панастаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.

1. і чаго. Наставіць, паставіць вялікую колькасць чаго‑н. [Трактарыст:] — А ці не лішне мы навазілі таго торфу?.. Гэта ж штабялёў панастаўлялі, што на поле не ўз’едзеш... Палтаран. // Набудаваць многа чаго‑н. Тым часам кончыліся цагляныя будынкі, якіх тут панастаўлялі за апошнія гады, і зноў пачаліся драўляныя хаты. Чыгрынаў.

2. Нацэліць куды‑н. усё, многае. Мы ўсе.. панастаўлялі рулі ўверх і стралялі па самалётах. Марціновіч.

3. Зрабіць стаячым усё, многае. Лётчыкі і тэхнікі селі на два прычэпы, затуліліся, панастаўлялі каўняры. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)