Жале́йка ’музычны інструмент’. Рус. смал., тамб. жале́йка, тул., варонеж., разан., калуж., горк., пск., смал. желе́йка, пск., калін. жалея́ ’тс’. Паводле Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1970, 7, 150), ад назоўніка жаль (гл.) з суф. ‑ейка па характары гуку, якім вылучаўся гэты народны інструмент. Дакладней, непрадуктыўны суф. ‑ейка суадносіцца з дзеяслоўнымі асновамі: варейка, лупейка, калатэйка (Сцяцко, Афікс. наз., 37), а значыць, не з жаль, а з жалець. Але ці толькі жаллівыя гукі выдае дудка? Даль побач з такім тлумачэннем дапускаў магчымасць суаднясення з жилиться (Даль, 1, 524), што не матывуецца, а таму мала верагодна. Трэба ўлічыць пск. же́ледь, же́ледкатрыснёг, з якога робяцца дудкі, жалейкі’. Же́ледка магло пераўтварыцца ў желейка, жалейка. Пераход д > й адзначаецца яшчэ: маладзецмалайцы, радарайца (радца), Карскі, 351. Назвы муз. інструмента па матэрыяле сустракаюцца; параўн. ражок, рог, кастаньеты. У далейшым, верагодна, адбывалася кантамінацыя народнаэтымалагічнага характару з коранем жаль. Адносна паходжання желедь, желедка гл. у Фасмера, 2, 41, жёлдь I, дзе ён адкідвае сувязь з жалуд, прапанаваную Міклашычам (407), і схіляецца да думкі Шахматава пра першасную форму *жьлдь, што, аднак, не тлумачыць паходжання гэтага кораня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГВАДЭЛУ́ПА (Guadeloupe),

востраў у групе Наветраных а-воў у Вест-Індыі; разам з суседнімі а-вамі (Мары-Галант, Дэзірад, Ле-Сент, Сен-Бартэльмі, Пціт-Тэр) і паўн. ч. в-ва Сен-Мартэн — уладанне Францыі (заморскі дэпартамент). Агульная пл. 1780 км², у т. л. в-ва Гвадэлупа 1703 км². Нас. 413 тыс. чал. (1993), у т. л. мулатаў — 77%, неграў — 10, крэолаў (нашчадкі еўрапейцаў) — 10%. Афіц. мова — французская. Большасць вернікаў католікі. Адм. ц.г. Бас-Тэр, найб. горад — Лез-Абім, порт — Пуэнт-а-Пітр. В-аў Гвадэлупа складаецца з 2 ч. (Бас-Тэр і Гранд-Тэр), злучаных вузкім перашыйкам. Бас-Тэр складзены з вулканічных парод. Выш. да 1467 м (дзеючы вулкан Суфрыер — найвышэйшая вяршыня Малых Антыльскіх а-воў). Гранд-Тэр — плато выш. да 130 м, складзенае з вапнякоў і вулканічных туфаў. Развіты карст, рэк амаль няма. Клімат трапічны, пасатны, гарачы і вільготны. Ападкаў 1500—2000 мм за год. Востраў абкружаны каралавымі рыфамі. Горы ўкрыты вільготнымі трапічнымі лясамі. Гвадэлупскі прыродны парк. Апрацоўваецца каля 30% тэр., пад пашай і лугамі 10%. Асн. экспартныя с.-г. культуры: цукр. трыснёг, бананы, кава, какава, ваніль, цытрусавыя. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, коз, свіней. Рыбалоўства. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі, пераважна вытв-сць цукру і рому. Транспарт аўтамабільны. Вываз бананаў, цукру, рому; увоз паліва, тэхн. абсталявання, сыравіны, трансп. сродкаў. Гандл. сувязі пераважна з Францыяй. Развіты турызм. Грашовая адзінка — франц. франк

