дыялогах), у паглыбленым даследаванні ўнутр. свету чалавека. Р. даступна адлюстраванне сац. структуры грамадства, паказ гіст. мінулага народа, маст. аналіз глыбінь чалавечага інтэлекту і псіхікі, узнаўленне нораваў і побыту, стварэнне жывапісных карцін прыроды. У цэнтры гэтага маст. цэлага знаходзіцца чалавек, які з’яўляецца ядром той маст. сістэмы, што называецца Р. Уся гісторыя Р. — гэта гісторыя маст. выяўлення, асэнсавання і спасціжэння сутнасці і характару ўзаемаадносін чалавека і грамадства, чалавека і свету прыроды. Само ж маст. асэнсаванне ў Р. абумоўлена як статусам рэальнай асобы, сац. прыроды грамадства, характарам узаемаадносін грамадства і асобнага чалавека, так і ступенню навук. спасціжэння сац. структуры грамадства і прыроднай сутнасці чалавека.

Р. узнік у антычнай л-ры, выкарыстаўшы быт. варыянты традыц. міфічных сюжэтаў («Дафніс і Хлоя» Лонга, «Залаты асёл» Апулея, «Эфіопіка» Геліядора). У сярэднія вякі раманныя тэндэнцыі і асаблівасці нёс у сабе рыцарскі раман, у якім гал. месца адводзілася аналізу псіхалогіі рыцара, які гераічна змагаўся дзеля асабістай славы і праслаўлення каханай. У 16 ст. на бел. мову перакладзены рыцарскія раманы «Аповесць пра Баву», «Аповесць пра Трышчана». У 17 ст. створаны Р. «Дон Кіхот» М.​Сервантэса, звязаны з ідэйна-філас. пошукамі, з духам эпохі. Гэты твор разам з Р. «Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.​Рабле сталі папярэднікамі пазнейшага рэаліст. Р. Новая хваля гуманіст. ідэй у эпоху Асветніцтва (асабліва 18 ст.) стварыла спрыяльныя ўмовы для творчасці раманістаў розных літ. кірункаў і індывідуальнасцей (Д.​Дэфо, А.​Р.​Лесаж, А.​Ф.​Прэво, Ж.​Ж.​Русо, С.​Рычардсан, Дж.​Свіфт). Станаўленню рэаліст. Р. садзейнічалі В.​Скот, Т.​Смолет, Г.​Філдынг. У 19 ст. асн. жанрам л-ры становіцца рэаліст. Р. У творчасці А.​Бальзака, В.​Гюго, Ч.​Дзікенса, Э.​Заля, Г.​Мапасана, Стэндаля, У.​Тэкерэя, Г.​Флабера, рус. раманістаў М.​Гогаля, Ф.​Дастаеўскага, Л.​Талстога, І.​Тургенева Р. дасягнуў найвышэйшага маст. ўзроўню, шырока выявіў свае жанравыя магчымасці, ідэйна-тэматычнае і жанравае багацце. У 20 ст. Р. развіваўся, удасканальваўся, набываў рэаліст. традыцыі ў творчасці Дж.​Голсуарсі, Г.​Уэлса, Г.​Грына, Ч.​П.​Сноу, С.​Моэма, А.​Франса, Р.​Ралана, Р.​Мартэна дзю Гара, Ф.​Марыяка, Дж.​Лондана, Т.​Драйзера, Ф.​С.​Фіцджэральда, Э.​Хемінгуэя, У.​Фолкнера, Дж.​Э.​Стэйнбека, Т. і Г. Манаў, Э.​М.​Рэмарка, Г.​Бёля, Г.​Граса, Х.​Лакснеса, С.​Лагерлёф, Я.​Гашака і інш. Рэаліст. традыцыі Р., падпарадкаваныя сацыяліст. ідэям, развівалі М.​Горкі, А.​Талстой, М.​Шолахаў, Л.​Лявонаў, А.​Фадзееў, Ю.​Бондараў. У 2-й пал. 20 ст. ў сусв. літ. працэс актыўна ўвайшоў лацінаамерыканскі Р. (М.​А.​Астурыяс, А.​Карпенцьер, Х.​Картасар, Г.​Гарсія Маркес). Адначасова ўзнікалі мадэрнісцкія (Дж.​Джойс, Ф.​Кафка, М.​Пруст; гл. ў арт. Мадэрнізм) і экзістэнцыялісцкія (Ж.​П.​Сартр, А.​Камю) плыні Р. Трансфармацыю жанру зазнаў Р. у тэорыі і практыцы аўтараў «новага рамана». У канцы 20 ст. для Р. характэрна выкарыстанне міфалагічных сюжэтаў і вобразаў, стварэнне сімвалічных сітуацый, імкненне да ўзбуйнення і завастрэння ідэйнага зместу, надання твору абрысаў прыпавесці (Абэ Коба, Веркор, У.​Голдынг, Гарсія Маркес, М.​Фрыш). Сучасны Р. знаходзіцца ў стане актыўнага творчага ўзаемадзеяння розных рэаліст. і мадэрнісцкіх тэндэнцый.

Бел. Р. узнік у 20 ст. на глебе рэв. руху, барацьбы народа за сац. і нац. вызваленне, на хвалі сцвярджэння чалавекам сваёй нац. і чалавечай годнасці. Яго ўзнікненне і развіццё мае выразна акрэсленую грамадска-сац. абумоўленасць. Першыя творы раманнага жанру ў бел. л-ры: 1-я ч. рамана Ц.​Гартнага «Сокі цаліны» «Бацькава воля» (1916), Ядвігіна Ш. «Золата» (1920, незаконч.), 1-я ч. трылогіі Я.​Коласа «На ростанях» «У палескай глушы»; яго Р. у вершах «Новая зямля» (абодва 1923). Усе гэтыя Р. створаны на грунтоўнай жыццёвай аснове, маюць сац.-быт. характар, актыўнага рэальнага героя. На хвалі рэв. пераўтварэнняў у грамадстве, актывізацыі духоўнага жыцця створаны Р. «Сцежкі-дарожкі» (1927), «Вязьмо» (1932) М.​Зарэцкага, «Зямля» (1928), «Бацькаўшчына» (1931), «Трэцяе пакаленне» (1935) К.​Чорнага, «Драпежнікі» (1928—30, незаконч.) Я.​Нёманскага, «Запіскі Самсона Самасуя» А.​Мрыя, «Амок» Я.​Маўра, «Сын» (усе 1929), «Салаўі святога Палікара» (1940) Р.​Мурашкі, «Язэп Крушынскі» З.​Бядулі (кн. 1—2, 1929—32), «Мядзведзічы» (кн. 1, 1932) К.​Крапівы, «Віленскія камунары» (1933, апубл. 1963), «Камароўская хроніка» (1937, апубл. 1966) М.​Гарэцкага, «Пустадомкі» (1933—35, апубл. 1990) Л.​Калюгі, «Праз гады» П.​Галавача, «На чырвоных лядах» (абодва 1934) М.​Лынькова, «Калі ўзыходзіла сонца» (1935—36, апубл. 1957) С.​Баранавых, «Будучыня» (1938) Э.​Самуйлёнка. Як самы малады жанр нац. л-ры, Р. імкнуўся стаць сапраўдным люстрам нар. жыцця, узбагачаўся тэматычна і стылёва, паглыбляўся філасофска і псіхалагічна, больш актыўна выяўляў адносіны аўтара да жыцця і часу. Побач з cau.-быт. з’яўляецца сатыр. Р., прыгодніцкі Р., Р. з глыбокім псіхал. пранікненнем у чалавечыя характары, з панарамна-эпапейным даследаваннем жыцця. Асаблівая роля ў станаўленні і развіцці бел. Р. належыць К.​Чорнаму. Яго герой увасабляе не толькі ўвесь свет і сваю прыналежнасць да гэтага свету, адказнасць за яго. У звычайным бел. мужыку К.​Чорны бачыць увасабленне і Эжэні Грандэ, і Івана Карамазава, і Андрэя Балконскага. К.​Чорны надаў нац. Р. эпічную і філас. сталасць, паглыбіў маст. гістарызм і псіхалагізм: «Вялікі дзень» (1941—44, нясконч., апубл. 1947), «Пошукі будучыні» (1943, апубл. 1950), «Млечны шлях» (1944, апубл. 1954).

