сакрата́р

(фр. secretaire, ад с.лац. secretarius = удзельнік таемных нарад)

1) асоба, якая вядзе справаводства ўстановы, арганізацыі або прыватнай асобы;

2) складальнік пратакола сходу, пасяджэння;

3) выбарны кіраўнік якой-н. арганізацыі, якога-н. органа;

4) асоба, якая загадвае арганізацыйна-выканаўчым аддзелам якой-н. установы;

5) драпежная птушка афрыканскага кантынента з доўгімі нагамі і чубам на галаве.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

«ДЖО́РНАЛ ОВ БЕЛАРА́ШН СТА́ДЫЗ»

(«The journal of Byelorussian studies», «Часопіс беларускіх даследаванняў»),

часопіс Англа-беларускага т-ва ў Вялікабрытаніі. Выдаваўся ў 1965—88 у Лондане на англ. мове 1 раз у год. Рэдактары А.​Макмілін (1965—71), Дж.​Дзінглі (1972—79), П.​Мэё (1980—88). Распаўсюджваўся ва універсітэцкія і грамадскія б-кі, навук. ўстановы, суполкі, т-вы ў Англіі, ЗША, Канадзе, Ізраілі, Германіі, Польшчы і інш. краінах Усх. Еўропы, а таксама на Беларусі (да пач. 1990-х г. знаходзіўся ў спецсховах). Дасылаўся індывід. падпісчыкам. Друкаваў працы бел. даследчыкаў на эміграцыі і замежных вучоных па гісторыі Беларусі, беларусазнаўстве, бел. культуры. літаратуразнаўстве, мовазнаўстве і інш. Публікацыі часопіса вызначаюцца грунтоўнай крыніцазнаўчай базай, выкарыстаннем шматлікіх дакументаў па гісторыі Беларусі з архіваў і б-к на Захадзе, даследаванняў, зробленых на Беларусі. У 1972—79 друкаваў «выбраную беларускую бібліяграфію» (складальнік А.​Надсон) публікацый пра Беларусь замежных аўтараў і даследчыкаў на Беларусі, навук. працы ін-таў гісторыі, л-ры і мовазнаўства АН Беларусі. У раздзеле «Беларуская хроніка» (да 1980) асвятляў міжнар. дзейнасць Беларусі ў ААН, ЮНЕСКА, Міжнар. арг-цыі працы, эканам., рэліг. і грамадска-паліт. жыццё бел. дыяспары. Выйшаў 21 нумар у 6 т., у т. л. 2 здвоеныя.

Л.​У.​Языковіч.

т. 6, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГЯ́ЛА (Дзмітрый Іванавіч) (1.11.1868, в. Казьяны Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.крас. 1942?),

беларускі гісторык, архівіст, археограф, крыніцазнавец. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1894). З 1897 працаваў у Віцебскім, Віленскім архівах стараж. актаў. З 1906 член, з 1912 старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі, рэдактар «Записок Северо-Западного отдела Русского географического общества», ганаровы чл. Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Удзельнік Усебел. з’езда 1917. З 1921 заг. Магілёўскага губ. архіва. З 1925 супрацоўнік Інбелкульта, дацэнт БДУ, з 1929 дырэктар б-кі АН БССР, з 1937 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АН БССР. Аўтар прац па гісторыі гарадоў і мястэчак Беларусі. Першы даследаваў гісторыю і гіст. тапаграфію полацкіх, Барысаўскага, Свіслацкага, Аршанскага замкаў, вывучаў гісторыю нац. меншасцей у Беларусі. Складальнік, рэдактар, удзельнік выдання «Гісторыка-юрыдычных матэрыялаў» (т. 27—32, 1899—1906), Актаў Віленскай камісіі (т. 32—37, 1907—12), «Беларускага архіва» (т. 1—3, 1927—30), «Гісторыі Беларусі ў дакументах і матэрыялах» (т. 1, 1936) і інш. 10.12.1937 арыштаваны, 11.9.1939 высланы ў Казахстан на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1964.

Тв.:

3 беларускага пісьменства XVII ст. Мн., 1927;

Літоўская Метрыка і яе каштоўнасць для вывучэння мінуўшчыны Беларусі. Рыга, 1933.

М.​Ф.​Шумейка.

Дз.І.Даўгяла.

