СМІРНО́Ў Сяргей Сяргеевіч (26.9.1915, С.-Пецярбург — 22.3.1976),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі энергетычны ін-т (1937), Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1941). Удзельнік Вял. Айч. вайны. З 1946 працаваў у «Воениздате», час. «Новый мир», гал. рэдактарам «Литературной газеты» (1959—60). Друкаваўся з 1934 як журналіст. На дакумент. матэрыяле напісаны яго кнігі «На палях Венгрыі» і «Сталінград на Дняпры» (абедзве 1954). Творы С. ўпершыню ўзнавілі гераізм абаронцаў Брэсцкай крэпасці ў 1941: «Крэпасць на граніцы» (1956), «У пошуках герояў Брэсцкай крэпасці» і «Брэсцкая крэпасць» (абедзве 1957, дапоўненае выд. 1964; Ленінская прэмія 1965). «Героі Брэсцкай крэпасці» (1959), «Апавяданні пра невядомых герояў» (1963), «Таран над Брэстам» (1965), «Мы — з Брэста» (1972), «Героі Вялікай вайны» (1977, прадмова В.​Быкава), п’есы «Крэпасць над Бугам» (паст. Бел. т-рам імя Я.​Коласа, 1956), «Людзі, якіх я бачыў» (паст. Брэсцкім і Магілёўскім абл. драм. т-рамі, 1958). Яго выступленні ў друку, па радыё і тэлебачанні садзейнічалі разгортванню масавага руху па выяўленні малавядомых старонак мужнасці сав. воінаў у Вял. Айч. вайну. Аўтар дакумент. нарысаў, сцэнарыяў дакумент. і маст. кінафільмаў на тэму Вял. Айч. вайны. На бел. мову творы С. перакладалі А.​Бажко, А.​Бачыла. Яго імем названа вуліца ў Брэсце; С. прысвечаны стэнд у музеі абароны Брэсцкай крэпасці, у ім зберагаецца архіў пісьменніка.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1973;

Рассказы о неизвестных героях. Мн., 1989;

Брестская крепость: Док. кн. Мн., 1991: Бел. пер. — Брэсцкая крэпасць: Кароткі нарыс гіст. абароны 1941 г. Мн., 1958;

Брэсцкая крэпасць. Мн., 1967.

Літ.:

Быкаў В. Сяргей Смірноў // Быкаў В. Праўдай адзінай. Мн., 1984;

Воспоминания о С.​С.​Смирнове. М., 1987.

А.​І.​Махнач.

т. 15, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)