НІТРЫ́ТЫ,

неарганічныя і арган. вытворныя азоцістай кіслаты.

Н. неарганічныя — солі агульнай ф-лы M(NO2)n, (n — ступень акіслення металу М). Крышт. рэчывы, тэрмічна малаўстойлівыя: раскладаюцца пры 25—300 °C; без раскладання плавяцца толькі Н. шчолачных металаў. Выкарыстоўваюць пераважна Н. шчолачных металаў і амонію для сінтэзу азафарбавальнікаў, як акісляльнікі і аднаўляльнікі ў гумава-тэхн., тэкст. і металаапрацоўчай прам-сці, кансерванты харч. прадуктаў. Водарастваральныя Н. (напр., Н. натрыю NaNO2, калію KNO2) таксічныя. Н. арганічныя — эфіры азоцістай к-ты; паўпрадукты ў арган. сінтэзе. Маюць адну ці некалькі груп -O-N=0, звязаных з атамам вугляроду арган. радыкала; ізамерныя нітразлучэнням. Ніжэйшыя алкілнітрыты — газы (напр., метылнітрыт CH3ONO, tпл -12 °C), астатнія — бясколерныя ці жаўтаватыя вадкасці. Не раствараюцца ў вадзе. Высокатаксічныя. Ізапентылнітрыт (ізаамілнітрыт) (CH3)2CHCH2CH2ONO — проціяддзе пры атручэнні сінільнай к-той і яе солямі.

т. 11, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАБІЛІЗА́ЦЫЯ ПАЛІМЕ́РАЎ,

сукупнасць метадаў, што выкарыстоўваюць для захавання комплексу ўласцівасцей палімераў і палімерных матэрыялаў пры іх перапрацоўцы, працяглым захоўванні і эксплуатацыі. Асн. спосаб С.п. — увядзенне стабілізатараў.

Паводле механізму дзеяння стабілізатараў адрозніваюць ланцуговую (гл. Ланцуговыя хімічныя рэакцыі) і неланцуговую стабілізацыю. Ланцуговая С.п. (ланцуговае інгібіраванне) звязана з дэзактывацыяй актыўных цэнтраў ланцуговага працэсу; назіраецца пры тэрмаакісляльнай дэструкцыі палімераў пры 250—300 °C, калі стабілізатары (напр., фенолы, аміны, нафтолы) абрываюць ланцугі акіслення. Неланцуговая С.п. скіравана на дэзактывацыю рэчываў, што прымаюць удзел у любых рэакцыях, якія прыводзяць да старэння палімераў. Часам С.п. дасягаецца змяненнем надмалекулярнай структуры палімера (т.зв. структурная стабілізацыя) з дапамогай спец. дабавак, тэрмічнай апрацоўкі матэрыялу і шляхам мех. ўздзеяння (арыентацыі).

Літ.:

Грасси Н., Скотт Дж. Деструкция и стабилизация полимеров: Пер. с англ. М., 1988.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 15, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́ЛІЙ (лац. Tulium),

Tm, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 69, ат. м. 1668, 934, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 1 стабільны нуклід ​169Tm. У зямной кары 2,710​−5% па масе. Адкрыты ў 1879 швед. хімікам П.​Клеве; назва ад лац. Thule — паўлегендарная краіна, якая ў старажытнасці лічылася паўн. канцом Зямлі.

Мяккі серабрыста-шэры метал. tпл 1545 °C, шчыльн. 9318 кг/м³. Кампактны Т. у паветры практычна не акісляецца. Узаемадзейнічае з мінер. к-тамі, з вадародам, азотам, галагенамі і халькагенамі пры награванні, характэрная ступень акіслення ў злучэннях +3. Атрымліваюць пры перапрацоўцы канцэнтратаў рэдказямельных элементаў. метал. — тэрмічным аднаўленнем трыфтарыду TmF3, кальцыем ці сэсквіаксіду Tm2O3, лантанам. Выкарыстоўваюць пераважна штучны радыенуклід ​170Tm (перыяд паўраспаду 128,6 сут) як крыніцу β-выпрамянення ў партатыўных рэнтгенаўскіх мед. устаноўках, дэфектаскопах.