Востраў Гвадэлупа адкрыты Х.​Калумбам 4.10.1493. У 16 — пач. 17 ст. тут спрабавалі замацавацца іспанцы. З 1635 калонія Францыі. У 1666, 1691 і 1703 Гвадэлупу імкнулася захапіць Вялікабрытанія. Парыжскі мірны дагавор 1763 пацвердзіў прыналежнасць Гвадэлупы Францыі. У 1805 на востраве ўведзены Франц. грамадз. кодэкс. У 1810 Гвадэлупа зноў акупіравана Вялікабрытаніяй, у 1816 вернута Францыі. У 1848 адменена рабства. З 1940 Гвадэлупа захоўвала лаяльнасць да франц. ўрада Вішы, з 1943 падтрымлівала ген. Ш. дэ Голя. З 1946 мае статус заморскага дэпартамента Францыі. Гвадэлупа прадстаўлена ў Нац. асамблеі ў Парыжы 2 сенатарамі і 3 дэпутатамі.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка).

т. 5, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРЫТАНАСЕ́ННЫЯ, кветкавыя расліны (Magnoliophyta, або Angiospermae),

аддзел вышэйшых раслін, якія маюць кветку. 2 класы (аднадольныя і двухдольныя), больш за 450 сям., каля 12,5 тыс. родаў і каля 250 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 112 сям., 560 родаў, каля 1500 відаў; таксама інтрадукавана больш за 6 тыс. відаў, форм і сартоў раслін. Прадстаўлены дрэвамі, кустамі, травамі, наземнымі, воднымі, эпіфітамі, сапратрофамі, паразітамі, насякомаеднымі раслінамі. У параўнанні з інш. вышэйшымі раслінамі П. маюць больш дасканалую анат. будову: у ксілеме — сапраўдныя сасуды-трахеі, у флаэме (лубе) — клеткі-спадарожніцы. Семязародкі (семязавязі) размешчаны ў поласці завязі. Гаметафіты спрошчаныя і развіваюцца хутчэй за голанасенныя. Характэрная асаблівасць П. — двайное апладненне (адзін з 2 сперміяў зліваецца з яйцаклеткай, а другі — з 2 палярнымі ядрамі зародкавага мяшка). Пасля апладнення развіваецца зародак, заключаны ў семя, якое знаходзіцца ў плодзе (адсюль назва). З-за адсутнасці пераканаўчых выкапнёвых продкавых форм П. няма агульнапрынятай гіпотэзы аб іх паходжанні і эвалюцыі. Першаснымі П. былі, верагодна, дрэвавыя расліны з вечназялёным лісцем і двухполымі кветкамі. Эвалюцыя ішла шляхам шырокай адаптыўнай радыяцыі вельмі хуткімі тэмпамі. Самыя стараж. выкапнёвыя рэшткі адносяць да раннемелавога перыяду, але дзякуючы высокай эвалюц. пластычнасці ў сярэдзіне мелавога перыяду П. займаюць дамінуючае становішча. Вял. ролю ў іх эвалюцыі і рассяленні адыгралі насякомыя-апыляльнікі. П. — адзінкавая група раслін, якая ўтварае складаныя шмат’ярусныя згуртаванні, што спрыяе больш інтэнсіўнаму выкарыстанню навакольнага асяроддзя і асваенню новых мясцін існавання. Самая важная для чалавека група раслін. Харч., лек., карм., тэхн., дэкар. расліны.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 5 (ч. 1—2), 6. М., 1980—82;

Тахтаджян А.Л. Система магнолиофитов. Л., 1987.

Пакрытанасенныя. Двухдольныя (1—12). Складанакветныя: 1 — нівянік звычайны; 2 — піжма звычайная; 3 — васілёк перысты. Бабовыя: 4 — цэзальпінія Джыліса; 5 — чына лясная; 6 — куравай эспарцэтавы. Казяльцовыя: 7 — боцікі клабучковыя; 8 — сон-трава расчыненая; 9 — пылюшнік водазбіральналісты. Ружавыя: 10 — дуброўка гусіная; 11 — яблыня ягадная; 12 — вятроўнік звычайны. Аднадольныя (13—20). Злакі: 13 — трыснёг звычайны; 14 — купкоўка зборная; 15 — авёс пасяўны; 16 — кукуруза. Архідныя: 17 — дэндробіум высакародны; 18 — катлея Трыяны; 19 — ятрышнік Фукса; 20 — чараўнік двухлісты.

