ЕГІ́ПЕЦКАЕ ПІСЬМО́,

слоўна-складовая сістэма пісьма, якая абслугоўвала старажытнаегіпецкую мову (каля 4-га тыс. да н.э. — 3—4 ст. н.э.). Мела 3 разнавіднасці: іерагліфіка, іератыка і дэмотыка (гл. Дэматычнае пісьмо). Пачатковы этап Е.п. — малюнкавая ідэаграфія (гл. Ідэаграфічнае пісьмо) якая развілася з піктаграфічнага пісьма.

Кожны малюнак абазначаў канкрэтны прадмет, з часам малюнкі сталі набываць пэўную сімволіку (напр., малюнак пчалы стаў абазначаць не толькі пчалу, а і занятак, стараннасць, працавітасць). Большасць іерогліфаў маглі мець гукавое значэнне: абазначалі спалучэнне 2 і больш зычных гукаў або асобны гук (усяго 24). Галосныя гукі ў іерагліфічным Е.п. не абазначаліся. Фанаграмы ў ім пераважалі над ідэаграмамі. Іерогліфаў, што найчасцей ужываліся, было каля 700. Выкарыстанне папірусу і трысняговай палачкі выклікала выпрацоўку курсіву — іератыкі, якая з’яўлялася спрашчэннем іерагліфікі. Абедзве разнавіднасці ўжываліся паралельна каля 3000 гадоў. Іератыкай пісаліся літ., навук. творы, дзелавыя паперы і інш. У 8 ст. да н.э. з іератыкі развіўся новы курсіў — дэмотыка, якая характарызуецца наяўнасцю большай колькасці лігатур і большай курсіўнасцю. Е.п. ўпершыню (1822) дэшыфраваў франц. вучоны Ж.Ф.Шампальён.

Літ.:

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

М.​А.​Паўленка.

Да арт. Егіпецкае пісьмо. Узор іератычнага пісьма (зверху); той жа тэкст у іерагліфічнай перадачы.

т. 6, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫШПРАВО́ДНАСЦЬ,

з’ява скачкападобнага знікнення эл. супраціўлення ў некаторых праводзячых матэрыялах пры ахаладжэнні іх ніжэй за т.зв. крытычную тэмпературу. Адкрыта нідэрл. фізікам Г.​Камерлінг-Онесам (1911).

Крытычныя т-ры Tk традыцыйных звышправаднікоў знаходзяцца ў інтэрвале 0,1—23 К. Вынікам адсутнасці супраціўлення з’яўляецца існаванне незатухальных токаў: у замкнутым току, наведзеным у кольцы са звышправадніка, доўгі час адсутнічаюць прыкметы затухання. З. суправаджаецца ідэальным дыямагнетызмам: магн. поле не пранікае ў тоўшчу звышправадніка, калі напружанасць поля не перавышае некаторае крытычнае значэнне (эфект Майснера). Адваротны пераход са звышправоднага стану ў нармальны (з канечным значэннем эл. супраціўлення) адбываецца пры павелічэнні т-ры або пры накладанні магутнага магн. поля. З. абумоўлена звышцякучасцю электронаў праводнасці, якая ўзнікае пры нізкіх т-рах дзякуючы ўтварэнню звязаных пар электронаў з процілеглымі спінамі — купераўскіх пар. Такія пары маюць нулявы спін і падпарадкоўваюцца Бозе—Эйнштэйна статыстыцы. Пры T<Tk адбываецца т.зв. бозе-кандэнсацыя купераўскіх пар. Гл. таксама Высокатэмпературная звышправоднасць, Купера эфект.

Літ.:

Буккель В. Сверхпроводимость: Пер. с нем. М., 1975;

Вонсовский С.В., Изюмов Ю.А., Курмаев Э.З. Сверхпроводимость переходных металлов, их сплавов и соединений. М., 1977;

Дмитренко И.М. В мире сверхпроводимости. Киев, 1981.

Л.​І.​Камароў.

т. 7, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́Н III Васілевіч

(22.1.1440, Масква — 27.10.1505),

вялікі князь уладзімірскі і маскоўскі [1462—1505], Сын Васіля II Цёмнага. Імкнуўся да ўмацавання і цэнтралізацыі Маскоўскай дзяржавы. У час яго праўлення выйшаў Судзебнік 1497, пачаў складвацца цэнтралізаваны апарат улады, павялічылася значэнне памеснага землеўладання і дваранства, аслаблены пазіцыі ўдзельных князёў. Праводзіў палітыку «збірання рускіх зямель» вакол Масквы: да Маскоўскага княства далучыў Яраслаўскае (1463) і Растоўскае (1474) княствы, Цвярское вял. княства (1485), Вяцкія (1489) і ч. Разанскіх зямель, Наўгародскую феад. рэспубліку. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94 і вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 да Маскоўскага княства адышлі гарады Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Бранск, Гомель, Старадуб, Мцэнск і інш. Пры І. III канчаткова скасавана залежнасць Масквы ад Залатой Арды (1480), але ён падтрымліваў добрыя адносіны з Крымскім ханствам для барацьбы з ВКЛ. У гады яго праўлення вырас міжнар. аўтарытэт Рус. дзяржавы, пачалося афармленне поўнага тытула вял. князя «ўсяе Русі».