т. 6, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РШУНАЎ (Аляксандр Фаміч) (4.3.1924, в. Палішына Горацкага р-на Магілёўскай вобл. — 12.7.1991),

бел. літ.-знавец, гісторык стараж. бел. л-ры, тэкстолаг. Канд. філал. н. (1956). Скончыў БДУ (1950). У 1954—91 у Ін-це л-ры імя Я.​Купалы АН Беларусі. Даследаваў стараж. бел. л-ру, царк.-палемічную і мемуарную л-ру 16—17 ст., асаблівасці выданняў Ф.​Скарыны, іх уплыў на выдавецкую дзейнасць С.​Буднага, В.​Цяпінскага, І.​Фёдарава, П.​Мсціслаўца, Р.​Хадкевіча. Складальнік навук. зборнікаў, аўтар уступных артыкулаў і каментарыяў да выданняў «Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры» (1959), «Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці» (1975), «Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст.» (1983), кніг Ф.​Скарыны «Прадмовы і пасляслоўі» (1969), «Творы» (1990). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1, 1968), 2-томнага даследавання «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977; на рус. мове; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1980).

Тв.:

Афанасий Филиппович: Жизнь и творчество. Мн., 1965.

Літ.:

Батвіннік М.Б. Даследчык беларускай старажытнай літаратуры // Весці АН Беларусі. Сер. грамад. навук. 1992. № 3—4;

Кароткі У. «З зычливости ку моей отчизне...» // Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. Мн., 1994.

М.​Б.​Батвіннік.

т. 8, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЯШО́Ў (Фёдар Іванавіч) (18.6.1913, в. Вял. Стралкі Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.12.1993),

бел. літ.-знавец і крытык. Д-р філал. н. (1964), праф. (1965). Скончыў Ленінградскі пед. ін-т (1935). У 1938 рэпрэсіраваны. Зняволенне адбываў пад Варкутой. Вызвалены ў 1943. З 1944 выкладаў у ВНУ, у 1951—55 і з 1961 — у БДУ. Даследаваў гісторыю рус. л-ры 19 — пач. 20 ст., сучасную бел. л-ру. Аўтар кніг «Жыццё і творчасць Л.​М.​Талстога» (1953), «Сатырычная паэзія М.​А.​Някрасава» (1954), «Міхась Лынькоў» (1961), «Іван Мележ» (1968), «Сучасная беларуская проза» (1970), «Лекцыі па гісторыі рускай літаратуры канца XIX — пачатку XX ст.» (ч. 1—2, 1976—80), «Літаратурныя партрэты» (1983), артыкулаў пра творчасць Я.​Брыля, І.​Шамякіна, І.​Навуменкі, ГІ.​Пестрака, М.​Лобана, Б.​Сачанкі, І.​Чыгрынава і інш. Складальнік зб. «Максім Горкі і Беларусь» (1968), «А.​І.​Купрын пра літаратуру» (1969), «Леў Талстой і Беларусь» (1981) і інш.

Тв.:

Міхась Лынькоў: Семінарыст. Мн., 1963;

Эцюды аб прозе. Мн., 1964;

Подвиг художника: Лит. путь И.​Мележа. 2 изд. Мн., 1982;

Творческий путь А.​И.​Куприна. [Т. 1—2]. 2 изд. Мн., 1983—87;

У дарозе. Мн., 1988.

т. 9, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКІ (Ян) (н. 20.1.1905, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. рэліг. дзеяч, выдавец, літаратар, мовазнавец. Скончыў гімназію ў Вільні, служыў у польскім войску. Скончыў Тэалагічную школу метадыстаў у Клярысаве (1930). Быў пастарам у Варшаве, у Дзярэчыне (цяпер Зэльвенскі р-н). З 1936 пастар у Варшаве, адначасова сакратар Польскай гадавой канферэнцыі метадыстаў. З сак. 1941 пастар у Германіі, дзе быў арыштаваны гестапа. Прапаведнік метадысцкай царквы з 1945 у Аўстрыі, з 1953 у ЗША. У 1962—66 выдаваў рэліг. час. «Сьветач хрыстовае навукі». Выдаў у перакладзе на бел. мову 6 кніг дыялогаў стараж.-грэч. філосафа Платона (1966—81), кнігу ням. філосафа В.​Гумбальта «Унутраная форма мовы» (1989). Складальнік і выдавец «Класічнага грэцка-беларускага слоўніка» (кн. 1—2, 1983—85), а таксама англа-бел. і бел.-англ. слоўнікаў (1993), якія ўключаюць больш за 10 тыс. слоў. У 1977 стварыў у ЗША Бел. харытатыўна-адукац. фонд з мэтай спрыяння развіццю бел. мовы і культуры і пашырэння ў краінах Захаду ведаў пра Беларусь. Аўтар успамінаў (т. 1—3, 1988—97), якія з’яўляюцца важнай крыніцай па гісторыі Зах. Беларусі і бел. дыяспары.

