КАНЧЭ́ЎСКІ Ігнат Уладзіміравіч (май 1896, Вільня — 23.4.1923),
бел. філосаф, паэт, публіцыст. Брат А.У.Канчэўскага. Скончыў Віленскае рэальнае вучылішча (1913), вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це, Маскоўскім ун-це (1913—16), на Вышэйшых каап. курсах пры ун-це імя А.Л.Шаняўскага (Масква, 1917). Падзяляў праграму эсэраў, падтрымліваў укр.нац. рух. З 1919 у Мінску, працаваў у Саўнаргасе, у Цэнтрасаюзе спажывецкіх т-ваў Беларусі. Друкаваў вершы, паліт. артыкулы, рэцэнзіі ў віленскай прэсе. Аснова светапогляднай і жыццёвай пазіцыі К. — адданасць бел. справе, любоў да Бацькаўшчыны, самаахвярная праца на карысць народа. У філас. эсэ «Адвечным шляхам» (1921) раскрыў драматызм гіст. лёсу беларусаў, іх імкненне захаваць незалежнасць свайго духу. Гал. мэтай народа лічыў дзярж. незалежнасць, разглядаў яе як агульначалавечы ідэал. Адной з гал. перашкод лічыў бюракратычную сістэму дзяржавы і дух «канцылярыі». Цывілізаваны шлях вырашэння грамадскіх праблем бачыў у вольнай творчасці, непрымусовых формах сац. аб’яднання людзей, у выбары «трэцяга, сялянска-рамесніцкага шляху вольных брацтваў і кааперацыі — паміж дзікім капіталізмам і тыранічным сацыялізмам». Вершы друкаваў пад псеўд. Ігнат Абдзіраловіч і Ганна Галубянка. Паэт. творчасць вызначаецца філас. пранікнёнасцю ў сутнасць нар. жыцця, спалучэннем прыгажосці бел. слова з нац. светабачаннем, замілаваннем да чалавека, верай у адраджэнне і будучы росквіт Бацькаўшчыны (вершы «Па святой зямлі...», «Вераснёвае пано», «Так прыгожы старыя званіцы...», «На матывы Р.Тагора», верш у прозе «Мы разам...»).
Тв.:
Адвечным шляхам: Дасьледзіны бел. сьветагляду. 4 выд.Мн., 1993.
Літ.:
Калеснік У. Ветразі Адысея. Мн., 1977. С. 78—88;
Конан У.У. свабодзе і творчасці — ратунак для свету // Вобраз—90. Мн., 1990;
Яго ж. «...Нас злучае супольнасць ахвяры»: Ігнат Канчэўскі, 1896—1923 // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕ́ТАПІС»,
бел. кінастудыя хранікальна-дакумент. фільмаў. Існавала ў 1968—98. Створана як вытворча-творчае аб’яднанне кінастудыі «Беларусьфільм» на базе Мінскай студыі навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў, з 1987 кінастудыя. Выпускала дакумент., хранікальна-дакумент., навукова-папулярныя, навучальныя, тэхніка-прапагандысцкія фільмы, кіначасопісы («Савецкая Беларусь», «Піянер Беларусі», «Мастацтва Беларусі», «Навука і тэхніка Беларусі» і інш.). Многія фільмы атрымалі ўзнагароды на міжнар. і ўсесаюзных кінафестывалях: «Боль мой — Хатынь» (рэж. П.Аліфярэнка), «У агні жыцця» (рэж. 1. Вейняровіч; абодва 1970), «Балада аб мужнасці і любві» (1972, рэж. Вейняровіч), «Зямля мая — лёс мой» (рэж. Ю.Лысятаў, Р.Ясінскі), «Шчаслівыя берагі Алімпіі» (рэж. С.Лук’янчыкаў; абодва 1978), «Атакуе ўся каманда» (1983, рэж. У.