АЛЕ́ЛЬКАВІЧЫ (Алелькі, Слуцкія),

княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ, адна з галін Гедзімінавічаў. Яго прадстаўнікі ў 15—16 ст. адыгрывалі значную ролю ў грамадскім і дзярж.-паліт. жыцці Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы. Найб. вядомыя Алелькавічы:

Аляксандр (Алелька, ? — 1454), заснавальнік роду, сын кіеўскага князя Уладзіміра Альгердавіча. Князь капыльскі, слуцкі з 1394, кіеўскі з 1441. Вёў войны супраць татараў. Як военачальнік і дыпламат карыстаўся вял. аўтарытэтам у бел., літ. і ўкр. знаці, пасля смерці Вітаўта яго кандыдатура была вылучана на велікакняжацкі пасад. Удзельнічаў у міжусобнай барацьбе паміж прэтэндэнтамі на велікакняжацкі пасад Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам (напачатку падтрымліваў першага, потым другога). Жыгімонт Кейстутавіч, атрымаўшы перамогу, адабраў у Аляксандра Слуцкае княства, а яго самога зняволіў у астрог. Вял. кн. Казімір IV у 1441 вярнуў яму Слуцк і даў Кіеўскае княства. Сямён (1420—3.12.1470), старэйшы сын Аляксандра, князь кіеўскі. Прэтэндаваў на велікакняжацкі пасад у 1454 і 1456, шукаў падтрымкі ў Маскве. Яго ўдава Марыя Гаштольд атрымала ад вял. кн. Пінскае княства ўзамен за Кіеўскае. Міхал (каля 1425—30.8.1481), малодшы сын Аляксандра, князь слуцкі і капыльскі. У 1470—71 намеснік вял. кн. ВКЛ у Вял. Ноўгарадзе. З мэтай скінуць Ягелонаў і стаць вял. кн. ВКЛ стварыў групоўку магнацкіх родаў. Пры няўдачы намерваўся аддзяліць ад ВКЛ усх. землі Беларусі і Украіны і перайсці з імі пад апеку вял. князя маскоўскага. За арганізацыю змовы супраць вял. кн. Казіміра IV пакараны смерцю. Васіль (каля 1425—4.6.1495), сын Сямёна, князь пінскі. Сямён (каля 1460—14.11.1505), сын Міхала, князь слуцкі. У 1502 і 1503 разбіў татараў у бітвах на р. Уза і Прыпяць. Юрый (1492—17.4.1542), сын Сямёна, князь слуцкі. Удзельнік абароны Слуцка ў час Глінскіх мяцяжу 1508, бітвы з татарамі ў 1511, Аршанскай бітвы 1514. Юрый (каля 1531—9.11.1578), сын Юрыя, князь слуцкі. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Юрый (17.8.1559 — 6.5.1586), сын Юрыя Юр’евіча, князь слуцкі, адзін з апошніх Алелькавічаў па мужчынскай лініі. Яго дачка Соф’я ў 1600 выйшла замуж за Я.​Радзівіла. Пасля яе смерці (1612) Слуцкае і Капыльскае княствы перайшлі да Радзівілаў.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДЭ́ (Conde),

арыстакратычны род у Францыі ў 16—19 ст.; малодшая галіна дынастыі Бурбонаў. Найб. вядомыя прадстаўнікі:

Луі I (7.5.1530—13.3.1569), першы прынц К. Сын Карла, герцага Вандомскага. Кіраўнік франц. гугенотаў у час першых рэлігійных войнаў. Паранены ў бітве пры Жарнаку (1569), паланёны і забіты паводле загаду прынца Генрыха Анжуйскага.

Генрых I (1552, Фертэ-су-Жуар, каля г. Мо, Францыя — 1588). Сын Луі I. Удзельнік рэліг. войнаў. У час Варфаламееўскай ночы вымушаны перайсці ў каталіцтва, у 1574 вярнуўся ў кальвінізм. Найб. уплывовы (пасля Генрыха Наварскага) лідэр гугенотаў. Атручаны.

Генрых II (1588, Сен-Жанд’Анжэлі, каля г. Сент, Францыя — 1646). Сын Генрыха I. У час рэгенцтва Марыі Медычы змагаўся за ўладу, але пацярпеў паражэнне, 3 гады быў зняволены ў Венсенскім замку. Католік, ваяваў у Паўд. Францыі супраць гугенотаў.