Рэпрэсіі 1930-х г., Вял. Айч. вайна і гады ням.-фаш. акупацыі, пасляваен. часы жорсткай ідэалаг. рэгламентацыі і дыктату на дзесяцігоддзі парушылі нармальнае развіццё Р. Нават лепшыя творы тых гадоў (І.​Шамякін «Глыбокая плынь», 1947—48, «У добры час», 1953, «Крыніцы», 1956; І.​Мележ «Мінскі напрамак», 1950—52, П.​Пестрак «Сустрэнемся на барыкадах», 1951—54; М.​Лынькоў «Векапомныя дні», 1958) нясуць на сабе адзнакі зададзенасці, схематызму, спрошчанасці, ідэалізацыі.

У 1960-я г. пачаўся новы перыяд у развіцці бел. Р. Ён становіцца гал. жанрам л-ры. Р. сталі эстэтычна падуладныя гісторыя і сучаснасць, трагедыя і высокія ўзлёты чалавечага духу, падзеі выключныя і звычайны будзень, сац. канфлікты, штодзённыя адносіны людзей, паэзія прыгожых асабістых узаемаадносін, чароўны свет прыроды. Ва ўмовах грамадскіх сац. змен у 2-й пал. 1950-х г. Р. па-новаму асэнсоўваў і пераасэнсоўваў далёкую і больш блізкую гісторыю, шукаючы там адказ на надзённыя пытанні. З’явіліся разгорнутыя шматтомныя эпічныя палотны Мележа («Людзі на балоце», 1961; «Подых навальніцы», 1965; «Завеі, снежань», 1976), М.​Лобана («На парозе будучыні», 1961; «Шэметы», 1963, «Гарадок Устронь», 1967—68), А.​Чарнышэвіча («Засценак Малінаўка», 1961—64), В.​Адамчыка («Чужая бацькаўшчына», 1977; «Год нулявы», 1982; «І скажа той, хто народзіцца», 1985; «Голас крыві брата твайго», 1990). Натхнёны сучаснасцю, Р. сягае і ў далёкую гісторыю, шукаючы там прыклады высокага служэння радзіме і народу (У.​Караткевіч «Каласы пад сярпом тваім», 1965, «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», 1966, «Чорны замак Альшанскі», 1979; А.​Лойка «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае», 1990; Г.​Далідовіч «Кліч роднага звона», 1997). Р. звярнуўся найбольш да падзей Вял. Айч. вайны. Жорсткая праўда, драматызм і трагізм гучання, сцвярджэнне высокіх духоўных якасцей, адмаўленне вайны ў творах Я.​Брыля «Птушкі і гнёзды» (1963), В.​Быкава «Знак бяды» (1982), «Кар’ер» (1986), Шамякіна «Зеніт» (1987), І.​Навуменкі «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973), «Смутак белых начэй» (1979), І.​Чыгрынава «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да віны» (1992), Б.​Сачанкі «Вялікі Лес» (1979—83), М.​Аўрамчыка «Падзямелле» (1983). Творчасць Быкава тыпамі герояў, звычайнасцю і прастатой узноўленых драм. і трагічных падзей, стрымана-аналітычнай манерай аповеду развівае магутную празаічную плынь, пачатую К.​Чорным. Творы Шамякіна «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1978), І.​Пташнікава «Мсціжы» (1970), «Алімпіяда» (1984), В.​Карамазава «Пушча» (1978), В.​Казько «Неруш» (1981), «Бунт незапатрабаванага праху» (2000), Далідовіча «Гаспадар-камень» (1984), «Заходнікі» (1992), А.​Кудраўца «Сачыненне на вольную тэму» (1984), А.​Карпюка «Карані» (1986), Н.​Гілевіча «Родныя дзеці» (1985), М.​Кусянкова «Явар з калінаю» (1994), «Арляк і зязюля» (1997) узнімаюць розныя праблемы, закранаюць розныя сферы нар. жыцця. Р. набыў жанравую сталасць і стылявую разнастайнасць, узбагаціў нац. традыцыі і зрабіў наватарскія адкрыцці. Побач з шырокімі эпічнымі палотнамі, што закранаюць розныя сферы нар. жыцця (Мележ, Лобан, Караткевіч), развіваецца Р. сац.-псіхалагічны (Пташнікаў, Кудравец), Р. лёсу (Брыль, Быкаў, Казько), Р. гісторыка-біягр. (Лойка, В.​Коўтун), навукова-фантаст. (В.​Гігевіч), раман-падзея (Шамякін, А.​Асіпенка). Сучасны бел. Р. знаходзіцца ў пошуку новых філас. ідэй, характараў, жанравых магчымасцей.

Літ.:

Белинский В.Г. Разделение поэзии на роды и виды // Собр. соч. М., 1978. Т. 3;

Грифцов Б.А. Теория романа. М., 1927;

Чичерин А.В. Возникновение романа-эпопеи. М., 1958;

Фокс Р. Роман и народ: Пер. с англ. М., 1960;

Декс П. Семь веков романа: Пер. с фр. М., 1962;

Судьбы романа. М., 1975;

Кожинов В.В. Происхождение романа. М., 1963;

Бахтин М.М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975;

Днепров В. Черты романа XX в. М.; Л., 1965;

Адамовіч А.М. Беларускі раман. Мн., 1961;

Яго ж. Горизонты белорусской прозы. М., 1974;

Дзюбайла П.К. Беларускі раман.

Гады 70-я. Мн., 1982; Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць. Мн., 1971; Каваленка В.А., Мушынскі М.І., Яскевіч А.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы. Мн.,1972; Матрунёнак А.П. Псіхалагічны аналіз у сучасным беларускім рамане. Мн., 1972; Яго ж. Псіхалагічны аналіз і станаўленне беларускага рамана. Мн., 1975; Жураўлёў В.П. Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. Мн., 1991.

С.​А.​Андраюк.

т. 13, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕРУ́Н (англ. Cameroon, франц. Cameroun),

Рэспубліка Камерун (англ. Republic of Cameroon, франц. République du Cameroun), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца водамі зал. Біяфра (ч. Гвінейскага зал.) Атлантычнага ак. Мяжуе на ПнЗ з Нігерыяй, на Пн і ПнУ з Чадам, на У з Цэнтральнаафр. Рэспублікай, на Пд з Конга, Габонам і Экватарыяльнай Гвінеяй. Пл. 475,4 тыс. км². Нас. 14677,5 тыс. чал. (1997). Дзярж. мовы — англ. і французская. Сталіца — г. Яўндэ. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень абвяшчэння рэспублікі (20 мая).

Дзяржаўны лад. К. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць прэзідэнту і аднапалатнаму Нац. сходу (180 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчы орган — Кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, назначаецца прэзідэнтам. На чале правінцый стаяць губернатары, якіх таксама назначае прэзідэнт.

