ЛЕ́ПЕШАЎ Іван Якаўлевіч

(н. 23.10. 1924, в. Іскозы Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1985), праф. (1987). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1959). Настаўнічаў. З 1971 выкладае ў Гродзенскім ун-це. Даследуе фразеалогію, мову маст. л-ры, культуру мовы і маўлення. Аўтар прац «Фразеалогія ў творах К.Крапівы» (1976), «Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора» (1981), «Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы» (1984), «Прыказкі як моўныя адзінкі і іх стылістычнае выкарыстанне» (1995, з М.А.Якалцэвіч). Складальнік «Фразеалагічнага слоўніка для сярэдняй школы» (1973, з Н.В.Гаўрош і Ф.М.Янкоўскім), «Этымалагічнага слоўніка фразеалагізмаў» (ч. 1—2, 1981—93), слоўніка «З народнай фразеалогіі» (1991), «Фразеалагічнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—2, 1993), «Слоўніка беларускіх прыказак» (1996, з Якалцэвіч), вучэбных дапаможнікаў.

Тв.:

Моўныя самацветы. Мн., 1985; Асновы культуры мовы і стылістыкі. Мн., 1989; Фразеалогія сучаснай беларускай мовы. Мн., 1998; У слоўнікавую скарбонку. Гродна, 1999.

т. 9, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)