КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНАГА МУЗЕ́Я ФІЛІЯ́Л «ЯХІМО́ЎШЧЫНА» Засн. 24.10.1996 у в. Яхімоўшчына Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., дзе з восені 1906 да вясны 1907 працаваў памочнікам вінакура на бровары ў маёнтку пана Любанскага Я.Купала. Тут паэт напісаў вершы «Ворагам Беларушчыны», «А хто там ідзе?», «Што ты спіш?», «Гэта крык, што жыве Беларусь» і шэраг твораў, якія ўвайшлі ў першы яго зб. «Жалейка» (1908). Пл. 410,8 м². Захаваліся хата, у якой жыў Я.Купала, сядзіба канца 19 ст. У 1998 праведзена рэстаўрацыя хаты, у ёй ствараецца экспазіцыя (мастак Г.Чысты). У Яхімоўшчыне ўстаноўлены мемар. дошкі: на будынку б. канторы бровара (цяпер цэнтр. сядзіба калгаса «Яхімоўшчына»; 1959) і на хаце (1982), у якой жыў Я.Купала. Работу паэта на бровары адлюстравалі мастакі Э.Агуновіч, М.Гусеў, Я.Раманоўскі, К.Харашэвіч, В.Ціхановіч.
Ж.К.Дапкюнас.
Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Яхімоўшчына». Хата, у якой жыў паэт у 1906—07.Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Яхімоўшчына».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РЭССААРЭ (Kuressaare),
горад у Эстоніі, на Пд в-ва Саарэмаа. Каля 16 тыс.ж. (1995). Знаходзіцца на беразе Рыжскага зал., за 5 км ад порта Роамассаарэ. Прам-сць: мясная, малочная, лясная, дрэваапрацоўчая. Краязнаўчы музей. Замак (14—15 ст.), ратуша (17 ст.), царква св. Мікалая (18 ст.). Гразевы і кліматычны курорт.
Вядомы з 12 ст. пад назвай Арэнсбург (да 1917). Насялялі эсты-мараплаўцы. Пасля захопу датчанамі кароль Вальдэмар II у 1205 пабудаваў тут драўляны горад, які хутка згарэў У 1221 адбудаваны, засн. епіскапства. У 1334 рыжскі епіскап пабудаваў у К. каменную крэпасць, рэзідэнцыю лівонскіх епіскапаў. З 1561 уладанне Даніі, з 1645 — Швецыі. У 1563 атрымаў гар. правы. У Паўн. вайну 1700—21 заняты (1710) войскам Пятра I, у 1721 далучаны да Расіі, пав. горад Ліфляндскай губ. Да 1836 важная крэпасць Расіі на Балтыйскім м Вядомы курорт (у 1840 адкрыта гразелячэбніца). З 1919 у складзе Эстоніі. У 1941—44 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. У 1952—88 наз. Кінгісеп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́СКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. у мяст. Лоск (цяпер вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Меў драўляныя ўмацаванні ў выглядзе зрубных сцен-гародняў і баявых вежаў, якія стаялі на кальцавым земляным вале. Паводле інвентара за 1621, тут было 10 трох’ярусных вежаў і двух’ярусная вежа-брама, што зачынялася варотамі і кратай-герсай. Сцены гародні ў верхняй частцы завяршаліся баявой галерэяй з байніцамі і абламамі, накрытай двухсхільнай гонтавай страхой. У цэнтры дзядзінца стаялі два 2-павярховыя палацы. Адзін з іх пабудаваны ў стылі рэнесансу, завяршаўся вежай з гадзіннікам. На 1-м паверсе вакол прыхожай было 9 жылых пакояў з узорыстымі кафлянымі грубкамі і 2 каморы, на 2-м, абкружаным адкрытай галерэяй, вакол гасцінай — 2 святліцы, жылы пакой, 3 каморы. Другі палац меў 42 розныя памяшканні. Недалёка ад вежы-брамы стаяла кухня. За сценамі замка знаходзіліся лазня і бровар. Замак не захаваўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЯ́НСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (шталаг № 337). Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў вер. 1941 каля чыг. ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. для масавай загубы сав. ваеннапалонных, з канца жн. 1943 — насельніцтва прыфрантавой паласы ў Вял.