Прырода. Берагі зал. Біяфра на Пн плоскія, з шырокімі эстуарыямі, на Пд скалістыя. Уздоўж узбярэжжа — нізіна шыр. да 150 км з ізаляваным вулканічным масівам Камерун (выш. да 4070 м). Цэнтр. ч. займае плато Адамава выш. 1000—1500 м з конусамі патухлых вулканаў (выш. да 3008 м). Упадзіна Бенуэ аддзяляе нагор’і ад размешчаных на Пн гор Мандара (выш. да 1494 м). На ПнУ — алювіяльныя раўніны ўпадзіны воз. Чад. Большая ч. К. размешчана ў межах выступу Афр. платформы — шчыта Ядэ, складзенага з гнейсаў, крышт. сланцаў і гранітаў архею, кварцытаў і метавулканітаў ніжняга пратэразою. Карысныя выкапні: баксіты (запасы 1435 млн. т, 1993), жал. руда (240 млн. т), прыродны газ (110 млрд. м³), нафта (71 млн. т). Ёсць радовішчы руд волава, тытану, марганцу, медзі, свінцу, цынку, вальфраму, малібдэну, урану, золата, алмазаў. Клімат на Пд экватарыяльны, на Пн экватарыяльна-мусонны. Сярэдняя месячная т-ра ад 22 да 28 °C. Гадавая колькасць ападкаў у раёне воз. Чад 300—500 мм, ва ўнутр. раёнах 1500—2000 мм, на ўзбярэжжы больш за 3000 мм, на схілах масіву Камерун да 10 000 мм (самы вільготны раён Афрыкі). Рачная сетка густая і мнагаводная, рэкі багатыя гідраэнергіяй. Гал. рака — Санага. Каля 40% тэрыторыі займаюць лясы. На Пд вільготныя вечназялёныя экватарыяльныя лясы, якія на Пн пераходзяць у саванну, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Глебы чырвоныя фералітныя, чырвона-бурыя і чорныя трапічныя. Жывёльны свет разнастайны. У лясах жывуць малпы (камерунская гарыла, шымпанзэ, бабуін); водзяцца афр. сланы, бегемоты, кракадзілы; шмат птушак (больш за 750 відаў), паўзуноў. У саваннах капытныя жывёлы (буйвалы, насарогі, антылопы, жырафы) і драпежнікі (львы, гепарды, леапарды). У прыбярэжных водах шмат рыбы, крабаў, крэветак, лангустаў. Нац. паркі (Бенуэ, Бубанджыда, Ваза) і запаведнікі (Бафія, Джа, Дуала-Эдэа, Кампа і інш.).

Насельніцтва. Большая ч. насельніцтва належыць да народаў, якія размаўляюць на нігера-кангалезскіх мовах. На Пд жывуць народы фанг, бамілеке, мака, дуала і інш.; у лясах на ПдУ — пігмеі бінга, ка і кола; у цэнтр. частцы — чамба, мбуле, гбайя, на Пн — вандала, маса, мусгу, бура і інш. Каля 51% насельніцтва трымаюцца традыц. вераванняў, 33% — хрысціяне, 16% — мусульмане. Сярэдняя шчыльн. 30,9 чал. на 1 км². Найб. заселены зах. і паўд.-зах. раёны краіны. Гар. насельніцтва 46%. Найб. гарады (тыс. ж.): Дуала — 1320, Яўндэ — 1119 (1996), Гаруа — 160, Маруа — 140, Бафусам — 120 (1992). У сельскай гаспадарцы занята 74%, у прам-сці — 11 % працаздольнага насельніцтва.

Гісторыя. Археалагічнымі даследаваннямі на Пн К. выяўлены рэшткі матэрыяльнай культуры сярэдняга і верхняга палеаліту. У 8—15 ст. паўн. землі К. ўваходзілі ў склад імперыі Сао. У 16 ст. тут узнік султанат Мандара, у пач. 19 ст. ён заваяваны плямёнамі фульбе, якія ўтварылі некалькі самаст. феад. княстваў — ламідатаў (Маруа, Гаруа, Тыбаты і інш.). У Цэнтр. К. з 17 ст. існавалі дзяржавы Балі (на 3) і Бамум (на У). На Пд К. ў пач. 19 ст. створана дзяржава Дуала. У 1472 у вусці р. Вуры высадзіліся партуг. маракі. У 16—17 ст. галандскія, потым англ., франц. і ням. гандляры заснавалі на ўзбярэжжы К. гандл. факторыі. У 1884 Германія навязала правіцелям узбярэжных раёнаў К. дагавор аб 30-гадовым пратэктараце. У 1-ю сусв. вайну К. акупіраваны франц. і брыт войскамі і падзелены паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй (1916). У 1922 Ліга Нацый перадала Усх. К. у мандатнае кіраванне Францыі (90% тэрыторыі), Зах. К. — Вялікабрытаніі. З 1946 абедзве гэтыя часткі падапечныя тэр. ААН з захаваннем кіравання за Францыяй і Вялікабрытаніяй. Уздым нац.-вызв. руху прымусіў кіруючыя дзяржавы правесці тут канстытуцыйныя рэформы.

У 1957 падапечная тэр. К. (франц. кіраванне) абвешчана падапечнай дзяржавай, 1.1.1960 — незалежнай, у сак. 1960 — Рэспублікай К. Першым яе прэзідэнтам выбраны лідэр партыі Камерунскі саюз (засн. ў 1958) А.​Ахіджа. Брыт. частка К. ў выніку рэферэндуму 1961 падзелена: Пн далучана да Федэрацыі Нігерыі, Пд — да Рэспублікі К. Была створана Федэратыўная Рэспубліка К. у складзе надзеленых унутр. аўтаноміяй Усходняга і паўд. ч. Заходняга К. Прэзідэнтам стаў Ахіджа. У краіне ўстанавілася аднапарт. сістэма [кіруючая партыя Камерунскі нац. саюз (КНС), засн. ў 1966], Палітыка спалучэння прыватнага, замежнага і дзярж. капіталу з некаторымі элементамі рэгулявання і планавання забяспечыла К. высокія тэмпы эканам. росту. Паступовая уніфікацыя абедзвюх ч. краіны прывяла да стварэння ў выніку рэферэндуму 1972 Аб’яднанай Рэспублікі К. (прынята новая канстытуцыя). У 1982 прэзідэнтам стаў П.​Бія. З 1984 краіна наз. Рэспубліка К. У 1985 КНС ператвораны ў Камерунскі нац. дэмакр. рух (КНДР). У снеж. 1990 у краіне ўведзена шматпарт. сістэма. У 1992 на выбарах перамог КНДР, які сфарміраваў кааліцыйны ўрад, на датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах — Бія. К. — чл. ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства, Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй (з 1995). Дзейнічаюць Дэмакр. аб’яднанне камерунскага народа, Нац. саюз за дэмакратыю і прагрэс, Саюз народаў К., Сацыял.-дэмакр. фронт, Дэмакр. саюз К. і інш. Адзіны прафс. цэнтр — Прафс. арг-цыя працоўных К.

