атрыманне бачнага відарыса аб’екта, што знаходзіцца ў непразрыстым або празрыстым асяроддзі, з дапамогай гуку; від інтраскапіі. Засн. на пранікальнай здольнасці гукавых хваль. Бывае лінзавае (для стварэння акустычнага відарыса выкарыстоўваюць лінзы акустычныя), галаграфічнае (грунтуецца на прынцыпах акустычнай галаграфіі) і лакацыйнае (засн. на рэхалакацыі).
Найчасцей у гукабачанні выкарыстоўваюць ультрагук у дыяпазоне ад 20 кГц да 10 МГц. Схема гукабачання ўключае звычайна крыніцу ультрагуку, аб’ект назірання, акустычны аб’ектыў (стварае ультрагукавы відарыс) і пераўтваральнік гукавога відарыса ў бачны. Выкарыстоўваецца ў дэфектаскапіі, акіяналогіі, гідралакацыі, мед. дыягностыцы і інш. Пры падводным гукабачанні яго апаратура (гукавізары) можа ўстанаўлівацца на падводных апаратах, прызначаных для пошукавых, даследчых і інш. мэт.
Літ.:
Грегуш П. Звуковидение: Пер. с англ.М., 1982;
Ощепков П.К., Пирожников Л.Б. Звуковидение. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ЛІЯ (Дзмітрый Іосіфавіч) (21.2.1874, в. Уарча, Абхазія — 7.4.1960),
абхазскі пісьменнік. Зачынальнік абх. л-ры. Нар. паэт Абхазіі (1937). Вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў г. Горы. Настаўнічаў, выкладаў абх. мову ў Тбіліскім ун-це (1924—26). У 1892 склаў абх. азбуку (з К.Д.Мачаварыяні). Рэдактар першай абх. газеты «Апсны» («Абхазія», 1919—20). У 1921 стварыў і ўзначаліў першую абх.тэатр. трупу. Першы паэт. зборнік выдаў у 1912. У яго творах — гіст. мінулае і сучаснае роднага краю (навела «Пад чужым небам», 1919; паэмы «Песня пра Абхазію», 1940; «Восень у вёсцы», 1946; раман «Камачыч», 1940; драма «Прывіды», 1946, і інш.). Аўтар даследаванняў па гісторыі, фальклоры, мове і этнаграфіі («Гісторыя Абхазіі», т. 1, 1925, і інш.), тэрміналагічнага слоўніка па л-ры і мовазнаўстве, падручнікаў і хрэстаматый. Перакл. на абх. мову творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, І.Чаўчавадзе, Ш.Руставелі («Віцязь у тыгравай шкуры»), «Слова пра паход Ігаравы». На бел. мову асобныя творы Гулія пераклалі А.Бачыла, І.Калеснік, У.Паўлаў.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—4. М., 1974—76.
Літ.:
Гулиа Г. Дмитрий Гулиа: Повесть о моем отце. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМАНІСТЫ́ЧНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
кірунак у сучаснай зах. (пераважна амер.) псіхалогіі. Узнік у 1960-я г. як альтэрнатыва біхевіярызму і псіхааналізу. Заснавальнікі А.Маслаў, Р.Мэй, К.Роджэрс, В.Франкль і інш. Ідэйна-філас. погляды прадстаўнікоў гуманістычнай псіхалогіі грунтуюцца на філасофіі экзістэнцыялізму і фенаменалагічнай школы (гл.Фенаменалогія). Прадметам вывучэння з’яўляецца чалавек у яго цэласнасці, унікальнасці, самаактуалізацыі, адкрытасці да развіцця. Гуманістычная псіхалогія разглядае чалавека не як кіруемую машыну (біхевіярызм) і не як цалкам залежнага ад несвядомых матываў (фрэйдызм), а як асобу, якая пастаянна стварае сябе, усведамляе сваё прызначэнне ў жыцці, рэгулюе межы суб’ектыўнасці і свабоды; праводзіць у жыццё новы погляд на чалавека як на суб’ектыўна незалежнага, ствараючага сваё «Я» і адказнага за яго. Галіной практычнага дастасавання гуманістычнай псіхалогіі з’яўляюцца псіхатэрапія, логатэрапія, педагогіка, якія выкарыстоўваюць эфект усведамлення значнасці чалавечага існавання.