Луі II (8.9.1621, Парыж — 11.12.1686), палкаводзец. У Трыццацігадовую вайну 1618—48 атрымаў перамогі пры Ракруа (1643), Фрэйбургу, Нёрдлінгене (1644—45, разам з А.Цюрэнам), Дзюнкерку (1646) і Лансе (1448), якія паскорылі заключэнне выгаднага для Францыі Вестфальскага міру 1648. У перыяд Фронды камандаваў урадавымі войскамі, якія аблажылі Парыж, потым узначаліў апазіцыю і імкнуўся захапіць уладу. У 1650 зняволены. Пасля вызвалення (1651) узначаліў «Фронду прынцаў». У 1653 уцёк у Нідэрланды, прызначаны галоўнакамандуючым ісп. арміі, на чале якой да 1658 ваяваў у Паўн. Францыі. Разам з сынам А.​Ж.​Д’Ангіенам неаднаразова прэтэндаваў на трон Польшчы і ВКЛ. З 1660 зноў у Францыі. У 1668 заваяваў Франш-Кантэ. У 1672—75 паспяхова кіраваў ваен. аперацыямі ў вайне Францыі з Галандыяй. Празваны сучаснікамі «Вялікім К.».

Луі-Жазеф (9.8.1736, Шантыльі, Францыя — 13.5.1818), адзін з лідэраў франц. эміграцыі. Генерал. Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63, губернатар Бургундыі. Пасля ўзяцця Бастыліі (14.7.1789) пакінуў Францыю, узначаліў контррэв. т. зв. «армію К.» (1792). У 1797—99 на службе ў Расіі. З 1801 у Англіі, у 1814 вярнуўся ў Францыю.

Луі-Анры-Жазеф (1756—1830), сын Луі-Жазефа, апошні прадстаўнік роду. У пач. Французскай рэвалюцыі 1789—99 эмігрыраваў, служыў у «арміі К.», жыў у Англіі. З 1814 у Францыі.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 7, с. 582

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦКЯ́ВІЧУС-КАПСУ́КАС (Вінцас Сіманавіч) (Міцкевіч-Капсукас Вікенцій Сямёнавіч; 7.4.1880, в. Будвечай Марыямпальскага пав., Літва — 17.2.1935),

дзеяч міжнар. камуніст. руху, парт. і дзярж. дзеяч Літвы і Беларусі, гісторык, публіцыст. Вучыўся ў Бернскім ун-це (1902—04). З 1903 чл. с.-д. партыі Літвы (з 1905 чл. яе ЦК). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07 у Літве. Няраз быў арыштаваны царскімі ўладамі і зняволены; у студз. 1913 сасланы ў Енісейскую губ. Са ссылкі ўцёк, жыў у Кракаве, кіраваў у 1914—16 Загранічным бюро с.-д. партыі Літвы. Пасля ў Швейцарыі, Англіі, ЗША. У эміграцыі пазнаёміўся з У.​Леніным, рэдагаваў шэраг літ. газет і часопісаў. З чэрв. 1917 у Петраградзе, уступіў у РСДРП(б), рэдагаваў 1-ю літ. бальшавіцкую газ. «Tiesa» («Праўда»). Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Петраградзе, чл. Петраградскага ВРК. Са снеж. 1917 камісар па літ. справах Наркамнаца РСФСР, чл. Цэнтр. бюро літ. секцый пры ЦК РКП(б). Адзін з арганізатараў Кампартыі Літвы, чл. яе ЦК у 1918—35. У 1918—19 старшыня 1-га ўрада Сав. Літвы. Пасля ўтварэння ў лют. 1919 Літоўска-Беларускай ССР старшыня і нарком замежных спраў яе СНК. У крас.жн. 1919 узначальваў Савет абароны Літбела, з вер. 1919 — Бюро па нелегальнай рабоце пры ЦК КП(б)ЛіБ, рэдагаваў газ. «Звезда» [орган ЦК КП(б) ЛіБ], якая выдавалася ў Смаленску. У 1920—21 на падп. рабоце ў Віленскім краі, захопленым Польшчай, рэдагаваў легальную польск. газету камуніст. кірунку «Pochodnia» («Паходня»). З канца 1921 у Маскве, працаваў у Камуніст. ун-це нац. меншасцей Захаду, у 1920—28 дэлегат кангрэсаў Камінтэрна, з 1928 чл. Выканкома Камінтэрна, заг. сакратарыята Польшчы і Прыбалтыйскіх краін. Ад выканкома Камінтэрна ўдзельнічаў у рабоце 1-га з’езда КПЗБ (1928). Аўтар прац па гісторыі, філасофіі, эканам. думцы і літ. крытыцы, мемуараў «У царскіх турмах» (1929), пра некат. пытанні рэв. руху ў Зах. Беларусі.

