род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах абодвух паўшар’яў, у горных сістэмах тропікаў. На Беларусі, пераважна ў паўд.-ўсх. раёнах, па заліўных лугах, забалочаных месцах, берагах рэк і вадаёмаў расце аўран лекавы (Gratiola officinalis). Культывуецца ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі.
Шматгадовая карэнішчавая травяністая расліна. Сцябло прыўзнятае або прамастойнае, выш. 10—40 см. Лісце сядзячае, процілеглае, лінейна-ланцэтнае, зубчастае. Кветкі двухполыя, белыя, адзіночныя, на доўгіх кветаножках у пазухах лісця. Плод — 2-гнездавая шматнасенная каробачка. Ядавітая і лек. расліна (слабіцельны, ірвотны, мачагонны сродак), мае гліказіды, сапаніны, алкалоіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЮ́К, авёс пусты,
жывы авёс (Avena fatua),
кветкавая расліна з роду авёссям. метлюжковых. Пашыраны ва ўсіх нетрапічных паясах Зямлі, акрамя Крайняй Поўначы. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі, на палях, каля дарог. Пустазелле пасеваў аўса пасяўнога і інш. яравых культур.
Аднагадовая травяністая расліна з валасніковым коранем. Сцябло круглаватае, прамастойнае, выш. да 120 см. Лісце лінейнае, пляскатае, шурпатае. Каласкі 2—3-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка з доўгім каленчата-сагнутым асцюком. Мяцёлка буйная, раскідзістая, даўж. да 30 см. Плод — плевачная верацёнападобная зярняўка. Аўсюк лёгка скрыжоўваецца з аўсом пасяўным і пагаршае яго селекцыйныя якасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТЭ́ЛЬ,
1) кустовая трапічная расліна — перац бетэль (Piper betle) з сям. перцавых. Пашыраны ў Інданезіі. Разводзіцца ў трапічнай Азіі. Выкарыстоўваюць як узбуджальны наркатычны і лек. (танізоўны, антысептычны) сродак, мае востры эфірны алей.
2) Сумесь вострага на смак лісця і пладоў перцу бетэлю з пэўнымі дамешкамі, якую мясц. жыхары ўжываюць для жавання свежай або ў выглядзе масцікі для танізавання і ўзбуджэння нерв. сістэмы. У якасці дамешкаў ідуць кавалкі насення арэкавай пальмы з невял. колькасцю нягашанай вапны (для нейтралізацыі к-т, якія мае лісце). Поласць рота, язык, дзясны і сліна афарбоўваюцца ў крывава-чырвоны колер, зубы чарнеюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНАЯ ВЫ́РАБАТКА,
штучная поласць у зямной кары, утвораная ў выніку горных работ. Адрозніваюць горныя вырабаткі разведачныя (для пошуку і разведкі карысных выкапняў) і эксплуатацыйныя (для распрацоўкі радовішчаў); падземныя і адкрытыя.
Падземныя бываюць вертыкальныя (шурфы, шахтавыя ствалы, гезенкі), гарызантальныя (штольні, штрэкі, квершлагі, орты), нахіленыя (брэмсбергі, скаты, нахілы, шурфы і інш.); ачышчальныя, дзе адбываецца выманне карысных выкапняў (лавы, камеры), і падрыхтоўчыя, у якіх рухаецца транспарт, устаноўлена вентыляцыйнае абсталяванне і інш. Да горнай вырабаткі адносяць і буравыя свідравіны. З адкрытых горных вырабатак найб.пашыраны капітальныя і разразныя траншэі, а таксама раскрыўныя і здабыўныя ўступы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЯ ПЛАЦІ́НА,
бетонная або каменная плаціна, устойлівасць якой супраць зруху пад дзеяннем вады, ільду, хваль, наносаў і інш. абумоўлена пераважна ўласнай сілай цяжару. Звычайна мае трохвугольны або трапецападобны папярочны профіль. Бываюць глухія (праз іх не прадугледжаны пропуск вады) і вадаскідныя, у т. л. вадазліўныя (гл.Вадаскід). Найб.пашыраны вадазліўныя гравітацыйныя плаціны, папярочны профіль якіх мае плаўны абрыс паверхні, па якой зліваецца вада. Найвышэйшая гравітацыйная плаціна (284 м) — Гранд-Дыксанс (Швейцарыя). На Беларусі гравітацыйныя плаціны звычайна вадаскідныя; глухія будуюцца з грунтавых матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБАЕ́ДЫ (Mycetophagidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 20 родаў і 200 відаў. Жывуць у грыбах і гнілой драўніне. Найб. вядомыя грыбаед двухкрапінкавы (Dacne bipustulata), грыбаед чырвонагаловы (Triplax russica). На Беларусі 12 відаў. Найб.пашыраны Litargus connexus і Mycetophagus quadripustulatus.
