АКУ́НІНА возера ў Беларусі, у Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., у бас.р. Піна. Пл. 0,23 км². Даўж. 0,94 км, найб.шыр. 0,31 км, найб.глыб. 11,8 м. Пл. вадазбору каля 3 км². Схілы нізкія, на З і Пд парослыя лесам, на У забалочаныя. Берагі пясчаныя, на Пд тарфяністыя. Праз Завішчанскі канал злучана з Завішчанскім возерам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРО́НА СУДО́ВАЯ,
сукупнасць працэсуальных гарантаваных законам дзеянняў, накіраваных на ахову правоў і інтарэсаў грамадзян. У Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца судом праз дакладна рэгламентаваны парадак разгляду спраў, бакам даюцца аднолькавыя магчымасці ў працэсе. Грамадзяне маюць права абскарджваць у судзе неправамерныя дзеянні органаў дзярж. кіравання і службовых асоб, у касацыйным парадку суд. пастановы, абараняць сваю маёмасць і асобу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБНАРО́ДАВАННЕ ЗАКО́НУ,
давядзенне закону да ўсеагульнага ведама; афіцыйнае апублікаванне закону. Ажыццяўляецца органам, які прыняў закон, або кіраўніком дзяржавы ў вызначаныя дадзеным ці спец. законам тэрміны і ўстаноўленым парадку. У Рэспубліцы Беларусь законы і інш. акты, прынятыя Вярх. Саветам, публікуюцца ў «Ведамасцях Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь», перадаюцца праз сродкі масавай інфармацыі (газеты, тэлебачанне, радыё), сродкі сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЁЛІЗ (ад бактэрыі + ...ліз),
разбурэнне абалонкі бактэрый і выхад іх цытаплазмы ў вонкавае асяроддзе. Можа выклікацца фіз. і хім. агентамі, бактэрыяфагамі, антыцеламі (бактэрыялізінамі), некаторымі ферментамі (напр., лізацымам). Адрозніваюць бактэрыёліз неспецыфічны (ад уздзеяння на бактэрыі фіз. і хім. фактараў) і спецыфічны (выклікаецца імуннымі целамі ў спалучэнні з кампліментам, а таксама праз заражэнне бактэрыі мікраарганізмам — паразітам і фагам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛБЕ́Я, Галбея Паўночная,
возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Галбіца (цячэ праз возера), за 25 км на ПнУ ад г. Паставы. Пл. 0,35 км², даўж. 1 км, найб.шыр. 480 м, даўж. берагавой лініі 2,6 км. Схілы катлавіны выш. 6—8 м, разараныя. Берагі нізкія, на У і Пн зліваюцца са схіламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВАНІЗА́ЦЫЯў медыцыне,
метад электралячэння, заснаваны на выкарыстанні ў лек. і прафілакт. мэтах пастаяннага эл. току малой сілы і нізкага напружання; адзін з метадаў фізіятэрапіі. Выкарыстоўваецца пры захворваннях перыферычнай нерв. сістэмы (радыкуліты, плексіты, неўрыты), траўматычных, рэўматычных, абменных артрытах і інш. Станоўчы эфект дасягаецца праз змяненні фіз.-хім. працэсаў у клетках тканак тых участкаў цела, на якія накладваюцца электроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАМЕНАРЭ́Я (ад гіпа... + аменарэя),
гіпаменструальны сіндром, аслабленне менструальнага цыкла. Праяўляецца мізэрнымі менструацыямі (10—20 мл крыві), апсаменарэяй (працягласць менструацыі 1—2 дні) і алігаменарэяй (менструацыі праз 40—60 дзён); заканчваецца, як правіла, аменарэяй. Бывае пры хваробах, якія пашкоджваюць адно ці некалькі звёнаў, што рэгулююць менструальны цыкл: ц. н. с. (гіпаталамус — гіпофіз — яечнікі), шчытападобная залоза, наднырачнікі — матка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ЛЬКАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., у бас.р. Ясельда, за 39 км на ПдУ ад г. Івацэвічы. Пл. 0,51 км², даўж. 1 км, найб.шыр. 700 м, найб.глыб. 24,5 м. Схілы катлавіны выш. да 5 м, пясчаныя; паўн. — тарфяністыя, пад лесам і хмызняком, месцамі разараныя. Вакол возера прыродаахоўная зона. Праз возера працякае Агінскі канал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́ЧНА ДАПУШЧА́ЛЬНАЯ ДО́ЗА,
максімальная колькасць шкоднага агента, якая пры ўздзеянні на жывыя арганізмы (праз дыхальную сістэму, ежу і да т.п.) ці іх згуртаванні яшчэ не выклікае істотных змен іх стану і парушэнняў працэсаў жыццядзейнасці. Вызначаюць гранічна дапушчальную дозу аднаразовую або ў пераліку на азначаны прамежак часу (гадзіну, дзень і г.д.). Для розных відаў жывых арганізмаў гранічна дапушчальная доза неаднолькавая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБЧА́СТАЕ КО́ЛА,
звяно зубчастых перадач, якое мае выступы (зубы) для перадачы руху праз счапленне з выступамі другога звяна. Бываюць цыліндрычныя, канічныя і чарвячныя; з прамымі, касымі і крывалінейнымі зубамі. Робяць са сталі, чыгуну, сплаваў каляровых металаў, пластмас.
Зубчастыя колы: 1, 2 — цыліндрычныя прама- і касазубыя; 3, 4 — канічныя прамазубыя і са спіральнымі зубамі; 5 — шаўроннае; 6 — чарвячнае.