У.Цяслюк) і інш.Дзярж. прэміі Беларусі прысуджаны фільмам «Генерал Пушча» (1968, сцэнарый А.Вялюгіна, рэж. Вейняровіч), «Мы з Беларусі», «Бацькоўскае поле» (абодва 1982; рэж. Лысятаў). Сярод інш. фільмаў: «Птушка ікс» (1973, рэж. Дз.Міхлееў, аператар У.Цяслюк), «Праз дзесяць гадоў, або Надзеі і трывогі 10 «А» (1974, сцэнарый Л.Браслаўскага, рэж. В.Сукманаў і Ясінскі), трылогія «Жанчына з забітай вёскі», «Немы крык» і «Жменя пяску» (1976, рэж. В.Дашук), «Іван Мележ» (1977, рэж. Лысятаў), «Дэсант на Чару» (1979, рэж. Ясінскі), «Маці салдацкая» (1981, рэж. М.Жданоўскі), «Тады я не плакала» (1984, рэж. Дашук), «Полацкая жамчужына» (1988, рэж. С.Гайдук), «Крэва» (1996, рэж. Жданоўскі), «Канікулы для сіраты» (1998, рэж. Г.Адамовіч). Сярод рэжысёраў таксама А.Алай, В.Аслюк, С.Галавецкі, М.Заслонава, І.Калоўскі, А.Канеўскі, А.Карпаў, І.Пікман, М.Скітовіч, Б.Стральцоў, Ю.Цвяткоў, П.Шамшур, У.Шаталаў; аператары В.Арлоў, Ю.Плюшчаў, С.Пятроўскі, І.Рамішэўскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМІРНО́Ў Сяргей Сяргеевіч (26.9.1915, С.-Пецярбург — 22.3.1976),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі энергетычны ін-т (1937), Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1941). Удзельнік Вял.Айч. вайны. З 1946 працаваў у «Воениздате», час. «Новый мир», гал. рэдактарам «Литературной газеты» (1959—60). Друкаваўся з 1934 як журналіст. На дакумент. матэрыяле напісаны яго кнігі «На палях Венгрыі» і «Сталінград на Дняпры» (абедзве 1954). Творы С. ўпершыню ўзнавілі гераізм абаронцаў Брэсцкай крэпасці ў 1941: «Крэпасць на граніцы» (1956), «У пошуках герояў Брэсцкай крэпасці» і «Брэсцкая крэпасць» (абедзве 1957, дапоўненае выд. 1964; Ленінская прэмія 1965). «Героі Брэсцкай крэпасці» (1959), «Апавяданні пра невядомых герояў» (1963), «Таран над Брэстам» (1965), «Мы — з Брэста» (1972), «Героі Вялікай вайны» (1977, прадмова В.Быкава), п’есы «Крэпасць над Бугам» (паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1956), «Людзі, якіх я бачыў» (паст. Брэсцкім і Магілёўскім абл.драм. т-рамі, 1958). Яго выступленні ў друку, па радыё і тэлебачанні садзейнічалі разгортванню масавага руху па выяўленні малавядомых старонак мужнасці сав. воінаў у Вял.Айч. вайну. Аўтар дакумент. нарысаў, сцэнарыяў дакумент. і маст. кінафільмаў на тэму Вял.Айч. вайны. На бел. мову творы С. перакладалі А.Бажко, А.Бачыла. Яго імем названа вуліца ў Брэсце; С. прысвечаны стэнд у музеі абароны Брэсцкай крэпасці, у ім зберагаецца архіў пісьменніка.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 1973;
Рассказы о неизвестных героях. Мн., 1989;
Брестская крепость: Док. кн.Мн., 1991: Бел.пер. — Брэсцкая крэпасць: Кароткі нарыс гіст. абароны 1941 г.Мн., 1958;
Брэсцкая крэпасць. Мн., 1967.
