ЗЕЛЯЗЕ́Й Віктар Адамавіч
(8.6.1881, Мінск — пасля 1951),
удзельнік бел. нац. руху пач. 20 ст. З 1903 адзін з кіраўнікоў арг-цыі Бел. сацыяліст. грамады (БСГ) у Мінску (парт. псеўд. Кузьма), на яго кватэры адбыўся 2-і з’езд БСГ (студз. 1906). Працаваў бібліятэкарам б-кі імя Пушкіна. У пач. 1908 арыштаваны, пры вобысках знойдзены нелегальная л-ра, фальшывы пашпарт, пячатка БСГ. У кастр. 1909 засуджаны Віленскай суд. палатай і ў студз. 1910 сасланы ў Кірэенскі пав. Іркуцкай губ. З Сібіры дасылаў лісты ў «Нашу ніву». У 1920-я г. працаваў у Інбелкульце. У 1926 на пасяджэнні секцыі рэв. руху выступіў з дакладам «Утварэнне і праца БСГ». У 1951 жыў у Ратамцы пад Мінскам.
В.У.Скалабан.
т. 7, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)