Айч. вайну. Лагер быў абгароджаны калючым дротам. Тут пастаянна трымалі каля 5,5 тыс.чал., баракі былі перапоўнены, таму большасць вязняў і зімой заставалася пад адкрытым небам. Пры непасільнай фізічнай працы выдавалі на 1 чал. на дзень 125 г хлеба з апілкамі і 1,5 л баланды. Рэгулярна праводзіліся масавыя расстрэлы; у жн. 1942 з-за адмовы вязняў ісці ў фаш. фарміраванні за суткі знішчана 720 чал. У 1942 лагер меў філіял (баранавіцкая турма) і 6 аддзяленняў (у Івацэвічах, Стоўбцах, г.п. Гарадзея і вёсках Пагарэльцы Нясвіжскага, Даманава і г. Косава Івацэвіцкага р-наў). За час існавання (да лета 1944) у лагеры, філіяле і аддзяленнях загублена 88 407 чал. Ахвярам фаш. генацыду на чыг. ст. Лясная пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛДО́ВА (Moldova),
гістарычная вобласць на У Румыніі паміж Усх. Карпатамі на З і р. Прут на Усх. Назва, верагодна, ад р. Малдова, названай так, паводле падання, легендарным заснавальнікам Малдаўскага княства В.Драгашам у гонар свайго сабакі Молды, які патануў у час палявання на дзікага быка (выява галавы гэтага быка — асн. элемент гіст. герба малд. дзяржавы). Сляды чалавека ў М. прасочваюцца з часоў палеаліту. З 6 ст. да н.э. населена фракійскімі плямёнамі гета-дакійцаў, скіфамі і інш. У 1 ст. да н.э. ў складзе царства (плем. саюза) Берэбісты. У 6—7 ст.н.э. адбывалася засяленне М. славянамі. З 10 ст. яна ў складзе Кіеўскай Русі, з 11 ст. — Галіцкага княства. У 10—12 ст. печанегі і полаўцы знішчылі тут або выцеснілі на Пнслав. насельніцтва. У 13 — пач. 14 ст. М. падначалена Залатой ардзе, потым — Венгрыі. З 1359 яна з’яўлялася тэр. ядром Малдаўскага княства. З 1862 у складзе Румыніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЮ́ШЫЧЫ,
вёска ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пд ад Карэліч, 209 км ад Гродна, 48 км ад чыг. станцыі Наваельня. 471 ж., 194 двары (1999).
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як сяло ў Навагрудскім пав., належала Свірылю. З 1530 уласнасць кн. Ф.Чартарыйскага, з 1532 — татарскага кн. Ахмета Улана, які заснаваў тут мястэчка. У 18 ст. ўладальнікамі М. былі Есьманты і Багдановічы. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. М. — сяло і 3 фальваркі ў Навагрудскім пав. Мінскай губ. З 1921 у складзе Польшчы у Навагрудскім пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Валеўскага, з 25.11.1940 — Карэліцкага р-наў. У 1961—79 у Райцаўскім с/с. У 1972—415 ж., 112 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НЕСК,
у старажытнабеларускай міфалогіі злы волат-чараўнік. Паводле падання, ён выйшаў з лесу да безыменнай ракі і застаўся тут жыць. М. запрудзіў раку вялізнымі валунамі, пабудаваў з іх вадзяны млын і прымусіў навакольных жыхароў малоць збожжа толькі на гэтым млыне. Тых, хто адмовіўся, М. забіў, а ўсім астатнім пачаў малоць збожжа разам з камянямі і людскімі душамі. Тых, хто не мог заплаціць грошы за памол, ён пакідаў у сябе работнікамі. Калі работнікі гублялі сілы ад цяжкай працы, М. позіркам ператвараў іх у камяні. Разам з сябрамі і дружынай М. бязлітасна рабаваў наваколле. Людзі паклікалі на дапамогу добрага чараўніка. Той позіркам ператварыў М. ў малога хлопчыка, які знік назаўсёды, разбурыў млын і запруду. На месцы, дзе жыў М., узнікла паселішча (пазней горад) і ад імя гэтага волата атрымала назву Менеск, якая ў далейшым трансфармавалася ў Менск (сучасны Мінск).