т. 11, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Асака́1 расліна Carex L.’ (БРС, Гарэц., Яруш.), осо́ка (Бесар.), палес. осока ’аер, Acorus Caramus’ (Бейл.), маг. сака́ ’Carex L.’ (Юрч., Гарэц.). Рус., укр. осока ’Carex’, польск. osoka ’Stratiotes aloides’ (балотная расліна, як і аер ці асака), ранейшы цытаваны прыклад (XIX ст.) у Дарашэўскага — з Мінскай губерні, таму, магчыма, польскае з беларускай. Няясна. Параўноўваюць з літ. ãšakà, лат. asaka ’рыбная костка’ (Мюленбах-Эндзелін, 1, 142; Фрэнкель, 18; Буга, Rinkt., 2, 295), а далей узводзяць да і.-е. кораня *ăkʼ‑ (гл. востры) (Міклашыч, 227). Міклашыч (290) звязваў і з коранем *sek‑ (гл. сячы), што вядзе да параўнанняў з ням. Säge ’піла’, англа.-сакс. secg ’асака, трыснёг’ (гл. Фасмер, 3, 163, і ўказ. там літаратуру). Магілёўская форма без а‑ можа тлумачыцца ці непасрэдна ад кораня sek‑, ці як вынік усячэння пачатковага а‑ (Зубаты, Studie, II, 2, 108, лічыў, што гэта а‑ ўспрымалася як прэфікс, але ў гэтым няма неабходнасці: а‑ магло ўспрымацца і як пратэтычнае).

Асака́2 ў выразе «асакою лезці (скакаць) у вочы» (з варыянтамі: ас(в)ою, сляпіцаю) ’назойліва прыставаць, невыносна дакучаць’ (Янк. БП, 396; Янк. БФ, 57). Магчыма, кантамінацыя слоў аса і асака, падмацаваная беларускімі экспрэсіўнымі ўтварэннямі на ‑ка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ІНДАКІТА́Й,