т. 16, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІСЛЯ́ЛЬНАЕ ФАСФАРЫЛІ́РАВАННЕ,

біясінтэз малекул адэназінтрыфосфарнай к-ты (АТФ) з адэназіндыфосфарнай (АДФ) і фосфарнай к-т за кошт энергіі акіслення субстрату: АДФ + H3PO4 → АТФ + H2O (гл. Акісленне біялагічнае). Асн. субстратам для акісляльнага фасфарыліравання служаць малекулы арган. рэчываў, пераважна арган. к-т, якія ўтвараюцца ў трыкарбонавых кіслот цыкле. Акісляльнае фасфарыліраванне адкрыта сав. біяхімікам У.​А.​Энгельгартам (1930). Адбываецца ў жывых клетках (у мітахондрыях) пры пераносе электронаў і пратонаў па дыхальным ланцугу з удзелам значнай колькасці дыхальных ферментаў і каферментаў (ферментны комплекс АТФ-сінтэтаза). Паказчык эфектыўнасці акісляльнага фасфарыліравання — адносіны колькасці фасфату, звязанага АДФ пры акісляльным фасфарыліраванні, да паглынутага кіслароду (P/O). Малекула АТФ утвараецца пры пераносе 2 электронаў праз пункт энергет. злучэння, у якім адбываецца утылізацыя энергіі, што вызваляецца. У выніку акісляльнага фасфарыліравання ў клетках назапашваецца АТФ — важнейшае макраэргічнае злучэнне, якое забяспечвае розныя працэсы жыццядзейнасці.

М.​М.​Філімонаў.

Спрошчаная схема акісляльнага фасфарыліравання.

т. 1, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАВУАЗЬЕ́ (Lavoisier) Антуан Ларан (26.8.1743, Парыж — 8.5.1794),

французскі хімік, адзін з заснавальнікаў сучаснай хіміі і заснавальнік тэрмахіміі. Чл. Парыжскай АН (1772). Скончыў Парыжскі ун-т (1763). У 1775—91 — дырэктар Упраўлення порахаў і салетраў, з 1768 член «Кампаніі водкупаў»; у час Вял. франц. рэвалюцыі разам з інш. адкупшчыкамі пакараны смерцю паводле прыгавору рэв. трыбуналу. Навук. працы Л. садзейнічалі ператварэнню хіміі ў навуку, заснаваную на дакладных вымярэннях: у хім. даследаваннях выкарыстоўваў колькасныя метады, у прыватнасці ўзважванне. Даказаў складаны састаў атм. паветра (1774—77), растлумачыў ролю кіслароду ў працэсах гарэння і акіслення. Стварыў кіслародную тэорыю гарэння (1780). Распрацаваў разам з К.Л.Бертале і інш. хім. наменклатуру і класіфікацыю цел (1786—87), напісаў «Пачатковы падручнік хіміі» (1789).

Літ.:

Дорфман Я.Г. Лавуазье. 2 изд. М., 1962;

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 9, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́НІЕВЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні іоннага характару агульнай ф-лы [Rn+1Э]​+X​ −, дзе R — арган. радыкал ці (і) атам вадароду, Э — элемент гал. падгрупы V—VII груп перыяд. сістэмы элементаў, X — аніён (OH, NO3, Cl, Br і інш.), n — ніжэйшая ступень акіслення Э. Да О.з. адносяцца аксоніевыя (Э — кісларод), фасфоніевыя (Э — фосфар), сульфоніевыя (Э — сера), чацвярцічныя амонію злучэнні. Большасць О.з. — фізіялагічна актыўныя рэчывы, оніевыя структуры ўваходзяць у склад многіх прыродных і біялагічна актыўных рэчываў (напр., ацэтылхалін, бетаіны).

Стабільныя О.з. — цвёрдыя солепадобныя рэчывы, раствараюцца ў вадзе і палярных арган. растваральніках (растворы электраправодныя). Найб. стабільныя аксоніевыя злучэнні [R3O]​+X​− і чацвярцічныя амоніевыя солі. О.З., што маюць радыкалы з доўгім аліфатычным ланцугом, з’яўляюцца паверхнева-актыўнымі рэчывамі. Іх выкарыстоўваюць як нейтральныя мылы, антыбактэрыяльныя і дэзінфекцыйныя сродкі ў вытв-сці касметыкі. Да О.з. адносяцца многія арган. фарбавальнікі.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 11, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫ́НКУ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць цынк у ступені акіслення +2. Найб. шырока выкарыстоўваюць цынку аксід, а таксама сульфат ZnSO4, сульфід ZnS і хларыд ZnCl2.

Цынку сульфат — бясколерныя крышталі, раствараецца ў вадзе. З раствораў крышталізуецца гептагідрат ZnSO4∙7H2O — цынкавы купарвас (у прыродзе мінерал гасларыт). Атрымліваюць узаемадзеяннем цынку або яго аксіду з сернай к-той. Выкарыстоўваюць у вытв-сці віскозы, як мікраўгнаенне, кампанент электраліту пры атрыманні цынку электролізам і цынкаваннем, пратраву пры фарбаванні тканін, адбельвальнік паперы і інш. Цынку сульфід — бясколерныя крышталі; не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў мінер. к-тах. У прыродзе мінералы сфалерыт і вюрцыт. Выкарыстоўваюць сінт. ZnS як люмінафор для экранаў электронна-прамянёвых і рэнтгенаўскіх трубак, кампанент літапону, паўправадніковы матэрыял. Цынку хларыд — бясколерныя, вельмі гіграскапічныя крышталі, добра раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваюць як антысептык для драўніны, кампанент травільных раствораў і інш.

