ЛАНКА́СТЭРЫ (Lancaster),

арыстакратычны род і каралеўская дынастыя ў Англіі ў 14—15 ст., адгалінаванне Плантагенетаў. Найб. значныя прадстаўнікі:

Джон Гонт (1340—99), пачынальнік роду, сын Эдуарда IV, герцаг Ланкастэрскі (з 1362), фактычны кіраўнік дзяржавы ў 1360—70-я г. Яго палітыка выклікала Уота Тайлера паўстанне 1381. Падтрымліваў антыпапскі рух Дж.Уікліфа.

Генрых IV [1399—1413], сын Дж.​Гонта. За ўдзел у апазіцыі супраць караля Рычарда II (1387) пазбаўлены ўсіх багаццяў, вандраваў. На баку Тэўтонскага ордэна ўдзельнічаў у паходах на землі ВКЛ, у т. л. на Вільню (вер. 1390). У выніку мяцяжу знаці Паўн. Англіі супраць Рычарда II абвешчаны каралём. Намагаўся ліквідаваць феад. апазіцыю.

Генрых V [1413—22], сын Генрыха IV, палкаводзец і дыпламат. У барацьбе за франц. трон аднавіў Стогадовую вайну 1337—1453. У бітве пры Азенкуры (1415) разграміў франц. войска і да 1420 захапіў паўн. Францыю, у т. л. Парыж. Паводле дагавора ў Труа (21.5.1420) прызнаны нашчадкам франц. прастола. Памёр у час аблогі г. Мо.

Джон (1389—1435), сын Генрыха IV, герцаг Бэдфард, рэгент Францыі пры малалетнім Генрыху VI.

Хемфры (1391—1447), сын Генрыха IV, герцаг Глостэрскі, рэгент Англіі пры малалетнім Генрыху VI.

Генрых VI (1421—1471), кароль [1422—61, 1470—71]. Псіхічнахворы. У ходзе Пунсовай і Белай руж вайны 1455—85 скінуты Йоркамі і забіты ў Таўэры.

Эдуард (1453—1471), сын Генрыха VI, прынц Уэльскі, апошні прадстаўнік асн. лініі Л. Загінуў у бітве пры Цьюксберы. Дамаганні Л. на трон былі адноўлены іх далёкімі родзічамі Цюдарамі.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 9, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРЫ́С-МЕ́ЛІКАЎ (Міхаіл Тарыэлавіч) (1.1.1826, Тбілісі —24.12.1888),

расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1875), граф (1878), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1880). Вучыўся ў Лазараўскім ін-це ўсх. моў у Маскве, школе гвардз. кав. падпрапаршчыкаў у Пецярбургу. Спачатку 4 гады служыў у Гродзенскім гусарскім палку. З 1847 удзельнік Каўк. вайны 1817—64 (ваен. аперацый супраць Шаміля), фактычны кіраўнік ваен. дзеянняў на Закаўказскім тэатры Крымскай вайны 1853—56. З 1861 ваен. нач. Паўд. Дагестана, граданачальнік Дэрбента, у 1863—75 нач. Церскай вобл. З 1876 і ў рус.-тур. вайну 1877—78 камандаваў асобным Каўк. корпусам. У 1879 часовы астраханскі, саратаўскі, самарскі і харкаўскі ген.-губернатар. Пасля замаху С.М.Халтурына на цара Аляксандра II (лют. 1880) прызначаны старшынёй Вярхоўнай распарадчай камісіі, стаў фактычна дыктатарам, са жн. міністр унутр. спраў і шэф жандараў. У 1881 у пісьмовых дакладах Аляксандру II прапанаваў правесці шэраг рэформ (стварэнне законадарадчай прадстаўнічай установы на аснове земскай сістэмы і ўрада, які адказвае перад імператарам і праводзіць ва ўсіх мін-вах і ведамствах адзіную палітыку: пераадоленне сял. малазямелля, пашырэнне правоў і паўнамоцтваў земскіх арг-цый, вызваленне друку ад часткі цэнзурных забарон), пасля забойства цара пайшоў у адстаўку і выехаў за мяжу. Аўтар артыкулаў, у т. л. «Запіскі, складзенай з апавяданняў і сведчанняў Хаджы-Мурата» (1881).