Літ.:

Малюкявичюс Р.И. Винцас Мицкявичюс-Капсукас // История СССР. 1968. № 2.

У.​М.​Міхнюк.

В.С.Міцкявічус-Капсукас.

т. 10, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ся́бар ’друг, прыяцель, таварыш’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, ЛА, 3), ’швагер’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’кампаньён, супольнік’ (паст., Сл. ПЗБ), ’халасцяк (стары)’ (Мат. Гом.), сябр, себр ’родзіч, брат; сябар’ (Нас.), ся́бер (siaber) ’супольнік у кожнай справе’ (Пятк. 2, Сержп., ЛА, 3): на вяселлі маладым даруюць паўкаровы… паўкалоды пчол або што другое, каб быць сябрамі (Сержп. Прымхі), ’пакупнік і прадавец адзін для другога’ (чырв., З нар. сл.), ’таварыш у мове злодзеяў’ (Арх. Федар.), сябёр ’чалавек, які што-небудзь купіў у другога ці прадаў другому’ (Бір. Дзярж.), ’здаравенны тоўсты чалавек, брысюга; ненадзейны таварыш’ (Бяльк., Юрч.), ся́бра ’ўдзельнік, пайшчык, супольнік, калега’ (Ласт.), ’прыяцель, кампаньён’ (Касп., Варл.), сябрава́ць ’дружыць’ (Касп.), ’працаваць супольна’ (Ласт.), ’узаемна дапамагаць у плытніцкай справе’ (віл., Сл. ПЗБ), сябрава́цца ’прымазвацца, набівацца ў супольнікі’ (Пятк. 2), ’супольна дзяржаць пчол’, сябро́ўскія (сябе́рныя) пчолы ’супольныя пчолы, якімі карыстаюцца два гаспадары’ (віл., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), сябэ́рскія пчолы ’тс’ (ашм., Сл. ПЗБ), сябэ́рка ’суполка на пчол’ (паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. себры ’назва людзей у ВКЛ, якія сумесна карысталіся ворнай зямлёй, прамысловымі ўгоддзямі і інш.’ (Ст.-бел. лексікон), се́бреный ’агульны, супольны’ (там жа). Укр. ся́берудзельнік зямельнага ўладання’, ’кампаньён у гандлёвым прадпрыемстве’, ’сапернік’, ’швагер’, дыял. палес. сябро́ ’няўклюдны, нялоўкі чалавек’, рус. сябёр ’сусед, сябар, пайшчык; член суполкі з правам голаса’, паўн.-рус. сябра́, ся́бра ’суполка, арцель, агульная справа’, стараж.-рус. сѧбръ ’сусед, член адной грамады’, серб.-харв. се̏бар ’земляроб’, ст.-серб. себьр ’селянін, член грамады свабодных земляробаў’, себрь ’палавіншчык, удзельнік, кампаньён’, славен. srebər ’селянін’; сюды ж каш. sibřec są ’падлізвацца, падлабуньвацца’, польск. аргат. siewrać ’размаўляць на зладзейскім жаргоне’. Адзінай этымалогіі, таксама як і адзінай славянскай праформы, няма. Прасл. *sębrъ узнаўляецца на аснове запазычанняў са славянскіх моў: алб.-таск. sëmbër ’здольнік, саўладальнік скаціны’, новагрэч. σεμπρος ’здольнік’, венг. cimbora ’сябар, прыяцель’, арум. simbru ’земляроб, які мае аднаго вала і ўступае ў суполку з іншым уладальнікам вала’, рум. sîmbră ’грамада, абшчына’; узнікла, па адной версіі, з *sem‑ro (з устаўным ‑b‑) і звязана з *sěmьja (Трубачоў, История терм., 166; Каліма, AfslPh, 17, 343). Па іншай версіі, прасл. *seberъ роднаснае гоц. sibja ’роднасць’, ст.-в.-ням. sippa ’тс’, ст.-інд. sabhā́ ’сукупнасць, збор’ (Мее, 14; 342; Атрэмбскі, WSl, 16, 188). Падрабязней агляд ранейшых версій гл. Фасмер, 3, 824 з літ-рай. Гл. таксама Ляпуноў, Сб. ОРЯС, 101, 3, 257–263; Папоўска–Таборска, ZNGd, Slavistyka, 6, 219–226; Гаспарыні, RiS, 8, 3–28 (звязвае семантыку слова з экзагаміяй); SEK, 4, 270 і наст. Няясныя адносіны да літ. sė̃bras ’палавіншчык, таварыш’, лат. sę̄brs ’сусед’ (запазычанні з бел. сябр ці спрадвечныя балцкія формы без насавога?). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 495. Борысь (Etymologie, 207) значэнне ’прыяцель’ лічыць беларускай семантычнай інавацыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАЛКО́ВІЧ (Даніла Іванавіч) (18.4.1900, в. Занёманск Гродзенскага пав., цяпер у межах г. Масты — 27.11.1937),

дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. З 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік ліквідацыі эсэраўскага мяцяжу на Іжаўскім зброевым з-дзе, ваяваў на Усх. фронце супраць арміі Калчака. Са жн. 1920 на Зах. фронце, вёў барацьбу з бандытызмам у Бабруйскім і Мазырскім пав. З 1921 заг. аддзела ЦК ЛКСМБ, з 1924 сакратар Койданаўскага, Ляхаўскага (г. Мінск) райкомаў, потым у апараце ЦК КП(б)Б, заг. аддзела Мінскага, сакратар Магілёўскага акр., Клімавіцкага і Бабруйскага раённых к-таў партыі. З лют. 1934 нам. наркома земляробства БССР. Са жн. 1934 2-і сакратар ЦК КП(б)Б, у маі—вер. 1937 старшыня СНК БССР. Чл. ЦВК БССР у 1931—37, чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1934—37. Арыштаваны ў вер. 1937, засуджаны 26.11.1937 да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.

У.​М.​Міхнюк.

т. 3, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РТЭЛЬС (Артур) (1818, Вільня — 23.12.1885),

бел. мастак-карыкатурыст, ілюстратар, польскамоўны паэт-песеннік. Вучыўся ў Пецярбургу, Парыжы. Удзельнік паўстання 1863—64, эмігрыраваў. У эміграцыі напісаў паэму «Палескі тыдзень». Вярнуўшыся з-за мяжы, жыў у Лагойску, Гарадку, Вільні. Літ. творы і малюнкі друкаваў у віленскіх выданнях Я.​Вільчынскага (1850) і Ю.​Крашэўскага. У 1859 выдаў зборнік «Драмы і камедыі». Многія яго песні сталі народнымі. Частка іх надрукавана ў зборніку «Песні і сатыры» (1888). Ф.​Багушэвіч пераклаў на бел. мову яго байку «Свінні і бараны». Аўтар сатыр. малюнкаў і карыкатур (серыі «Чалавек высокага паходжання», «Суседскі абедзік», «Пан Яўген», «Скнара», «Пропаведзь» і інш., надрукаваныя ў «Віленскім альбоме» ў 1858). Да малюнкаў рабіў рыфмаваныя подпісы, у якіх высмейваў застарэлыя звычкі дваран і местачковай шляхты. На выстаўцы 1891 у Мінску экспанаваліся яго малюнкі, у т. л. «Цыганскі табар».

Літ.:

Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии: Очерки. М., 1960.

Л.​Н.​Дробаў.

А.Бартэльс. Пропаведзь. 1844.

т. 2, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСМА́НАВЫ,

расійскі баярскі род канца 15 — пач. 17 ст.

Родапачынальнік Даніла Андрэевіч Пляшчэеў, празваны Басманам. Памёр у палоне ў ВКЛ пасля 1514. Аляксей Данілавіч (?—1570), ваенны і дзярж. дзеяч Расіі. З 1552 акольнічы, з 1555 баярын. Удзельнік Казанскіх паходаў 1545—52, Лівонскай вайны 1558—83, у т. л. аблогі і ўзяцця маскоўскімі войскамі Полацка ў 1563, і інш. Апрычнік, давераная асоба цара Івана IV Грознага, па загадзе якога забіты сынам Фёдарам. Фёдар Аляксеевіч (?—1570), фаварыт Івана IV. Краўчы (1567), камандуючы апрычнымі войскамі на Пд краіны (1569). Памёр у ссылцы. Пётр Фёдаравіч (?—17.5.1606), набліжаная да Барыса Гадунова асоба. Акольнічы (з 1599), баярын (з 1605). У 1605 перайшоў на бок Ілжэдзмітрыя I, стаў яго даверанай асобай; забіты разам з ім. Іван Фёдаравіч (?—вер. 1603), ваенны і дзярж. дзеяч. Акольнічы (з 1602) Забіты ў час задушэння Хлопка паўстання 1603. Пасля смерці двух апошніх мужчынская лінія роду Басманавых спынілася.

