Ка́ктус ’расліна сям. Cactaceace’ (БРС, ТСБМ). У ТСБМ недакладная дэфініцыя: ’паўднёвая расліна з бязлістым мясіста-сакавітым сцяблом, укрытым калючкамі’. Па-першае, кактусы сустракаюцца ад Канады да Патагоніі, а па-другое, ёсць расліны з нармальна развітым лісцем (род Peireskia). Запазычанне кніжнага характару з ням. Kaktus або англ. cactus, якія ўзыходзяць да грэч. κακτός.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рабі́нка 1 ’расліна сінюха блакітная, Polemonium coeruleum’ (смал., Кіс.), ’расліна спірэя, дуброўка, Spiraea’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Ад рабі́на (гл.). Метафарычны перанос па знешнім падабенстве лістоў і суквеццяў раслін.

Рабі́нка 2 ’гатунак бульбы’ (Мат. Гом.). Вытворнае ад рабіна (гл.) з-за падабенства лістоў або ад рабы (гл.) з-за пярэстасці ці васпаватасці клубняў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кліку́нчык ’жывакосце палявая, Consolida regalis’ (Бейл.). Лекавая расліна, назва якой звязана з сакральным значэннем дзеяслова клікаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пражалот ’дзяцеліна горная, Trifolium montanum L.’ (гродз., Кіс.). З польск. przelot ’расліна пералёт, Anthyllis L.?. Гл. пералёт.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́чнік ’рэпік канапляны, Eupatorium L.’ (Кіс. 51). Ад рака (гл.), паколькі гэтая расліна расце па берагах рэк.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сон-трава́ ‘расліна сон, Pulsatilla patens L.’ (гродз., Аненкаў, Кіс.), сні‑трава́ ‘тс’ (Бяльк.). Гл. сон 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АПЕЛЬСІ́Н (Citrus sinensis),

вечназялёнае дрэва сям. рутавых. Здаўна культывуецца ў трапічных і субтрапічных краінах (у Кітаі больш за 2 тыс. гадоў, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа з 11 ст., на Пд Еўропы з 15 ст.). На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і як пакаёвую расліну.

Выш. 7—12 м. Лісце авальнае, кветкі адзіночныя або сабраныя ў суквецці, белыя, пахучыя. Плод — шматгняздовая ягада розных памераў, формы і афарбоўкі скуркі (ад светла-жоўтай да чырвона-аранжавай), сакаўны, салодкі ці кісла-салодкі, масай 100—500 г. Багаты цукрамі, лімоннай к-той, вітамінамі C, групы B, P. У скурцы да 2% эфірнага алею, які выкарыстоўваецца ў парфумернай і кандытарскай прам-сці. Меданос. Размнажаецца прышчэпкай на трыфаліяце, памяранцы, сеянцах мясц. сартоў. Цепла- і вільгацелюбівая расліна.

Апельсін.

т. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІ́НА, таполя дрыжачая (Populus tremula),

лістападнае дрэва з роду таполя сям. вярбовых. Пашырана ў Еўропе і Азіі, трапляецца ў Паўн. Афрыцы. Утварае асінавыя лясы. На Беларусі расце па ўсёй тэрыторыі.

Двухдомнае ветраапыляльнае дрэва выш. да 35 м. Ствол дыяметрам да 60—100 см. Крона невялікая, рыхлая. Лісце чаргаванае, простае, круглаватае або круглавата-рамбічнае. Кветкі дробныя, сабраны ў адвіслыя цыліндрычныя каташкі. Плод — зеленавата-бурая каробачка. Насенне з пушыстым чубком, прыстасаванае, каб разносіцца ветрам. Хуткарослая і вельмі прадукцыйная на драўніну піянерная расліна. Жыве да 100 і больш гадоў. Драўніна лёгкая, мяккая. Выкарыстоўваюць у запалкавай і цэлюлозна-папяровай прам-сці, буд-ве і тарнай вытв-сці, кару, лісце і пупышкі — у медыцыне. Асн. корм для ласёў, зуброў і аленяў. Утварае мікарызу з падасінавікамі.

Асіна.

т. 2, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУ́Н (Ledum),

род кветкавых раслін сям. верасовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў халодных і ўмераных паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі ўсюды трапляецца багун балотны (Ledum palustre). Расце на сфагнавых балотах і ў забалочаных хваёвых лясах, утварае зараснікі.

Шматгадовазялёны куст выш. 30—120 см з прамастойным галінастым сцяблом. Верхавінкі маладых галінак, кветаножкі і лісце знізу ўкрытыя ржава-бурым лямцам. Лісце чаргаванае, лінейна-падоўжанае, на кароткіх чаранках, шчыльнае, скурыстае. Кветкі дробныя, белыя, адурманьвальна-духмяныя, у верхавінкавых парасонападобных шчытках. Плод — сухая шматнасенная каробачка. Лек. (адхарквальны сродак), інсектыцыдная і меданосная расліна. Мае ў сабе дубільныя і фарбавальныя рэчывы, ядавіты — гліказіды арбуцін і андрамедатаксін, да 7,5% эфірнага алею з рэзкім пахам і горкім смакам, які валодае раздражняльным і наркатычным дзеяннем, у значных дозах паралізуе нерв. сістэму.

Багун балотны.

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРКУ́Н, буркун (Melilotus),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы; інтрадукаваны ў Паўн. Амерыку, Аўстралію. На Беларусі 3 дзікарослыя віды — баркун белы (Melilotus albus), жоўты, або лекавы (Melilotus officinalis), і волжскі (Melilotus wolgicus) — рэдкая занесеная расліна. Растуць на парушаных месцах уздоўж дарог, каля жылля, на сметніках, па далінах рэк.

Двух-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1,5—2 м. Лісце трайчастае, з дробных пілаватазубчастых лісточкаў. Кветкі дробныя, паніклыя, розных колераў (часцей белыя, бэзавыя, жоўтыя), у пазушных гронках. Плод — невялікі яйцападобны сціснуты струк. Кармавыя, лек., меданосныя, сідэратныя і араматычныя (маюць духмянае рэчыва кумарын) расліны. Выкарыстоўваюцца ў лікёра-гарэлачнай і харч. прам-сці, у медыцыне і сельскай гаспадарцы.

Баркун лекавы.

т. 2, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)