султа́н 1, ‑а, м.

У некаторых мусульманскіх краінах Усходу — спадчынны тытул манархаў. // Асоба, якая носіць гэты тытул. Потым, у дванаццатым стагоддзі, султан Абд-эль Мумін, першы султан з дынастыі Альмахадаў, заснаваў у гэтай мясцовасці ўмацаваны вайсковы лагер. В. Вольскі.

[Тур. sultan ад араб.]

султа́н 2, ‑а, м.

1. Упрыгожанне з пёраў ці конскіх валасоў на галаўных уборах, пераважна ў ваенных, а таксама на галовах коней пры ўрачыстых цырымоніях. [Станіслаў Юрага] быў апрануты ў сіні шынель з бліскучымі эпалетамі, на галаве ківер з султанам. С. Александровіч. // перан. Слуп, струмень пары, дыму і пад., які ўзнімаецца ўгору. Пералятаючы лінію фронту, [Сцяпанаў] зірнуў налева. Прыкмеціў над нямецкімі акопамі бурыя султаны разрываў снарадаў. Алешка. Полымя набрала сілу зноў, і дым чорнымі грывастымі султанамі ўзнімаўся высока ўгору і толькі там расплываўся. Савіцкі.

2. Суквецце многіх злакаў у выглядзе мяцёлкі. Султаны кукурузы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схамяну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑меняцеся; зак.

1. Раптам успомніць пра што‑н.; раптоўна заўважыць памылку, недагляд і пад. Было ўжо далёка за поўнач, калі першай схамянулася Наташа: «Гулянне гуляннем, а мне пара і дадому». Хадкевіч. — Не, стой! — раптам схамянулася .. [Наталька], — можа тваёй маці нічога не трэба гаварыць. Чорны. — А венікаў зноў не нарэзаў, — схамянуўся Антось. Аношкін.

2. Выйсці са стану нерухомасці, задуменнасці, падхапіцца, здрыгануцца. І тут Іван трывожна схамянуўся — толькі цяпер да ягонай свядомасці дайшоў трывожны сэнс цішыні. Быкаў. Нечакана зазвінеў званок — Юновіч схамянуўся, убачыў, што ідзе да школы: адтуль ужо гурмою высыпалі на вуліцу дзеці. М. Стральцоў. // Набыць здольнасць разважаць; прыйсці ў сябе; ачомацца. [Карніцкі:] — Вы, таварышы, ведаеце, каго можаце прапусціць у самы лагер? Схаменяцеся, ды позна будзе! Паслядовіч. І схамянуцца не ўправіліся, як полымя ўхапілася ўжо за суседняе гумно. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хмель, хмелю, м.

1. Павойная расліна сямейства тутавых, некаторыя віды якой выкарыстоўваюцца ў піваварэнні. Дзве альтанкі хаваліся ў зеляніне дзікага вінаграду і хмелю. Васілевіч.

2. зб. Суквецце гэтай расліны ў выглядзе шышак, насенне яе. [Дзядзька:] — Ён [дзед Хвядос] ужо за Нёманам хмель збірае... Бажко.

3. Хмельны напітак. [Андрэй:] З дзён маладых я хмелю не ўжываю. Клімковіч.

4. Стан ап’янення, выкліканы алкагольнымі напіткамі. Міхась быў чалавек вясёлы. А яшчэ быў весялейшы, як хмель пачынаў туманіць яго лахматую галаву. Колас. Бяседа ўжо ўвайшла ў тую каляіну, калі хмель развязвае языкі нават маўклівым людзям. Сабаленка. // перан. Стан пад’ёму, узбуджанасці, выкліканы чым‑н. Калі ж іх [грошай] не стала, Пад хмелем азарту Паклаў Фенька Рваны гадзіннік на карту. Арочка.

•••

Пад хмелем (пад хмяльком) — у стане лёгкага ап’янення. — А гэта?.. — зноў выкрыквае Клаўдзя пад хмелем. — Помніш, як спектакль у Рудні ставілі? Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шапта́ць, шапчу, шэпчаш, шэпча; незак., што і без дап.