Гаспадарка. К. — агр. краіна, спецыялізуецца на вытв-сці экспартных культур (какава, кава, бананы і інш.). У прам-сці пераважаюць галіны па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, лесанарыхтоўчая і дрэваапрацоўчая. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 16,5 млрд. дол. ЗША, па 1200 дол. ЗША на душу насельніцтва. Доля сельскай гаспадаркі ў ВУП — 28%, прам-сці — 25%, сферы паслуг — 47%. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Апрацоўваецца каля 13% тэр. краіны. Гал. харч. культуры: проса, сорга, кукуруза, рыс, маніёк, ямс, бананы, батат, арахіс, агародніна, цукр. трыснёг і інш. Асн. экспартныя культуры: какава (пл. 270 тыс. га, збор 70 тыс. т, 1995), кава (340 тыс. га, 100 тыс. т), бавоўна (каля 300 тыс. га, 170 тыс. т), бананы, каўчук, тытунь, чай, алейная пальма. Жывёлагадоўля качавога і паўкачавога кірунку, пераважна на Пн і З краіны. Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 4,9, авечак — 3,8, коз — 3,8, свіней — 1,4. Улоў рыбы ва ўнутр. вадаёмах і прыбярэжных водах у 1993 склаў 80 тыс. т. К. — пастаўшчык на сусв. рынак каштоўнай драўніны жал., чырв., эбенавага, жоўтага і інш. дрэў. Штогод нарыхтоўваецца каля 2 млн. м³ драўніны. Прамысловасць не атрымала значнага развіцця. Здабываюць нафту (каля 8 млн. т, 1995), волава, золата, кіяніт, мармур і інш. Вытв-сць электраэнергіі 2,7 млрд. кВтгадз (1995), пераважна на ГЭС (на р. Санага). Буйныя ЦЭС у гарадах Яўндэ і Гаруа. З галін апрацоўчай прам-сці найб. развіта харч. (перапрацоўка зярнят какавы, ачыстка кавы, алейная, піваварная, мукамольная, цукр., чайная; асн. цэнтры: Яўндэ, Дуала, Эдэа, Гаруа, Маруа, Нкангсамба, Дыбамбары, Мбанджок, Бафусам, Нду). Да традыц. галін належыць дрэваапр. прам-сць (вытв-сць піламатэрыялаў, аднаслойнай фанеры, мэблі, запалак, паркету, цэлюлозна-папяровая); асн. прадпрыемствы ў Белаба, Яўндэ, Дуала, Дымака, Мбальмайо, Эсека, Эдэа. З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. (Дуала, Гаруа, Маруа, Каэле) і гарбарна-абутковая (Нгаўндэрэ, Дуала). Есць прадпрыемствы па першаснай апрацоўцы латэксу (Тыка, Дызанге), вытв-сці буд. матэрыялаў (Дуала, Фігіль), мінер. угнаенняў (Дуала). У г. Эдэа на гліназёме з Гвінеі працуе алюмініевы з-д. Маш.-буд. і металаапр. прам-сць (вытв-сць металаканструкцый і пракату, ручнога с.-г. інвентару, зборка легкавых аўтамабіляў, радыёапаратуры, электратэхн. прыбораў) размешчана ў Дуале і Яўндэ, нафтаперапр. з-д — каля г. Лімбэ. Большая ч. ўнутр. перавозак К. прыпадае на чыгунку. Даўж. чыгункі 1175 км, аўтадарог 64,5 тыс. км. 90 тыс. легкавых і 79 тыс. грузавых аўтамабіляў. Марскія парты: Дуала (каля 90% усяго грузаабароту, краіны), Крыбі, партовы комплекс Тыка—Лімбэ—Бата, Кампа (вываз драўніны). Рачны порт Гаруа. Экспарт 1,2 млрд. дол. ЗША (1994): какава, драўніна, алюміній, бананы, каўчук, абутак. Імпарт 810 млн. дол. ЗША (1994): абсталяванне, аўтамабілі, нафтапрадукты, быт. тэхніка, харч. прадукты. Асн. гандл. партнёры: Францыя, інш. краіны ЕС, ЗША. Грашовая адзінка — камерунскі франк.

Літаратура. Вытокі л-ры К. ў багатым нар. фальклоры. У пач. 20 ст. склалася арыгінальная пісьменнасць у народа бамум (заснавальнік — правіцель дзяржавы султан Нджоя); на ёй складзены 3 кнігі: гісторыя дзяржавы Бамум, мед. і рэліг. трактаты. Далейшага развіцця гэта пісьменнасць не атрымала. У 1930-я г. з’явіліся творы на мясц. мовах. Сучасная л-ра К. ствараецца пераважна на франц. мове, у меншай ступені на англійскай. Першыя творы на франц. мове адносяцца да 1920-х г. (запісы фальклору, этнагр. нататкі); найб. вядомы пісьменнік І.​Мумэ-Этыа. Станаўленне л-ры пачалося ў 1950-я г. — перыяд узбр. супраціўлення каланізатарам. Вастрыня паліт. сітуацыі, усенар. характар барацьбы надавалі паэзіі і прозе рысы грамадзянскасці. Найб. вылучаецца творчасць паэта Э.​Эпанья-Іандо (зб. «Камерун! Камерун!», 1960), цесна звязаная з нар. песеннай традыцыяй. У прозе гал. месца заняў сац. раман, накіраваны супраць каланіялізму і аджылых норм патрыярхальнага грамадства (Б.​Матып, М.​Беці, Ф.​Аяно). У 1960-я г.

зарадзілася навела (Р.​Філамбэ, Г.​Аяно-Мбіа), якая прадоўжыла традыцыі сац.быт. рамана. Разам з асветніцкімі (Філамбэ, Ж.​Ж.​Макто) і сац.-крытычнымі (Р.​Меду Мвамо, П.​Ндэдзі-Пенда) тэндэнцыямі прасочваюцца рысы рамант. ідэалізацыі традыц. ўкладу афр. краін (Ф.​Бебей). Значных поспехаў дасягнула драматургія (сац.-быт. камедыі Аяно-Мбіа). Найб. вядомы паэт. твор — лірыка-філас. цыкл С.​М.​Эно-Белінга «Негрыцянскія маскі» (1972).

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На Пн краіны выяўлены стараж., выбітыя на скалах, геам. і стылізаваныя выявы жывёл. Традыцыйныя пабудовы — круглыя і прамавугольныя ў плане хаціны з гліны, каменю, бамбуку на драўляным каркасе з канічнымі саламянымі дахамі і конусападобнае жыллё (выш. 6—8 м), вылепленае з гліны. Уваход і сцены ўнутры аздаблялі паліхромным геам. арнаментам. Звонку для аховы ад дажджу рабілі трохвугольныя рубцы, якія складалі своеасаблівы пластычны ўзор. У канцы 19 ст. ўзніклі гарады (Яўндэ, Дуала) з забудовай у духу араб. і еўрап. архітэктуры. З 1950—60-х г. узводзіліся будынкі ў сучасным стылі (арх. Нгодэ, Н.​Колінс). Пашыраны разьба па дрэве (мэбля, аздобленая антрапа- і зааморфнымі кампазіцыямі; культавыя слупападобныя статуэткі, ярка размаляваныя і ўпрыгожаныя ракавінамі, бранзалетамі, каралямі, кавалачкамі металу і шкла), кераміка, вышыўка, ліццё з бронзы і інш. Пашыраны выраб масак з цэлага кавалка дрэва, абцягнутых скурай і ярка размаляваных, са скажонымі, экспрэсіўнымі рысамі і сакавітай разьбой. Фарміруецца нац. маст. школа (жывапісцы і скульптары Абасола, Кенфак, Мпанда і інш.).

Літ.:

Ляховская Н.Д. Литература Камеруна // Развитие литературы в независимых странах Африки (60—70-е гг. XX в.). М., 1980.

В.​М.​Сасноўскі (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Камеруна.
Да арт. Камерун. Горад Дуала.
Да арт. Камерун. Краявід на поўначы краіны.

