АНТЫФАШЫ́СЦКІ НАРО́ДНЫ ФРОНТ у Заходняй Беларусі,

масавы дэмакр.-вызв., антыфаш. народны рух. Развіўся на глебе барацьбы супраць наступлення сіл рэакцыі ў Польшчы і пагрозы вайны ў 2-й пал. 1930-х г. Ініцыятарам руху выступіла КПЗБ, якая зыходзіла з распрацаванай КПП у вер. 1935 платформы дзеянняў, у аснове якой былі праграмныя ўстаноўкі VII Кангрэса Камінтэрна (1935). У канцы 1935—36 паміж партыямі і арг-цыямі рознай паліт. арыентацыі (КПЗБ, Бунд, Паалей Цыён, Стронніцтво людовэ) створаны адзінафрантавыя к-ты і камісіі ў Беластоку, Вільні, Гродне, Баранавічах, Брэсце, Лідзе, Бельску і інш. У 1936 дасягнута дамоўленасць паміж прадстаўнікамі КПЗБ і Бел. хрысціянскай дэмакратыі пра сумесную барацьбу за школу на роднай мове. На працягу 1936—37 адбыўся шэраг выступленняў працоўных Зах. Беларусі (гл. Баранавіцкі адзінафрантавы мітынг працоўных 1936, Гродзенскія адзінафрантавыя выступленні працоўных 1936 і інш.) у абарону дэмакр. і сац. заваёў, супраць нац. прыгнёту, пачаўся масавы збор дэкларацый за адкрыццё школ на роднай мове. На развіццё антыфашысцкага народнага фронту адмоўна паўплывалі ўзмоцненыя рэпрэсіі польскіх улад і паліт. рэпрэсіі ў СССР, непаслядоўнасць і ваганні розных паліт. сіл. Роспуск у жн. 1938 КПП і КПЗБ практычна спыніў працэс складвання антыфашысцкага народнага фронту ў Зах. Беларусі.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 1, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБА́РА РАДЗІВІ́Л (6.12.1520—8.5.1551),

каралева Польшчы і вял. княгіня ВКЛ (1550—51). Другая жонка Жыгімонта II Аўгуста. Дачка падчашага ВКЛ (пазней кашталяна віленскага і вял. гетмана ВКЛ) Юрыя Радзівіла. У 1537 аддадзена замуж па маёмасных меркаваннях за новагародскага (пазней трокскага) ваяводу Станіслава Гаштольда. Пасля яго смерці сышлася з Жыгімонтам Аўгустам (1543). Пачуцці вял. князя да Барбары Радзівіл імкнуліся выкарыстаць для ўзмацнення ўласных пазіцый яе брат Мікалай Радзівіл Руды і стрыечны брат Мікалай Радзівіл Чорны. Пад іх націскам у 1547 у Вільні адбылося патаемнае вянчанне Барбары Радзівіл з Жыгімонтам Аўгустам. Пасля заняцця апошнім трона караля польскага (1548) супраць гэтага шлюбу выступілі шматлікая шляхта і магнаты, незадаволеныя ростам уплывовасці Радзівілаў і знявагай каралеўскай годнасці няроўным шлюбам. Рашуча супраць Барбары Радзівіл была настроена каралева польская і вял. княгіня ВКЛ Бона Сфорца. Сойм у Пётркаве (1548) выступаў за скасаванне шлюбу, але Жыгімонт Аўгуст дамогся яго афіц. прызнання, пагражаючы адрачэннем ад трона і заключыўшы саюз з Габсбургамі. Барбара Радзівіл была каранавана ў Кракаве 5.12.1550, але ў хуткім часе памерла. Пахавана ў Віленскім кафедральным саборы. Гісторыі рамантычнага кахання Барбары Радзівіл з Жыгімонтам Аўгустам прысвечаны шматлікія маст. творы.

Барбара Радзівіл. Партрэт Лукаса Кранаха Старэйшага. Сярэдзіна 16 ст.