Літ.:

Ткаченко В.А. Московские великие и удельные князья и цари. М., 1992;

Алексеев Ю.Г. Освобождение Руси от ордынского ига. Л., 1989;

Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М. 1985.

т. 7, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТАЛЬЯ́НСКАЯ МО́ВА,

адна з раманскіх моў (італа-раманская падгрупа). Найб. блізкая да лацінскай мовы. Афіц. мова Італіі, Ватыкана (разам з лац. мовай), Сан-Марына і Швейцарыі (разам з франц., ням., рэтараманскай). Пашырана таксама ў ЗША, Германіі, Аргенціне, Францыі, Бельгіі і інш.

Развілася з нар. латыні пасля падзення Рым. імперыі. Мае 3 групы дыялектаў: паўн. (п’емонцкі, лігурыйскі, ламбардскі, эмільянскі, венецыянскі), цэнтр. (тасканскі, умбрскі, рым., карсіканскі) і паўд. (неапалітанскі, абруцкі, анулійскі, калабрыйскі, сіцылійскі), якія вельмі розняцца паміж сабой, асабліва ў фанетыцы і лексіцы.

Асн. асаблівасці: у фанетыцы ўсе словы канчаюцца на галосны гук, пад націскам адрозніваюцца 7 галосных, шэраг дыфтонгаў, частыя спалучэнні па некалькі галосных, вымаўленне гукаў выразнае і напружанае; у марфалогіі — грамат. значэнне асобы, ліку, часу, ладу выражана флексіяй дзеяслова, сістэма часоў індыкатыву складаецца з 4 простых і 4 складаных форм; у сінтаксісе — свабодны парадак слоў. Першыя пісьмовыя помнікі (судовыя тэксты) адносяцца да 10 ст. Літ. мова пачала складвацца ў 13 ст. на аснове тасканскага дыялекту, вял. роля ў яе фарміраванні належыць творам Дантэ, Ф.​Петраркі, Дж.​Бакачыо. Пісьменства на аснове лацініцы.

Літ.:

Бурсье Э. Основы романского языкознания: Пер. с фр. М., 1952;

Алисова Т.Б., Черданцева Т.З. Итальянский язык. М., 1962.

В.​У.​Мартынаў.

т. 7, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАСТРО́ФА (ад грэч. katastrophē пераварот, паварот, канец, гібель),

раптоўнае вялікае бедства; падзея, якая цягне за сабой трагічныя вынікі: разбурэнні, знішчэнні, гібель людзей. Вылучаюць К.: прыродныя (землетрасенне, вывяржэнне вулкана і інш.), экалагічныя (гл. Катастрофа экалагічная), тэхналагічныя (аварыі, крушэнні чыгуначныя, авіякатастрофы), сацыяльныя (напр., гібель Рымскай імперыі, распад СССР), асобасныя (смерць блізкага чалавека, забойствы, самазабойствы і інш.). Па маштабах дзеяння К. падзяляюць на лакальныя, рэгіянальныя, краінныя, глабальныя. Некаторыя з іх з’яўляюцца унікальнымі, напр. Чарнобыльская катастрофа 1986, па прычынах яна тэхналагічная, па ўздзеянні на навакольнае асяроддзе — экалагічная, па наступствах для здароўя і жыцця людзей, разбурэнні іх ладу жыцця — сацыяльная, па маштабах уздзеяння на ўсе сферы жыцця і мыслення людзей — глабальная. Такога роду К. могуць адбывацца ў выніку прымянення ядзернай і інш. зброі масавага паражэння, ракетна-ядзернай вайны і інш. У сучасных умовах вялікае значэнне мае навук. прадказанне К. (землетрасенняў, вывяржэнняў вулканаў, сутыкненняў Зямлі з вялікімі касмічнымі целамі і інш.). Розныя тыпы К. з’яўляюцца аб’ектам даследавання катастроф тэорыі. У Рэспубліцы Беларусь папярэджваннем і пераадольваннем наступстваў К. займаецца Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Літ.:

Арнольд В.И. Теория катастроф. 3 изд. М., 1990;

Бабосов Е.М. Катастрофы: социол. анализ. Мн., 1995;

Яго ж. Чернобыльская трагедия в ее социальных измерениях. Мн., 1996.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 8, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕНТУ́КІ (Kentucky),

штат на Пд ЗША. Пл. 104,6 тыс. км². Нас. 3883,7 тыс. чал. (1996), у т. л. каля 70% гарадскога. Адм. ц.г. Франкфарт. Большую ч. тэрыторыі займае вапняковае плато Камберленд (выш. 200—450 м), расчлянёнае глыбокімі далінамі рэк Камберленд, Грын-Рывер і Кентукі. Характэрны карставыя формы рэльефу. На З і ПнЗ раўніна ўздоўж р. Агайо. Клімат умераны вільготны. Сярэднія месячныя т-ры паветра каля 1 °C у студз., каля 24 °C у ліп., ападкаў 1000—1250 мм за год. Захаваліся невял. ўчасткі шыракалістых лясоў. К. — індустр.-агр. штат. Развіты хім. (сінт. каўчук, валокны, пластмасы і інш.), электратэхн. (быт. электрапрылады) прам-сць, агульнае машынабудаванне. Горад Падзьюка — адзін з цэнтраў атамнай прам-сці. Важнае значэнне маюць харч. (у т. л. вінаробства і вытв-сць віскі) і тытунёвая прам-сць. Здабыча каменнага вугалю (каля 100 млн. т штогод), нафты, буд. каменю, плавікавага шпату і інш. У сельскай гаспадарцы кошт прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі прыкладна роўныя. Гал. культура — тытунь. Сеюць таксама кукурузу, кармавыя травы, сою, пшаніцу. Садоўніцтва. Мяса-малочная і мясная жывёлагадоўля. Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Суднаходства на р. Агайо. Гал. прамысл. цэнтры — гарады Луісвіл і Лексінгтан.

т. 8, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ГЕР (ням. Lager паселішча, стаянка),

1) Л. ваенны — месца размяшчэння войск па-за населеным пунктам, абсталяванае для выканання баявых, навуч. і інш. задач.

У старажытнасці Л. ствараліся як умацаваныя баявыя пазіцыі, найб. пашырыліся ў Стараж. Рыме (гл. Лагер рымскі). На Русі ў 11—17 ст. уладкаванне Л. (станаў) дасягнула высокага ўзроўню. У Чэхіі ў 15 ст. і ва ўкр. казакоў у 16—17 ст. Л. (табар) акружаўся некалькімі шэрагамі павозак. Ваен. Л. былі паходныя і пастаянныя (агараджаліся ровам, валам, сцяной; некаторыя з умацаваных Л. пераўтвараліся ў крэпасці). З развіццём артылерыі і інш сродкаў масавага паражэння Л. як умацаваныя стаянкі страцілі сваё значэнне. З 2-й пал. 19 ст. захаваліся толькі Л. для навучання войск у палявых умовах (у Расіі такія Л. ствараліся з канца 17 ст.). У Сав. Арміі навуч. Л. існавалі да 1960-х г. (іх замянілі навуч. цэнтры).

2) Часовае пасяленне, стаянка пэўнай групы людзей (лесарубаў, будаўнікоў, даследчыкаў).

3) Летнія загоны для жывёлы паблізу пашы.

4) Месца ўтрымання ваеннапалонных, зняволеных, рэпрэсіраваных (гл. Канцэнтрацыйны лагер).

5) Грамадска-палітычная групоўка; калектыў людзей, аб’яднаных адзінствам поглядаў, перакананняў.

6) Выхаваўча-аздараўленчая ўстанова для дзяцей школьнага ўзросту (напр., «Артэк», «Зубраня»).

т. 9, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́МІНГІ,

млекакормячыя жывёлы падсям. палёвак, сям. хамяковых атр. грызуноў. 4 роды: Л. лясныя (Myopus); балотныя, ці мышападобныя (Synaptomys); сапраўдныя (Lemmus) і капытныя (Dicrostonyx); каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Найчасцей сустракаюцца Л. капытны (D. torquatus); сібірскі, ці обскі (L. sibiricus), і нарвежскі (L. lemmus). Жывуць у лясах і тундрах. На Беларусі вядомы з геал. адкладаў ранняга плейстацэну (Л. сібірскі і 3 падвіды Л. капытнага). Іх рэшткі выяўлены ў Аршанскім, Баранавіцкім, Віцебскім, Гродзенскім, Дубровенскім, Лёзненскім р-нах. Маюць палеагеагр. і стратыграфічнае значэнне.