Літ.:
Быкаў В. Сяргей Смірноў // Быкаў В. Праўдай адзінай. Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУРКО́Ў Аляксей Аляксандравіч (13.10.1899, в. Сераднёва Рыбінскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 14.6.1983),
рускі паэт, грамадскі дзеяч. Герой Сац. Працы (1969). Засл. дз. культ. Арменіі (1970). Скончыў Ін-т чырвонай прафесуры ў Маскве (1934). У 1944—46 гал. рэдактар «Литературной газеты», у 1945—53 час. «Огонек». Друкаваўся з 1918. Першая кніга вершаў — «Запеў» (1930). Зб-кі вершаў «Апошняя вайна» (1933), «Так мы раслі» (1940) прасякнутыя героікай грамадз. вайны. У песнях «Зямлянка» («Б’ецца ў цеснай пячурцы агонь...»), «Песня смелых» і інш. (Дзярж. прэмія СССР 1946), зб-ках «Снежань пад Масквой» (1942), «Расія караючая» (1944), «Свету — мір!» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Песні пра чалавецтва» (1961), «Што такое шчасце?» (1969) услаўленне парыву да перамогі, барацьбы за мір. Неаднаразова бываў на Беларусі: удзельнік вызвалення Зах. Беларусі (1939), прысутнічаў на Нар. сходзе Зах. Беларусі (28—30.10.1939, Беласток) і інш. Па матывах бел.нар. песень напісаў вершы «Над зялёнай магілай», «Заспявала дзяўчына», «Удовіна». Партызанам Беларусі, гераізму, мужнасці і стойкасці яе народа ў Вял.Айч. вайну прысвяціў вершы «Дзед Талаш», «Беларусь», «Вораг увайшоў у мой дом і разбіў...», «Клятва над кроўю», «Лясны бой пад Полацкам». Да 35-годдзя літ. дзейнасці Я.Купалы напісаў арт. «Народны паэт» (1940) і інш. Перакладаў вершы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, А.Куляшова, А.Александровіча, М.Машары. На бел. мову асобныя вершы С. перакладалі А.Астрэйка, С.Дзяргай, М.Аўрамчык, А.Вялюгін, Х.Жычка, А.Звонак, К.Кірэенка, У.Шахавец.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1978—80;
Бел.пер. — у кн.: Анталогія рускай савецкай паэзіі. Мн., 1936;
Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.
Літ.:
Резник О.С. Алексей Сурков: Путь поэта. 3 изд. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧУКО́ЎСКІ Карней Іванавіч (сапр.Карнейчукоў Мікалай Васілевіч; 31.3.1882, С.-Пецярбург — 28.10.1969),
рускі пісьменнік, крытык, дзіцячы паэт, літ.-знавец, перакладчык. Д-рфілал.н. (1957). Аўтар казак у вершах «Кракадзіл» (1916), «Мыйдадзір» (1923, паст. 1938, Дзярж.т-р лялек Беларусі), «Тараканішча» (1923), «Муха-цакатуха» (1924), «Бармалей» (1925), «Тэлефон», «Хвядорына гора» (абедзве 1926), «Айбаліт» (1929), «Лімпапо» (1935). Асн. асаблівасці яго паэт. свету — багацце і зменлівасць зрокавых вобразаў, мілагучнасць паэт. мовы, рухомасць рытму, дакладнасць і лаканічнасць паэт. выказвання, гульнёвы характар вершаваных твораў. Аўтар даследавання «Майстэрства Някрасава» (1952, Ленінская прэмія 1962), літ.-крыт. эсэ пра пісьменнікаў і дзеячаў культуры (кн. «Сучаснікі», 1962). Адзін з заснавальнікаў сав. школы тэорыі маст. перакладу («Прынцыпы мастацкага перакладу», 1919; «Высокае майстэрства», 1941), яму належаць лепшыя ў сусв. л-ры пераклады У.Уітмена (1907, «Мой Уітмен», 2-е выд. 1969).
