РЭ́НІ ((Reni) Гвіда) (4.11.1575, г. Вергата, Італія — 18.8.1642),

італьянскі жывапісец. Зазнаў уплыў братоў Карачы, вывучаў творчасць Рафаэля, Караваджа, ант. мастацтва. Працаваў пераважна ў Рыме (з 1605) і Балонні (з 1622). У творчасці спалучаў вытанчанасць гарманічна-ясных, часта рэльефападобных кампазіцый з каларытам, пабудаваным на градацыях цёплых залацістых ці высветленых серабрыстых тонаў; у балонскі перыяд узмацніліся рысы элегантнай халоднай ідэалізацыі, часам сентыментальнасці. Сярод твораў: фрэска «Аўрора» ў Палацца Палавічыні-Распільёзі ў Рыме (каля 1610), карціны «Юнацтва дзевы Марыі» (1610-я г.), «Віфлеемскае забіванне немаўлят» (1612), «Аплакванне Хрыста» (1614—18), «Іосіф і жонка Пентэфрыя» і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 14, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адвенты́зм

(ад лац. adventus = прышэсце)

хрысціянская плынь у пратэстантызме, якая ўзнікла ў 1830-я гг. у ЗША і прапаведуе другое прышэсце Хрыста для «страшнага суда» над усімі жывымі і мёртвымі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БА́ЎЭР ((Bauer) Бруна) (6.9.1809, г. Айзенберг, Германія — 15.4.1882),

нямецкі філосаф. Прыват-дацэнт Берлінскага і Бонскага ун-таў. Напачатку артадаксальны гегельянец, потым далучыўся да левых, з 1839 — да младагегельянцаў, у канцы жыцця кансерватар і прыхільнік О.​Бісмарка. Асн. працы: «Крытыка Евангелля ад Іаана» (1840), «Крытыка сінаптычных евангелляў» (т. 1—3, 1841—42), «Вучэнне Гегеля пра рэлігію і мастацтва» (1842). Адмаўляючы гегелеўскую абсалютную ідэю, абвясціў абсалютнай самасвядомасць; лічыў рухальнай сілай гісторыі разумовую дзейнасць «мыслячых асоб», якія змяняюць свядомасць людзей. Адмаўленнем боскасці Ісуса Хрыста і гіст. Дакладнасці евангелляў Баўэр пракладваў шлях прыхільнікам міфалагічнай школы. З пазіцый ням. нацыяналізму ідэалізаваў прускую манархію.

М.​В.​Пешкаў.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ЦІХ (Міхаіл) (? — 1654),

літаратар, палеміст. Нарадзіўся на Беларусі. Выхоўваўся ў духу арыянства. Вучыўся ў Альтдорфскай гімназіі (з 1607, Германія), выключаны за прапаганду прагрэс. ідэй. Паслядоўнік С.Буднага. У 1611 вярнуўся на Беларусь, жыў у Навагрудку. Вядомы філас. трактатамі, палемікай, перапіскай. Пісаў на лац. мове. У 1612 напісаў трактат «Аб задавальненні Хрыста», у 1649 склаў алфавітны даведнік «Багаслоўскія зборнікі». У перапісцы з польск. мысліцелямі Я.​Крэлем, І.​Маскажэўскім, М.​Руарам выказваў думкі пра сілу чалавечага розуму і законы прыроды (апубл. ў Амстэрдаме, 1677). Палеміка Гіціха з альтдорфскім праф. Л.​Люцыусам надрук. пад назвай «Аб задавальненні... паміж М.​Гіціхам, сацыніянцам і Л.​Люцыусам артадоксам» (Базель, 1628).

Я.​І.​Парэцкі.

т. 5, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАСЭ́РНАСЦЬ,

схільнасць да спагады іншым, да літасці над кім-небудзь. У паняцці «М.» спалучаюцца духоўна-эмацыянальны аспект (перажыванне чужога болю як свайго) і канкрэтна-практычны (імкненне да дапамогі). Вытокі М. як рэальнага прынцыпу ляжаць у архаічнай радавой салідарнасці, якая абавязвала цаной любых ахвяр дапамагаць родзічам. М. прапаведуюць сусв. рэлігіі, перш за ўсё будызм і хрысціянства. Будызм разумее жыццё ўвогуле як пакуты, а таму М. трактуецца як універсальны прынцып адносін да ўсяго жывога. Хрысціянства ўносіць спецыфічную матывацыю М. — асабістую любоў да Хрыста. У выпадку маёмаснай і інш. няроўнасці застаецца адзінота, старасць і інш. пакуты, якія патрабуюць грамадскіх клопатаў і індывід. М.