1. Гаварыць, вымаўляць вельмі ціха, шэптам. Шаптаць на вуха. Шаптаць малітвы. □ Губы .. [Людмілы] шапталі гнеўныя пракляцці тым, хто ўчыніў такую лютую бойню. Якімовіч. — Саша... Саша... Ты ж сама прыгажосць... — шаптаў Малашкін, гладзячы руц Сашы, — з табою жыць і паміраць. Пестрак. // перан. Утвараць якія‑н. ціхія гукі (слабы шум, шолах і пад.). Шэпча жыта, нібы стогне Здушанай тугою. Колас. Зноў так радасна шэпчуць дубровы. Кляшторны.

2. Перадаваць якія‑н. чуткі па сакрэту, тайна. І не толькі яны [Сцёпка з Борам] — уся вуліца шаптала пра Міхалку. Баранавых. — Каму ж, хлопцы, пачаць, як не нам? Можа, напалохаюць тыя, што будуць шаптаць з-за вугла ды чакаць паратунку з-за мора. Брыль.

3. Шэптам замаўляць, чараваць. Матруна ёй [шаптусе] цягала Адзенне, грошы, сала, — Амаль усё занесла, што было, А тая ўсё шаптала, чаравала. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкра́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. што, чым і без дап. Пакідаючы драпіны ці зачэпліваючы, вадзіць чым‑н. вострым ці цвёрдым па якой‑н. паверхні. Як толькі ён [Рэкс] заўважыў, што мяне няма ў бліндажы, падышоў да дзвярэй і давай шкрабаць кіпцюрамі, прасіцца, каб яго выпусцілі на двор. Пальчэўскі. Нават вярбы не было відаць, хоць галіна шкрабала шыбу зусім блізка. Шамякін. А потым зноў елі моўчкі, толькі чулася, як шкрабалі лыжкі ў талерках. Гаўрылкін. // Разм. Чухаць, скрэбці асобныя часткі цела. Грэчка шкрабае за вухам, хоча нешта сказаць, але тут умешваюцца другія кабеты, і ён маўчыць. Няхай.

2. Зачэпліваючы за што‑н., скрабучы па чым‑н., утвараць шум, шапаценне, шоргат. Па тратуары шкрабалі чыесьці падэшвы... «Работніца і сялянка». Маці ўжо шкрабае доўгім ключом-адмычкай, прасунутай праз дзірку ў вушаку. Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпале́ра, ‑ы, ж.

1. Уст. Насценны бязворсавы дыван ці абівачная тканіна, якія маюць сюжэтны ці пейзажны малюнак, выкананы ўручную.

2. толькі мн. (шпале́ры, ‑аў). Рулонная, звычайна ўзорыстая, папера для абклейкі сцен, столі. Сцены былі, відаць, абтынкаваны, гладкія і абклеены шпалерамі блакітнага колеру. Ермаловіч.

3. звычайна мн. (шпале́ры, ‑аў). Спецыяльная рашотка або нацягнуты на жэрдкі дрот, па якіх падымаецца ўверх расліна ці да якіх падвязваюцца галіны дрэў, каб надаць ім пэўную форму. Ставіць вінаграднікі па шпалеры.

4. толькі мн. (шпале́ры, ‑аў). Рады, шарэнгі салдат, якія стаяць па абодва бакі руху каго‑, чаго‑н. Кола паліцэйскіх і шпалеры жандараў расступіліся і, прапусціўшы да шыбеніцы машыны, зноў самкнуліся. Машара. // Роўныя рады дрэў ці хмызняку, пасаджаныя па абодва бакі дарогі, сцежкі. Тут [у парку] былі пракладзены геаметрычна правільныя, радыусамі да цэнтральнай круглай пляцоўкі прамыя алеі, акружаныя стрыжанымі шпалерамі. Гавеман.

