ЛЕЎ X (Leo; свецкае Джавані дэ Медычы; Giovanni de’ Medici; 11.12.1475, г. Фларэнцыя, Італія — 1.12.1521),
папа рымскі [1513—21]. Сын правіцеля Фларэнцыі Ларэнца Пышнага Медычы. Кардынал з 13-гадовага ўзросту. Імкнуўся ўмацаваць уплыў сям’і Медычы, вёў войны з іх праціўнікамі, удзельнічаў у розных кааліцыях у перыяд Італьянскіх войнаў 1494—1559. У 1516 заключыў канкардат з франц. каралём Францыскам I, які пашырыў правы караля над франц. царквой. Шырока практыкаваў продаж індульгенцый, што стала штуршком да пачатку Рэфармацыі. У 1520 адлучыў ад царквы М.Лютэра. Прыцягнуў буйнейшых мастакоў Адраджэння (Леанарда да Вінчы, Д.Брамантэ, Рафаэль, Мікеланджэла) для працы над аздабленнем цэркваў і палацаў Рыма і Ватыкана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ВІЙ (Ціт) (Titus Livius; 59 да н.э., Патавія, цяпер г. Падуя, Італія — 17 н.э.),
старажытнарымскі гісторык. Вывучаў рыторыку і філасофію. Жыў і працаваў у Рыме, карыстаўся апекай імператара Аўгуста. Пісаў дыялогі філас. зместу. Аўтар «Рымскай гісторыі ад заснавання горада» ў 142 кнігах (захаваліся 35), у якой пагадова апісана гісторыя Рыма ад заснавання да 9 г. да н.э. Ідэалізаваў Рым і, выкарыстоўваючы матэрыялы ранейшых рым. аўтараў, пераносіў у старажытнасць рысы сучаснага яму рым. ладу. Сучаснікі і наступныя пакаленні лічылі яго гіст. працу ўзорнай, а самога аўтара — «рымскім Герадотам».
Тв.:
Рус.пер. — История Рима от основания города. Т. 1—3. М., 1989—93.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАНЕ́ЗІ ((Piranesi) Джавані Батыста) (4.10.1720, г. Мальяна-Венета, Італія — 9.11.1778),
італьянскі гравёр. Працаваў у Рыме, Венецыі і Неапалі. Зазнаў уплывы ант. дойлідства, венецыянскага барочнага тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва. У творчай манеры спалучаў афорт з разцовай гравюрай. Ствараў «архітэктурныя фантазіі», якія вызначаліся грандыёзнасцю прасторавых вырашэнняў, вострадрам. святлоценявымі кантрастамі (цыклы «Фантазіі на тэму турмаў», каля 1745—50, 1760—61) і відавыя гравюры, у якія прыўносіў элементы рамант. вымыслу, што надавалі арх. помнікам манументальнасць і жывапіснасць (цыклы «Віды Рыма», з 1748; «Рымскія старажытнасці», 1756). Гравюры П. паўплывалі на станаўленне стылю ампір. Працаваў таксама як архітэктар.