т. 7, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́КА, Каралеўства Марока (араб. Аль-Мамляка аль-Магрыбія або Магрыб аль-Акса, літар. далёкі захад) дзяржава ў Паўн.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на У і ПдУ з Алжырам, на Пд — з Заходняй Сахарай. На Пн абмываецца Міжземным м. (на ўзбярэжжы гарады Сеута і Мелілья належаць Іспаніі), на З — Атлантычным ак. Пл. 446,6 тыс. км². Нас. 29,3 млн. чал. (1998). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г. Рабат. Падзяляецца на 31 правінцыю і 2 прэфектуры. Нац. свята — Дзень трона (3 сак. — дата ўступлення на прастол караля Хасана II у 1961).

Дзяржаўны лад. М. — канстытуцыйная спадчынная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — кароль. Вышэйшы орган заканад. улады — аднапалатны парламент — Палата прадстаўнікоў, 306 членаў якога выбіраюцца на 6 гадоў (​2/3 з іх выбіраюцца на ўсеагульных выбарах, ​1/3 — калегіяй выбаршчыкаў, што складаецца з дэпутатаў камунальных, правінцыяльных і прэфектурных саветаў і інш. арг-цый). Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае кароль. Кіраванне ў правінцыях ажыццяўляюць губернатары, у прэфектурах — мэры, у абшчынах — каіды (усіх гэтых асоб назначае кароль). У абшчынах ёсць выбарныя органы мясц. самакіравання (камунальныя і муніцыпальныя саветы). Суд. сістэма ўключае Вярх. суд, апеляцыйныя суды і т.зв. суды садада, або міравыя трыбуналы.

Прырода. У рэльефе пераважаюць горы (больш за ​1/3 тэрыторыі) і высокія раўніны (месеты). На Пн горы Эр-Рыф. Праз цэнтр. ч. з ПдЗ на ПнУ цягнуцца хрыбты Атласа — Сярэдні Атлас, Высокі Атлас (г. Тубкаль, 4165 м), Антыатлас. Горы акаймоўваюцца высокімі раўнінамі, на ПнЗ — Мараканскай Месетай, на ПдУ — Перадсахарскай Месетай. Раўніны на марскіх узбярэжжах. Характэрна высокая сейсмічнасць. Карысныя выкапні: фасфарыты (адно з першых месцаў у свеце, разведаныя запасы 10,6 млрд. т), руды кобальту, вальфраму, ванадыю, хрому, тытану, жалеза, медзі, поліметалаў, невял. запасы вугалю і нафты. Клімат пераважна субтрапічны міжземнаморскі. На ўзбярэжжы сярэднія т-ры студз. 10—12 °C, ліп. 24—28 °C. Ападкаў ад 1700—1000 мм на зах. схілах гор да 200—100 мм на Пд і ПдУ. У гарах кліматычная вышынная пояснасць. Рэк з пастаянным цячэннем мала; галоўныя — Ум-эр-Рбія, Мулуя, Себу. На Пд і У шмат вадзі. У гарах на ПнЗ субтрапічныя лясы (12 % тэр.), гаі коркавага дуба і атласкага кедра. У паўпустынях — разрэджаная расліннасць (трава альфа, палыны і інш.). Аазісы з фінікавымі пальмамі. Для жывёльнага свету характэрны драпежнікі (шакал, гіена, рысь, пантэра), шмат грызуноў (зайцы, тушканчыкі, мышы), паўзуноў і птушак. З насякомых найб. небяспечная саранча. У краіне 2 нац. паркі (Тубкаль, Тазека) і каля 100 запаведнікаў.

Насельніцтва. 99,1% складаюць мараканцы, у т. л. арабы — 74,1%, берберы — 25%; еўрапейцаў 0,7% (французы, іспанцы і інш.), яўрэяў 0,2%. 98,7% насельніцтва — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост 1,9%. Сярэдняя шчыльн. 65,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 200—300 чал. на 1 км²) заселены раўнінныя ўчасткі на ПнЗ. У гарадах жыве 53% насельніцтва. Найб. гарады (млн. ж., з прыгарадамі, 1998): Касабланка — 3,4, Рабат — 1,6, Маракеш — 1,6, Фес — 1,2, Танжэр —0,65, Кенітра — 0,43. Каля 1,5 млн. чал. — качэўнікі. У сельскай гаспадарцы занята 50% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 15%, у абслуговых галінах — 26%, у інш. галінах — 9%. У сувязі з няпоўнай занятасцю многія жыхары М. выязджаюць за мяжу, дзе пражывае каля 0,5 млн. мараканцаў (пераважна ў Францыі).

Гісторыя. Стараж. насельніцтва М. — плямёны бербераў. У 12 ст. да н.э. міжземнаморскае ўзбярэжжа М. каланізавана фінікійцамі, з 3 ст. да н.э. падпарадкоўвалася Карфагену. Пасля яго разбурэння рымлянамі (146 да н.э.) М. знаходзілася пад іх уплывам, каля 42 н.э. паўн. ч. краіны ўвайшла ў склад Рым. імперыі як прав. Маўрэтанія Тынгітана. У 429 узбярэжжа М. заваявалі вандалы, у 533 — Візантыя. У 682 М. заваявалі арабы, якія зрабілі вял. ўплыў на жыццё насельніцтва краіны: усё яно, за выключэннем яўрэяў, перайшло ў іслам, араб. мова стала дзяржаўнай. У канцы 8 ст. М. аддзялілася ад Арабскага халіфата, тут замацавалася араб. дынастыя Ідрысідаў (789—926). Пазней правілі розныя дынастыі араб. і берберскага паходжання, з якіх найб. магутныя Альмаравіды (1050—1147) і Альмахады (1147—1269). Пры Альмахадах М. было цэнтрам вял. дзяржавы, якая ўключала тэр. сучасных Алжыра, Туніса, Лівіі, значныя ч. Іспаніі і Партугаліі. Пасля яе распаду пачаўся доўгі перыяд міжусобіц і войнаў паміж берберамі і арабамі. Адначасова разгарнулася еўрап. экспансія. У 1415 Партугалія захапіла г. Сеута. Паступова Партугалія і Іспанія ўстанавілі кантроль над узбярэжжам М. Адраджэнне М. пачалося пры 1-й дынастыі Саадзідаў (1554—1660). У 1578 мараканцы нанеслі паражэнне партугальцам і да канца 17 ст. аднавілі сваю ўладу над б.ч. прыбярэжных гарадоў. Кіраванне Ахмеда аль-Мансура [1579—1603] лічыцца «залатым векам» у гісторыі М. У 1660 да ўлады прыйшла 2-я дынастыя Саадзідаў, якая дасягнула найб. магутнасці пры Ісмаіле [1672—1727]. Пасля яго смерці М. перажыло працяглыя міжусобіцы і грамадз. войны. У 18 — пач. 19 ст. піраты М. і інш. «варварскіх дзяржаў» Паўн. Афрыкі стваралі вял. небяспеку марскому гандлю ў Міжземнамор’і. Гэта прыцягнула да М. ўвагу вял. еўрап. дзяржаў (Іспаніі, Вялікабрытаніі і Францыі). У 1859—60 Іспанія захапіла г. Тэтуан. У 1904 Вялікабрытанія прызнала М. сферай франц. інтарэсаў, а Францыя і Іспанія дамовіліся пра падзел М. на сферы ўплыву, што выклікала процідзеянне Германіі і прывяло да Мараканскіх крызісаў 1906—11. У сак. 1912 Францыя ўстанавіла пратэктарат над М., невял. тэр. на Пн краіны паводле франка-ісп. пагаднення (ліст. 1912) адышла пад ісп. кантроль. У 1920 правадыр рыфскіх плямён Абд аль-Керым узняў паўстанне супраць іспанцаў і да 1924 вызваліў б. частку ісп. М. Паўстанне задушана ў 1926 франц. арміяй (200 тыс. чал.) на чале з маршалам А.​Ф.​Петэнам. Пасля паражэння Францыі ў пач. 2-й сусв. вайны (1940) Франц. М. перайшло пад уладу калабарацыянісцкага ўрада «Вішы» і фактычна ператварылася ў сыравінную базу і стратэг. плацдарм Германіі і яе саюзнікаў па «восі». У ліст. 1942 у Паўн. Афрыцы высадзіліся англа-амер. войскі, якія выгналі з М. ням. і італьян. акупантаў. Адначасова ў краіне ўзмацніўся нац.-вызв. рух, у 1943 узніклі партыя «Ісцікляль» («Незалежнасць») і камуніст. партыя М., якія адыгрывалі важную ролю ў барацьбе за незалежнасць. У канцы 1950 султан М. Сідзі Мухамед бен Юсуф запатрабаваў ад Францыі даць яго краіне поўны суверэнітэт, але атрымаў адмову і ў жн. 1953 быў пазбаўлены прастола (зноў атрымаў яго ад франц. улад у кастр. 1955 пад уплывам шырокага паўстанцкага руху).