паўвостраў на ПдУ Азіі. Абмываецца на З Бенгальскім зал., Андаманскім м. і Малакскім пралівам; на УПаўд.-Кітайскім м. Паўн. граніца — ад дэльты рэк Ганг і Брахмапутра да дэльты р. Хангха. Пл. каля 2 млн. км². Берагі слаба парэзаныя, прыродных бухтаў мала. Рэльеф вельмі складаны, уяўляе сабой чаргаванне гор субмерыдыянальнага напрамку і шырокіх нізін і плато. На З Араканскія горы (г. Вікторыя 3053 м), на Пн Шанскае нагор’е, у цэнтр. частцы хр. Танентаўнджы, на У горы Чыянгшон (Анамскія). Найб. нізіны Іравадзійская, Менамская, Камбаджыйская; найб. плато Карат. Тэр. І. адносіцца да ўсх. геасінклінальнай вобласці Міжземнаморскага геасінклінальнага пояса, унутры якой вылучаюць Індасінійскі сярэдзінны масіў і познадакембрыйскія, палеазойскія, мезазойскія і кайназойскія складкавыя сістэмы, што акаймоўваюць яго. Ва ўсх. ч. масіву — дакембрыйскі фундамент. Б.ч. масіву перакрыта палеазойскімі і мезазойскімі кантынентальнымі і марскімі адкладамі чахла. Геасінклінальная стадыя развіцця рэгіёна завяршылася ў канцы трыясу — пач. юры падняццямі і гранітоідным магматызмам. З гэтага ж часу пачалося фарміраванне юрскіх і мелавых кантынентальных упадзін, грабенаў. Грабен Іравадзі запоўнены палеагенплейстацэнавымі кантынентальнымі (рачнымі і азёрнымі) і марскімі адкладамі магутнасцю да 11 км, змяшчае радовішчы нафты, газу і каменнага вугалю. У І. сканцэнтраваны буйнейшыя ў свеце радовішчы волава і вальфраму, а таксама медзі, цынку, жалеза і інш. Клімат субэкватарыяльны мусонны, на п-ве Малака экватарыяльны. На нізінах т-ра студз. больш за 20 °C, ліп. да 28 °C, крас. 29 °C. У гарах т-ры зніжаюцца да 15 °C у студз. і 25 °C у ліпені. Ападкі ў асноўным летнія: на З 2500—5000 мм, у цэнтр. ч. 1300—2000 мм, на У 2000 мм (пераважна зімой), на Пд (п-аў Малака) больш за 2000 мм за год. Буйнейшыя рэкі Меконг, Салуін, Іравадзі, Менам-Чао-Прая і воз. Танлесап. Вечназялёныя вільготныя лясы рознага відавога складу ў больш вільготных раёнах, мангравыя — на ўзбярэжжы, лістападныя, якія пераходзяць ў саванну на Пн і ва ўнутр. раёнах. На нізінах і ў перадгор’ях земляробства (рыс, цукр. трыснёг, бавоўна, чай, кава, бананы і інш.). Багаты жывёльны свет: арангутангі, макакі, сланы, насарогі, тыгры, мядзведзі, алені і інш. Птушкі: фазаны, дзікія куры, паўліны, папугаі і інш. Шматлікія паўзуны (у т. л. кракадзілы) і насякомыя. На тэр. І. дзяржавы Тайланд, Камбоджа, б.ч. М’янмы, Малайзіі, Лаоса, В’етнама і невял. ч. Бангладэш.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 7, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ракі́та ’дрэва або вялікі куст сямейства вярбовых’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ, Ласт., Кіс.), ’вербалоз’ (Бяльк.), ’нарост на дрэве, гуз’ (шарк., Цыхун, вусн. павед.), ракі́ціна ’лазіна’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Шатал.), ’від бярозы з вельмі цвёрдай драўнінай’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), рокі́та ’дробналістная лаза з тонкімі галінкамі’ (ТС; беласт., Сл. ПЗБ), ракі́тавае дзерава ’карэльскя бяроза’ (?) (шарк., Цыхун, вусн. павед.), ракі́тнік ’зараслі ракіты’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. роки́та ’гатунак вербы’, рус. раки́та ’вербалоз’, ’тып, гатунак вербы, што расце па берагах ракі, ў нізінах’, польск. rokita, rokicina, в.-луж. rokot, н.-луж. rokit, rokita, палаб. rükåita, прым. rühtjeitna (= rokitna), чэш., славац. rokyta, rakyta, славен. rakȋta, серб. ра̀кита, харв. ràkita, балг. раки́та, макед. ракита, ст.-слав. ракыта. Прасл. *orkyta. У слав. мовах метатэза з рэфлексамі ro‑/ra‑. Значэнне ’гібкасць’ і ’цвёрдасць’, магчыма тлумачаць фармальную блізкасць з лат. ērcis, ērcetis ’ядловец’, грэч. αρκευθος ’тс’ (Фасмер, 3, 438; Бязлай, 3, 148; Шустар-Шэўц, 2, 1233; БЕР, 6, 168). Абсалютызацыя значэння ’гібкі’ схіляе да параўнання са ст.-інд. arkáh̥ ’лук’, лац. arcus ’лук, дуга, скляпенне’, arka ’куфэрак, сундучок’, гоц. arhwazna ’страла’, што звычайна не прымаецца этымолагамі (гл. Фасмер, там жа, з літ-рай; параўн. аднак Глухак, 517; Сной₂, 601). Адмаўляецца таксама сувязь з чэш. rakos, rokosтрыснёг’ (гл. рагоз).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

