Туніня́ць ‘гнісці’ (слаўг., Яшкін, вусн. паведамл.). Мяркуецца, што ўтворана ад назоўніка *туніня ‘гніль’. Апошняе мае паралелі ў балг. дыял. туне́ ‘плесня’ або тунъ́ ‘плесня; смурод’, туня́съм ‘пакрывацца плесняй’, макед. дыял. тунясва ‘тс’, якія Рачава (Этимология-2003–2005, 185) разглядае як «утварэнні праславянскага тыпу», звязаныя з балг. то́на ‘ўсмоктваць, убіраць’, што фанетычна і семантычна цяжка давесці. Хутчэй з улікам беларускага матэрыялу, да прасл. *tunʼa ‘гніль, плесня’ ад прасл. *tuxnǫti/*tǫxnǫti ‘псавацца, пратухаць’, параўн. укр. тухи́ня ‘гнілое балота’, гл. тухнуць. Параўн. туняшка, тунець (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ке́ўляць ’ледзь жыць, ледзь дыхаць, вельмі нядужаць’ (Янк. I, Мат. Гом.), ’есці без апетыту’ (З нар. сл.). Гл. кеўлець. Лаўчутэ (Балтизмы, 113) разглядае слова як балтызм. Пры гэтым яна спасылаецца на такія літоўскія прыклады, як kiáulioti ’гадзіць, паскудзіць, швэндацца’, kiáuliotis ’свінячыць, бадзяцца’, якія паходзяць ад kiãule ’свіння’. Трэба адзначыць, што прыведзеныя прыклады семантычна не адпавядаюць беларускім словам, для якіх дамінантным значэннем было б ’нядужаць, слабець’. Можна, аднак, маючы на ўвазе ў аналагічных выпадках невядомую ўсходнебалтыйскую крыніцу, дапусціць наступныя семантычныя пераходы: ’швэндацца, бадзяцца’ > ’марудна рухацца’ > ’слабець, нядужаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перагля́ды, перагля́дзіны ’агледзіны’ (смарг., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.) — з перагле́дзець ’разгледзець, абмеркаваць яшчэ раз’. Семантычна найбольш блізка стаіць рус. разан. гля́дать ’аглядаць каго-, што-небудзь дзеля азнаямлення, пераканання ў наяўнасці’. У выніку пераносу значэння ўзніклі перагля́ды, пірагля́дзіны ’паездка нявесты да жаніха’ (смарг., астрав., Сл. ПЗБ), як пярэзвы, перазоў. Падобныя да бел. перагляд зах.- і паўд.-слав. (польск. przegląd, чэш. přehled, н.-луж. рśeglěd ’перагляд, агляд’, серб.-харв. пре́глед ’агляд(анне)’, макед. преглед ’тс’, славен. preglèd ’агляд, праверка’) — новыя ўтварэнні, калькі з ням. Übersicht ’агляд, назіранне’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прылі́чны ’прыстойны; дзябёлы, мажны’ (Ян.); відаць, сюды ж семантычна (да 1‑га знач.) і арэальна блізкае прылі́цы ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі’ (рэч., ЛА, 3) з рэгулярным чаргаваннем канцавога зычнага асновы. Узыходзіць да прасл. *priličьnъjь прэфіксальнае ўтварэнне ад *ličьnъjь, гл. таксама лі́чны2. Укр. прили́чний ’адпаведны, слушны, дарэчны’, рус. прили́чный ’які падыходзіць, прыстойны’, ст.-рус. приличьныи ’падобны’, ц.-слав. приличьнъ ’тс’, чэш. priličný ’адпаведны’, славен. príličen ’які падыходзіць, значны, вялікі’, серб.-харв. прѝличан ’дастатковы, значны; прыстойны’, балг. прили́чен ’падобны’. Гл. Фасмер, 3, 364.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ат’яжо́жынне ’адмаўленне, аднекванне’ (Бяльк.). Аддзеяслоўны назоўнік з суфіксам ‑нне ад дзеяслова *атʼяжожыць (‑вацца), утворанага з прэфіксам ат‑/ад‑. Беспрэфіксальная форма прадстаўлена ў рускіх гаворках: язать(ся) ’абяцаць’. Язать Фасмер (4, 549) звязвае з (в)яз‑а‑ть як зваротнае ўтварэнне ад об(в)язать(ся); семантычна пераход ад ’абавязацельства’ да ’адмовы’ ад яго (выражанай прэфіксам ат‑) цалкам магчымы. Не зусім ясная ў гэтым выпадку фанетыка рускіх адпаведнікаў: язжить, яжжить ’бурчаць, лаяць’, ягать крычаць’. Фасмер параўноўвае гэтыя словы з яга (гл.). Асобнасць фіксацыі беларускага слова не дае магчымасці больш ясна тлумачыць яго паходжанне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Верч, ве́рчик ’скрутак вычасанага льну ці канапель’ (Уладз.), верч ’скрутак лыка’ (Шат.), мсцісл. ’лазовы скрутак, запечаны ў цесце’ (Рам., 8); ’скрутак’ (Жд., 2, Мат. Гом.), верч, верчык ’скрутак лазы, дроту, кабелю і г. д.’ (КТС, Шатал.); ’пшанічны хлеб, па-асобаму выпечаны і аздоблены, каравай’, верчык ’баранак’ (Растарг.). Укр. ве́рчик ’скрутак чаго-небудзь, ’плецены баранак’, іншыя паралелі адрозніваюцца семантычна; параўн. с.-рус. верчь, верча ’від прадзення, калі прадуць не верацяном, а закручваюць ніткі рукамі’, дан. верьч ’скручаныя адходы льну’, серб. вр̏ч ’гліняны збан, кухаль’. Узыходзіць да vьrt‑jь < vьrteti (Рудніцкі, 367).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кало́дкі, коло́дкэ і колы́ткы ’скураныя нашыўкі на аброці, навочнікі’ (малар., Нар. словатв.). Здаецца, зыходнай формай можна лічыць колыткы; што датычыць формы колодкэ, тут, відаць, недакладны запіс складанай зах.-палес. фанетыкі. Такое меркаванне даказваецца, галоўным чынам, семантычным паказчыкам, паколькі фармальная сувязь з калода1 ніяк не пацвярджаецца семантычна. У той жа час і фармальная, і семантычная суаднесенасць з каліта, калітка асобых сумненняў не выклікае, але не вельмі ясна, ці быў тут перанос паводле падабенства, ці толькі рэалізацыя «дыфузнага» тэрміна для падыходзячай рэаліі. Параўн. семантыку слова каліта1 і наст. (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ламаві́к1 ’зборшчык утыльсыравіны, металалому’ (Сцяшк.) — новае ўтварэнне. Параўн. рус. ломовое железо ’металалом’. Ламавік ’перавозчык цяжкіх грузаў’, ’конь для перавозкі цяжкіх грузаў’ (ТСБМ), відавочна, запазычана з рус. мовы (параўн. Даль₃, 2, 686). Гл. ламавік2.

Ламавік2, лъмаві́к, лымаві́к, лымаві́на ’здаравяка’ (міёр., З нар. сл., Яўс.), рус. ломовик ’асілак, здаравяка’, лом ’моцны, фізічна здаровы чалавек’, ломовина ’тс’, ’няўклюда, нязграбны ў рухах’. Да лама́ць (гл.). Утворана ад ⁺ламавы, рус. ломовой ’цяжкі, бялізны, нязграбны’. Параўн. семантычна блізкае літ. āp‑lamas ’нязграбны, нязручны’. Чэш. і славац. lomový фармальна да ⁺ламавы, але адрозніваецца семантыкай (’які колецца ў кар’еры’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лапу́та ’лапеза, непаваротлівы, нехлямяжы’, ’абадранец, няўклюда’ (Бяльк.), гом. лапуцішча ’няўклюда’ (Мат. Гом.). Укр. бук. лаву́та ’дурань’, рус. раз. лапу́та ’благі чалавек’, лабуда смал. ’лахманы’, раз. ’нявартая рэч’; смал., тул., раз., маск. цвяр. ’пусты, нікчэмны чалавек’; калуж. ’шалапут, бязладны чалавек’ і інш. Семантычна набліжаецца да лабуда (гл.), хаця і магло ўтварыцца самастойна: лап (< /αρ-, параўн. лапік ’латка’) і суф. ‑ūtas, цяпер пашыранага ў літ. дыялектах (Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 261–263). Сюды ж, магчыма, драг. лапу́ця ’цяльпук, мяла, разява’ (Клім.), якое можа быць генетычна звязана з лапацон (гл.) паводле семантыкі слова ў сказе-прыкладзе (гл. Клім.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мача́нка, муча́нка ’страва з сала, мяса і каўбасы, падкалочаная мукой’ (лях., глус., Янк. Мат.; мін., КЭС; КЭС, лаг.; смарг., Сл. ПЗБ; Касп., Шат., Бяльк., ТС), пух. ’амлет’ (Сл. ПЗБ); мача́нне, мача́ня, моча́нье, мача́ньё ’мачанка’ (ТСБМ, Янк. 2, Мат. Гом.; докш., Янк. Мат.), ’тук’ (капыл., Нар. словатв.), ’мачанка з канапель, маку’ (віл., чэрв., Сл. ПЗБ), ’тварог, расцёрты з малаком і смятанай, у які мачаюць бліны’ (ТСБМ, Ян., Мат. Гом., Жыв. сл., Нар. словатв., ТС), ’варэнне’ (хойн., Мат. Гом.). Беларускае. Да мача́ць (гл.). Польск. maczanka ’грэнка з намочанага хлеба’ семантычна адрозніваецца ад беларускай лексемы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)