2.3.1956 Францыя прызнала незалежнасць Франц. М. У крас. 1956 Іспанія перадала М. сваю ч. краіны, але захавала за сабой гарады Мелілья і Сеута. У 1957 у склад М. вернуты г. Танжэр (дагэтуль міжнар. зона), у 1958 — тэр. Тарфая. У жн. 1957 Сідзі Мухамед бен Юсуф абвясціў сябе каралём М. пад імем Мухамеда V. Пасля яго смерці (лют. 1961) каралеўскі прастол заняў яго сын Хасан II [1961—99], які ў снеж. 1962 выдаў першую канстытуцыю М. і абвясціў краіну канстытуцыйнай манархіяй. Тады ж адбыліся першыя ўсеагульныя выбары. У 1972 прынята новая канстытуцыя. На эканам. становішча М. негатыўна паўплываў ваен. канфлікт з фронтам ПОЛІСАРЫО у Зах. Сахары ў 1976—89. На ўсеагульным рэферэндуме ў вер. 1997 ухвалены папраўкі да канстытуцыі, паводле якіх створаны 2-палатны парламент, вызначаны функцыі губернатараў, замацаваны палажэнні аб прыхільнасці М. да дэмакр. каштоўнасцей. На выбарах у канцы 1997 дасягнула поспеху дэмакр. апазіцыя на чале з Сацыяліст. саюзам нар. сіл, лідэр якога А.​Юсуфі стаў у лют. 1998 прэм’ер-міністрам. Пасля смерці ў жн. 1999 Хасана II каралём М. стаў Мухамед VI. М. — чл. ААН (з 1956), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Лігі араб. краін (з 1956). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Сацыяліст. саюз нар. сіл, Канстытуцыйны саюз, Нац. аб’яднанне незалежных, Народны рух, Ісцікляль і інш. Найб. прафс. аб’яднанні — Мараканскі саюз працы, Усеагульны прафсаюз працоўных М., Дэмакр. канфедэрацыя працы.

Гаспадарка. М. — індустр.-аграрная краіна, належыць да найб. развітых краін Афрыкі. Прам-сць дае 32,2% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — 14,3%, абслуговыя галіны — 53,5%. Штогадовы даход на 1 чал. — 1140 дол. (1996). Найб. развіта горназдабыўная прам-сць. Яе аснова — здабыча фасфарытаў (18,3 млн. т, 1995); гал. радовішчы — Хурыбга, Юсуфія, Бен-Герыр. Здабываюць таксама жал., свінцова-цынкавую, марганцавую, кобальтавую. медную руды, плавікавы шпат і інш. Чорная металургія прадстаўлена з-дам у Надоры (арматурная сталь, катанка), невял. з-дамі па вытв-сці акатышаў, стальных і чыгунных труб. Ёсць прадпрыемствы каляровай металургіі. Машынабудаванне развіта пераважна на імпартаваных вузлах і дэталях. Працуе 6 аўтазборачных (легкавыя і грузавыя аўтамабілі) і трактаразборачны з-ды. Вытв-сць чыг. вагонаў, горнашахтавага абсталявання. Электратэхн. прам-сць (больш за 60 прадпрыемстваў) вырабляе халадзільнікі, швейныя і пральныя машыны, газавыя і эл. пліты. Наладжаны выпуск электронных кампанентаў і камп’ютэраў. Хім. прам-сць выпускае фосфарныя (926 тыс. т, 1997) і азотныя (280 тыс. т) угнаенні, саляную і фосфарную кіслоты і інш. Фармацэўтычная прам-сць задавальняе патрэбы краіны на 85%. Вытв-сць цэменту склала 6,4 млн. т. Лёгкая прам-сць выпускае тканіны (баваўняныя, шаўковыя, суконныя), габелены, дываны. Шмат прадпрыемстваў гарбарна-абутковай прам-сці. З галін харч. прам-сці вылучаюцца цукровая (13 заводаў), кансервавая (1-е месца ў свеце па выпуску кансерваў з сардзіны), алейная, вінаробчая, мукамольная; з-ды па вытв-сці фруктовых сокаў. Ёсць прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці (выпуск ДСП, тары, буд. элементаў, апрацоўка кары коркавага дубу). Паліўна-энергет. комплекс уключае нафтаперапр. з-ды ў Сіды-Касеме і Махамедыі, здабычу каменнага вугалю (603,8 тыс. т, 1995), цеплавыя электрастанцыі. На рэках працуюць 17 ГЭС. Ёсць геліяўстаноўкі. Штогод атрымліваюць больш за 10 млрд. кВтгадз электраэнергіі. Амаль усе прамысл. прадпрыемствы — у гарадах на Пн краіны, у т. л. палавіна — у Касабланцы. Шырока развіты саматужныя промыслы — выраб скураных, медных, плеценых вырабаў, дываноў, прадметаў хатняга ўжытку, сувеніраў і інш. Сельская гаспадарка — традыцыйны занятак б.ч. насельніцтва. Землі, прыдатныя для апрацоўкі, складаюць каля 20,7% тэр. краіны, апрацоўваецца каля 7,6 млн. га, пад пашай 20 млн. га. 6% апрацаваных зямель займаюць шматгадовыя насаджэнні, 13,6% — арашаецца. Каля палавіны с.-г. зямель належыць буйным землеўладальнікам. Раслінаводства — гал. галіна сельскай гаспадаркі. Найб. развіта на Пн і ў сярэдняй ч. краіны. Вырошчваюць пшаніцу (валавы збор 1,2—1,6 млн. т), ячмень (608 тыс. т), кукурузу, авёс, жыта, сорга, проса, на арашальных землях — рыс. Агародніну і фрукты вырошчваюць часткова на экспарт. Збор (тыс. т, 1995): памідораў — 624, морквы — 224, дынь — 415, ранняй бульбы — 770, алівак — 436, вінаграду — 128, апельсінаў — 676, мандарынаў — 304, яблыкаў — 270. Вырошчваюць цукр. буракі (2,7 млн. т, 1995) і цукр. трыснёг (1 млн. т), бавоўнік, лён, сізаль, тытунь. Збор травы альфа. Жывёлагадоўля малапрадукцыйная, асн. занятак насельніцтва ў горных і паўпустынных раёнах. Гадуюць (1995, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 2500, авечак — 16 600, коз — 4400, аслоў — 880, мулаў — 351, коней — 156, вярблюдаў — 36. Каля буйных гарадоў прамысл. птушкагадоўля. У рыбалоўстве занята больш за 100 тыс. чал. Штогод ловяць 0,5—0,8 млн. т сардзіны, тунца, макрэлі. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. аўтадарог 53,2 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 28,2 тыс. км, чыгунак 1562 км. Гал. парты Касабланка, Сафі, Танжэр, Кенітра, Агадыр. У краіне 27 аэрапортаў, у т. л. міжнар. ў Касабланцы і Рабаце. У 1996 экспарт склаў 7,7 млрд. дол., імпарт — 9,8 млрд. долараў. Гал. тавары экспарту: фасфарыты, фосфарныя ўгнаенні, фосфарная кіслата (больш за 40% па кошце), канцэнтраты руд каляровых металаў, цытрусавыя, агародніна, ранняя бульба, сардзіны, тэкстыль. У імпарце пераважна нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, харч. прадукты.