[Ад ням. Spalier, з іт. spalliera.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёс I (род. лёсу) м.

1. (стечение обстоятельств) судьба́ ж.; рок;

л. звёў іх зноў — судьба́ свела́ их сно́ва;

2. (условия дальнейшего существования) судьба́ ж.;

ду́маць аб лёсе дзяржа́вы — ду́мать о судьбе́ госуда́рства;

лёсы наро́даў — су́дьбы наро́дов;

3. (положение в жизни) до́ля ж.; судьба́ ж., судьби́на ж., у́часть ж., уде́л; жре́бий; предназначе́ние ср., предопределе́ние ср.;

на во́лю лёсу — на во́лю ро́ка; на произво́л судьбы́;

па во́лі лёсу — во́лею су́деб;

іро́нія лёсу — иро́ния судьбы́;

выпрабо́ўваць л. — искуша́ть судьбу́;

гаспада́р свайго́ лёсу — хозя́ин сво́ей судьбы́;

вы́рашыць л. — (чый) реши́ть судьбу́ (чью);

выбра́ннік лёсу — избра́нник судьбы́

лёс II (род. лёсу) м., геол. лёсс

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Па1 — прыіменная прыстаўка. Вытворныя з гэтай прыстаўкай маюць значэнне ’прадмет, падобны да таго, што названа ўтваральным словам, але які не з’яўляецца ім у поўнай меры’ (Сцяцко, Белар. словаўтв., 227), параўн. пазара́нак, паве́ка, па́сын і г. д. У канфіксальных утварэннях магчымы і іншыя значэнні: ’месца, прастора, дзе было тое, што названа ўтваральным словам’, ’меншая мера праяўлення з’яў, якія названы ва ўтваральным слове’ і г. д. (гл. Сцяцко, там жа, 241 і наст.). Агульнаслав., параўн. рус., укр. па‑, ст.-слав. па‑, польск., чэш., славац. pa‑, серб.-харв. па̏‑ і г. д. (гл. Мейе, Études, 161). Прасл. pa‑; у дзеясловах ёй адпаведнае po‑, суадносна як і pra‑ : pro‑, par‑ : por‑. Аналагічная дваістасць у балт. мовах: літ. po‑ (у імёнах), pa‑ (у дзеясловах), ст.-прус. pa : pa; у авесц. pa : pa (гл. Траўтман, 203; Фасмер, 3, 181; ESSJ, 1, 160 і наст.). Параўноўваецца са ст.-прус. pa : pa ’под, пасля, суадносна’, літ. po ’пасля, под’, авесц. pa‑, pa‑ і г. д., (Траўтман, BSW, 203; Фасмер, 3, 181; у Фасмера гл. і інш. літ-ру).

Па2 (прасл. po, pa‑). Прыназоўнік і прыстаўка. Агульнаславянскае, параўн. рус. по, польск. po, балг. по і г. д. Іншая ступень вакалізму прыстаўкі: pa‑ — у імёнах. Адпаведнікі ў іншых і.-е. мовах: літ. pa‑, іменны прэфікс pó‑, лат. pa, ст.-прус. pa‑, po‑, лац. po‑ ў positus ’які пастаўлены’, pōnō ’стаўлю, кладу’, алб. pa ’без, зноў’, хец. ’туды’ (Траўтман, 203; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1), грэч. έπᾱ ’ад’, ст.-інд. ā́pa ’прэч’. З прычыны поліфункцыянальнасці і вялікага семантычнага аб’ёму слав. po ўзводзіцца часткова і да і.-е. *pos, якое прадстаўлена ў літ. pas ’пры, у’, pãstaras ’апошні’, ст.-інд. pacca ’ззаду, следам, пазней’, лац. post ’потым’ (Мейе, Études, 155; Уленбек, 167). Гл. таксама Фасмер, 3, 292 і наст.; ESSJ, 1, 178 і наст.