Літ.:

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы. Мартыралогія. Успаміны. Мн.;

Мюнхен, 1999. С. 154.

Л.​У.​Языковіч.

т. 13, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЧЭ́ЛЬ-ЗАГНЕ́ТАВА (Данута Янаўна) (н. 3.12.1937, в. Біскупцы Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла Гродзенскі пед. ін-т (1962). Настаўнічала. З 1982 у Гродзенскім гіст.-археал. музеі, з 1995 дырэктар Музея М.​Багдановіча ў Гродне. Друкуецца з 1958. Першы зб. вершаў «Дзявочае сэрца» (1961). У творчасці Бічэль-Загнетавай — шчырасць, пачуццё грамадз. адказнасці, годнасці і гонару, болю і радасці за бацькоўскую зямлю, праблемы сучаснасці і гіст. мінулага, матывы вернасці высокім маральна-этычным прынцыпам дружбы, сяброўства, кахання, мацярынства. Зб. лірыкі «Божа мой, Божа» (1993) — малітва за Беларусь, адраджэнне душы, мовы, трывожны роздум пра лёс роднага краю (верш «Малітва»), Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за зб. вершаў «Дзе ходзяць басанож» (1983). Для дзяцей зб-кі «Перапёлка» (1968), «Дагані на кані» (1973), «Габрынька і Габрусь», (1985), «Гараднічанка» (1993) і інш. Складальнік альманаха «Краю мой — Нёман» (1986, з А.​Цяжкім), зб. твораў Л. і Ю.​Геніюшаў «Маці і сын» (Беласток, 1992, з С.​Яновічам).

Тв.:

Ты — гэта ты. Мн., 1976;

Браткі. Мн., 1979;

Даўняе сонца. Мн., 1987;

А на Палессі. Мн., 1990.

Літ.:

Бярозкін Р. Святло і рух // Маладосць. 1976. № 6;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 73—75, 111—113;

Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 47—52, 111—114.

І.​У.​Саламевіч.

Д.Я.Бічэль-Загнетава.

т. 3, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЧКО́ЎСКІ (Юльян Фаміч) (25.7.1840, в. Азяты Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 25.7.1903),

бел. фалькларыст, этнограф, гісторык і педагог. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1861). Працаваў настаўнікам у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, інспектарам нар. вучылішчаў Віленскай навуч. акругі, дырэктарам Полацкай і Туркестанскай настаўніцкіх семінарый і Віленскага настаўніцкага ін-та. У 1888—1902 старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі. Складальнік 16-га і 20-га тамоў, аўтар прадмоў да іх і да 25-га т. Актаў Віленскай камісіі. Пад рэдакцыяй К. і з яго прадмовамі выйшлі 12-ы і 13-ы т. Археаграфічнага зборніка дакументаў (1900—02). Апублікаваў нарыс «Старая Вільна да канца XVII ст.» (1893) і зб. дакументаў «Гістарычны агляд дзейнасці Віленскай навучальнай акругі за першы перыяд яе існавання, 1803—1832» (1903). Аўтар першага грунтоўнага даследавання пра радзінны абрад беларусаў і выхаванне дзіцяці «Нарысы быту заходнярускага селяніна» (1869) і фалькл.-этнагр. зб. «Быт заходнярускага селяніна» (1874), прысвечанага сямейным (пераважна вясельным) і каляндарна-агр. абрадам беларусаў, у якім выкарыстаў больш за 300 фалькл. твораў. Распрацоўваў методыкі пед. выхавання ў навуч. установах.

Літ.:

Голуб В. Ю.Ф. Крачковский. Вильна, 1904;

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мн., 1964;

Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.