Літ.:

Корнилов А.А. Курс истории России XIX в. М., 1993. С. 369—394;

Данилов Д.Д. Лорис-Меликов: карьера «парадоксального диктатора» // Вопр. истории. 1998. № 11/12.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 9, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1743—44,

буйное антыфеад. выступленне сялян Крычаўскага староства (гл. Крычаўская воласць). Выклікана ўзмацненнем феад.-прыгоннага прыгнёту, жорсткай эксплуатацыяй сялян арандатарамі і адміністрацыяй староства. Доўгія гады сяляне вялі ўпартую барацьбу супраць самавольства адміністрацыі староства і арандатараў, адмаўляліся плаціць падаткі, адбываць паншчыну і інш. павіннасці, збівалі панскіх прыказчыкаў, уцякалі на Украіну. У канцы 1743 выбухнула ўзбр. паўстанне, якое ўзначалілі мясц. сяляне В.Вашчыла і яго паплечнікі І.​Карпач, С.​Бачко, В.​Вецер і інш. Сяляне выступалі супраць шляхты, нападалі на дамы купцоў і ліхвяроў, разганялі адміністрацыю. Кіраўнік Крычаўскага староства Г.​Ф.​Радзівіл 15.1,1744 накіраваў супраць паўстанцаў войска на чале з палкоўнікам Пястжэцкім, якое размясцілася ў Крычаве. 18.1.1744 сяляне штурмавалі Крычаў сіламі да 2 тыс. чал., але былі разбіты добра ўзброеным войскам. Пацярпеўшы паражэнне, паўстанцы сабраліся каля в. Царкавішча, дзе папоўніліся новымі сіламі (да 4 тыс. чал.) і планавалі пачаць 26.1.1744 новую аблогу Крычава. Але ў ноч перад аблогай на іх лагер нечакана напалі атрады Пястжэцкага. У выніку забіта больш за 200 чал. і шмат паранена. У пач. лют. 1744 паўстанне канчаткова задушана; 76 чал. было пакарана смерцю; да розных мер пакарання былі прыгавораны ўсе актыўныя паўстанцы, якія трапілі ў палон. Радзівіл абмежаваўся асобнымі ўступкамі: замяніў прымусовыя работы на будах грашовым чыншам, зняў некат. абмежаванні ў сялянскім гандлі, аб’явіў пра намер не здаваць староства ў арэнду і інш.

Літ.:

Мялешка В.І., Лойка П.А. Паўстанне сялян пад кіраўніцтвам Вашчылы. Мн., 1988;

Іх жа. І ўзняўся люд просты. Мн., 1992.

В.​І.​Мялешка.

т. 8, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЁЎ (Сяргей Паўлавіч) (12.1.1907, г. Жытомір, Украіна — 14.1.1966),

савецкі вучоны і канструктар у галіне ракетабудавання і касманаўтыкі. Акад. АН СССР (1958, чл.-кар. 1953). Двойчы Герой Сац. Працы (1956, 1961). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя Баўмана (1930) і адначасова Маскоўскую школу лётчыкаў. З 1927 працаваў у авіяц. прам-сці. Адзін з арганізатараў, з 1932 нач. Групы вывучэння рэактыўнага руху, дзе ствараліся першыя сав. вадкасныя ракеты і праводзіліся іх выпрабаванні. З 1933 нам. дырэктара Рэактыўнага НДІ, з 1934 кіраўнік аддзела ракетных лятальных апаратаў. У 1942—46 нам. гал. канструктара па рэактыўных устаноўках для баявых самалётаў. Канструктар першых сав. шматступеньчатых балістычных ракет і ракетна-касм. сістэм, з дапамогай якіх запушчаны першы ў свеце ШСЗ, аўтам. міжпланетныя станцыі «Месяц», «Венера», «Марс», «Зонд». Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны і запушчаны арбітальныя касм. караблі «Усход» і «Узыход», ажыццёўлены першы ў свеце касм. палёт чалавека (12.4.1961, Ю.​А.​Гагарын) і выхад чалавека ў космас (18.3.1965, А.​А.​Лявонаў), вывад на арбіту спадарожнікаў рознага прызначэння ( «Электрон», «Маланка-1», «Космас», «Зонд» і інш.). Рэпрэсіраваны ў 1938—44; знаходзіўся ў зняволенні на Калыме (1938-40); потым працаваў у КБ у Маскве (1940—42) і Казані (1942—44). Ленінская прэмія 1957. Імем К. названа буйное ўтварэнне (таласоід) на адваротным баку Месяца.

Тв.:

Творческое наследие академика С.П. Королева: Избр. тр. и док. М., 1980.

Літ.:

Голованов Я К. Королев: Хроника. Кн. 1. М., 1973. Яго ж. Королев: Факты и мифы. М., 1994.

