горад, цэнтр Чыцінскай вобл. Расіі, пры ўпадзенні р. Чыта ў р. Інгада. 303,3 тыс.ж. (2001). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Аэрапорт. Буйны прамысл. і культ. цэнтр Усх. Сібіры. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць станкоў, аўтазборка і інш.), дрэваапр., лёгкая (тэкст., гарбарна-абутковая, футравая), харч. (мясная, малочная, мукамольная); здабыча бурага вугалю. ДРЭС. Ін-т прыродных рэсурсаў Сіб.аддз.Рас.АН. 3 ВНУ. Тэатры: драм., лялек. Філармонія. Музеі: краязнаўчы, маст., дзекабрыстаў. Арх. помнік — царква Міхаіла Архангела («Царква дзекабрыстаў», 1771).
Вядома з 1653 як пас. Інгадзінскае зімоўе. З 1690 слабада, у якой жылі казакі і прамыслоўцы. У 1699 пабудаваны астрог, дзе з 1827 адбывалі катаргу многія дзекабрысты. З 1821 паселішча наз. Чыцінскім, з 1851 — горад і цэнтр Забайкальскай вобл., тут размяшчалася ўпраўленне Забайкальскага казацкага войска. Эканам. значэнне яе вырасла пасля буд-ва Забайкальскай чыгункі (1900) і калі Ч. стала рэзідэнцыяй упраўлення Нерчынскай горнай акругі. Ў 1920—22 Ч. — сталіца Далёкаўсходняй рэспублікі. З 1922 — цэнтр Забайкальскай губ., з 1926 — Чыцінскай акругі Далёкаўсходняга краю, з 1937 — Чыцінскай вобл.
Чыта. Царква Міхаіла Архангела («Царква дзекабрыстаў»).