Літ.:
Франкл В. Человек в поисках смысла: Пер. с англ.М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕРЛЬ ((Husserl) Эдмунд) (8.4.1859, г. Просніц, Чэхія — 26.4.1938),
нямецкі філосаф, заснавальнік фенаменалогіі. Праф. у Гале, Гётынгене і Фрайбургу. Паводле Гусерля, філасофія не мае ніякіх адносін ні да навакольнага свету, ні да навук, што яе вывучаюць; яе прадмет — гэта толькі з’явы (феномены) свядомасці, якія разглядаюцца як адзіныя і непасрэдна дадзеныя. Гэтыя феномены ён разглядаў як абсалютныя сутнасці, што маюць усеагульнае значэнне і не залежаць ад індывід. свядомасці; асабістыя перажыванні суб’екта, яго ўспрыманне і інтуіцыя складаюць асн. крытэрый ісціны. Ідэі Гусерля сталі філас. асновай экзістэнцыялізму, паўплывалі на развіццё філас. антрапалогіі неатамізму, структуралізму, некат. навук. школ у псіхалогіі, псіхіятрыі, літ.-знаўстве, метадалогіі навукі.
Тв.:
Husserliana. Gesammelte Werke. Bd. 1—26. Den Haag, 1950—84;
Рус.Пер. — Логические исследования. Ч. 1. Пролегомены к чистой логике. СПб., 1909;
Кризис европейского человечества и философия // Вопр. философии. 1986. № 3;
Логические исследования. Т. 2, ч. 1. Исследования по феноменологии и теории познания. Исслед. V. Об интенциональных переживаниях и их «содержаниях» // Проблемы онтологии в современной буржуазной философии. Рига, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДЭ́ ((Daudet) Альфонс) (13.5.1840, г. Нім, Францыя — 16.12.1897),
французскі пісьменнік. Ураджэнец Праванса, ён ужо ў першых творах, якія зрабілі яго імя вядомым (зб. вершаў «Закаханыя», 1858; аўтабіягр. раман «Малы», 1868; зб. апавяданняў і нарысаў «Пісьмы з майго млына», 1869), з тонкім лірызмам і мяккім гумарам расказаў пра побыт, норавы, звычаі, паданні сваіх землякоў, з любоўю намаляваў вобраз «маленькага чалавека». На правансальскім матэрыяле напісана і вядомая сатыр. трылогія пра Тартарэна («Незвычайныя прыгоды Тартарэна з Тараскона», 1872; «Тартарэн у Альпах», 1885; «Порт Тараскон», 1890). У вобразе гал. героя ён высмеяў дробнага буржуа, правінцыяльнага абывацеля, фразёра і хвалько. У сац. раманах 1870—80-х г. з гіст. і амаль дакументальнай канкрэтнасцю, паказаў сучасную яму Францыю, стварыў трапныя сатыр. вобразы драпежных дзялкоў і паліт. авантурыстаў («Фрамон малодшы і Рыслер старэйшы», 1874; «Набоб», 1877; «Каралі ў выгнанні», 1879), прадажных журналістаў і рэліг. фанатыкаў («Нума Руместан», 1881; «Евангелістыка», 1883), бяздарных артыстаў і лжэвучоных («Сафо», 1884; «Бессмяротны», 1885). Аўтар п’ес («Арлезіянка», 1872, і інш.), успамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЦЭ́ЦІ ((Donizetti) Гаэтана) (29.11.1797, г. Бергама, Італія — 8.4.1848),
італьянскі кампазітар. У 1815—17 вучыўся ў Балонскім муз. ліцэі. У 1839—40 і пазней працаваў у Парыжы, дзе пастаўлены многія з яго опер, у 1840-я г. таксама ў Аўстрыі (з 1842 аўстр. прыдворны кампазітар). У 1834—39 праф. кансерваторыі ў Неапалі (з 1837 дырэктар). Асн. частку творчай спадчыны Д., майстра стылю бельканта, складаюць усе жанравыя разнавіднасці італьян. оперы (опера-буфа, опера-камік, лірыка-драм. і рамант. оперы, сац.-псіхал. меладрамы і інш.), яны насычаны выразнымі, лёгка запамінальнымі мелодыямі, эфектнымі арыямі, вылучаюцца яркай тэатральнасцю. Сярод найб. папулярных опер «Любоўны напітак» (1832) і «Дон Паскуале» (1843), адзін з лепшых узораў оперы-буфа, адзначаны невычарпальным дасціпным гумарам, жыццярадаснасцю, мяккім лірызмам.
