ГАНУШКЕ́ВІЧ (Hanuszkiewicz) Адам (н. 16.6.1924, г. Львоў, Украіна),

польскі акцёр і рэжысёр. Скончыў драм. школу ў г. Жэшаў (1945). Працаваў у т-рах Кракава, Познані і інш. У 1955 у Варшаве: дырэктар т-раў Паўшэхнага (1963—68), Нарадовага (1968—82), Новага (з 1989). Сярод пастановак: «Вяселле» (1963; 1974 і роля Паэта) і «Вызваленне» (1966, і роля Конрада) С.​Выспянскага, «Пан Вакульскі» паводле Б.​Пруса (1967), «Нябоская камедыя» З.​Красінскага (1969), «Кардыян» Ю.​Славацкага і «Гамлет» У.​Шэкспіра (1970), «Сід» П.​Карнеля (1984), «Злачынства і пакаранне» паводле Ф.​Дастаеўскага (1964, і роля Раскольнікава); паэт. кампазіцыі «Хатні спеўнік» з муз. С.​Манюшкі (1982) і інш. Здымаўся ў кіно. Адзін са стваральнікаў тэлевізійнага т-ра ў Польшчы, аўтар шэрагу яго пастановак («Пан Тадэвуш» паводле А.​Міцкевіча і інш.). Ставіў спектаклі на сцэнах тэатраў ФРГ і Фінляндыі. Дзярж. прэмія Польшчы 1964, 1968.

Літ.:

Filler W. Teatr Hanuszkiewicza. Warszawa, 1974.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 5, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РГІЕЎ Валерый Абесалавіч (н. 2.5.1953, Масква),

расійскі дырыжор. Нар. арт. Расіі (1996). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1977). З 1977 дырыжор, з 1988 гал. дырыжор, з 1996 маст. кіраўнік — дырэктар Марыінскага т-ра. Муз. кіраўнік спектакляў «Руслан і Людміла» М.​Глінкі, «Саламбо», «Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага, «Пскавіцянка», «Садко», «Паданне пра нябачны горад Кіцеж...» М.​Рымскага-Корсакава, «Мазепа», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага, «Гулец», «Вогненны анёл», «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева, «Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча, «Саламея» Р.​Штрауса, «Аіда» і «Атэла» Дж.​Вердзі і інш. Супрацоўнічае з т-рамі «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера», «Ла Скала» і інш. Арганізатар і муз. кіраўнік фестываляў, прысвечаных творчасці Мусаргскага (1989), Пракоф’ева (1990), Рымскага-Корсакава (1994), заснавальнік міжнар. фестываляў «Зоркі белых начэй» (С.-Пецярбург, з 1993), у г. Мікелі (Фінляндыя, з 1993), «Гергіеў-фестывалю» ў г. Ротэрдам (Нідэрланды, 1996). З 1995 гал. дырыжор Ратэрдамскага філарманічнага аркестра. Лаўрэат Міжнар. конкурсу дырыжораў (фонд Гергіева фон Караяна, 1977). Дзярж. прэмія Расіі 1994.

т. 5, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШКО́Ў Віктар Міхайлавіч (24.8.1923, г. Растоў-на-Доне, Расія — 30.1.1982),

украінскі вучоны ў галіне матэматыкі, кібернетыкі і выліч. тэхнікі. Акад. АН Украіны (1961), АН СССР (1964). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Новачаркаскі політэхн. ін-т і Растоўскі ун-т (1948). З 1957 дырэктар Выліч. цэнтра, з 1962 — Ін-та кібернетыкі АН Украіны, якому ў 1982 прысвоена імя Глушкова; віцэ-прэзідэнт АН Украіны (з 1962). Асн. навук. працы па алгебры, эканам. кібернетыцы, тэорыі аўтаматызаваных сістэм кіравання і сістэм штучнага інтэлекту. На аснове створанай ім тэорыі лакальна бікампактных груп рашыў абагульненую 5-ю праблему Гільберта. Пад яго кіраўніцтвам створаны першая ў СССР кіроўная ЭВМ «Днепр», серыя ЭВМ «Мір». Шматпрацэсарныя выліч. комплексы ЕС-2701, ЕС-1766 і інш. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэмія СССР 1968, 1977. Дзярж. прэмія Украіны 1970. У 1982 у АН Украіны засн. Прэмія імя Глушкова.

Тв.:

Кибернетика, вычислительная техника, информатика: Избр. тр. Т. 1—3. Киев, 1990.

М.​П.​Савік.

В.М.Глушкоў.

