бой партыз. атрадаў імя Дзімітрава (камандзір І.П.Мірашнічэнка), імя Шчорса (П.В.Пранягін) і імя Варашылава (І.С.Зайкоў) супраць ням.-фаш. гарнізона (60 салдат і 50 паліцэйскіх) у г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Разведаўшы сілы праціўніка, сістэму аховы і размяшчэнне яго агнявых пунктаў, у ноч на Зжн. партызаны з дапамогай падпольшчыкаў нанеслі раптоўны ўдар і пасля 2-гадзіннага бою разграмілі гарнізон (разбурылі вузел сувязі, спалілі камендатуру і інш.адм. будынкі, смалакурны з-д, масты), захапілі шмат зброі, боепрыпасаў, харч. прадуктаў. Пасля бою на працягу месяца Косава было пад кантролем партызан. У гонар дзейнасці партызан і антыфаш. арганізацыі ў Косаве помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ТНІКІ,
катэгорыя збяднелых маламаёмных ці беззямельных сялян у ВКЛ у 16—18 ст., якія не мелі ўласнай хаты і таму наймалі для жылля кут (адсюль назва). Займаліся пераважна рамяством, промысламі, выконвалі работы па найму. Асн. іх павіннасцю быў чынш, памеры якога ў розных уладаннях былі неаднолькавыя. Працэс фарміравання К. на Беларусі пачаўся ў канцы 16 ст. ў сувязі з пашырэннем феад.-прыгонніцкай гаспадаркі, узмацненнем феад. прыгнёту. Найб. іх было на У Беларусі. У зах. і цэнтр. раёнах іх часцей называлі каморнікамі. Гіст. крыніцы часта атаясамліваюць К. з бабылямі і лёзнымі людзьмі. У сувязі з рэалізацыяй абавязковай інвентарнай рэформы 1840—50-х г. К. зліліся з асн. масай цяглых сялян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІ́ЧНЫ АТАМІ́ЗМ,
вучэнне аб рэчаіснасці, паводле якога свет уяўляе сабой сукупнасць толькі знешне звязаных паміж сабой атамарных (якія не маюць састаўных частак) фактаў. Распрацавана Б.Раселам і Л.Вітгенштэйнам у пач. 20 ст.Тэарэт. вытокі Л.а. — неэўклідава геаметрыя, матэматыка, розныя сістэмы фармальнай логікі. Праграма Л.а. прадугледжвала пабудову «лагічна дасканалай мовы» на ўзор лагічнай мовы. Сутнасць пераўтварэнняў у адносінах да мовы зводзілася да распрацоўкі элементарных, простых, далей не раскладальных у сэнсавых адносінах сказаў — своеасаблівых «атамаў» мовы, сапраўднасць якіх можна было б лёгка пацвердзіць эмпірычным шляхам. Распрацоўкі Л.а. былі выкарыстаны Венскім гуртком, адыгралі пазітыўную ролю ў развіцці логікі.
Літ.:
Козлова М.С. Философия и язык. М., 1972;
Современная буржуазная философия. [Ч. 2]. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́МАН ((Lehmann) Лілі) (24.11.1848, г. Вюрцбург, Германія — 17.5.1929),
нямецкая спявачка (каларатурнае, пазней драм. сапрана). Вучылася ў маці, опернай спявачкі М.Т.Лёў. З 1865 салістка Часовага т-ра ў Празе, з 1869 у Берлінскай прыдворнай оперы. Сябравала з Р.Вагнерам, удзельнічала ў першым поўным выкананні яго тэтралогіі «Пярсцёнак нібелунга» ў Байройце. У 1886—90 гастраліравала ў ЗША. У яе рэпертуары было 170 партый, у т. л.: Ваглінда, Брунгільда, Артруда, Ізольда («Золата Рэйна», «Валькірыя» і «Зігфрыд», «Лаэнгрын», «Трыстан і Ізольда» Вагнера), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Норма («Норма» В.Беліні), Аіда («Аіда» Дж.Вердзі). Вядома як вак. педагог; сярод вучняў В.Урсуляк. Аўтар аўтабіягр. кніг «Маё мастацтва спеваў» (1902), «Мой шлях» (1913) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКАЎ (Леанід Васілевіч) (13.12.1927—2.3.1991),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1985). Скончыў Тэатр. студыю пры Маскоўскім т-ры імя Ленінскага камсамола (1950). Акцёр гэтага т-ра, з 1960 у Маскоўскім драм. т-ры імя Пушкіна, з 1965 у Т-ры імя Массавета, у 1986—87 у Малым т-ры. Выканальніцкае майстэрства было адметнае эмацыянальнай яркасцю, унутр. сілай. Іграў герояў пераважна складанага лёсу: Парфірый Пятровіч («Пецярбургскія сны» паводле Ф.Дастаеўскага, 1969), Аляксей Арлоў («Царскае паляванне» Л.Зорына, 1977) і інш. З 1972 здымаўся ў кіно: «Рускае поле» (1972), «І гэта ўсё пра яго» (1977, паводле В.Ліпатава), «Мой ласкавы і пяшчотны звер» (1978), «Ганна Паўлава» (1983), «Дзіцячы сад» (1984), «Змеялоў» (1985) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛАДЗІ,