Вядучыя краіны па экспарце — Францыя, Іспанія, Японія, па імпарце — Францыя, Іспанія, ЗША. М. — краіна развітога турызму. Па колькасці замежных турыстаў (3115 тыс. чал. у 1997) займае 4-е месца сярод афр. краін. Даходы ад турызму склалі ў 1997 1,2 млрд. долараў. Асн. цэнтры замежнага турызму — Атлантычнае ўзбярэжжа і гарады Агадыр, Фес, Маракеш, Танжэр, Тэтуан. Знешняя запазычанасць — 21 млрд. долараў. Асн. крэдыторы — Францыя, ЗША, Германія, некат. арабскія краіны, міжнар. банкі і кансорцыумы. Грашовая адзінка — дырхем.

Узброеныя сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць каля 200 тыс. чал. (1998). Галоўнакамандуючы — кароль. У сухап. войсках 175 тыс. чал., больш за 600 танкаў, 780 бронетранспарцёраў, каля 800 гармат, у т. л. 420 зенітных, 1,1 тыс. мінамётаў, больш за 100 зенітных ракетных комплексаў. У ВПС 13,5 тыс. чал., 89 баявых самалётаў і 24 баявыя верталёты. У ВМС 7,8 тыс. чал., у т. л. 1,5 тыс. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў, 24 катэры.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у М. каля 120 перыяд. выданняў. Найб. масавыя газеты на араб. — «Аль-Анба» («Весці», з 1971), «Аль-Місак аль-Ватані» («Нацыянальная хартыя», з 1977), «Аль-Ітыхад аль-Іштыракі» («Сацыялістычны саюз», з 1983), «Аль-Алям» («Сцяг», з 1946), на франц. — «Le Matin du Sahara et du Maghreb» («Раніца Сахары і Магрыба», з 1971), «L’Opinion» («Думка», з 1965), на араб. і франц. мовах — «Аль-Баян» («Заява», з 1972), «Аль-Дэмакраці» («Дэмакратыя», з 1982). Урадавае інфарм. агенцтва — Магрыб Араб Прэс (МАП, засн. ў 1959). Радыёвяшчанне з 1962, перадачы вядуцца на араб., франц., ісп., англ., берберскай мовах. Тэлебачанне з 1962, на араб. і франц. мовах.

Літаратура. Развіваецца на араб., берберскай і франц. мовах. Першы пісьмовы помнік берберскай славеснасці — Каран Баргуаты (8 ст., страчаны). Араб. л-ра М. класічнага перыяду прадстаўлена асн. жанрамі класічнай араб. л-ры (гл. ў арт. Арабская культура). У 11—12 ст. у паэзіі вядучае месца займалі лірыка і панегірык (Ібн Хабус, Ібн Рушэйд). У прозе 12—14 ст. пераважалі гіст. летапісы (Абд аль-Вахід аль-Маракушы, Ібн аль-Катан) і геагр. творы (Ідрысі, Ібн Батута). У 15—16 ст. узнікла біягр. і жыційная л-ра. З 16 ст. культываваліся традыцыі андалускай паэзіі. Нар. л-ра на араб. і берберскай мовах вядома з 14—15 ст.: вусныя фалькл. і аўтарскія вершаваныя і празаічныя жанры — эпічныя паэмы і жывёльны эпас (казкі). У 1930-я г. вядомасць набыла берберская нар. паэтэса Н.​А.​Мрырыда. Росквіту дасягнула паэзія мальхун, якая на літ. араб. мове прадоўжыла асн. матывы класічнай араб. паэзіі. З 17 ст. развіваліся традыцыі нар. паэзіі Андалусіі. Сучасная л-ра на араб. і франц. мовах атрымала развіццё пасля 2-й сусв. вайны ў сувязі з уздымам нац.-вызв. руху. На мяжы 1940—50-х г. складвалася апавядальная проза на араб. і франц. мовах (А. аль-Фасі, А.​Бенджэлун, А.​Сефрыўі). У 1950-я г. вядучае месца заняў франкамоўны раман (Д.​Шрайбі), атрымала вядомасць паэзія на франц. мове М.​А.​Лахбабі. Тэмы нац.-вызв. барацьбы і станаўлення новага ўкладу жыцця пераважалі ў творчасці арабамоўных паэтаў М.​Маадаўі, Б.​Ламтуні, М. ат-Танжаўі. У 1960-я г. ўзніклі гіст. п’есы Х.​Саіха на літ. араб. мове, драматургія на франц. мове (Фарыс Фарыд) і на мараканскім дыялекце араб. мовы (А. аль-Алажы). Бурна развівалася арабамоўная проза: творы публіцыста А.​Галаба, раманы Лахбабі, навелы і раманы пісьменнікаў новага пакалення — М.​Сабага, М.​Буалу, М.​Знібера, А. аль-Бакалі, А.​Ларуі, А.​Схімі, Д. аль-Хуры, М.​Шагмума, М.​Барады і інш. З наватарскімі пошукамі ў паэзіі выступілі М.​Хайрэддзін, Т.​Бенджэлун. Захоўвае папулярнасць і франкамоўная л-ра (Шрайбі, А.​Хатыбі). У 1960 засн. Саюз пісьменнікаў М.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У паўд. раёнах М. захаваліся наскальныя выявы сланоў, антылоп, птушак часоў неаліту. Ад 1-га тыс. да н.э. захаваліся кальцавыя каменныя могільнікі (шушы) мясц. качавых плямён, рэшткі фінікійскіх калоній (Тынгіс, сучасны Танжэр), руіны рым. гарадоў (Валюбіліс, Тамуд) з рэшткамі арх. ансамбляў, мазаікамі, скульптурай. У 11—15 ст. у М. развівалася адна са школ маўрытанскага мастацтва. Сярэдневяковыя гарады, якія будаваліся з каменю, бетону, гліны і цэглы, уключалі касбу (цытадэль) і медыну (гар. ядро), абкружаныя сценамі з прамавугольнымі ў плане вежамі (Мекнес, Рабат, Фес). У культавай архітэктуры склаўся тып шматстаўповай мячэці са сталактытавымі ці ячэістымі купаламі, з драўлянай наборнай столлю-артэсанада з кесонамі: мячэці Караўін у Фесе (859—1135), Кутубія ў г. Маракеш (1153, 17 нефаў; мінарэт 1184—99, выш. 67,5 м, разны каменны дэкор), Хасана ў Рабаце (1195, не завершана). Высокага ўзроўню дасягнула фартыфікацыйнае буд-ва: крэпасці Амаргу каля Феса (11 ст.), Тасгімут (12 ст.), гар. ўмацаванні з брамамі, аздобленымі разьбой па камені (Баб-Агвенау ў Маракешы, 12 ст.). Помнікі 13—14 ст. дэкарыраваны драўлянай і стукавай разьбой, паліванай кафляй, керамічнай і шкляной мазаікай, вітражамі (Вял. мячэць у г. Таза, медрэсэ Атарын у Фесе). Пабудовы 16—17 ст. адметныя празмернай пышнасцю (ансамбль маўзалеяў у Маракешы, Вял. мячэці ў Танжэры і Тэтуане). Са збудаванняў 18—19 ст. вылучаюцца вароты Баб-эль-Мансур у Мекнесе, палацы Феса (Дар-Бата), Мекнеса і інш. У сярэднія вякі склаліся тыпы нар. жылля мараканцаў: 2-павярховыя дамы з унутр. дваром, горныя жытлы-замкі бербераў (касба, ксар), круглыя ў плане хаціны (нуала) з конусападобным саламяным дахам, жытлы з 2-схільным дахам з чароту. У мастацтве сярэднявечча росквіту дасягнулі ткацтва (шоўк, парча, дыванаткацтва; Рабат і Маракеш), цісненне па скуры, выраб керамікі са штампаванымі і размаляванымі ўзорамі, маст. апрацоўка бронзы (шмат’ярусныя ажурныя люстры для мячэцей). У перыяд франц. пратэктарату ў гарадах з’явіліся раёны еўрап. забудовы (франц. арх. А.​Прост). У 1-й пал. 20 ст. пашыраны стыль «марэск» — эклектычнае выкарыстанне дэкар. элементаў маўрытанскай архітэктуры. У 1950—80-я г. будавалі ў сучасных стылях з выкарыстаннем новых канструкцый і матэрыялаў (Касабланка, Рабат і інш.). Развіваецца новае для М. выяўл. мастацтва (жывапісцы МА.​Ідрысі, М.​Мушбаа, скульпт. Х. бен Салах, графік М.​Амар). Пашыраны гар. кааператывы прыкладнога мастацтва. Развіваюцца выраб дываноў, цісненне і вышыўка па скуры, чаканка і інкрустацыя па медзі, ювелірная справа. Помнікі медын у Маракешы і Фесе, жытлы-замкі ў в. Аіф-бен-Хадоу ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Музыка. У музыцы М. вылучаюцца 2 асн. галіны: берберская (найб. стараж.) і арабская. Мастацтва берберамоўных народаў сінкрэтычнае: непарыўная сувязь музыкі, паэзіі і танца. Найб. пашыраныя жанры — аферды (распеў загадак), ташэрафт (пастухоўскія песні без інстр. суправаджэння), атэмшы, або ізлі (невял. песні-паэмы). Музыка бербераў засн. пераважна на 7-ступенных дыятанічных ладах, сустракаецца і пентатоніка. Характэрныя рэспансорныя спевы ў суправаджэнні інстр. ансамбляў (духавыя і ўдарныя інструменты — зурны і табл; касабы і бендыры); часам для акампанементу выкарыстоўваецца гуінбры — 2—3-струнная лютня. З 7 ст. замацаваліся стылі і жанры араб. муз. мастацтва, у т. л. звязаныя з мусульм. рэліг. культам, у 12—13 ст. — рытуальныя містычныя цырымоніі. Сярод інструментаў: стр. шчыпковыя рэбаб, уд, 72-струнная цытра канун; най (падоўжная флейта), мембранафоны — дарабука, рык, табл і інш. Свецкія жанры фарміраваліся ў рэчышчы т.зв. андалускай школы (9—15 ст., заснавальнік Зір’яб), асн. жанр — нуба (вак.-інстр. кампазіцыя), сярод інш. жанраў — касыда, мувашах, заджаль, мауэль (вак.), таксім (інструментальны). У сярэднявеччы сфарміраваліся асновы муз. тэорыі, склалася ладавая сістэма макамаў. У 16 ст. ўзніклі гар. песенныя стылі, у т. л. грыха, для якіх характэрна куплетная форма з прыпевам. З сярэдзіны 16 ст. музыка М. зазнала тур. ўплыў. У 2-й пал. 19 ст.пач. 20 ст. яна трапіла пад уплыў франц. муз. мастацтва. З 1950-х г. узмацнілася тэндэнцыя да захавання і развіцця нац. музыкі. Сярод муз. дзеячаў кампазітары М.​Беніс, А.​Аўатыф, М.​Шэкруні, інструменталісты Х. бен Брахім, О.​Тантаўі, выканаўца на кануне і музыказнавец С.​Шаркі. Працуюць ансамблі андалускай музыкі, кансерваторыі, праводзяцца міжнар. фестывалі нар. мастацтва (з 1960, г. Маракеш), кангрэсы араб. музыкі.

