КУЗНЯЦО́Ў (Мікалай Іванавіч) (27.7.1911, с. Зыранка Таліцкага р-на Пермскай вобл., Расія — 9.3.1944),
савецкі разведчык. Герой Сав. Саюза (1944). Працаваў інжынерам у Пермі і Маскве. У Вял. Айч. вайну з жн. 1942 ў партыз. атрадзе Дз.М.Мядзведзева «Пераможцы», які дзейнічаў на Укр. Палессі. Пад імем ням. обер-лейтэнанта Паўля Зіберта вёў разведку ў г. Роўна (Украіна), збіраў і перадаваў у партыз. атрад каштоўныя звесткі і дакументы. Разам з партызанамі рабіў дыверсіі, даставіў у партыз. атрад некалькі ням.-фаш. генералаў і чыноўнікаў. Загінуў у баі з прыхільнікамі С.А.Бандэры каля с. Барацін Бродаўскага р-на Львоўскай вобл.
Літ.:
Медведев Д.Н. Это было под Ровно. Элиста, 1968;
Яго ж. Сильные духом. Свердловск, 1971;
Гладков Т.К. Николай Кузнецов М., 1971.
т. 8, с. 562
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)