Літ.:
Міншчына: Назвы насел. пунктаў паводле легендаў і паданняў. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСАПАТА́МІЯ (грэч. Mesopotamia ад mesos сярэдні, які знаходзіцца пасярэдзіне + potamos рака),
Двухрэчча, прыродная вобласць у Зах. Азіі, у бас. рэк Тыгр і Еўфрат, адзін з цэнтраў стараж. цывілізацыі. У канцы 3-га тыс. да н.э.тут існавалі стараж. дзяржавы Акад, Ур, Урук, Лагаш і інш., у пач. 2-га тыс. да н.э. ў паўд. частцы М. — Вавілонія. Пазней М. ўваходзіла ў склад Асірыі (9—7 ст. да н.э.), Новававілонскага царства (7—6 ст. да н.э.), дзяржавы Ахеменідаў (6—4 ст. да н.э.), імперыі Аляксандра Македонскага (4 ст. да н.э.), дзяржаў Селеўкідаў (4—2 ст. да н.э.), Парфіі (3 ст. да н.э. — 3 ст.н.э.), Сасанідаў (3—7 ст.), з 7 ст. — Арабскага халіфата. У 1055 заваявана сельджукамі, у 13 ст. — манголамі, у пач. 16 ст. пад уладай Сефевідаў, у 17 ст. — 1918 у складзе Асманскай імперыі. Пасля 1-й сусв. вайны б.ч. М. ў складзе Ірака, астатнія — Сірыі і Турцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКУ́ЦКІ (Станіслаў Паўлавіч) (7.11.1814, в. Ленкія, Беластоцкая вобл. — 6.9.1890),
бел. мовазнавец і фалькларыст. Д-рфілал.н. (1878). Скончыў Маскоўскі ун-т (1851). Працаваў на кафедры параўнальнага мовазнаўства Варшаўскага ун-та (1873—88). З 1853 па даручэнні Пецярбургскай АН збіраў на Беларусі і ў Літве бел. гаворкі. З сабраных матэрыялаў у 1855 склаў слоўнік на 2010 слоў, якія растлумачыў і праілюстраваў прыкладамі з бел.нар. песень, прыказкамі і прымаўкамі. Частка зборніка (310 слоў) надрукавана ў «Известиях имп. Академии наук по Отделению русского языка и словесности» (т. 3, 1854), тут жа былі змешчаны яго філал. назіранні — параўнанне каранёў і слоў санскрыту і слав. моў. Збіраў таксама бел. фальклор, апублікаваў «Беларускія песні і загадкі, запісаныя ў Віцебскай губерні, у маёнтку Зябкі Дрысенскага павета» (1853), у які ўвайшлі жніўныя, хрэсьбінныя, вясельныя і салдацкія песні, прыпеўкі. Аўтар прац «Абласныя словы беларускіх старцаў» (1853), «Беларускія словы» (1854).
Літ.:
Гуліцкі М. Беларускі слоўнік Станіслава Мікуцкага // Полымя. 1971. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРА́ЛЬНАЯ ЛЕ́КСІКА,
лексіка, якая абслугоўвае ўсе стылі мовы. Складае аснову слоўнікавага складу вуснай і пісьмовай мовы. Да Н.л. адносяцца словы розных часцін мовы: назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, прыслоўі, займеннікі, лічэбнікі (усе), злучнікі і інш., акрамя выклічнікаў. Н.л. не мае стылістычнай і экспрэсіўнай афарбоўкі і служыць фонам стылістычнай кваліфікацыі лексікі, што ў лексікаграфіі абазначаецца спец. паметамі (разм., кніжн., навук. і інш.). Нейтральныя словы суадносяцца са словамі інш. стыляў мовы: «біць» і размоўнае «таўчы», «лупіць»; «ваенны» і ўстарэлае, высокае «ратны». Паміж Н.л. і лексікай, замацаванай за пэўнымі стылямі мовы, не існуе рэзкай мяжы. Мнагазначныя словы ў адным значэнні могуць выступаць як нейтральныя, у другім — як замацаваныя за пэўным стылем мовы; у кантэксце нейтральныя словы набываюць пэўную стылістычную ці экспрэсіўную афарбоўку: «Дарога па лесе была разбітая і гразкая. Шафёр баяўся сесці і тры доўгія кіламетры стагнаў: — Тут сярод ночы сядзеш-пакукуеш» (І.Шамякін).
Літ.:
Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994;
Беларускае слова ў тэксце і ў сістэме мовы. Мн., 1994.