А.​П.​Чарнякова.

т. 17, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СТВАЛЬД (Ostwald) Вільгельм Фрыдрых (2.9.1853, Рыга —4.4.1932),

нямецкі фізікахімік і філосаф, адзін з заснавальнікаў фізічнай хіміі. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1896). Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1875), дзе і працаваў. З 1881 праф. Рыжскага політэхн. вучылішча, з 1887 Лейпцыгскага ун-та, адначасова ў 1898—1905 дырэктар заснаванага ім Фіз.-хім. ін-та. З 1906 праводзіў даследаванні ва ўласнай хім. лабараторыі. Навук. працы па хім. кінетыцы і каталізе, тэорыі электралітычнай дысацыяцыі, вучэнні аб колерах, гісторыі хіміі. Вывеў суадносіны паміж электраправоднасцю разбаўленых раствораў бінарных слабых электралітаў і іх канцэнтрацыяй (закон разбаўлення О.; 1888). Распрацаваў спосаб каталітычнага акіслення аміяку да азотнай к-ты (1902). У 1889 распачаў выданне серыі «Класікі дакладных навук». Стваральнік філас. тэорыі энергетызму, паводле якой адзінай субстанцыяй сусвету з’яўляецца энергія. Нобелеўская прэмія 1909.

Літ.:

Родный Н.И., Соловьев Ю.И. Вильгельм Оствальд, 1853—1932. М., 1969;

Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981.

В.Оствальд.

т. 11, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМІ́ЧНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ ТО́КУ,

разнавіднасць крыніц току, у якіх электрычная энергія атрымліваецца за кошт прамога пераўтварэння хім. энергіі ў рэакцыях акіслення-аднаўлення. Да Х.к.т. адносяць гальванічныя элементы (у т. л. нармальныя элементы), электрычныя акумулятары і паліўныя элементы.

Прынцып дзеяння Х.к.т. заснаваны на пераходзе электронаў пры пэўных хім. рэакцыях ад аднаго рэчыва да другога. Акісляльнік і аднаўляльнік у іх адасоблены, а электроны перамяшчаюцца з дапамогай электраправоднага матэрыялу, у якім узнікае эл. ток. Пры выкарыстанні Х.к.т. назапашаныя ў іх рэчывы расходуюцца, што і абмяжоўвае час іх работы. Х.к.т. створаны ў 19 ст. (Вольтаў слуп у 1800, элемент Даніела—Якобі ў 1836, Лекланшэ элемент у 1865 і інш.). Да 1860-х г. Х.к.т. былі адзінай крыніцай сілкавання эл. прылад.

Літ.:

Багоцкий В.С., Скундин А.М. Химические источники тока. М., 1981.

Схема хімічнай крыніцы току: 1 — электроды; 2 — электраліт; 3 — рэзервуар; RH — супраціўленне электрычнай нагрузкі; e​− — электроны.

т. 17, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯХІМІ́ЧНАЕ СПАЖЫВА́ННЕ КІСЛАРО́ДУ (БСК),

колькасць кіслароду, што ўжываецца арган. рэчывамі, якія ёсць у вадзе, пры біяхім. іх акісленні ў працэсе самаачышчэння вады; паказчык ступені забруджанасці вады і наяўнасці ў ёй лёгкаакісляльных арган. рэчываў. Вымяраецца ў міліграмах кіслароду, які траціцца на акісленне забруджвальнікаў у 1 л вады (мг/л) пры т-ры 20 °C. Значэнні БСК5 — расход кіслароду за 5 сут (60—80% поўнага спажывання кіслароду) і БСКпоўн. — спажыванне кіслароду, які спатрэбіўся для акіслення арган. рэчываў за адрэзак часу да пачатку працэсу нітрыфікацыі. БСКпоўн. лічыцца 15—20 сут, аднак мінералізацыя нястойкіх арган. рэчываў заканчваецца прыблізна за 10 сут (расход кіслароду складае каля 90%), на 20-я сут працэс стабілізуецца (дасягае 99%), але не спыняецца. БСК5 прыродных водаў звычайна 0,5—2 мг/л, у залежнасці ад ступені забруджанасці вадаёмаў 0,5—7 мг/л. Нізкі паказчык БСК можа сведчыць таксама пра наяўнасць у вадзе рэчываў, якія запавольваюць або спыняюць біяхім. працэсы ў ёй.

А.​П.​Астапеня.

т. 3, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)