С.П.Каралёў.

т. 8, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛОТ (Клот фон Юргенсбург),

сям’я расійскіх мастакоў 19 ст. Нарадзіліся ў Пецярбургу.

Пётр Карлавіч (5.6.1805—20.11.1867), скульптар і ліцейны майстар. З 1829 наведваў класы Пецярбургскай АМ, з 1838 яе праф. і заг. ліцейнай майстэрні. Працаваў у анімалістычнай манум. скульптуры і дробнай пластыцы. У творчасці спалучаў традыцыі класіцызму з імкненнем да непасрэднай фіксацыі жыццёвых назіранняў. Сярод твораў: 4 групы ўтаймавальнікаў коней на Анічкавым мосце (1833—49), помнікі І.​Крылову ў Летнім садзе (1848—55) і Мікалаю I (1856—59, з М.​Рамазанавым і Р.​Залеманам) — усе ў Пецярбургу; «Кабыла з жарабём» (1854—55) і інш. Міхаіл Канстанцінавіч (11.1.1833—29.5.1902), жывапісец. Пляменнік Пятра Карлавіча. Скончыў Пецярбургскую АМ (1858), у 1871—86 праф.-кіраўнік яе пейзажнага класа. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). У 1858—61 у Швейцарыі і Францыі. Аўтар рэаліст. пейзажаў рус. вёскі: «Вялікая дарога ў восень» (1863), «На раллі» (1872), «Лясная далечыня апоўдні» (1876—78) і інш. Міхаіл Пятровіч (29.9.1835—20.1.1914), жывапісец. Сын Пятра Карлавіча. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1895). Вучыўся ў А.​Агіна, скончыў Пецярбургскую АМ (1861). У 1857—60 у Парыжы, у 1862—65 у Мюнхене. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак. Аўтар сентыментальных жанравых кампазіцый: «Рыбакі фіны» (1855), «Хворы музыкант» (1859), «Апошняя вясна» (1861), «Чорная лава» (1871) і інш.

Да арт. Клот. П.​Клот. Утаймавальнік каня. Скульптурная група на Анічкавым мосце ў Пецярбургу. 1833—49.
Да арт. Клот. М.​К.​Клот. На раллі. 1872.

т. 8, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАЎ (сапр. Сарокін) Глеб Паўлавіч

(11.5.1899, г. Вазнясенск, Украіна — 3.3.1967),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1940), нар. арт. СССР (1948). Вучыўся ў Адэскім політэхн. ін-це (1917—18). Сцэн. дзейнасць пачаў у аматарскіх спектаклях, якія наладжваў яго бацька П.​Сарокін. З 1926 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы (маст. кіраўнік у 1941—47; у 1943 узначальваў тэатр. франтавую брыгаду). Выдатны майстар камедыі. Майстэрства пераўвасаблення, яркасць знешняга малюнка, пластычная выразнасць, глыбокае пранікненне ў сутнасць характару чалавека, арганічнасць паводзін, імправізацыйны дар вызначалі яго мастацтва. Найб. ярка акцёрскі талент Глебава выявіўся ў нац. драматургіі: Няміра («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Харкевіч («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Пустарэвіч («Паўлінка» Я.​Купалы; і ў кіно), Туляга («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, Дзярж. прэмія СССР 1941; і ў кіно), Кропля («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, Дзярж. прэмія СССР 1948; і ў кіно), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Глушак («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа) і інш. Сярод лепшых роляў у класічным рэпертуары: Маргарытаў («Позняе каханне» А.​Астроўскага), Гарпагон («Скупы» Мальера), Мендоза («Дзень цудоўных падманаў» Р.​Шэрыдана). Здымаўся ў кіно: «Несцерка», «Нашы суседзі», «Палеская легенда», «Першыя выпрабаванні», «Усходні калідор» і інш. Вял. папулярнасць набыў як чытальнік на радыё, асабліва казак і баек для дзяцей.

Літ.:

Сабалеўскі А.В. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага бел. камедыйнага акцёра. Мн., 1994.

А.​В.​Сабалеўскі.

Г.П.Глебаў. Мастак І.​Ахрэмчык. 1943.
Г.П.Глебаў у ролі пана Антонія (справа) у кінафільме «Палеская легенда».
Г.П.Глебаў у ролі Пустарэвіча.