т. 2, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ БРА́ЦТВА,

тайная нацыянальна-адраджэнская арг-цыя, што, па некаторых звестках, існавала на пач. 1920-х г. у Коўне (сучасны Каўнас, Літва). Паводле матэрыялаў сфальсіфікаванай АДПУ БССР справы «Саюза вызвалення Беларусі» («СВБ»), Беларускае брацтва заснавалі ў 1921 В.​Ластоўскі, В.​Захарка, П.​Крачэўскі (кіраўнікі Рады БНР), чл. арг-цыі: П.​Бадунова, К.​Езавітаў, У.​Ігнатоўскі, І.​Краскоўскі, М.​Маркевіч, П.​Мядзёлка, І.​Цвікевіч, Я.​Чарапук і інш. Намаганні Беларускага брацтва, якое нібыта будавалася і дзейнічала па прынцыпе масонскіх ложаў, былі скіраваны на пераадоленне супярэчнасцяў і рознагалоссяў у Радзе БНР, каардынацыю бел. нац адраджэнскіх сіл на эміграцыі і ў БССР. Паводле слоў Ластоўскага, Беларускае брацтва спыніла існаванне ў маі 1923. АДПУ імкнулася звязаць Беларускае брацтва з «Саюзам адраджэння Беларусі», які быццам бы ўзнік на пач. 1920-х г. за мяжой і каардынаваў дзейнасць бел. паліт. эміграцыі Літвы, Латвіі, Польшчы і Чэхаславакіі, а з пераездам Ластоўскага ў Мінск у 1926 быў нібыта ператвораны ў «СВБ». У 2-й пал. 1950-х г. у ходзе рэабілітацыі рэпрэсіраваных па справе «СВБ» дакумент. пацвярджэнняў існавання Беларускага брацтва не знайшлося. Захаваўся адзіны дакумент — праект статута Бел. нар. брацтва, які, верагодна, мае адносіны да дзейнасці Беларускага брацтва.

У.​М.​Міхнюк.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АНТЭКЛІ́ЗА,

вялікая дадатная структура на З Рускай пліты з высокім заляганнем крышт. фундамента. Займае цэнтр. і паўн.-зах. часткі тэр. Беларусі і паўн.-ўсх. Польшчы. Вылучаецца па ізагіпсе -500 м у падэшве, у скляпеністай ч. па ізагіпсе -300 м. Выцягнутая з У на З на 350 км, пры шыр. 40—120 км. Абмежавана на Пд Падляска-Брэсцкай упадзінай, Палескай седлавінай і Прыпяцкім прагінам, на У і ПнУ Жлобінскай седлавінай і Аршанскай упадзінай, на Пн Латвійскай седлавінай, на ПнЗ Балтыйскай сінеклізай, на З Варшаўскай упадзінай.

Фарміравалася ад позняга пратэразою да антрапагену ўключна. У скляпенні крышт. фундамент залягае на абс. адзнаках -50 — +87 м, на схілах апускаецца на глыб. 500—700 м, на З 1500—2000 м. Ён складзены з архейскіх і ніжнепратэразойскіх метамарфізаваных, ультраметамарфізаваных і вывергнутых парод. Платформавы чахол утвораны з верхнепратэразойскіх, палеазойскіх і меза-кайназойскіх парод. Найб. паднятая частка Беларускай антэклізы вылучаецца як Цэнтральна-Беларускі масіў, на якім развіты толькі неагенавыя і антрапагенавыя адклады. На Беларускай антэклізе вядомы падпарадкаваныя структуры — пахаваныя выступы фундамента (Бабаўнянскі, Бабруйскі, Вілейскі, Івацэвіцкі, Мазурскі), грабен (Валожынскі) і монакліналі (Прыбалтыйская і Прыаршанская). У крышт. фундаменце Беларускай антэклізы выяўлены Навасёлкаўскае радовішча ільменіт-магнетытавых рудаў і Аколаўскае радовішча жалезістых кварцытаў.