Неаднаразова бываў на Беларусі, высока цаніў М.Багдановіча, асабліва вылучаў Я.Купалу і Я.Коласа, з якімі быў асабіста знаёмы. Традыцыі Ч. знайшлі працяг у лінгва-псіхал. даследаваннях дзяцей у В.Віткі (кнігі «Дзеці і мы», 1977; «Урокі», 1982). Некат. апавяданні Я.Маўра створаны на ўзор «Блытаніны» Ч. Бел. перакладчыкі Ю.Гаўрук, У.Дубоўка. А.Зарыцкі, А.Куляшоў, Я.Сінакоў і інш. перанялі ад Ч. метад творчага ўзнаўлення арыгінала сродкамі роднай мовы. На бел. мову творы Ч. перакладаюцца з 1930-х г. Сярод перакладчыкаў яго дзіцячых кніг А.Якімовіч, Зарыцкі, К.Кірэенка, У.Шахавец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШВАРЦ Яўген Львовіч (21.10.1896, г. Казань, Татарстан — 15.1.1958),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1914—16). Друкаваўся з 1923. У п’есах «Голы кароль» (нап. 1934, апубл. і паст. 1960), «Чырвоная шапачка» (паст. 1937), «Снежная каралева» (паст. 1939) і інш. на сюжэты нар. казак, казак Х.К.Андэрсена створаны ўласныя жывыя і арыгінальныя характары. П’есы «Цень» (паст. 1940), «Дракон» (паст. 1962) пра механізм панавання і падпарадкавання ў таталітарным грамадстве. П’еса-прытча «Звычайны цуд» (паст. 1956; кінафільм 1965, тэлефільм 1978) пра сілу дабра і веры чалавека. Аўтар аповесцей для дзяцей «Прыгоды Шуры і Марусі», «Чужая дзяўчынка» (абедзве 1937), «Першакласніца» (1949), вершаў, апавяданняў для дзяцей, дзённікаў, успамінаў, сцэнарыяў фільмаў «Папялушка» (1947), «Дон Кіхот» (1957). Яго творам уласцівы едкая іронія, эксцэнтрычны жарт, філас. сатыра і элементы лірызму. П’есы Ш. ставілі т-ры Беларусі: «Чырвоная шапачка» — Дзярж.т-р лялек (1940, 1986), Бел.рэсп.т-р юнага гледача (1963, 1967), Магілёўскі абл.драм.т-р (1972); «Снежная каралева» — Гродзенскі абл.драм.т-р (1950), Дзярж.рус.драм.т-р (1966), Бел.т-р імя Я.Коласа (1977), Бел.т-р імя Я.Купалы (1978); «Два клёны» — Брэсцкі абл.драм.т-р (1960), т-р імя Я.Коласа (1963), Бел.т-р юнага гледача (1968), Магілёўскі абл.драм.т-р (1978); «Беласнежка і сем гномаў», «Цар-вадакрут» — Гродзенскі абл.драм.т-р (1963, 1965); «Хрусталёвы чаравічак» — рус.драм.т-р (1977); «Голы кароль» — Гродзенскі абл.драм.т-р (1979), Бел.т-р юнага гледача (1996); «Папялушка» — Бел.т-р «Лялька» (1991) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТНАЦЭНТРЫ́ЗМ,
сукупнасць поглядаў, ідэй, дзеянняў, якія прыводзяць да абсалютызацыі каштоўнасна-нарматыўнай сістэмы (культуры, звычаяў, традыцый і да т.п.) дадзенага этнасу і адпаведна да недаацэнкі, пагарджання культурай, звычаямі інш.этнічнай групы. Тэрмін «Э.» увёў у навук. ўжытак амер. сацыёлаг У.Самнер у 1906 для абазначэння недаверу і перавагі над інш. народамі, негатыўных адносін ці варожасці да інш.этн. груп. Э. процілеглы талерантнасці. Прыхільнікі Э. імкнуцца навязаць звычаі, традыцыі, нормы сваёй этн. групы ў якасці эталона. Сац.