Сярод інш. твораў: оперы «Пётр Вялікі, цар рускі, або Лівонскі цясляр» (1819), «Дон Грэгорыо» (1824), «Ганна Балейн» (1830), «Лукрэцыя Борджа» (1833), «Лючыя ды Ламермур» (1835), «Паліеўкт» (1838), «Марыя ды Роган» (1843), араторыі, кантаты, 16 сімфоній, камерна-інстр., вак. творы.
Літ.:
Донати-Петтени Дж. Гаэтано Доницетти: Пер. с итал. Л., 1980.
Помнік Г.Данідэці ў касцёле Санта-Марыя ў Бергама.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРО́МСКІ ((Żeromski) Стэфан) (14.10.1864, Страўчын, Келецкае ваяв., Польшча — 20.11.1925),
польскі пісьменнік. Працаваў хатнім настаўнікам, у 1892—1904 бібліятэкарам у Польскім музеі ў Раперсвілі і ў б-цы Замойскіх у Варшаве. У 1909—12 у эміграцыі ў Парыжы. Ужо для першых яго твораў характэрна сац. скіраванасць, зварот да тэмы нац.-вызв. руху (зб-кі «Апавяданні», «Раздзяўбуць нас крумкачы», абодва 1895). У цэнтры аўтабіягр. рамана «Сізіфава праца» (1897) пратэст супраць прымусовай русіфікацыі польскай школы. Раман «Бяздомныя» (т. 1—2, 1900) прысвечаны тэме духоўных пошукаў польскай інтэлігенцыі. Ідэя барацьбы за незалежнасць і трагічныя лёсы адданых ёй барацьбітоў аб’ядноўвае раманы «Попел» (т. 1—4, 1904, экранізаваны 1965), «Прыгажосць жыцця» (1912), «Верная рака» (1912, пра паўстанне 1863) і трылогію «Барацьба з сатаной» (1916—19). Аўтар драм «Ружа» (1909) і «Сулкоўскі» (1910), раманаў «Гісторыя граху» (т. 1—2, 1908, экранізаваны 1933 і 1975), «Прадвесне» (1925). На бел. мову творы Ж. перакладаў М.Ф.Дубянецкі (зб. «Верная рака», 1985).