РАСЛІНАВО́ДСТВА,

1) адна з асноўных галін сельскай гаспадаркі, што займаецца вырошчваннем культурных раслін для вытворчасці раслінаводчай прадукцыі. Забяспечвае насельніцтва харч. прадуктамі, жывёлагадоўлю — кармамі, многія галіны прам-сці (харч., камбікормавую, тэкст., фармацэўтычную і інш.) — сыравінай расліннага паходжання. Уключае паляводства (вырошчванне збожжавых культур, тэхнічных культур, кармавых культур, кармавых траў, бульбаводства, насенняводства), агародніцтва, пладаводства, кветкаводства, лесаводства. Існуе больш за 20 тыс. раслін, якія вырошчваюць і выкарыстоўваюць. Важнейшае гаспадарчае значэнне маюць 640, з іх 90 адносяцца да палявых культур. Аснова Р. і ўсёй с.-г. вытворчасці — збожжавая гаспадарка. Пад збожжавымі культурамі занята больш за пал. апрацаваных зямель свету. Рэгіёны іх распаўсюджання прыкладна супадаюць з асн. рэгіёнамі размяшчэння насельніцтва. У 1998 сусв. вытв-сць збожжа склала 2111 млн. т; яго вядучыя вытворцы — Кітай (21,4% валавога збору), ЗША (16,6%) і Індыя (11,1%). Найважн. збожжавыя культуры — пшаніца, рыс і кукуруза. Па плошчы пшаніца займае 1-е месца сярод с.-г. культур. Яе вырошчваюць больш за 70 краін Еўропы, Азіі, Амерыкі і інш. У 1998 у свеце сабрана 589 млн. т пшаніцы. Вядучыя вытворцы — Кітай, ЗША і Індыя (больш за 40% сусв. вытворчасці). Рыс вырошчваюць на меншых плошчах, але па валавым зборы ён амаль не ўступае пшаніцы, таму што ў некат. рэгіёнах прыродныя ўмовы дазваляюць атрымліваць 2—3 ураджаі за год. Асн. рысасеяльныя краіны — Кітай, Індыя, Інданезія, Бангладэш, Пакістан. Буйнейшыя вытворцы кукурузы — ЗША і Кітай. Сярод тэхн. культур найб. значэнне маюць валакністыя (бавоўнік, лён, джут, кенаф, каноплі і інш.), цукровыя (цукр. трыснёг, цукр. буракі, цукр. і вінная пальмы), алейныя (сланечнік, рапс, арахіс, клешчавіна, какосавая і алейная пальмы, масліна і інш.), эфіраалейныя (мята, герань, базілік, ружа, лаванда і інш.), а таксама каўчуканосныя, дубільныя, фарбавальныя, лекавыя, наркатычныя і інш. Найважн. валакністая тэхн. культура — бавоўнік, асн. вытворцы — Кітай, ЗША, Пакістан. Ва ўмераных шыротах вырошчваюць лён-даўгунец (Кітай, Францыя, Беларусь). Асн. цукр. культуры — цукр. трыснёг і цукр. буракі. У 1999 у свеце атрымана больш за 133 млн. т цукру (у т. л. каля 60% з цукр. трыснягу). Буйнейшыя вытворцы — Бразілія і Індыя (разам даюць каля 30% сусв. вытв-сці). Бульба — універсальная культура, мае харч., тэхн. і кармавое значэнне. Сусв. вытв-сць 296 млн. т (1998), гал. вытворцы Кітай і Расія, адпаведна 16% і 10,6% агульнай вытворчасці. Значнае месца ў Р. займаюць агародніцтва, пладаводства і вінаградарства. У 1998 сусветная вытв-сць агароднінных і бахчавых культур склала 606 млн. т. Буйнейшы вытворца — Кітай (137 млн. т). Найб. развіта вытв-сць пладовых культур у Міжземнамор’і, Каліфорніі, Фларыдзе. Б.ч. вінаграднікаў на Пд і З Зах. Еўропы (Італія, Іспанія, Францыя) і ў Паўн. Афрыцы.