Даўж. 2—6,5 мм. Цела авальнае, слаба пукатае, укрыта тонкімі валаскамі. Афарбоўка ад светла-бурай да чорнай, надкрылы звычайна са светлым малюнкам. Лапкі ў самкі 4-членістыя, у самца пярэднія 3-членістыя. Лічынкі грыбаедаў прадаўгаватыя, з даволі вял. галавой і кароткімі нагамі; на заднім канцы цела кручкападобныя вырасты, загнутыя ўверх. Жывяцца пераважна грыбніцай (міцэліем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЙФЕР (ням. Greifer ад greifen хапаць, схопліваць),
1) грузазахопныя прыстасаванні пад’ёмных механізмаў (экскаватараў, кранаў, пагрузчыкаў, монарэйкавых цялежак), якія маюць паваротныя сківіцы (з зубамі) для захоплівання грузаў. Выкарыстоўваюцца для перагрузкі і транспартавання на невял. адлегласці сыпкіх і кускавых матэрыялаў, лесаматэрыялаў, для распрацоўкі невял., але глыбокіх катлаванаў у мяккіх грунтах, ачысткі вадаёмаў і інш.Найб.пашыраны грэйфер для сыпкіх грузаў ёмістасцю 0,8—1,2 м³.
2) Прыстасаванне ў апаратах і машынах для замацавання (захоплівання) прадмета, які апрацоўваецца.
І.І.Леановіч.
Схема работы двухканатнага двухсківічнага грэйфера: 1 — разгрузка; 2 — апусканне на матэрыял; 3 — захопліванне матэрыялу; 4 — пад’ём.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДАЕ́РА (Goodyera),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Названы ў гонар англ. батаніка Дж.Гудаера. Каля 40 відаў. Пашыраны пераважна ў халодных і ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я, трапічнай Азіі. На Беларусі зрэдку пераважна ў паўн. раёнах трапляецца гудаера паўзучая (O. repens). Расце ў сырых цяністых хвойных і мяшаных лясах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з невысокім сцяблом і шнурападобным паўзучым карэнішчам. Лісце нешматлікае, сядзячае, збліжанае ў ніжняй частцы сцябла накшталт прыкаранёвай разеткі. Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя, звонку зеленаватыя, з прыемным пахам, сабраны ў густое коласападобнае суквецце. Плод — шматнасенная каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ХРА (ад грэч. ōchros бледна-жоўты),
прыродны мінер. пігмент. Складаецца з тонказярністых і пылападобных аксідаў і гідраксідаў жалеза Fe2O3∙nH2O (12—75%) і марганцу MnO2 з глінай (тлустыя вохры) або з прымесямі вуглякіслага кальцыю ці магнію (бедныя вохры). Колер буры, жоўты, чырвоны, радзей зеленаваты. Пашыраны ў выглядзе зямлістых ці парашкападобных агрэгатаў у саставе балотных руд і ў зонах выветрывання рудных радовішчаў. Вохра з прымесямі аксіду свінцу, вісмуту, сурмы, вальфраму, урану ўваходзіць у састаў руд гэтых металаў. Ідзе на выраб добра ўкрывістых і святлоўстойлівых фарбаў, шпаклёвак і грунтовак. У Беларусі паклады вохры і вохрыстых глін выяўлены ў Лоеўскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЦАТНАКІ́СЛЫЯ БАКТЭ́РЫІ,
група аднаклетачных мікраарганізмаў, якія акісляюць спірты, вугляводы ў арган. кіслоты і ў інш. рэчывы пры свабодным доступе кіслароду. Належаць да роду Acetobacter. Вядома больш за 20 відаў. Тыповы прадстаўнік — Acetobacter aceti (акісляе этылавы спірт у воцатную к-ту). Пашыраны на садавіне і агародніне, у скіслых фруктовых соках, воцаце і алкагольных напітках. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці воцату.
Бясколерныя палачкападобныя аэробныя арганізмы. Сярэднія памеры клетак (1,2—1,8)×(0,4—0,8) мкм. Маладыя клеткі рухомыя, са жгуцікамі. На паверхні вадкага пажыўнага асяроддзя воцатнакіслыя бактэрыі ўтвараюць плеўку, на шчыльным асяроддзі — вял. гладкія, бліскучыя, слізістыя калоніі.