ФОРТ (франц. fort ад лац. fortis дужы, моцны),

буйное фартыфікацыйнае збудаванне адкрытага (палявога) або закрытага (доўгатэрміновага) тыпу. Ф. сталі ствараць у 18 ст., як асобнае ўмацаванне спераду крапасной абароны (гл. Крэпасць), потым (18—20 ст.) як асн. частку палявой умацаванай пазіцыі або фортавай крэпасці (напр., Бабруйская крэпасць, Брэсцкая крэпасць). Ф. адкрытага тыпу меў розную канфігурацыю, займаў пл. 4—5 га і прыстасоўваўся да кругавой абароны. У Ф. размяшчаўся гарнізон, які ўключаў 2—4 стралк. роты, разлікі артыл. гармат і інш. Ф. закрытага тыпу быў мураваны, з бетону, з бранявых канструкцый і інш. (напр., у Брэсцкай крэпасці ў пач. 20 ст. было 14 Ф., адлегласць паміж якімі складала 1 км). Спачатку Ф. будавалі ў выглядзе шмат’ярусных мураваных вежаў, узброеных гарматамі. У 19 ст. сталі ствараць бастыённыя сістэмы (гл. Бастыён), пазней — капанірныя (гл. Капанір). Пасля 1-й сусв. вайны 1914—18 Ф. як асобнае ўмацаванне страціў значэнне і стаў выкарыстоўвацца як частка ўмацаванага раёна.

І.​А.​Шор.

Форт бранявы: А — цэнтральны бетонны масіў; Б — вежы для скарастрэльных гармат; В — капанір; Г — падземны ход; Д — казарма.

т. 16, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)