Літ.:
Лаврова О.И. Избранные офорты Дж.Б.Пиранези. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРТО́РЫЙ (Квінт) (Quintus Sertorius, каля 122—72 да н.э.),
рымскі палкаводзец. Удзельнік войнаў супраць кімвраў і тэўтонаў (105, 102), легат у Саюзніцкай вайне 90—88 да н.э., прыхільнік Марыя і Цыны ў іх барацьбе з Сулам у час грамадз. войнаў 88—82 да н.э. У 83—81 да н.э. прэтар Блізкай Іспаніі (рым. правінцыя на ўсх. узбярэжжы Іспаніі). З 80 да н.э. ўзначаліў барацьбу іберыйскіх плямён супраць Рыма, ператварыў Іспанію ў цэнтр антысулаўскай апазіцыі. Аб’яднаў пад сваёй уладай амаль усю Іспанію, атрымаў шэраг перамог над рым. палкаводцамі Метэлам і Гнеем Пампеем. Забіты змоўшчыкамі з ліку сваіх прыбліжаных, якія шукалі прымірэння з Рымам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ, Папская дзяржава, Царкоўная вобласць, Царкоўная дзяржава,
тэакратычная дзяржава ў Сярэдняй Італіі на чале з папам рымскім у 756—1870. Сталіца — г.Рым. Утварылася пасля таго, як кароль франкаў Піпін Кароткі падараваў папу рымскаму Стэфану II Рымскую вобл., Равенскі экзархат (уключаў таксама Венецыю і Істрыю), Пентаполіс, Парму, Рэджыю, Мантую, герцагствы Спалета і Беневента, в-аў Корсіка. У 774 падараванне пацвердзіў Карл Вялікі. Да 888 П.в. — частка імперыі Каралінгаў, у 962—1274 у складзе «Свяшчэннай Рым. імперыі». Межы П.в. неаднаразова мяняліся, гэтаму спрыяла феад. раздробленасць. У 13 ст. большасць гарадоў П.в. сталі камунамі. Уладу пап аслаблялі ератычныя рухі (Арнольда Брэшыянскага 1145—55) і паўстанні (Кола ды Рыенца ў 1347 і 1354). Асабліва іх ўлада аслабла ў перыяд Авіньёнскага паланення папаў. У 15 — пач. 16 ст. пачалося аднаўленне П.в., якое дасягнула значных поспехаў пры Аляксандру VI і Юлію II. У 16—18 ст. П.в. ператварылася ў абсалютысцкую дзяржаву. Пасля Франц. рэвалюцыі 1789—99 на яе тэр. ўтварылася Рымская рэспубліка 1798—99. У 1809—14 П.в. у складзе Франц. імперыі, адноўлена ў 1815. Пасля задушэння рэвалюцыі 1848 і ліквідацыі Рым. рэспублікі 1849 у П.в. размяшчаўся (з 1849) франц.вайск. корпус. Пасля рэвалюцыі 1859—60 ад П.в. да Сардзінскага (з 1861 Італьян.) каралеўства адышлі ўсе землі, акрамя Рыма і Рымскай вобл. У 1870 П.в. стала часткай аб’яднанай Італіі. У выніку Латэранскіх дагавораў 1929 папская дзяржава адноўлена на невялікай ч.Рыма (гл.Ватыкан).
Літ.:
Лозинский С.Г. История папства. 3 изд. М., 1986;
Ковальский Я.В. Папы и папство: Пер. с пол. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пуза́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. З вялікім жыватом, пузам. Ля камбайна, акрамя Шапавалава і Пятра,.. [Касцянок і Баранаў] убачылі старшыню калгаса Махнача, нізкага і пузатага чалавека з шырокім чырвоным тварам.Шамякін.Тут быў таран, мянёк пузаты, Шчупак, лінок, акунь, карась.Колас.
2.перан. Нізкі і шырокі, з пукатымі, акруглымі бакамі (пра прадметы). Пузаты чыгун. Пузаты партфель. □ Гаспадыня ўсё-такі злезла з печы, бразнула засланкай і выцягнула пузаты паліваны гарлачык, на якім трошкі прыгарэла жоўтая плеўка.Сабаленка.Рыма трымала ў руках баравік і абразала белы пузаты корань.Васілеўская.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АБЛО́МЫ АРХІТЭКТУ́РНЫЯ,
працяглыя элементы арх. пластыкі, спалучэнне якіх складае профілі (разрэзы) карнізаў, капітэляў, базаў калон. Размяшчаюцца па гарызанталі, радзей па нахіленай крывой (у архівольтах арак, на нервюрах) ці ламанай (абрамленні парталаў, вокнаў) лініі. Узбагачаюць арх. дэкор, узмацняюць вобразна-маст. выразнасць будынка. Падзяляюцца на прамалінейныя (палічка) і крывалінейныя (вал, гусёк, абцасік і інш.). Найб. пашыраны ў ордэрнай архітэктуры (гл.Ордэр). Узніклі ў класічнай архітэктуры Стараж. Грэцыі, адкуль запазычаны дойлідствам Стараж.Рыма і Візантыі, пасля — Зах. Еўропы. У сучаснай архітэктуры абломам архітэктурным адпавядаюць профілі архітэктурныя.
