ШВАРЦ Яўген Львовіч (21.10.1896, г. Казань, Татарстан — 15.1.1958),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1914—16). Друкаваўся з 1923. У п’есах «Голы кароль» (нап. 1934, апубл. і паст. 1960), «Чырвоная шапачка» (паст. 1937), «Снежная каралева» (паст. 1939) і інш. на сюжэты нар. казак, казак Х.​К.​Андэрсена створаны ўласныя жывыя і арыгінальныя характары. П’есы «Цень» (паст. 1940), «Дракон» (паст. 1962) пра механізм панавання і падпарадкавання ў таталітарным грамадстве. П’еса-прытча «Звычайны цуд» (паст. 1956; кінафільм 1965, тэлефільм 1978) пра сілу дабра і веры чалавека. Аўтар аповесцей для дзяцей «Прыгоды Шуры і Марусі», «Чужая дзяўчынка» (абедзве 1937), «Першакласніца» (1949), вершаў, апавяданняў для дзяцей, дзённікаў, успамінаў, сцэнарыяў фільмаў «Папялушка» (1947), «Дон Кіхот» (1957). Яго творам уласцівы едкая іронія, эксцэнтрычны жарт, філас. сатыра і элементы лірызму. П’есы Ш. ставілі т-ры Беларусі: «Чырвоная шапачка» — Дзярж. т-р лялек (1940, 1986), Бел. рэсп. т-р юнага гледача (1963, 1967), Магілёўскі абл. драм. т-р (1972); «Снежная каралева» — Гродзенскі абл. драм. т-р (1950), Дзярж. рус. драм. т-р (1966), Бел. т-р імя Я.​Коласа (1977), Бел. т-р імя Я.​Купалы (1978); «Два клёны» — Брэсцкі абл. драм. т-р (1960), т-р імя Я.​Коласа (1963), Бел. т-р юнага гледача (1968), Магілёўскі абл. драм. т-р (1978); «Беласнежка і сем гномаў», «Цар-вадакрут» — Гродзенскі абл. драм. т-р (1963, 1965); «Хрусталёвы чаравічак» — рус. драм. т-р (1977); «Голы кароль» — Гродзенскі абл. драм. т-р (1979), Бел. т-р юнага гледача (1996); «Папялушка» — Бел. т-р «Лялька» (1991) і інш.

Тв.:

Пьесы. Л., 1972;

Телефонная книжка. М., 1997.

Літ.:

Цимбал С.Л. Евгений Шварц. Л., 1961;

Мы знали Евгения Шварца. Л.;

М., 1966.

т. 17, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)