На Беларусі Р. ў значнай ступені падначалена патрэбам жывёлагадоўлі. У 1990-я г. на Беларусі адбыліся значныя змены ў структуры пасеваў с.-г. культур ва ўсіх катэгорыях гаспадарак (гл. табл.). Скарацілася доля збожжавых і зернебабовых культур. У складзе гэтай групы паменшылася ўдз. в. жыта, ячменю, аўса; павялічылася доля азімай і яравой пшаніцы. З тэхн. культур павялічылася доля рапсу, паменшылася доля лёну-даўгунцу, доля цукр. буракоў засталася нязменнай. Больш як у 2 разы павялічыліся пасевы агароднінных культур. Вырасла доля кармавых культур з-за павелічэння ўдз. в. шматгадовых і аднагадовых траў. У калгасах і саўгасах за апошняе дзесяцігоддзе скараціліся плошчы асн. с.-г. культур, у т. л. бульбы амаль у 3 разы. У гаспадарках насельніцтва, наадварот, назіраецца іх рост, у т. л. пад збожжавымі, бульбай, агароднінай і кармавымі. Больш за 80% валавых збораў бульбы, агародніны, пладоў і ягад вырошчваюць у асабістых падсобных гаспадарках: насельніцтва ўсё больш пераходзіць на самазабеспячэнне гэтай прадукцыяй. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы — асн. вытворцы збожжа, ільновалакна і цукр. буракоў. У размяшчэнні галін Р. найб. змены адбыліся на ПдУ рэспублікі, што абумоўлена вынікамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС: скарочана або спынена вырошчванне лёну-даўгунцу, грэчкі, бабовых, агароднінных культур. Некат. розніца адзначаецца паміж развіццём Р. на З і У рэспублікі. На З (Брэсцкая, Гродзенская і зах. раёны Мінскай вобл.) прыродны, працоўны і вытв. патэнцыял лепшы, чым на У, таму эфектыўнасць Р. там больш высокая.

2) Навука аб культ. раслінах і іх вырошчванні. Гал. задача — вывучэнне біял. асноў і распрацоўка найб. дасканалых спосабаў вырошчвання высокіх і ўстойлівых ураджаяў с.-г. культур пры найлепшай якасці прадукцыі. Р. цесна звязана з генетыкай, селекцыяй, фізіялогіяй раслін, аграхіміяй, біяхіміяй, земляробствам. Асн. метады даследавання — вегетацыйны, палявы, лабараторна-палявы і вытворчы.

Т.​Л.​Казакова.

Пасяўныя плошчы сельскагаспадарчых культур на Беларусі (у гаспадарках усіх катэгорый; тыс. га)
1985 1990 1995 1999
Уся пасяўная плошча 6241 6126 6150 6123
Збожжавыя і зернебабовыя 2816 2645 2692 2513
у т. л. жыта 1015 917 969 641
пшаніца 195 140 177 411
ячмень 918 1030 1033 811
авёс 380 360 335 293
грэчка 38 18 18 23
зернебабовыя 270 172 119 238
Тэхнічныя культуры 266 248 205 277
у т. л. лён 200 149 98 76
цукр. буракі 59 46 55 55
рапс 3 49 48 136
Бульба 708 638 725 661
Агародніна 47 41 77 93
Кармавыя культуры 2404 2554 2451 2578
Да арт. Раслінаводства: 1 — жытнёвы палетак; 2 — ільняное поле.

т. 13, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Плю́ха1 ’аплявуха’ (Нас., Др.-Падб., Яруш., Бяльк.). Скарочанае ад апляву́ха, пляву́ха (гл.) < плява́ць, варыянт плюва́ць (на рукі перад тым, як біць) пры ад’ідэацыі гукапераймання плюх! — гук пры пляванні (Шат.), параўн. плю́хаць ’пляваць’ (Шат.; швянч., Сл. ПЗБ; Растарг.) і плю́хнуць ’даць аплявуху’, выраз плю́ху падняў ’упаў азадкам’ (Нас.); плюх! — ’удар ад падзення мяккай часткай цела’ (Стан.). Рус. плю́ха ’аплявуха’ (ад плю́хнуть) Фасмер (3, 290) параўноўвае з лат. pļaũka ’тс’ (ад pļaut ’касіць, біць’). Гл. плю́хаць1.

Плю́ха2 ’аер, Acorus calamus L.’, ’касач, Iris L.’ (ТС; ЛА, 1). Магчыма, адваротны дэрыват ад плюшня, плюшнік, плюснік (гл.).

