ЧЖЭЦЗЯ́Н,

правінцыя на У Кітая, на ўзбярэжжы Усх.-Кіт. мора. Пл. 101,8 тыс. км². Нас. 46,13 млн. ж. (2001). Адм. ц. — г. Ханчжоў. Большая ч. паверхні — горы (выш. да 1859 м), парэзаныя рачнымі далінамі. Уздоўж марскіх берагоў і на Пн (раён воз. Тайху) раўніны. Клімат субтрапічны, мусонны. Сярэдняя т-ра студз. 5 °C, ліп. 27 °C, ападкаў больш за 1000 мм за год. У гарах субтрапічныя лясы. Апрацоўваецца каля 25% тэр. Пераважае паліўное земляробства. Гал. культура — рыс; вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, батат, джут, бавоўнік, цукр. трыснёг. Субтрапічнае садоўніцтва і чаяводства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, птушак. Шаўкаводства. Лясны промысел. Рыбаводства. Здабыча флюарыту, алуніту, жал. руды, солі (з марской вады). Прам-сць: лёгкая (шаўковая, джутавая, баваўняная, абутковая), рысаачышчальная, чаеапрацоўчая, машынабудаванне (абсталяванне для тэкст. прам-сці, судны, трактары, станкі), хім. і нафтахім., папяровая, шкляная, фарфоравая; вытв-сць буд. матэрыялаў. Асн. прамысл. і партовыя гарады: Ханчжоў, Вэньчжоў, Нінбо (з аванпортам Чжэньхай).

т. 17, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)