ЮНЬНА́НЬ,
правінцыя на ПдЗ Кітая, каля граніцы з Індыяй, М’янмай, Лаосам і В’етнамам. Пл. 394 тыс. км². Нас. 42,87 млн. чал. (2001). Адм. і гал. эканам. цэнтр — г. Куньмін. Размешчана пераважна ў межах Юньнаньскага нагор’я. Клімат у асн. субтрапічны мусонны, на Пд — трапічны. Сярэдняя т-ра студз. ў далінах і катлавінах 8—16 °C, ліп. 20—28 °C. Ападкаў у далінах і катлавінах 1000—2000 мм, у гарах да 3000 мм за год. Лясы (каля 20% тэр.) да выш. 1,5 тыс. м вечназялёныя, вышэй — шыракалістыя і хвойныя. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка і горназдабыўная прам-сць. Гал. збожжавыя культуры: рыс, кукуруза, пшаніца. Вырошчваюць рапс, арахіс, чай, бавоўнік, цукр. трыснёг. Плантацыі каўчуканосаў, кафейнага і хіннага дрэў. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Шаўкаводства. Лесанарыхтоўкі. Здабыча волава, медных, свінцова-цынкавых, жал. руд, кам. вугалю, солі, мармуру і інш.
Чорная і каляровая (3/4 выплаўкі волава Кітая) металургія, машынабудаванне (горнае, аўтамаб., электроннае), хім., лясная, харч. прам-сць. Саматужныя промыслы.
т. 18, кн. 1, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)