Па3 ’асобная фігура ў танцы’ (ТСБМ). З франц. pas ’крок’, відавочна, праз рус. па ’тс’ (Параўн. Крукоўскі, Уплыў, 84).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГУ́РКІ, Рамейкі-Гуркі,

ваенныя і дзярж. дзеячы ВКЛ і Расіі герба «Гурка». Родапачынальнікам лічыцца Гурка (Гурый) Аляксандравіч Рамейка, які ў 1539 быў намеснікам смаленскім. Яго нашчадкі жылі ў Віцебскім ваяв. Праўнук Гурыя Андрэй (н. каля 1600) у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 трапіў у палон і памёр у Маскве, яго лінія згасла ў 19 ст. Нашчадкі Іосіфа Гуркі (брата Андрэя) пасля падзелаў Рэчы Паспалітай перайшлі ў рас. падданства. З іх найб. вядомыя:

Іосіф Аляксандравіч (1782—21.12.1857), ген.-лейтэнант, сенатар (1845).

Уладзімір Іосіфавіч (1795 — 24.1.1852), ген. ад інфантэрыі (1851). Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў рус. арміі 1813. У 1820-я г. на штабных пасадах. Планаваўся яго ўдзел у выступленні дзекабрыстаў у Маскве ў снеж. 1825 (быў пад следствам) У 1830-я г. на камандных і штабных пасадах. З 1845 нач. штаба Асобнага Каўказскага корпуса, з 1851 нач. усіх рэзервовых і запасных войск.

Іосіф Уладзіміравіч (28.7.1828, в. Бурнеўка Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. — 28.1.1901), сын Уладзіміра Іосіфавіча. Ваен. і дзярж. дзеяч, ген.-фельдмаршал (1894). Скончыў Пажаскі корпус (1846). Удзельнік Крымскай вайны 1853—56. У рус.-турэцкую вайну 1877—78 на чале Перадавога атрада перайшоў Балканы і вызваліў частку паўд. Балгарыі, аднак быў вымушаны адысці, утрымліваў Шыпкінскі перавал. У вер.кастр. 1877 нач. кавалерыі Зах. атрада, завяршыў акружэнне Плеўны. У снеж. 1877 на чале 70-тыс. арміі зноў перайшоў Балканы, якія лічыліся недаступнымі зімой, уступіў у Сафію, разбіў турак пад Тышкісенам і Філіпопалем, заняў Адрыянопаль. Часовы ген.-губернатар Пецярбурга (1879—80) і Адэсы (1882—83). У 1883—94 ген.-губернатар Прывіслінскага краю і Варшавы і камандуючы Варшаўскай ваен. акругай. З 1886 чл. Дзярж. савета. З 1894 у адстаўцы.

Уладзімір Іосіфавіч (1863—1931), сын Іосіфа Уладзіміравіча. З 1902 у МУС, таварыш (намеснік) міністра. Пасля 1917 удзельнік белага руху на Пд Расіі, потым у эміграцыі.

Васіль Іосіфавіч (19.5.1864 — 11.11.1937), сын Іосіфа Уладзіміравіча. Ген. ад кавалерыі (1916). Скончыў Акадэмію Генштаба (1892). У час англа-бурскай вайны 1899—1902 ваен. агент пры арміі бураў. Удзельнік рус.-японскай вайны 1904—05. У 1-ю сусв. вайну камандаваў 5-й арміяй Паўн. фронту, Асобай арміяй Паўд.-зах. фронту (з 1916). З ліст. 1916 да лют. 1917 в.а. нач. штаба Вярх. галоўнакамандуючага, у сак.—маі 1917 камандуючы Зах. фронтам. Зняты з пасады Часовым урадам за манархічныя погляды, высланы за мяжу. Аўтар успамінаў.