-псіхал. механізмы фарміравання Э. на асобасна-сямейным узроўні і ў быт. сферы складваюцца ў працэсе самаідэнтыфікацыі і звязаны з натуральным для яе проціпастаўленнем «мы—яны», «свае—чужыя», з негатыўным рэагаваннем на ўсё незнаёмае, непрыхільнае. Гэта абумоўлена асаблівасцямі сацыялізацыі асобы ў пэўным іншакультурным асяроддзі, рэалізацыяй існуючых у ёй стэрэатыпаў адносін да прадстаўнікоў інш. этнасаў — плюралістычных, гетэрагенных або гамагенных, этнаэгаістычных. Вынікі сацыялагічных даследаванняў, праведзеных апошнім часам на Беларусі, сведчаць, што адносіны паміж рознымі этн. супольнасцямі могуць быць свабоднымі ад Э., узаемна талерантнымі і добразычлівымі. Больш за палову апытаных рэспандэнтаў сцвярджаюць, што ў штодзённым жыцці яны паводзяць сябе так, як быццам міжнац. адрозненняў у сучасным бел. грамадстве не існуе; менш як 10% з іх баяцца ўзнікнення міжнац. канфліктаў; 12% лічаць, што пры вырашэнні сац.-паліт. праблем неабходна ўлічваць, ці адносяцца асобныя індывіды і іх супольнасці да тытульнай нацыі (беларусаў) або да інш.этн. супольнасцей. Важную ролю ў памяншэнні праяўлення Э. ў розных сферах (эканам., паліт., сацыякульт., сямейна-быт.) адыгрывае паслядоўная і канструктыўная палітыка дзяржавы, якая забяспечвае рэальнае раўнапраўе ўсіх этнасаў, што жывуць на яе тэрыторыі, рэалізуе ва ўсіх сферах жыццядзейнасці абарону прававога статусу нац. меншасцей, арыентаванага на раўнапраўе іх з тытульнай нацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
różnić
różni|ć
незак. адрозніваць;
te cechy ~ły go od kolegów — гэтыя рысы адрознівалі яго ад калег;
nic nas nie różnić — мы нічым не адрозніваемся
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
панастаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.
1. і чаго. Наставіць, паставіць вялікую колькасць чаго‑н. [Трактарыст:] — А ці не лішне мы навазілі таго торфу?.. Гэта ж штабялёў панастаўлялі, што на поле не ўз’едзеш...Палтаран.// Набудаваць многа чаго‑н. Тым часам кончыліся цагляныя будынкі, якіх тут панастаўлялі за апошнія гады, і зноў пачаліся драўляныя хаты.Чыгрынаў.
2. Нацэліць куды‑н. усё, многае. Мы ўсе.. панастаўлялі рулі ўверх і стралялі па самалётах.Марціновіч.
3. Зрабіць стаячым усё, многае. Лётчыкі і тэхнікі селі на два прычэпы, затуліліся, панастаўлялі каўняры.Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разлі́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1.Незак.да разлічыць.
2. Меркаваць, мець намер. На рыбалку мы разлічвалі трапіць гадзіны за дзве да надыходу змроку.Сіняўскі.Падышоў не бацька, як .. [Лёдзя] разлічвала, а маці.Карпаў.// Спадзявацца на ажыццяўленне чаго‑н. [Іван Харытонавіч:] — У такім разе і мы будзем разлічваць на вашу дапамогу.Новікаў.Спаткаць тут знаёмых [Іван] не разлічваў, а таму заказаў нават гарэлкі, што пры іншых абставінах, бадай, не дазволіў бы сабе.Аношкін.// Ускладаць надзеі на каго‑н. [Якаўлеў:] — Адным словам, на .. [Валю] можаш разлічваць: не падвядзе, чалавек свой!Анісаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)