род хвойных дрэў сям. таксодыевых. 1 від — М. рассечанашышкавая (M. glyptostroboides). Пашырана ў Цэнтр. і Паўд.-Зах. Кітаі. Расце ў горных цяснінах, па берагах ручаёў. Рэдкая рэліктавая расліна, апісана па выкапнёвых знаходках і лічылася вымерлай, знойдзена жывая ў 1941—46. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі М. (пылок, шышкі, галінкі з ігліцай) знойдзены ў адкладах алігацэну і міяцэну.
Лістападныя дрэвы з пірамідальнай ажурнай кронай выш. да 40 м і дыям. ствала да 2 м. Кара чырванавата-карычневая, адслойваецца. Ігліца ярка-зялёная, мяккая, вузкалінейная, даўж. 1—3 см, ападае на зіму разам з укарочанымі парасткамі. Шышкі вісячыя. Насенне з крылцам. Дэкар. расліна. Культывуецца ў Еўразіі і Амерыцы (на Беларусі вымярзае).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЧАХВО́СТЫ (Xiphosura),
атрад марскіх членістаногіх жывёл кл. мерастомавых. Вядомы з сілуру (каля 440 млн. гадоў назад). 12 выкапнёвых і 3 сучасныя роды; 5 сучасных відаў. 1 від пашыраны каля берагоў Паўн. і Цэнтр. Амерыкі, астатнія — у Паўд.-Усх. і Усх. Азіі. Жывуць на мелкаводдзі, плаваюць брухам дагары, закопваюцца ў грунт.
Даўж. да 90 см. Цела сплошчанае, падзяляецца на ўкрытыя злітным хіцінавым шчытом галавагрудзі з 6 парамі канечнасцей (для перамяшчэння, захопу корму і яго драбнення) і брушка з хваставым шыпам (адсюль назва) і 6 парамі лістападобных канечнасцей са шматлікімі шчэлепнымі лісткамі. Пераважна драпежнікі, кормяцца малюскамі, бентасам, часам водарасцямі. Раздзельнаполыя; развіццё з ператварэннем. У Амерыцы і Японіі аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ШНА,
возера ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Сечна, за 4 км на Пд ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,65 км², даўж. 2,1 км, найб.шыр. 500 м, найб.глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі больш за 6 км. Пл. вадазбору 16,3 км². Схілы катлавіны выш. 3—5 м (на Пд да 9 м), у ніжняй ч. пад хмызняком, у верхняй разараныя, на Пн парослыя лесам. Берагі нізкія, тарфяністыя, на У пясчаныя, у залівах сплавінныя. Дно плоскае, сапрапелістае, на асобных участках да глыб. 2 м пясчанае. Зарастае. У возеры расце шальнік Валенберга — рэдкі для Беларусі ахоўны від флоры. Упадае ручай з воз. Круглік, выцякае ручай у воз. Дабееўскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯККАЦЕ́ЛЫЯ ЧАРАПА́ХІ, мяккаскурыя чарапахі,
мяккія чарапахі (Trionychoidea),
падатрад прэснаводных чарапах. 2 сям.: двухкіпцюровыя чарапахі (Carettochelyidae) — 1 від, пашыраны ў Паўн. Аўстраліі, на в-ве Н. Гвінея, і трохкіпцюровыя чарапахі, або трыоніксы (Trionychidae) — 6 або 7 родаў, 22 віды; пашыраны ў Азіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы.
Даўж. да 90 см. Цела і сплошчаны касцявы панцыр укрыты мяккай скурай без рагавых шчыткоў (адсюль назва). Галава з мяккім хабатком, на канцы якога знаходзяцца ноздры. Лапы шырокія, пальцы злучаны плавальнай перапонкай. Здольныя трымацца пад вадой да 15 гадз. Кормяцца раслінамі і жывёламі (насякомыя, ракападобныя, малюскі, рыбы, земнаводныя і інш.). У Азіі — аб’ект промыслу (мяса, яйцы).
Да арт.Мяккацелыя чарапахі: 1 — трыонікс кітайскі, або далёкаўсходняя чарапаха; 2 — трыонікс калючы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВІЯ́НЫ (Papio),
род вузканосых малпаў сям. мартышкападобных Вядомы з пліяцэну (каля 5 млн.г. назад) Азіі і Афрыкі. 7 відаў. Пашыраны ў Афрыцы Жывуць у саваннах, саваннавых лясах у камяністых мясцовасцях, трымаюцца вял. статкамі. Маюць складаную іерархію адносін. 1 від (дрыл — P. leucophaeus) у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела самцоў да 110 см, хваста да 71 см, маса да 54 кг; самкі ўдвая меншыя. Морда доўгая, за што іх называюць сабакагаловымі малпамі. Надброўі і іклы моцна развітыя. Поўсць доўгая, пераважна шэрых адценняў, у самцоў часта ўтварае грыву. Сядалішчныя мазалі вял., ярка афарбаваныя. Усёедныя. Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцяняці. Лабараторныя жывёлы. Гл. таксама Бабуін, Гамадрыл, Мандрылы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДБЕ́Л (Tussilago),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. 1 від — П. звычайны, або камчужная трава, ці маташнік (T. farfara). Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы (заноснае). На Беларусі трапляецца па берагах канаў, рэк, ручаёў, на пустках.
