САБІ́НЫ (Sabini),

старажытнаіталійскія плямёны (гл. Італікі) умбра-оскска-сабельскай галіны. Рассяляліся паміж рэкамі Тыбр, Атэрнус і Аніо. Асн. занятак — земляробства і жывёлагадоўля. Сучасныя гісторыкі лічаць, што С. адыгралі вял. ролю ва ўтварэнні рым. народнасці. У 5—4 ст. да н.э. частка С., якая не ўвайшла ў склад Рым. дзяржавы, вяла барацьбу супраць Рыма і заваявана ім у 290 да н.э. У 268 да н.э. С. атрымалі рым. грамадзянства (без права голасу).

Рана страцілі сваю мову, раманізаваны. На тэр., дзе жылі С., знаходзіўся Сабунім, маёнтак Гарацыя. Стараж. паданне пра выкраданне сабінянак атрымала распаўсюджанне ў творах мастацтва.

А.​Г.​Зельскі.

т. 14, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)