Плю́ха3 ’лёгкі малакаларыйны торф з мноствам пустацелых травяністых каранёў’ (слуц., Нар. словатв.). Да плю́ха2. Параўн. літ. plaušà ’асака’ і ’асаковы торф’ і pliūšė̃трыснёг’.

Плю́ха4 ’грыб каўпак ігольчасты, падбалацянка’ (пін., Жыв. сл.), плю́хі ’салянкі, пласцінчатыя спажыўныя грыбы з светла-шэрай шапкай, якія растуць вялікімі зросткамі’ (карэліц., Нар. словатв.), ’від асенніх грыбоў’ (слонім., Жыв. НС), плю́ха, плюхі ’шампіньёны’ (Жд. 3), параўн. рус. маск. плю́ха ’шаруха, Lactarius flexuosus’. Апошняе слова Гаўлава (Etym. Brun., 1, 22) звязвае з пліскі ’лісічкі’ (гл.), што ў сваю чаргу ідэнтыфікуецца з *plʼuska ’скурка, лупінка’, бо шапачкі грыбоў маюць лускавінкі.

Плю́ха5 ’неахайная жанчына’ (пін., ЖНС), параўн. польск. plucha ’плюгавец’ — экспрэснае сцягненне замест plugawiec ’тс’ (Банькоўскі, 2, 611). Хутчэй за ўсё, самастойнае ўтварэнне ад плю́хаць ’боўтацца ў гразі’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траста́ ‘прамая салома’ (Лекс. Бел. Палесся), ‘сцябло льну, канапель пасля мачэння, ляжання на лугах ці на льнішчы, з якога атрымліваюць валакно для пражы’ (ТСБМ, БелСЭ, 10), троста́ ‘саломка льну’: јак он нетʼорты (Уладз.); ‘кастрыца’ (Горбач, Зах.-пол. гов.); сюды ж траста́ ‘дранка’ (Сл. ПЗБ), ‘галлё’: масты памашчу з тонкае трасты (лоеў., Песні нар. свят, 28); трыста́ ‘водмель на возеры, парослая трыснягом або чаротам’ (Нік., Оч.), трасцётрыснёг, чарот’ (Тур., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тростье, тростие ‘трысцё’ (ГСБМ). Параўн. укр. треста́ ‘апрацаваная саломка льну, канопляў’ (паводле ЕСУМ, 5, 631 — з рускай мовы), рус. треста́ ‘сцябло каноплі ці льну пасля высушвання’, ‘чарот’, рус. пск. троста́, триста́ — зборная назва для балотных каленчатых раслін, трестье́, тростье́ ‘тс’, стараж.-рус. тростіе ‘зараснік трыснягу’: Игоръ‑князъ поскочи горностаемъ къ тростію (Слова аб паходзе Ігаравым); сюды ж, відаць, і ўкр. дыял. трі́ще ‘хмыз, дубцы’, а таксама балг. дыял. тр́с̥та ‘высякаць хмызняк і маладняк у высокім лесе’ (БД, 4, 146). Прасл. *trьsta Трубачоў (Ремесл. терм., 85) прапануе звязаць з *treskati (гл. трэск) з магчымым чаргаваннем, ‑sk‑/‑st‑, як у ​пускать — ​пустить (гл. пускаць, пусціць), параўн. траска́2, у такім выпадку рэалізуецца мадэль ‘раздзіраць’ — ‘плясці’ > ‘назва расліны, што ўжываецца для пляцення’ (Мяркулава, Очерки, 57), у тым ліку і назва іншых матэрыялаў для тых жа мэт. Сюды ж трасца́ ‘траста’ (ТС), якое з памяншальнай формы ⁺трастьца́ > трасцьца́ > трастца́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АКІЯ́НІЯ,