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАЎ Канстанцін Васілевіч (25.9.1904, в. Лінёва Ніжагародскай вобл., Расія — 26.7.1988),

бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Акад. АН Беларусі (1938). Засл. дз. нав. і тэхн. БССР (1968). Скончыў Маскоўскі ін-т каляровых металаў і золата (1930). У 1938—47 прэзідэнт АН Беларусі, у 1947—49 дырэктар Фізіка-тэхн. ін-та, у 1969—73 віцэ-прэзідэнт, в.а. акадэміка-сакратара Аддз. фізіка-тэхн. навук АН Беларусі. Навук. працы па структурных ператварэннях металаў і сплаваў. Даследаваў уплыў легіравальных элементаў і мадыфікавальных дамешак на працэс крышталізацыі і ўласцівасці высокатрывалага чыгуну, уплыў алюмінію, тытану, малібдэну, вальфраму і ванадыю на фазавы састаў, структуру і ўласцівасці гарачатрывалых сплаваў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.

Тв.:

Кинетика и механизм разупрочнения некоторых стареющих сплавов (разам з Р.​Л.​Тафпенец) // Кинетика и механизм кристаллизации. Мн., 1973;

Фазовые равновесия в сплавах Fe—Cu и Fe—C—Cr (разам з Л.​А.​Шаўчуком) // Весці АН БССР. Сер. фізіка-тэхн. навук. 1976. № 2.

К.В.Гораў.

т. 5, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЗУ́К Пётр Апанасавіч (14.7.1891, в. Цярноўка, Малдова — 7.10.1943),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1924), праф. (1925). Скончыў Адэскі ун-т (1916). У 1926—30 заг. дыялекталагічнай камісіі Інбелкульта (з 1929 АН Беларусі), у 1931—33 дырэктар Ін-та мовазнаўства АН Беларусі і заг. кафедры ў Бел. вышэйшым пед. ін-це. У 1934 арыштаваны, высланы ў Волагду. Даследаваў праблемы праслав. мовы і ўтварэння асобных моўных груп эпохі праслав. адзінства («Погляды акадэміка Шахматава на дагістарычныя лёсы славянства», 1918—21; «Становішча беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў», 1927, і інш.), пытанні агульнага і параўнальна-гіст. мовазнаўства («Асноўныя пытанні мовазнаўства», 1926). Вывучаў мову помнікаў стараж.-сербскага пісьменства, узаемасувязі паміж укр. і бел. мовамі («Узаемаадносіны паміж украінскай і беларускай мовамі», 1926), дыялекты бел. мовы, станаўленне яе літ. нормаў. Аўтар першага дыялекталагічнага атласа бел. мовы «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» (1928).

Літ.:

Рамановіч Я., Юрэвіч А. П.​А.​Бузук. Мн., 1969.

І.​К.​Германовіч.

П.А.Бузук.

т. 3, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЫ́ГІН Іван Андрэевіч (9.2.1907, в. Радушкава Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 12.4.1984),

бел. фізіёлаг. Акад. АН Беларусі (1959, чл.-кар. 1956). Д-р біял. н. (1952), праф. (1954). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў Ленінградскі вет. ін-т (1931). З 1938 у н.-д. ін-тах Расіі, з 1953 дырэктар Ін-та фізіялогіі, адначасова ў 1969—79 акад.-сакратар Аддз. біял. навук АН Беларусі. Навук. працы па механізмах і заканамернасцях інтэрацэптыўных рэакцый арганізма, прынцыпах структурна-функцыян. арганізацыі, узаемасувязях дывергенцыі і канвергенцыі ў дзейнасці перыферычнай і цэнтр. нервовай сістэмы і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1972. Дзярж. прэмія СССР 1978.

Тв.:

Нервные регуляторы вегетативных процессов. Мн., 1978;

Новые принципы структурно-функциональной организации симпатических ганглиев. Мн., 1979;

Взаимосвязь явлений дивергенции и конвергенции как общий принцип деятельности нервной системы. Мн., 1981;

Катехоламины в симпатических ганглиях. Мн., 1983 (разам з В.​М.​Рэпрынцавай).

Літ.:

Библиография научных трудов академика АН БССР И.​А.​Булыгина. Мн., 1977.

І.А.Булыгін.

т. 3, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАВІ́ЛАЎ Сяргей Іванавіч (24.3.1891, Масква — 25.1.1951),

савецкі фізік, стваральнік навук. школы оптыкаў. Акад. (1932, чл.-кар. 1931). Брат М.І.Вавілава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1914). З 1932 дырэктар Фізічнага ін-та АН СССР, у 1932—45 навук. кіраўнік Дзярж. аптычнага ін-та (Ленінград). З 1945 прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па фіз. оптыцы. Распрацаваў асновы тэорыі люмінесцэнцыі, вывеў адзін з яе законаў (1924; гл. Вавілава закон). З П.​А.​Чаранковым адкрыў Чаранкова—Вавілава выпрамяненне. Вырашыў шэраг прынцыповых пытанняў квантавай тэорыі інтэрферэнцыі, фізіял. оптыкі, паклаў пачатак развіццю нелінейнай оптыкі. Аўтар прац па філас. пытаннях прыродазнаўства і гісторыі навукі. З 1949 гал. рэдактар Вял. Сав. Энцыклапедыі. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1949, 1951, 1952. У 1951 АН СССР устаноўлены залаты медаль яго імя ў галіне фізікі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1952—56;

Микроструктура света. М., 1950;

Исаак Ньютон, 1643—1727. 4 изд. М., 1989.