Шматгадовая травяністая расліна выш. да 20 см з паўзучым карэнішчам, якое паглыбляецца ў глебу больш як на 1 м. Адзіночныя кветаносныя сцёблы шчыльна ўсаджаны чырванавата-бураватым лускападобным лісцем. Прыкаранёвае лісце доўгачаранковае, з верхняга боку — гладкае, з ніжняга — лямцавае, бялявае [адсюль назва — под(ніз)белы]; адрастае пасля цвіцення. Жоўтыя кветкі ў кошыках дыям. 2—3 см, цвітуць ранняй вясной. Плод — сямянка. Піянерная расліна — хутка асвойвае свабодныя плошчы, але потым выцясняецца інш. раслінамі. Лек. расліна, ранні меданос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІНО́ДЫЯ (ад грэч. palinōdia перапеў),
твор вершаванай формы, у якім аўтар адракаўся ад таго, што было ім напісана ў папярэднім творы. У старажытнасці асаблівай папулярнасцю карысталіся П. стараж.-грэч. паэта Стэсіхора. Пазней П. называлі ўсякае адрачэнне. На Беларусі гэты від творчасці быў пашыраны ў 1-й пал. 17 ст. ў перыяд росквіту палемічнай літаратуры. Адна з першых П. належыць М.Сматрыцкаму, напісаная ў 1610-я г. супраць свайго ж твора «Трэнас» (не захавалася). У далейшым пад П. разумелі твор, напісаны супраць пэўнага твора процілеглага паліт. ці рэліг. зместу. Найб. значны такі твор — «Палінодыя...» З.Капысценскага (1621—22), накіраваны супраць кнігі уніяцкага апалагета Л.Крэўзы «Абарона уніі» (1617).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧЫЯ ЖЫВЁЛЫ,
віды дзікіх звяроў і птушак, якія здабываюцца паляўнічымі ў спартыўных, аматарскіх і прамысловых мэтах; аб’екты палявання. На Беларусі 22 віды П.ж. (млекакормячых); лось, алень высакародны, казуля, дзік, зайцы бяляк і русак, бабёр, вавёрка, андатра, палёўка вадзяная, воўк, ліс, янотападобны сабака, куніцы лясная і каменная, тхор, норкі еўрапейская і амерыканская, выдра, гарнастай, ласка, крот; 31 від паляўнічых птушак (у залежнасці ад экалагічных умоў пражывання адрозніваюць балотную, баравую, вадаплаўную, палявую); глушэц, цецярук, рабчык, курапатка шэрая, крыжанка, гусь шэрая, таксама гусі белалобая, гуменнік і піскулька, чыркі траскунок і свістунок, чэрнеці чубатая і чырвонагаловая, лысуха, драч, турухтан вялікі і інш. Здабыча П.ж. рэгулюецца адпаведнымі заканад. і нарматыўнымі актамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЯ́ЛЬНІК,
інструмент для пайкі металаў і расплаўлення прыпою. Медная рабочая частка П. награваецца ад знешняй крыніцы цяпла (ад паяльнай лямпы і інш.). Форма, памеры і маса П. вызначаюцца тыпам паянага шва, канфігурацыяй і масай вырабу. Бываюць без пастаяннага падагрэву, з падагрэвам полымем ці з электрападагрэвам (найб. пашыраны). Спец.від П. — ультрагукавы, у якім ваганні нагрэтага стрыжня разбураюць аксідную плёнку на паверхні паянага вырабу пад слоем прыпою. Асн. перавага — магчымасць бясфлюсавай пайкі. Выкарыстоўваюцца для пайкі і луджэння вырабаў са сталі, медзі і медных сплаваў, алюмінію (пераважна ультрагукавыя П.) мяккімі алавяна-свінцовымі прыпоямі.
Паяльнікі: 1 — газавы з падагрэвам адкрытым полымем; 2 — бензінавы з рэзервуарам для гаручага ў рукаятцы; 3 — электрычныя (звычайны і з фарсіраваным падагрэвам — паяльны пісталет).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕПТЫ́ДНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
від аміднай сувязі; узнікае ў выніку ўзаемадзеяння α-амінагрупы (—NH2) адной амінакіслаты з α-карбаксільнай групай (—COOH) інш. амінакіслаты. Такія палімерныя малекулы (поліпептыдныя ланцугі) могуць складацца з соцень амінакіслотных звёнаў, а бялковая малекула — з аднаго ці некалькіх поліпептыдных ланцугоў. З’яўляецца адзінай кавалентнай сувяззю, з дапамогай якой амінакіслотныя астаткі злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць каркас бялковай малекулы. Мае (на 40%) характар двайной (спалучанай) сувязі і таму карацей за адзінарную —C—N—сувязь. Часткова спалучаны характар —C—N—сувязі абумоўлівае плоскую канфігурацыю —C(O)—NH—групы (усе 4 атамы знаходзяцца ў адной плоскасці) і існаванне транс- (больш устойлівай) і цысформ. Ферментатыўнае ўтварэнне П.с. ў жывых клетках адбываецца ў працэсе біясінтэзу бялку.