самая вял. сукупнасць астравоў (каля 10 тыс.) у цэнтр. і паўд.-зах. ч. Ціхага ак. паміж Аўстраліяй, Малайскім архіпелагам на З і шырокімі акіянскімі прасторамі на Пн, У і Пд. Размешчана паміж субтрапічнымі шыротамі Паўн. паўшар’я і ўмеранымі Паўднёвага. Пл. 1,26 млн. км². Нас. 10,3 млн. чал. (1987). Найбольшыя а-вы Новая Гвінея, Паўночны і Паўднёвы (2 апошнія ўваходзяць у склад Новай Зеландыі) займаюць у сукупнасці каля 80% тэр. Акіяніі. Пры падзеле сушы на часткі свету Акіянію звычайна аб’ядноўваюць з Аўстраліяй; часам вылучаюць як асобную частку свету. У Акіяніі размешчаны дзяржавы (1993): Вануату, Зах. Самоа, Кірыбаці, Мікранезія, Маршалавы Астравы, Науру, Новая Зеландыя, Палау, Папуа — Новая Гвінея, Саламонавы Астравы, Тонга, Тувалу, Фіджы, ч. Інданезіі. Гавайскія а-вы — штат ЗША. Многія а-вы — уладанні Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Чылі.

Паводле прыродных умоў і насельніцтва Акіянію падзяляюць на Меланезію, Мікранезію, Палінезію і Новую Зеландыю. Ёсць астравы мацерыковага паходжання (Новая Гвінея, Новая Каледонія, Фіджы), гарыстыя вулканічныя (Бугенвіль, Гаваі і інш.) і нізінныя каралавыя (Маршалавы, Науру і інш.) а-вы. Найб. выш. — 5029 м (г. Джая ў Новай Гвінеі). Гарыстыя а-вы Акіяніі размешчаны ў межах астраўных дугаў геасінклінальнай вобласці зах. ускраіны дна Ціхага ак. У цэнтр. ч. Ціхага ак.найвыш. вулканы, якія ўтвараюць некаторыя з Гавайскіх а-воў (у т. л. Маўна-Кеа і Маўна-Лоа, больш за 4000 м); актыўны вулканізм і ў Новай Зеландыі. Радовішчы нікелю і жалеза (Новая Каледонія), фасфатаў (Науру), нафты (Новая Гвінея), золата (Папуа — Новая Гвінея, Фіджы), вугалю (Новая Зеландыя), медзі (Бугенвіль, Новая Каледонія), жал. руды (Новая Гвінея) і інш. Клімат акіянскі, вільготны, пераважна субэкватарыяльны і экватарыяльны, на Пд субтрапічны і ўмераны. У экватарыяльным поясе сярэднямесячная т-ра на працягу года 26—28 °C, на крайнім Пд ад 16 °C (люты) да 5 °C (жнівень). Ападкаў за год ад 1000 мм на У да 3000—4000 мм і больш на З (асабліва шмат на наветраных схілах гарыстых а-воў, напр., на Гавайскіх а-вах месцамі да 14000 мм). У цэнтр. Акіяніі і на З частыя тайфуны. У гарах Новай Гвінеі і на в-ве Паўднёвы Новай Зеландыі ледавікі. Рэкі кароткія, мнагаводныя, пераважна на буйных а-вах. Глебы чырваназёмы і латэрыты, у раёнах сезонных дажджоў — чырвона-бурыя саваннаў, у вільготных раёнах — балотныя і забалочаныя. На наветраных схілах гарыстых а-воў пераважаюць вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы, на падветраных — ксерафітныя лясы, хмызняковыя фармацыі. Трапляецца расліннасць тыпу саваннаў. На нізінных каралавых а-вах — зараснікі хмызняку, участкі лясоў, гаі какосавых пальмаў, хлебнага дрэва і інш. Асн. культурныя расліны — сагавыя і какосавыя пальмы, манга, цукр. трыснёг і інш. Фауна Акіяніі — аўстралійскія (яхідна, сумчатыя) і азіяцкія (дзік) віды; мала млекакормячых, мноства насякомых; каля 650 відаў птушак; шмат эндэмікаў.

Да арт. Акіянія. Паўднёвы востраў. Новая Зеландыя.
Да арт. Акіянія. Вёска ў Папуа—Новай Гвінеі.

т. 1, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)