КАРАБЕ́ЙНІКАЎ (Трыфан) (? — пасля 1594),
маскоўскі купец, пазней дзяк. У 1582 па даручэнні Івана IV Грознага ездзіў на святую гару Афон (Грэцыя) з міласцінай на супакаенне душы забітага бацькам царэвіча Івана. У час другога падарожжа (1593—94) наведаў Канстанцінопаль і Палесціну, прывёз у Маскву мадэль труны Гасподняй. Пра другое падарожжа напісаў «Хаджэнне Трыфана Карабейнікава...» (было распаўсюджана больш чым у 200 спісах), у якім падрабязна апісаны гарады Беларусі, праз якія ён праязджаў на шляху з Масквы ў Канстанцінопаль (Орша, Бобр, Крупкі, Нача, Барысаў, Мінск, Слуцк, Лістапады, Хвастова, Тураў), дадзены цікавыя характарыстыкі Слуцка і Турава. К. належаць «Апісанне шляху ад Масквы да Царграда» (1594) і «Справаздача маскоўскаму ўраду аб раздадзеных грашах у час другога пасольства ў Канстанцінопаль разам з дзякам Агаркавым па даручэнні цара Фёдара» (1594).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)