французскі пісьменнік. Дэбютаваў паэт. «Сшыткамі Андрэ Вальтэра» (1891) і «Вершамі Андрэ Вальтэра» (1892), напісанымі пад уплывам сімвалізму. Апошні стаў вызначальным у аповесцях «Падарожжа Урыяна» і «Вопыт кахання» (абедзве 1893) і асабліва ў тэарэт. «Трактаце пра Нарцыса» (1891). Сталыя проза. і драматургія Ж. адметныя вострай крытыкай маральных асноў і інстытутаў бурж. грамадства, асабліва сям’і і царквы, распрацоўкай новых сюжэтных прыёмаў, уплывам паэтыкі саці — сярэдневяковага фарса; кніга лірычнай прозы «Ежа зямная» (1897), сатыр. аповесць «Кепска прыкаваны Праметэй» (1899) і аповесць «Імараліст» (1902). Вядомасць яму прынеслі раман «Цесная брама» (1909) і аповесць «Ізабель» (1911), у якіх распрацоўваецца тэма барацьбы асобы за права на самавыражэнне. Аўтар рамана «Падзямеллі Ватыкана» (1914) і аповесці «Пастаральная сімфонія» (1919), аб’яднаных рэзкай антыклерыкальнай накіраванасцю, рамана «Фальшываманетчыкі» (1926). Стылістычнай дасканаласцю вылучаецца яго драматургія («Цар Кандаўл», 1901, «Саул», 1903, «Эдып», 1931), «Дзённікі» (т. 1—3, 1939—50), эсеістыка. Нобелеўская прэмія 1947.
Тв.: Рус.пер. — Фальшивомонетчики; Тесные врата. М., 1991; Избр. произв.М., 1993; Избранное. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭРЫКО́ ((Géricault) Жан Луі Андрэ Тэадор) (26.9.1791, г. Руан, Францыя — 26.1.1824),
французскі жывапісец і графік, заснавальнік рамантызму. Вучыўся ў К.Вернэ і П.Герэна. Зазнаў уплывы Ж.Л.Давіда і А.Гро. Быў у Італіі (1816—17), Англіі (1820—22), Бельгіі (1820). Працаваў у Парыжы. Раннія творы вылучаюцца эмацыянальнасцю вобразаў і дынамічнасцю («Афіцэр конных егераў імператарскай гвардыі ідзе ў атаку», 1812, «Паранены кірасір пакідае поле бою», 1814). Пасля паездкі ў Італію ўзмацняецца абагульненая манументальнасць форм, каларыт амаль манахромны («Бег вольных коней у Рыме», 1817, «Плыт Медузы», 1818—19). У шэрагу партрэтаў выказаў рамант. ўяўленне пра мастака як пра свабодную, незалежную асобу; серыя «Партрэты звар’яцелых» (1819—20) прасякнута гуманізмам. Адзін з першых стаў працаваць у тэхніцы літаграфіі (серыя «Вялікія і малыя англійскія сюіты», 1820—21). Стварыў кампазіцыі са сцэнамі нар. жыцця, некалькі скульпт. работ.
Літ.:
Жерико о себе и современники о нем: Пер. с фр.М., 1962;
Прокофьев В.Н. Теодор Жерико. М., 1963;
Турчин В.С. Теодор Жерико. М., 1982.
Т.Жэрыко. Афіцэр конных егераў імператарскай гвардыі і дае ў атаку. 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБАЛО́ЦКІ (Мікалай Аляксеевіч) (7.5.1903, г. Казань, Расія — 14.10.1958),
рускі паэт. Скончыў Ленінградскі пед.ін-т імя Герцэна (1925). У 1936 беспадстаўна рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў на Д. Усходзе, у Алтайскім краі і Карагандзе. З 1946 у Маскве. Друкаваўся з 1928. Першая кн. вершаў «Слупкі» (1929). З. — лірык філас. складу. У яго паэзіі роздум пра адвечны кругаварот прыроды, перамогу чалавечага розуму і працы над стыхіяй, сцвярджэнне велічы чалавека (паэмы «Урачыстасць земляробства», 1933, «Звар’яцелы воўк», 1931, апубл. 1965, «Дрэвы», 1933, апубл. 1965, і інш.). Лірыцы характэрны аналітычнасць стылю, маляўнічасць і пластычнасць вобразаў (зб-кі «Вершы», 1948; 1957; 1959). Пераклаў «Слова пра паход Ігаравы», «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі, творы груз., укр., італьян., венг. паэтаў. Для дзяцей апрацаваў раман Ф.Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль». На бел. мову творы З. перакладалі С.Грахоўскі, Я.Міклашэўскі і інш.