жорсткі, ‑ая, ‑ае.
1. Крайне суровы; бязлітасны, неміласэрны. Гэта была кабета ціхая, забітая, бо пан Баранкевіч.. у сям’і быў чалавек жорсткі. Колас. [Эльга] усміхнулася гарэзнай і чароўнай усмешкай, якой можна ваваяваць самага жорсткага дзікуна. Мікуліч. // Які выражае суровасць (пра вочы, выраз твару). Вочы ў Карніцкага сталі жорсткія, бязлітасныя. Паслядовіч. Вочы Бярозіна, здаецца, яшчэ больш, пацямнелі, а рысы твару сталі жорсткімі, акамянелымі. Шчарбатаў. // Цяжкі, суровы, пакутлівы (пра жыццё, час і пад.). Два гады мірнай працы на вызваленай зямлі былі для .. [камуністаў] шчаслівым этапам на жорсткім шляху барацьбы. Брыль. Працоўны народ нават у самыя жорсткія часы не расставаўся з марай аб шчаслівым радасным жыцці. Шкраба.
2. Які перавышае звычайную меру, ступень, вельмі моцны па сіле праяўлення. Жорсткі прыгнёт. ▪ На гэтым месцы, дзе капаюцца цяпер шахты, дзе ўзводзіцца горад Салігорск са сваёй хімічнай прамысловасцю, не адзін раз праходзілі жорсткія баі з фашысцкімі акупантамі. Кулакоўскі. Людскога гневу выбухі глухія Зноў закіпалі жорсткай барацьбой, Ўздымалася рабочая Расія На бой за шчасце, на астатні бой... Звонак. // Вельмі моцны, рэзкі, пранізлівы (пра вецер, мароз і пад.). Слімак паклыпаў далей, захінаючы твар ад жорсткага ветру і калючага снегу. Лынькоў. Здараецца, да ніткі дождж прамочыць ці высеча няшчадна жорсткі град. А. Вольскі.
3. перан. Суровы, рэзкі. Жорсткі характар. ▪ У вачах Марціна бліснулі жорсткія агеньчыкі. Мележ. [Валя] і потым ніяк не ўспомніць, адкуль яны з’явіліся, як вырваліся гэтыя жорсткія словы. Васілевіч. // Грубы, непрыемны на слых. Жорсткі голас. ▪ Блізка-блізка завёў сваю сухую жорсткую песню драч. Гартны.
4. перан. Строгі, які не дапускае адхіленняў. Жорсткія ўмовы. Жорсткі рэжым.
5. Цвёрды, шчыльны на вобмацак; проціл. мяккі. Тая ж шалёная сіла зноў шпурнула Рамана на груд — на жорсткі, цвёрды, камень. Пташнікаў. Ваенфельчар стала.. каленьмі на ўтаптаную, жорсткую зямлю, сама зняла павязку. Шамякін. // Грубы, каляны. Жорсткія валасы. Жорсткая асака. ▪ Стоцкі ўжо захутаў галаву ў жорсткую інтэрнацкую коўдру, маўчаў. Карпюк. // Сыпкі, калючы. Жорсткая мука. ▪ Снегу наваліла ў пояс, і быў ён жорсткі, сыпучы. Лынькоў.
6. Спец. Здольны супраціўляцца ўтварэнню дэфармацыі. Жорсткая канструкцыі,
•••
Жорсткая вада гл. вада.