Абломы архітэктурныя: 1 — палічка; 2 — вал; 3 — «ястрабіная дзюба»; 4 — кіматый (а — прамы, б — адваротны); 5 — абцасік (а — прамы, б — адваротны); 6 — выкружка; 7 — астрагал; 8 — скоцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНА́РЫЙ (ад лац. denarius які складаецца з дзесяці),
1) сярэбраная манета Стараж.Рыма, чаканілася ў 269 да н.э. — 1-й пал. 3 ст. 2) Сярэбраная манета герм. дзяржаў у 5 — сярэдзіне 8 ст., якая імітавала рымскі Д.
3) Сярэбраная манета дзяржаў Зах. Еўропы ў сярэдзіне 8—1-й пал. 12 ст. У Беларусі абарачалася ў канцы 10 ст. — сярэдзіне 1060-х г. 4) Сярэбраная, потым білонная і медная разменная манета ў дзяржавах Зах. Еўропы ў 13—17 ст. 5) Сярэбраная манета ВКЛ у 14—15 ст., білонная — у 16 ст. У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. вядомы білонны двайны Д.
6) Сучасная назва разменнай манеты ў Іраку, Босніі і Герцагавіне, Македоніі, Югаславіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМО́ЙСКІ ((Zamoyski) Ян) (19.3.1542, Скокаўка, каля г. Замасць, Польшча — 3.6.1605),
дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, гуманіст. Канцлер вялікі каронны (з 1578), адначасова гетман вялікі каронны (з 1581). Вучыўся ва ун-тах Парыжа, Рыма, Падуі (у апошнім у 1563 рэктар). Пасля вяртання ў Рэч Паспалітую каралеўскі сакратар (з 1565). Праціўнік Габсбургаў, падтрымаў абранне каралевай Ганны Ягелонкі. Спрыяў узвядзенню на трон Стафана Баторыя, быў яго бліжэйшым паліт. дарадцам; пры кіраванні ўнутр. і знешняй палітыкай імкнуўся да ўзмацнення каралеўскай улады. Пасля смерці Баторыя падтрымаў Жыгімонта Ш Вазу; быў праціўнікам яго прагабсбургскай палітыкі і ў 1605 узначаліў апазіцыю. Заснаваў г.Замасць (1580), Замойскую ардынацыю (1589), Замойскую акадэмію (1595).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЛЮ́МНЫ»,
герб, адзін з дзярж. сімвалаў ВКЛ: у чырв. полі тры белыя слупы, злучаныя ўнізе. Паводле легенда, гэты герб прывёз з сабою з Рыма Палемон, ім карысталіся яго «нашчадкі» — літоўскі княжацкі род. «К.» сустракаюцца на манетах ВКЛ пасля 1386—1420. У Грунвальдскай бітве 1410 з 40 харугваў ВКЛ 10 былі з выявай «К.» (паводле Я.Длугаша, такім знакам Вітаўт клеймаваў коней). «К.» вельмі падобныя да знакаў Рурыкавічаў, т.зв. «трызубцаў», таму шэраг даследчыкаў выводзяць ад іх паходжанне «К.». Верагодна, напачатку «К.» былі гербавым знакам Полацкага княства. На манетах ВКЛ выкарыстоўваліся поруч з «Пагоняй», якая ўвасабляла Літву, а «К.» — Русь. У гэтым значэнні «К.» перасталі выкарыстоўвацца са згасаннем дынастыі Ягелонаў.