прадстаўнікі жывёльнага або расліннага свету, якія ловяць, забіваюць і паядаюць жывыя арганізмы. Трапляюцца сярод жывёл, грыбоў і раслін (гл.Драпежныя грыбы, Драпежныя звяры). Д. — важны фактар натуральнага адбору: пастаянна паляпшаюць склад папуляцый ахвяр, што ў пэўнай ступені абумоўлівае іх прагрэс. развіццё. Садзейнічаюць захаванню вял. відавой разнастайнасці і зніжаюць інтэнсіўнасць канкурэнцыі сярод розных відаў ахвяр. У Д. звычайна добра развіты сродкі авалодання, забівання, паядання і пераварвання здабычы (зубы і кіпцюры ў млекакормячых, ядавітыя залозы ў павукоў, жыгучыя клеткі ў кішачнаполасцевых, ферменты, якія расшчапляюць бялкі, у жывёл, грыбоў, раслін), а таксама нерв. сістэма, органы пачуццяў.
Выкарыстоўваюцца ў біял. барацьбе з непажаданымі для чалавека відамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАФА́ГІ [ад аліга... + ...фаг(і)],
жывёлы, якія спажываюць вельмі абмежаваны набор кармоў. Да іх належаць многія членістаногія, чэрві, малюскі, рыбы, птушкі, млекакормячыя. Найб. пашыраны ў трапічных лясах. У фауне Беларусі алігафагі ёсць сярод насякомых (клубеньчыкавыя даўганосікі, каларадскі жук), павукоў, кляшчоў, чарвей, рыб, птушак (насякомаедныя — асаед звычайны, драпежнікі-рыбаеды — скапа, драпежнікі-арнітафагі — ястраб-перапёлачнік, ястраб-цецяроўнік), млекакормячых (траваедныя, пладаедныя і інш.). Гл. таксама Манафагі, Паліфагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРАТЫЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + франц. rat пацук),
комплекс мерапрыемстваў па знішчэнні шкодных грызуноў (пацукоў, мышэй, суслікаў, суркоў і інш.). Прафілактычная Д. накіравана на пазбаўленне грызуноў корму і піцця, а таксама месцаў для наладжвання нораў і гнёздаў. Знішчальную Д. праводзяць механічнымі (пасткі, петлі), біял. (бактэрыяльныя культуры, драпежнікі) і хім. метадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСКРЫ́ЛЫЯ НАСЯКО́МЫЯ, аптэрыготы (Apterygota),
раздзел найбольш стараж. насякомых. Вядомы з адкладаў сярэдняга дэвону. 1 атрад — шчацінахвосткі. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Звычайна вільгацелюбівыя; жывуць скрытна — у лясным подсціле, глебе, пад карой дрэў, у гнілой драўніне і інш.
Цела даўж. да 2 см, верацёнападобнае. Спіна ўкрыта тонкімі лускавінкамі. 3 пары грудных ног, у некат. відазмененыя брушныя канечнасці — цэркі. Кормяцца глебавым дэтрытам, пылком кветак і інш.; некат. драпежнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНІЯТЫ́ТЫ (Goniatitidae),
атрад вымерлых галаваногіх малюскаў надатр. аманітаў. Каля 300 родаў. Жылі з дэвону да пач. трыясу ў морах. Частка іх свабодна плавала, некаторыя — донныя. На Беларусі рэшткі ракавін пашыраны ў фаменскіх (міжсалявых) адкладах дэвону Прыпяцкай упадзіны.
Мелі плоскаспіральную ракавіну з доўгай жылой камерай. Сіфон краявы, брушны, лопасцевая лінія параўнальна простая. Драпежнікі.
Літ.:
Основы палеонтологии: Моллюски-головоногие. М., 1962;
Богоявленская О.В., Федоров М.Ф. Основы палеонтологии. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАМІ́ДЫ (Sarda),
род рыб сям. скумбрыевых атр. акунепадобных. 4 віды. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных водах усіх акіянаў; 2 віды, у т. л. П. атлантычная, або звычайная (S. sarda), заходзяць у воды ўмеранай зоны (трапляецца ў Чорным моры). Чародныя пелагічныя рыбы. Робяць сезонныя міграцыі.
Даўж да 100 (звычайна 60—65) см, маса да 7 (звычайна 3—4) кг. Знешне падобныя на тунцоў. Драпежнікі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРО́ІДНЫЯ (Hydrozoa),
клас беспазваночных тыпу жыгучых. 2 падкласы, каля 2800 відаў. Пераважна марскія жывёлы, існуюць таксама прэснаводныя формы (каля 20 відаў). На Беларусі з гідроідных трапляюцца гідры. Выкапнёвыя існавалі ў ардовіку — дэвоне.
Цела цыліндрычнае, з 2 слаёў клетак. У большасці гідроідных чаргуюцца бясполае пакаленне (сядзячы паліп) і палавое (плаваючая медуза). У некат. гіброідных паліпы пры пачкаванні ўтвараюць вял. калоніі. Палавыя пакаленні (медузы) раздзельнаполыя, свабодна плаваюць у вадзе. Драпежнікі, жывяцца дробнымі жывёламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАПУ́ЗІКІ (Histeridae),
сямейства насякомых агр. жукоў. Каля 3500 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках. На Беларусі 20 родаў, 61 від. Жывуць у мярцвячыне, гнаі, пад карой і ў драўніне, у гнёздах птушак і норах звяроў або мурашніках, трапляюцца ў памяшканнях.
Даўж. да 20 мм. Цела цвёрдае, пукатае. Афарбоўка чорная, бурая, часта з метал. бляскам. Ногі капальныя. Драпежнікі, кормяцца лічынкамі насякомых, кляшчамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКЦЫ́НУМ (Buccinum),
род марскіх бруханогіх малюскаў атр. стэнаглосных. 86 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ў халодных і ўмераных водах. Асобныя віды трапляюцца ў субтрапічных водах каля берагоў Японіі і ў Міжземным м. Вядомы з алігацэну. У Баранцавым м. пашыраны B. undatum.
Выш. авальнай ракавіны да 16 см. Маюць кароткі сіфанальны выраст, накрыўку. Драпежнікі. Раздзельнаполыя. Адкладваюць яйцы. Лічынкі з добра развітым парусам. Важны аб’ект промыслу ў Вялікабрытаніі; мяса спажываецца ў ежу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСУМЕ́НТЫ (ад лац. consumo спажываю),
арганізмы, якія кормяцца жывым арган. рэчывам (жывёлы, большасць мікраарганізмаў, часткова насякомаедныя расліны, драпежныя грыбы). Падтрымліваюць сваё існаванне з дапамогай пераўтварэння рэчываў, якія выраблены прадуцэнтамі. У трафічных (харчовых) ланцугах К. з’яўляюцца другім пасля прадуцэнтаў звяном. Паводле тыпу жыўлення ўваходзяць у групу гетэратрофаў. Адрозніваюць К. першасныя (расліннаедныя арганізмы), другасныя (драпежныя, якія кормяцца расліннаеднымі арганізмамі, заафагі), трацічныя (драпежнікі ў адносінах да арганізмаў з папярэдняй групы — заафагі другога парадку) і больш высокіх парадкаў.