МЕТАСЕКВО́Я (Metasequoia),

род хвойных дрэў сям. таксодыевых. 1 від — М. рассечанашышкавая (M. glyptostroboides). Пашырана ў Цэнтр. і Паўд.-Зах. Кітаі. Расце ў горных цяснінах, па берагах ручаёў. Рэдкая рэліктавая расліна, апісана па выкапнёвых знаходках і лічылася вымерлай, знойдзена жывая ў 1941—46. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі М. (пылок, шышкі, галінкі з ігліцай) знойдзены ў адкладах алігацэну і міяцэну.

Лістападныя дрэвы з пірамідальнай ажурнай кронай выш. да 40 м і дыям. ствала да 2 м. Кара чырванавата-карычневая, адслойваецца. Ігліца ярка-зялёная, мяккая, вузкалінейная, даўж. 1—3 см, ападае на зіму разам з укарочанымі парасткамі. Шышкі вісячыя. Насенне з крылцам. Дэкар. расліна. Культывуецца ў Еўразіі і Амерыцы (на Беларусі вымярзае).

У.І.Торчык.

т. 10, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)