МЕТРАПО́ЛІТЭН-МУЗЕ́Й (Metropolitan Museum of Art) у Нью-Йорку, найбуйнейшы ў ЗША і адзін з буйнейшых у свеце збор твораў мастацтва. Засн. ў 1870 на аснове падараваных прыватных калекцый. Адкрыты ў 1872. Калекцыі музея прадстаўляюць усе буйнейшыя маст. культуры свету. У складзе М.-м. раздзелы мастацтва Амерыкі, Еўропы, краін Б.Усходу, Азіі, Афрыкі, Акіяніі і Стараж. Амерыкі, Стараж. Егіпта, Грэцыі і Рыма, мастацтва ісламу, мастацтва 20 ст., зброі, муз. інструментаў, музеі кнігі і дзіцячы, ін-т касцюма. Філіял — музей сярэдневяковага мастацтва «Клуатры» ў Нью-Йорку (засн. ў 1926, адкрыты ў 1938).