І.​К.​Цішчанка.

т. 8, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУБКІ́ЎСКІ (Раман Мар’янавіч) (н. 10.8. 1941, с. Астравец Церабоўлянскага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна),

украінскі паэт, перакладчык. Засл. дз. культ. Польшчы (1977). Скончыў Львоўскі ун-т (1963). З 1992 надзвычайны і паўнамоцны пасол Украіны ў Чэшскай і Славацкай федэратыўнай рэспубліцы, у 1993—95 у Чэшскай рэспубліцы. Аўтар паэт. зб-каў патрыят., культуралагічнай і філас. тэматыкі «Зачараваныя алені» (1965), «Перунова дрэва» (1967), «Паходні» (1975), «Астролаг» (1977, прэмія імя П.​Тычыны), «Чуццё сям’і адзінай» (1979), «Славацкае лета» (1985), «Погляд вечнасці» (1990, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1992) і інш. Перакладае з арм., слав., у т. л. бел., моў. Складальнік анталогій перакладаў «Славянскае неба» (1972) і «Славянская ліра» (1983). Пераклаў на ўкр. мову творы М.​Багдановіча, Ф.​Багушэвіча, Р.​Барадуліна, П.​Броўкі, Л.​Геніюш, Н.​Гілевіча, У.​Дубоўкі, М.​Дуксы, С.​Законнікава, В.​Зуёнка, К.​Каганца, У.​Караткевіча, Я.​Коласа, Я.​Купалы, А.​Лойкі, М.​Машары, ІІ.​Пестрака, Ф.​Скарыны, М.​Танка, Цёткі, М.​Чарота. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Барадулін, Г.​Бураўкін, Гілевіч, Законнікаў, Зуёнак, Караткевіч, В.​Коўтун, В.​Лукша, У.​Немізанскі, Р.​Семашкевіч, С.​Панізнік, Я.​Сіпакоў, М.​Рудкоўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Пялёсткі святла. Мн., 1990;

Рус. пер. — Очарованные олени. М., 1971;

Звездочет. М., 1977.

В.​А.​Чабаненка.

т. 9, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮДКЕ́ВІЧ (Станіслаў Піліпавіч) (24.1. 1879, г. Ярослаў, Польшча — 10.9. 1979),

украінскі кампазітар, тэарэтык, педагог. Нар. арт. СССР (1969). Герой Сац. Працы (1979). Д-р мастацтвазнаўства (1908). Скончыў Львоўскі ун-т (1901). Кампазіцыі вучыўся ў Львове (1898—01) і Вене ў Г.​Грэдэнера (1907—08). Адзін з арганізатараў і дырэктар (1908—14) Вышэйшага муз. ін-та імя М.​Лысенкі (Львоў). У 1939—72 праф. Львоўскай кансерваторыі. Адзін з буйнейшых майстроў укр. сімфанічнай і кантатна-аратарыяльнай музыкі. У творчасці пераўтвараў укр. муз. фальклор. Складальнік зборнікаў укр. нар. песень. Сярод твораў: оперы «Бар Кохба» (1926, не закончана), «Доўбуш» (1955); сімфонія-кантата «Каўказ» (1913), кантаты «Запавет» (2-я рэд. 1955; абедзве на словы Т.​Шаўчэнкі), «Найміт» на словы І.​Франко (1940) для салістаў, хору і арк.; «Прыкарпацкая сімфонія» (1952), сімфаньета (1943), сімф. паэмы «Каменяломы» (1926), «Дняпро» (1947), фантазія «Наша мора» (1957) для арк., і інш.; інстр. канцэрты; камерна-інстр. ансамблі; для хору з арк. на словы Франко (1898) і Т.​Шаўчэнкі (1931); рамансы, апрацоўкі нар. песень. Аўтар музыказнаўчых прац (сабраны ў кн. «Даследаванні і артыкулы», 1976), артыкулаў пра Дз.​Бартнянскага, М.​Вярбіцкага, М.​Лысенку, рэдакцый і аркестровак твораў інш. кампазітараў. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1964.

Літ.:

Павлишин С. С.​Людкевич. Київ, 1974;

Творчість С.​Людкевича: Сб. ст. Київ, 1979.

С.П.Людкевіч.

т. 9, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)