Кіно. Першыя дакумент. фільмы зняты франц. аператарамі ў 1897. У 1944 арганізаваны Мараканскі кінацэнтр і кінастудыя «Сусі». Рэгулярны выпуск кінахронікі ў М. пачаўся з 1958 (рэж. Л.​Беншэкрун, М.​Афіфі, А.​Рамдані, М.​Тазі). У 1968—70 створана студыя «Айн-Шок», пачалася вытв-сць паўнаметражных фільмаў, пераважна прыгодніцкіх, сумесна з Францыяй, Італіяй, Іспаніяй, Егіптам, Румыніяй і інш. Першыя стужкі — перайманні егіп. меладрам і галівудскіх фільмаў 1940-х г. Пошукі сучасных сродкаў выразнасці выявіліся ў фільмах «Веснавое сонца» (рэж. Л.​Лахлу), «Сляды» (рэж. Х.​Бенані; абодва 1970), «Аш-Шэргі, або Лютае маўчанне» (1975, рэж. М.​Сміхі), «Аль Канфудзі» (1978, рэж. Лахлу), прысвечаных гісторыі краіны. Сац.-крытычная тэндэнцыя прадстаўлена творчасцю А.​Маануні («Дні... дні», 1979), С.​Бен Баркі («Тысяча і адна рука», 1972, з Італіяй). Сярод фільмаў 1980-х г. «Трансы» (1981, рэж. Маануні), «Цырульнік беднага квартала» (рэж. М.​Рэгаб) і «Амок» (рэж. Бен Барка, сумесна з Гвінеяй і Сенегалам; абодва 1982), «Наканаванне» (1983, рэж. Ф.​Буркія).

Літ.:

Луцкая Н.С. Очерки новейшей истории Марокко. М., 1973;

Аяш Ж. Очерки марокканской истории: Пер. с фр. М., 1982;

Гура В.К. Особенности социально-экономического развития Туниса и Марокко, 50—70-е гг. Киев, 1982;

Ментешашвили З.А. Социальное развитие независимого Марокко: Традиции и современность. М., 1988;

Кушке И.Г. Писатели Марокко, пишущие на французском языке, 1940—1980 гг. М., 1981;

Дербисалиев А.Б. Арабоязычная литература Марокко: Осн. этапы развития. Алма-Ата, 1983;

Каптерева Т.П. Искусство стран Магриба: Древний период. М., 1980;

Шоттен А. Обзор марокканской музыки: Пер. с фр. М., 1967.

П.​Л.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Л.​А.​Сівалобчык (музыка).

Герб і сцяг Марока.
Да арт. Марока. Атласкія горы.
Да арт. Марока. Узбярэжжа Атлантычнага акіяна каля Танжэра.
Да арт. Марока. Старая французская крэпасць у Эль-Арапшы.
Да арт. Марока. Руіны старажытнарымскага горада Валюбіліс.
Да арт. Марока. Унутраны двор мячэці Караўін у г. Фес. 859—1135.
Да арт. Марока. Фрагмент сцяны медрэсэ Атарын у г. Фес. 14 ст.
Да арт. Марока. Жытлы-замкі ў вёсцы Аіф-бен-Хадоу.

т. 10, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)