Літ.:

Физики о себе. Л., 1990.

С.І.Вавілаў.

т. 3, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫЦКЕ́ВІЧ Анатоль Пятровіч (н. 31.1.1929, Мінск),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1986), праф. (1987). Скончыў мінскія мед. ін-т (1950) і пед. ін-т замежных моў (1955), БДУ (1958). З 1959 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, з 1975 заг. кафедры Мінскага ін-та культуры (з 1993 Бел. ун-т культуры). Дырэктар навук. і даследчага Бел. ін-та Цэнтр. і Усх. Еўропы (з 1996). Даследуе гісторыю Беларусі перыяду феадалізму, прыватнаўладальніцкія гарады. Аўтар публікацый па гісторыі правасл. царквы і каталіцкага касцёла ў Беларусі, шляхецкага саслоўя, генеалогіі шляхты і выбранцаў, гіст. нарысаў пра Слуцк, нац.-вызв. рух у 1918—20.

Тв.:

Слуцк: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1970;

Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (соц.-экон. исслед. истории городов). Мн., 1979;

Социальная борьба горожан Белоруссии (XVI—XVIII вв.). Мн., 1975;

Древний город на Случи. Мн., 1985;

Вакол «слуцкага паўстання». Мн., 1987.

Літ.:

А.​П.​Грыцкевіч: Бібліягр. паказ. Мн., 1994.

т. 5, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́НАЎ (сапр. Маліноўскі) Аляксандр Аляксандравіч

(22.8.1873, г. Саколка Беластоцкага ваяв., Польшча — 7.4.1928),

расійскі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, паліт. дзеяч. Скончыў мед. ф-т Харкаўскага ун-та (1899). Чл. РСДРП у 1896—1909. Адзін з лідэраў адзавістаў. З 1917 выкладаў эканоміку ў Маскоўскім ун-це, з 1918 ідэолаг Пралеткульта. Дырэктар (з 1926) заснаванага ім першага ў свеце Ін-та пералівання крыві. Стварыў суб’ектыўна-ідэалаг. філас. сістэму эмпірыяманізму. Распрацоўваў навуку аб агульных прынцыпах арганізацыі — тэкталогію, у якой выказаў шэраг ідэй, што пазней развіты ў агульнай тэорыі сістэм, кібернетыцы і канцэпцыях навук. арганізацыі працы. Аўтар утапічных раманаў «Чырвоная зорка» (1908) і «Інжынер Мэні» (1912). Памёр у выніку пастаўленага на сабе доследу.

Тв.:

Эмпириомонизм. Кн. 1—3. М.; СПб., 1904—06;

Революция и философия. СПб., 1905;

Философия живого опыта. СПб., 1913;

Всеобшая организационная наука: (Тектология). Ч. 1—2. М., 1913—17;

Ч. 3. Берлин;

Пг.;

М., 1922;

Введентие в политическую экономию. М., 1917;

Борьба за жизнеспособность. М., 1927.

А.А.Багданаў.

т. 2, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУСЛА́ЎСКІ (Bogusławski) Войцех (9.4.1757, б. маёнтак Глінна каля Познані, Польшча — 23.7.1829),

польскі рэжысёр, акцёр драмы і оперы (бас), драматург, педагог, тэатр. дзеяч. Заснавальнік прафес. нац. драм. і муз. т-ра. У 1783, 1790—94, 1799—1814 дырэктар трупы «Нацыянальныя акцёры» (цяпер Тэатр Нарадовы) у Варшаве, дзе ставіў творы замежных (У.​Шэкспір, Мальер, П.​Бамаршэ) і польск. драматургаў («Вяртанне дэпутата» Ю.​Нямцэвіча, 1791), а таксама свае п’есы («Генрых VI на паляванні», 1792, і інш.). У 1785 арганізаваў т-р у Вільні, з якім гастраляваў па Польшчы, Галіцыі, зах. правінцыях Расіі. З 1811 выкладаў у арганізаванай ім драматычнай школе (Варшава). Аўтар лібрэта і пастаноўшчык першай нац. камічнай оперы «Уяўны цуд, або Кракаўцы і горцы» Я.​Стэфані (1794). Выступаў у драм. (Кароль Лір, Гамлет у аднайм. п’есах Шэкспіра) і оперных (Аксур у аднайм. оперы А.​Сальеры, Бардас у «Уяўны цуд...») спектаклях.

Літ.:

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 250;

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 226, 235.

В.Багуслаўскі.

т. 2, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)