Дзмітрый Іосіфавіч (5.10.1872 — ?), сын Іосіфа Уладзіміравіча. Ген.-маёр (1915). Скончыў Акадэмію Генштаба (1900). У 1-ю сусв. вайну камандзір гусарскага палка, нач. штаба корпуса, нач. дывізіі. Удзельнік белага руху на ПнЗ, потым у эміграцыі.

А.​М.​Нарбут.

Да арт. Гуркі. І.​У.​Гурка.

т. 5, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІЯ ЗА́МКІ,

сістэма абарончых збудаванняў сярэдневяковага Віцебска. Складаліся з Верхняга, Ніжняга і Узгорскага замкаў. Першыя 2 пабудаваны кн. Альгердам на месцы былога дзядзінца і вакольнага горада.

Верхні замак (14—18 ст., пл. каля 4 га) размяшчаўся на левым беразе р. Віцьба пры ўпадзенні яе ў Зах. Дзвіну. У плане нагадваў трапецыю, меў 8 вежаў. Уключаў гарадзішча ранняга жал. веку (у пісьмовых крыніцах наз. гара Ламіха, дзядзінец Віцебска) і мыс Заходнядзвінскага ўзвышша, умацаваныя валам у 1130-я г. У сярэдзіне 14 ст. на грэбені вала стаялі мураваныя абарончыя сцены і вежы. З моманту пабудовы мураваны замак перажыў каля 15 аблог з выкарыстаннем артылерыі. Моцна ён пацярпеў пасля 3 асад войскамі Івана IV Грознага ў час Лівонскай вайны 1558—83, аднак паступова адноўлены. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у ходзе ген. штурму 28.11.1654 узяты рус. войскам і толькі ў 1667 зноў здадзены Рэчы Паспалітай. Паводле звестак за 1655, агульная даўжыня мураваных умацаванняў замка дасягала 623 м. У 1708 замак спалены па загадзе Пятра I. Адноўлены да сярэдзіны 18 ст., пасля двух пажараў 1757 разабраны.

З Пд да Верхняга замка прымыкаў Ніжні замак (14—18 ст., пл. 7—7,5 га) з 7 мураванымі вежамі. Мураваны абарончы пояс гэтага замка дасягаў 1750 м. Пасля аблог 1393, 1396, 1435, 1502, 1516, 1519, 1534, 1535, 1536 з выкарыстаннем артылерыі, бамбардзіровак войскам Івана IV Грознага ў 1562, 1563 і 1568 у Лівонскую вайну 1558—83 ад сцен замка засталіся руіны і асобныя ўчасткі вежаў, якія рамантаваліся каменем і дрэвам. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак заняты рус. войскам восенню 1654, пасля працяглых штурмаў быў істотна рэканструяваны. У вер. 1708 спалены карным атрадам калмыкаў на чале з капітанам рус. арміі Салаўёвым. Быў адноўлены, канчаткова знік пасля пажару. 1752 і двух пажараў 1757.

Узгорскі замак (1-я пал. 17—18 ст., пл. каля 10 га) пабудаваны паміж рэкамі Зах. Дзвіна і Віцьба (на яе правым беразе), на Пн ад Верхняга і Ніжняга замкаў. Меў 3 брамы і 7 драўляных вежаў. Мостам цераз Віцьбу злучаўся з Ніжнім замкам. У 1656 лінія ўмацаванняў Узгорскага замка дасягала 1800 м, у плане ён меў канфігурацыю, блізкую да чатырохвугольнай. Замак не раз гарэў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Канчаткова спалены ў ходзе Паўн. вайны 1700—21 па загадзе Пятра I 28.9.1708 рус. войскам пры адступленні.

Літ.:

Ткачев М.А. Замки Белоруссии. Мн., 1987.

М.​А.​Ткачоў.

Да арт. Віцебскія замкі (злева направа): Вялікая праезная брама Верхняга замка; вежа «Валконскі круглік» Ніжняга замка; ратуша, гасціны двор і гандлёвыя рады Узгорскага замка. З «Чарцяжа» Віцебска 1664.

т. 4, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)