т. 5, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЗАВІ́ТАЎ (Канстанцін Барысавіч) (17.11.1893, г. Даўгаўпілс, Латвія — 23.5.1946),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч. Скончыў Віцебскі настаўніцкі ін-т (1916), Паўлаўскае ваен. вучылішча. Ўдзельнік 1-й сусв. вайны. У 1917—18 нам. старшыні і сакратар ваен. аддзела Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Удзельнік абвяшчэння БНР (25.3.1918), чл. яе Рады, нар. сакратар ваен. спраў у 1-м урадзе БНР. У 1919 нач. канцылярыі Мін-ва бел. спраў ва ўрадзе Літвы, кіраўнік Вайскова-дыпламат. місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. Па даручэнні ўрада БНР устанавіў дыпламат. адносіны з урадамі Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, звяртаўся да ўрада ЗША з просьбай аб аказанні ваен. дапамогі БНР, вёў работу па арганізацыі бел. войска. У 1920 урад БНР прысвоіў Е. званне ген.-маёра. З 1921 у Рызе, займаўся публіцыстычнай, грамадска-паліт. і культ.-асв. дзейнасцю сярод беларусаў. У 1923—24 дырэктар Люцынскай дзяржаўнай беларускай гімназіі. Удзельнік Усебел. канферэнцыі ў Празе (1921) і Берліне (1925). Неаднаразова быў арыштаваны сав. і латв. ўладамі. У жн. 1941 ва ўмовах ням. акупацыі стварыў і ўзначаліў у Рызе Бел. цэнтр. к-т (у 1942 пераўтвораны ў Бел. нац. аб’яднанне). На 2-м Усебел. кангрэсе (чэрв. 1944, Мінск) абраны ў склад Беларускай цэнтральнай рады, дзе ўзначаліў гал. ваен. ўпраўленне, быў ген. інспектарам «беларускага вызваленчага войска», якое фарміравалася на тэр. Германіі. У чэрв. 1944 эвакуіраваўся ў Рыгу, у жн. 1944 — у Берлін. 26.4.1945 затрыманы сав. контрразведкай і перапраўлены ў Маскву, у ліст. 1945 — у Мінск. Памёр у турэмнай бальніцы ў час следства.

У.​М.​Міхнюк.

К.Б.Езавітаў.

т. 6, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЛА́МЕНТ (англ. parliament ад франц. parlement ад parier гаварыць),

назва найвышэйшага прадстаўнічага і заканад. органа ў дэмакр. дзяржавах. Першыя П. ўзніклі ў 12—13 ст. у Англіі і Іспаніі як саслоўная прадстаўнічая ўстанова. Сучаснае значэнне П. набыў у 17—18 ст. У сав. перыяд найвышэйшыя прадстаўнічыя органы саюзных рэспублік і СССР П. не з’яўляліся. П. мае розныя назвы: уласна П. існуе ў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Канадзе, Бельгіі і інш.; у ЗША — кангрэс, у Расіі — Федэральны сход, у Літве і Латвіі — сейм, Беларусі — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь і г.д. Існуюць аднапалатная і двухпалатная структуры П. (Нац. сход і Сенат у Францыі, Палата прадстаўнікоў і Сенат у ЗША, Сейм і Сенат у Польшчы, Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі ў Беларусі; аднапалатны Усекіт. сход нар. прадстаўнікоў у Кітаі і інш.). У краінах англасаксонскага права састаўной часткай П. з’яўляецца кіраўнік дзяржавы (Нар. палата, Савет штатаў і прэзідэнт у Індыі). Ніжнія палаты ў двухпалатных П. і аднапалатныя П. ўтвараюцца заўсёды шляхам прамых выбараў, верхнія палаты фарміруюцца шляхам прамых (ЗША, Італія) або непрамых (ускосных, многаступенных) выбараў (Індыя, Францыя), частка іх членаў займае месцы ў парадку назначэння (Вялікабрытанія, Канада, Беларусь). У палатах ствараюцца камітэты або камісіі для папярэдняга разгляду законапраектаў. Функцыі П. ўключаюць выданне законаў, прыняцце дзяржбюджэту, ратыфікацыю міжнар. дагавораў. У некаторых краінах П. фарміруе ўрад, выбірае або назначае многія інш. вышэйшыя органы дзяржавы — вярх. суд, канстытуцыйны суд, ген. пракурора, прэзідэнта, падліковую палату і інш.

В.​А.​Кадаўбовіч.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР «ДЗЕ́-Я?».