Даўж. цела да 16, хваста да 2,7 см, маса да 75 г. Афарбоўка аднатонная шэра-карычневая або стракатая; зімой больш светлая або белая. У Л. капытнага кіпцюры на пярэдніх лапах бліжэй да зімы разрастаюцца («капыты»). Кісці і ступні шырокія, падэшвы пакрыты шэрсцю. Актыўныя ўвесь год. Расліннаедныя, часам паядаюць дробных беспазваночных. Нараджаюць 1—9 (звычайна 4—6) дзіцянят 2—4 разы за лета. У тундры размнажаюцца прыкладна з 4-гадовай перыядычнасцю ў вял. колькасці (да 300 асобін на 1 га), робяць далёкія міграцыі. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў шэрагу вірусных захворванняў. Л. — асн. корм пясца, колькасць якога залежыць ад колькасці Л.

П.​Ф.​Каліноўскі.

Лемінгі: 1 — сібірскі; 2 — нарвежскі; 3 — капытны (а — зімой, б — летам).

т. 9, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЧЭ́БНІК,

часціна мовы, якая абазначае абстрактны лік, пэўную і няпэўную колькасць прадметаў або парадак пры іх лічэнні. Паводле значэння Л. падзяляюцца на колькасныя, зборныя і парадкавыя. Да колькасных адносяцца пэўнаколькасныя — указваюць на дакладную колькасць прадметаў («два вучні») ці на пэўны лік безадносна да прадметаў («два і сем — дзевяць»), няпэўнаколькасныя — маюць недакладнае лікавае значэнне («многа»), дробавыя — называюць пэўную частку цэлага прадмета («трэць чалавецтва»). Зборныя абазначаюць колькасць прадметаў як адно цэлае («чацвёра сутак»). Парадкавыя ўказваюць на парадкавы нумар прадметаў пры пералічэнні («трэці дом»), Паводле граматычных адзнак Л. неаднародныя: адны з іх змяняюцца па родах, ліках і склонах («адзін», «тысяча», «мільён»), другія — па родах і склонах («два», «абодва») ці толькі па склонах («тры», «чатыры» і інш.). Паводле марфал. складу падзяляюцца на простыя («адзін»), складаныя («адзінаццаць») і састаўныя («дваццаць пяць»). Л. не ўтвараюць адзінага тыпу скланенняў і могуць нагадваць па канчатках скланенне розных іменных часцін мовы. Спалучаюцца толькі з назоўнікамі.

Літ.:

Вярхоў П.В. Лічэбнік у беларускай мове [параўнальна з рускай і ўкраінскай мовамі]. Мн., 1961;

Чабярук А.І. Лічэбнік у беларускіх гаворках. Мн., 1977;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы Мн., 1996.

А.​І.​Наркевіч.

т. 9, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЧЭ́ННЕ, нумарацыя,

сукупнасць прыёмаў абазначэння (запісу) і назвы натуральных лікаў. Сістэмы Л. бываюць пазіцыйныя (найб. пашыраны) і непазіцыйныя. У большасці сістэм Л. лікі абазначаюцца паслядоўнасцю лічбаў.

Найб. дасканалыя пазіцыйныя сістэмы Л. грунтуюцца на прынцыпе, паводле якога адзін і той жа лікавы знак (лічба) мае розныя значэнні ў залежнасці ад месца, дзе ён знаходзіцца. Пэўны лік n адзінак (аснова сістэмы Л.) утвараюць адзінку 2-га разраду, n адзінак 2-га разраду — адзінку 3-га разраду і г.д. Асновай такіх сістэм можа быць любы лік, большы за 1, напр., 2 (двайковая сістэма лічэння), 5, 10 (дзесятковая сістэма лічэння), 12, 20, 40, 60. Першая такая сістэма (шасцідзесятковая вавілонская) узнікла каля 4 тыс. гадоў назад і выкарыстоўваецца пры вымярэнні і запісе вуглоў і часу. Існуюць простыя правілы пераводу лікаў з адной сістэмы Л. ў другую. У непазіцыйных сістэмах Л., якія выкарыстоўваюцца ў мадулярнай арыфметыцы, кожны лічбавы знак мае пастаяннае значэнне незалежна ад свайго месцазнаходжання ў запісе любога ліку. Напр., кожны цэлы лік ад 0 да 104 адназначна выяўляецца сваімі астачамі ад дзялення на 3, 5 і 7. Пры складанні, адыманні і множанні лікаў дастаткова аперыраваць толькі гэтымі астачамі, што значна павялічвае хуткасць вылічэнняў.

В.​І.​Бернік.

т. 9, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)