сяло на р. Ражая (60 км на Пд ад Масквы), каля якога ў 1572 рус. войскі разграмілі тат.-тур. войска. Выкарыстаўшы сітуацыю, калі асн. сілы рас. арміі былі заняты ў Лівонскай вайне 1558—83, Крымскае ханства і Турцыя арганізавалі паход на Маскву. 120-тысячнае войска татар і туркаў на чале з крымскім ханам Даўлет-Гірэем I 26 ліп. пераправілася цераз р. Ака непадалёку ад упадзення ў яе р. Лапасня. Рус. войска мела ўсяго каля 60 тыс.чал., але было добра падрыхтавана. Яго кіраўнік М.І.Варатынскі ўмела выкарыстоўваў мясцовасць, манеўраваў і ў шэрагу асобных баёў разбіў праціўніка, а 3 жн. нечаканым ударам свайго рэзерву ў тыл. тат.-тур. арміі канчаткова разграміў яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІМФЕ́Й (Nýmphaion),
старажытнагрэчаскі горад у Крыме на беразе Керчанскага праліва, за 17 км на ПдЗ ад г. Керч. Засн. ў 2-й чвэрці 6 ст. да н.э. на месцы скіфскага паселішча. Росквіт Н. прыпадае на 5—4 ст. да н.э. Асновай эканомікі Н. было земляробства і вываз збожжа ў Грэцыю, развіваліся рамёствы, асабліва керамічная вытв-сць. У 1-й пал. 4 ст. да н.э. ўключаны ў склад Баспорскай дзяржавы. У сярэдзіне 3 ст.н.э. разбураны готамі і перастаў існаваць. Археал. даследаванні праводзяцца з 1939. Выяўлены свяцілішчы на беразе мора і акропаль, культавыя прадметы (маскі, рытоны, эсхары), рэшткі жылых будынкаў з брукаванымі дварамі і вуліцамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НЦАЎ Існаваў у 1673—1-й трэці 19 ст. за 1 км на Пд ад Нясвіжа. Засн. падканцлерам ВКЛ Міхалам Казімірам Радзівілам, які запісаў на пабудову касцёла св. Крыжа 30 тыс. злотых. Новыя ахвяраванні зрабіў яго сын Кароль Станіслаў. У 1690 рашэнне пра заснаванне кляштара зацвердзіў сейм. Мураваны касцёл па бенедыкцінскай традыцыі быў крыжападобны ў плане, са светлавым купалам на сяродкрыжжы і вежай над гал. фасадам (пацярпеў ад пажару 1793). Паводле інвентара 1804, у касцёле было 5 ілюзорных алтароў, маляваных на сценах, 1 алтар і амбон разьбяныя. Побач з кляштарам размяшчаліся гар. прывілеяваныя могілкі. У 1830-я г. кляштар скасаваны. Будынкі разабраны ў 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІНО́ДЫЯ (ад грэч. palinōdia перапеў),
твор вершаванай формы, у якім аўтар адракаўся ад таго, што было ім напісана ў папярэднім творы. У старажытнасці асаблівай папулярнасцю карысталіся П. стараж.-грэч. паэта Стэсіхора. Пазней П. называлі ўсякае адрачэнне. На Беларусі гэты від творчасці быў пашыраны ў 1-й пал. 17 ст. ў перыяд росквіту палемічнай літаратуры. Адна з першых П. належыць М.Сматрыцкаму, напісаная ў 1610-я г. супраць свайго ж твора «Трэнас» (не захавалася). У далейшым пад П. разумелі твор, напісаны супраць пэўнага твора процілеглага паліт. ці рэліг. зместу. Найб. значны такі твор — «Палінодыя...» З.Капысценскага (1621—22), накіраваны супраць кнігі уніяцкага апалагета Л.Крэўзы «Абарона уніі» (1617).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1773—1924. Цэнтр — г.Рагачоў. Утвораны 2.8.1773 у складзе Рагачоўскай правінцыі, з 2.4.1777 у Магілёўскай губ., з 23.12.1796 — у Беларускай губ. У гэты час паўд. частка павета далучана да Гомельскага пав., а на Пн яму перададзена частка Чэрыкаўскага і большая частка скасаванага Быхаўскага пав. З 27.2.1802 у Магілёўскай губ. з аднаўленнем межаў 1777. З 1861 падзяляўся на 18 валасцей, меў 9 мястэчак. Пл. каля 7451 км², нас. 121,6 тыс.чал. (1864), 142,9 тыс.чал. (1885). У 1917 было 14 валасцей. З 26.4.1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з 3.3.1924 у складзе БССР. 17.7.1924 скасаваны, яго тэр. ўвайшла ў Бабруйскую і Магілёўскую акругі.