Засн. ў 1987 у Мінску як тэатр-студыя пад кіраўніцтвам М.​Трухана і В.​Баркоўскага. З 1992 сучасная назва. Маст. кіраўнік Трухан (да 1999). У рэпертуары т-ра студыйнага перыяду драма «Шрамы» Я.​Шабана, казка «Кот у ботах» паводле Ш.​Перо, камедыі «Андантэ» і «Кватэра Каламбіны» Л.​Петрушэўскай, драм. трылогія «Эцюды памяці зямлі Беларускай» («Роспач») паводле твораў У.​Караткевіча, «Імжа» паводле п’есы І.​Кофты «Халопская вайна», «Рагнеда» Н.​Рапы — своеасаблівы творчы маніфест калектыву, які абвясціў яго маст. і грамадз. заклапочанасць вывучэннем і творчым адлюстраваннем менталітэту бел. народа. Значнай маст. з’явай жыцця т-ра 1990-х г. сталі пастаноўкі твораў Ф.​Аляхновіча: «Здань» — псіхал. кантамінацыя сімволіка-містычных драм «Страхі жыцця» і «Цені», фальк. камедыя «Чорт і баба», спектакль «Круці...» паводле сцэн. гратэску «Круці не круці — трэба памярці» і кн. «У капцюрох ГПУ». З інш. пастановак найб. значныя: філас. драма-малітва «Распад» паводле п’ес У.​Шэкспіра, камедыя «Жаніцьба» М.​Гогаля і сцэн. паэма «Мёртвыя душы» паводле яго аднайм. рамана, камедыя «Каханне — кніга залатая» А.​Талстога, біблейскі фарс «Дзевяты прапаведнік» Е.​Юрандота, казкі-прыпавесці «Барановы кароль» Трухана, «Дзіва-казка» В.​Острава і інш. Сярод акцёраў т-ра: Л.​Баталава, Г.​Гатоўчыц, Т.​Міронава, І.​Падлівальчаў, Т.​Папова, А.​Сушко, Г.​Чарнабаева і інш. Спектаклі ставілі Трухан, Баркоўскі, М.​Дзінаў, І.​Мацкевіч і інш.

Л.​А.​Лявонава.

Мінскі Драматычны тэатр «Дзе-Я?» Сцэна са спектакля «Чорт і баба» Ф.​Аляхновіча.
Мінскі Драматычны тэатр «Дзе-Я?» Сцэна са спектакля «Жаніцьба» М.​Гогаля.

т. 10, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛАТАЎ (сапр. Скрабін) Вячаслаў Міхайлавіч

(9.3. 1890, слабада Кукарка, цяпер у межах г. Савецк Кіраўскай вобл., Расія — 8.11.1986),

савецкі дзярж. і паліт. дзеяч, дыпламат. Герой Сац. Працы (1943). Вучыўся ў Пецярбургскім політэхн. ін-це (1911—12). Чл. КПСС з 1906, яе ЦК (1921—57), Палітбюро (Прэзідыума) ЦК (1926—57). У Кастр. рэвалюцыю 1917 чл. Петраградскага ВРК. З 1919 старшыня Ніжагародскага губвыканкома, сакратар Данецкага губкома РКП(б), сакратар ЦК Кампартыі Украіны. З 1921 сакратар ЦК ВКП(б). У 1930—41 старшыня СНК СССР. У 1941—57 1-ы нам. старшыні СНК (СМ) СССР, адначасова ў 1941—1945 нам. старшыні Дзярж. к-та абароны, у 1939—49 і 1953—56 міністр замежных спраў СССР. У сярэдзіне 1950-х г. выступіў супраць крытыкі культу асобы І.​В.​Сталіна. На чэрвеньскім (1957) пленуме ЦК КПСС выведзены са складу Прэзідыума ЦК і ЦК, у 1962 выключаны з партыі (адноўлены ў 1984). З 1957 пасол СССР у Манголіі, у 1960—62 кіраўнік сав. прадстаўніцтва пры Міжнар. агенцтве па атамнай энергіі. М. — адзін з арганізатараў рэпрэсій палітычных у СССР у 1930—50-я г. Ад імя сав. ўрада падпісаў сав.-герм. дагавор аб ненападзе ад 23.8.1939 (Пакт Рыбентропа—Молатава 1939), сав.-герм. дагавор аб дружбе і граніцы ад 28.9.1939, сакрэтныя пратаколы да іх. Удзельнік Маскоўскіх (1941, 1943, 1945) нарад, Тэгеранскай (1943), Крымскай і Патсдамскай (абедзве 1945) канферэнцый кіраўнікоў саюзных дзяржаў — СССР, ЗША і Вялікабрытаніі.

Літ.:

Медведев Р.А. Они окружали Сталина. М., 1990.

т. 10, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)