т. 10, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ВЕРБЕК ((Overbeck) Іагай Фрыдрых) (3.7.1789, г. Любек, Германія — 12.11.1869),

нямецкі жывапісец. Вучыўся ў Венскай АМ (1806—09). У 1809 заснаваў у Вене брацтва назарэйцаў. З 1810 жыў у Рыме. У творчасці яскрава выявіліся патрыярхальна-кансерватыўныя тэндэнцыі ням. рамантызму, імкненне адрадзіць рэлігійнае мастацтва і стылістычныя прыёмы ням. і італьян. мастакоў 15 — пач. 16 ст.: фрэскі ў доме Бартольдзі (1816—17) і Казіно Масіма (1817—27) у Рыме; карціны «Уезд Ісуса Хрыста ў Іерусалім» (1809—24), «Італія і Германія» (1811—28), «Урачыстасць рэлігіі ў мастацтве» (1840). Аўтар партрэтаў: «Аўтапартрэт з Бібліяй» (1809), «Сямейны партрэт» (1820—30).

Ф.Овербек. Італія і Германія. 1811—28.

т. 11, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАМА́ГУ ((Saramago) Жазэ) (н. 16.11.1922, Азіньяга, каля г. Сантарэн, Партугалія),

партугальскі пісьменнік. Дэбютаваў зб. паэзіі «Паэмы магчымага» (1966). Вядомасць яму прынеслі раманы, прысвечаныя рэліг. або гіст. праблематыцы: «Надзея ў Алентэжу» (1980), «Напамін пра кляштар» (1982), «Год смерці Рыкарду Рэйша» (1984), «Паток камянёў» (1986), «Гісторыя аблогі Лісабона» (1989), «Евангелле паводле Ісуса Хрыста» (1991), «Горад сляпых» (1997) і інш., у якіх элементы традыц. рэалізму спалучаюцца са шматлікімі эксперыментамі ў мове і форме. Аўтар п’ес, у т. л. «Другое жыццё Францыска Асізскага» (1987). Нобелеўская прэмія 1998.

Тв.:

Рус. пер. — Поднявшиеся с земли. М., 1982;

Воспоминания о монастыре. М., 1985;

Евангелие от Иисуса. М., 1999.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 14, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мэнка ’мука, пакута’ (Сцяшк., Сцяц.; маладз., Янк. Мат.; бяроз., Выг. дыс.; стаўбц., Нар. сл.; Сл. ПЗБ), ’фігура распятага Хрыста’ (швянч., там жа), мычыць, мэнчыцца ’мучыць, вельмі мучыць, цягнуць, валаводзіць’, ’пакутаваць’ (Мал., Шат., Юрч., івац., Сл. Брэс.; Сцяц., Сл. ПЗБ; міёр., З нар. сл.; віл., Нар. сл.). З польск. męka ’пакута’, męczyć ’мучыць’ (Шатэрнік, 161; Арашонкава, Бел.-польск. ізал., 10 і 13; Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 3, 96–97). Аналагічна мэнчанік ’пакутнік’ (шальч., Сл. ПЗБ) з польск. męczennik (Мацкевіч, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

апо́стал

(гр. apostolos = пасланец)

1) кожны з дванаццаці вучняў Хрыста, прапаведнікаў яго вучэння;

2) перан. заўзяты паслядоўнік якой-н. ідэі, вучэння;

3) хрысціянская богаслужэбная кніга, якая змяшчае частку Новага запавета і Апакаліпсіс.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АРМАГЕДО́Н (грэч. Armagedōn),

паводле Бібліі месца збору сіл Сатаны для вырашальнай бітвы з Богам; у шырокім сэнсе — сімвал спрадвечнага процістаяння і апошняй бітвы Дабра са Злом. Такая ідэя выказана ў Старым запавеце, але тэрмін армагедон і канкрэтызаваны сюжэт належыць Адкрыццю св. Іаана Багаслова (Апакаліпсіс), паводле якога гэты паядынак павінен скончыцца перамогай Хрыста і Страшным судом, на якім канчаткова будзе вызначаны лёс усіх уваскрэслых: выратаваныя пойдуць у «нябесны Іерусалім», а недараваныя — у пекла. Ідэя армагедону ў рознай інтэрпрэтацыі падаецца некаторымі пратэстанцкімі канфесіямі (адвентыстамі, сведкамі Іеговы, Царквой уніфікацыі і інш.). Яна цесна звязана з хрысц, вучэннямі эсхаталогіі, прадвызначэння, хіліязму, а таксама з’яўляецца падставай для апалогіі ці абвяржэння канцэпцыі новай сусв. вайны, катастрофы і г.д.

А.​А.​Цітавец.

т. 1, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)