т. 2, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т НАВУ́КІ І МАСТА́ЦТВА (БІНіМ) у Канадзе, грамадская навук.-культ. арг-цыя бел. эміграцыі ў Канадзе. Засн. ў 1967 як аддзел Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку (ЗША). З 1968 самаст. ін-т. З 1971 чл. Каардынацыйнага к-та беларусаў Канады. Асн. кірункі дзейнасці: арганізацыя навук. канферэнцый, выставак бел. нар. мастацтва, лекцый па беларусазнаўстве, пашырэнне ведаў пра Беларусь у свеце і інш. Члены ін-та бралі ўдзел у канфер. канадскіх славян (1969, Таронта), па пытаннях канадскага шматкультуралізму (1978), у 1975 разам са Слав. аддзелам Атаўскага ун-та наладзілі Дні бел. чытанняў на тэму «Прысутнасць беларусаў на паўн.-амер. кантыненце». Удзельнік 1-га з’езда беларусаў свету (г. Мінск, 1993), штогодніх Кангрэсаў навук. арг-цый (у складзе Асацыяцыі канадскіх славян). У розны час БІНіМ узначальвалі В.​Жук-Грышкевіч, Я.​Садоўскі, І.​Шыманец-Сурвіла.

А.​С.​Ляднёва.

У бібліятэцы Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку.

т. 2, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТУ́ШКА (Міхась Апанасавіч) (1907, г. Нясвіж Мінскай вобл. — ?),

бел. паліт. і вайсковы дзеяч. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1930), вучыўся ў Пражскім ун-це і Варшаўскім політэхн. ін-це. У 1930-я г. ўваходзіў у кіраўніцтва Аб’яднання бел. студэнцкіх арг-цый у Празе, Варшаўскага асв. т-ва беларусаў. Напярэдадні Вял. Айч. вайны ўступіў у кантакт з абверам, вёў дыверсійную работу ў Зах. Беларусі. У час вайны актыўна супрацоўнічаў з гітлераўцамі, арганізоўваў атрады Бел. самааховы на Браншчыне, Смаленшчыне і Магілёўшчыне, удзельнічаў у баях супраць сав. партызан. Адзін з лідэраў Бел. незалежніцкай партыі, маёр Бел. краёвай абароны. Удзельнік 2-га Усебел. кангрэса (чэрв. 1944, Мінск). З ліп. 1944 выкладчык дыверсійна-разведвальнага батальёна «Дальвіц», камандзір яго спецатрада. 17.11.1944 атрад Вітушкі закінуты фашыстамі ў Налібоцкую пушчу. З вясны 1945 кіраўнік т.зв. партызанскай Бел. вызв. арміі (інш. назва «Чорны кот»). Далейшы лёс невядомы.

С.​І.​Ёрш.

т. 4, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́ЎСКІ (Кірыла Пракопавіч) (30.1.1895, в. Мышкавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 13.1.1968),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, гасп. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1943), Герой Сац. Працы (1958). Скончыў Камуніст. ун-т меншасцяў Захаду імя Мархлеўскага ў Маскве (1930). З 1915 у арміі, з 1918 у Аршанскай і Бабруйскай надзвычайнай камісіях (ЧК), камандзір атрада на Бабруйшчыне, на падп. рабоце ў Коўне. У 1922—25 камандзір партыз. атрада ў Зах. Беларусі. У 1930—36 у органах ДПУ—НКУС Беларусі. Удзельнік нац.-вызв. вайны ў Іспаніі 1936—39. У 1940—42 у Кітаі. У 1942—43 камандзір спец. атрада НКДБ СССР «Сокалы». З 1944 старшыня калгаса «Рассвет» на радзіме. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—51, Вярх. Савета СССР з 1950. Імя Арлоўскага прысвоена калгасу «Рассвет», у в. Мышкавічы ўстаноўлены бюст Арлоўскаму.

Літ.:

Ражкоў І. Чалавек з легенды. Мн., 1976.

К.П.Арлоўскі.

т. 1, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)