т. 2, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ БІ́БЛІЯ, Радзівілаўская біблія,

помнік польскамоўнага кнігадрукавання на Беларусі. Выдадзена ў 1563 у адной з Брэсцкіх друкарняў на сродкі М.​Радзівіла Чорнага, старосты берасцейскага. Адно з лепшых выданняў на той час у ВКЛ і Польшчы. Мае назву «Біблія святая, гэта значыць Кніга Старога і Новага запаветаў з яўрэйскай, грэчаскай і лацінскай нанава на польскую мову са стараннасцю і дакладна перакладзеная». Амаль на кожнай старонцы на палях каментарыі да тэксту. Упершыню ў гісторыі кнігадрукавання на Беларусі змешчаны прадметны паказальнік У пратэстанцкай па накіраванасці прадмове тлумачацца прынцыпы і асаблівасці перакладу, адзначаецца, што за ўзор узята Біблія на франц. мове.

Брэсцкая біблія — вялікі фаліянт, апраўлена ў скураную вокладку з малюнкамі і графічным афармленнем. Выдадзена фарматам «у ліст», мае 738 старонак. Асобныя гравюры паводле кампазіцыі і малюнка, асобных дэталяў узыходзяць да гравюр Ф.​Скарыны. Тэкст надрукаваны гатычным шрыфтам у 2 калонкі па 58 радкоў у кожнай. Экзэмпляры Брэсцкай бібліі зберагаюцца ў Дзярж. публічнай б-цы ў Маскве, Цэнтр. б-цы АН Літвы і ў Ягелонскай б-цы ў Кракаве, няпоўны экз. — у Цэнтр. навук. б-цы імя Я.​Коласа АН Беларусі.

А.​П.​Грыцкевіч.

Ілюстрацыя «Патоп» у Брэсцкай бібліі.

т. 3, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР (5.8.1461, Кракаў — 19.8.1506),

вял. князь ВКЛ [1492—1506], кароль польскі [1501—06]. Сын Казіміра IV, унук Ягайлы. Час княжання Аляксандра супаў з аднаўленнем шырокага наступлення Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ, прыпыненага пры Казіміры IV. У 1492—94 ВКЛ страціла частку сваёй тэр. з гарадамі Мцэнск, Любуцк, Вязьма, Дарагабуж і інш. Жаніцьба Аляксандра з дачкою вял. маскоўскага князя Аленай Іванаўнай не прывяла да прымірэння. У вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03, паводле дагавору аб 6-гадовым перамір’і, ВКЛ страціла 25 гарадоў (паводле інш. звестак 19; у т. л. Чарнігаў, Старадуб, Бранск, Гомель). Адначасова Аляксандр змушаны быў весці барацьбу з саюзнікамі Масквы — крымска-татарскім ханам Менглі-Гірэем, войскі якога былі разгромлены ў Клецкай бітве 1506, і малдаўскім гаспадаром Стафанам. Ва ўнутр. палітыцы Аляксандр ішоў на далейшыя ўступкі феадалам ВКЛ (гл. Прывілей 1492). Як польскі кароль пашырыў правы шляхты (гл. Радамская канстытуцыя). Абранне Аляксандра польскім каралём абазначала аднаўленне працэсу аб’яднання дзвюх дзяржаў пад уладай аднаго манарха, які выбіраўся феадаламі Польшчы і ВКЛ. З гэтага часу ў адносінах да абедзвюх дзяржаў пачала ўжывацца назва Рэч Паспалітая, якая пазней стала афіцыйнай. Аляксандр — адзіны польскі кароль, пахаваны ў Вільні.

М.​І.​Ермаловіч.

Вялікі князь ВКЛ Аляксандр.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАСТО́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

1) частка тэр. Рэчы Паспалітай, якая ў 1795 адышла да Прусіі, а паводле Тыльзіцкага міру 1807 перададзена Рас. імперыі. Царскім указам ад 13.7.1808 атрымала назву Беластоцкая вобласць з цэнтрам у г. Беласток і падзелена на 4 паветы: Беластоцкі, Бельскі, Сакольскі і Драгічынскі. Пл. 7742 кв. вярсты, нас. 278 937 чал. (1835). У 1842 скасавана, тэрыторыя далучана да Гродзенскай губ.; Драгічынскі пав. увайшоў у склад Бельскага пав.

2) Адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1939—44. Утворана 4.12.1939 на тэрыторыі 9 усх. паветаў б. Беластоцкага ваяводства. Цэнтр — г. Беласток. Пл. 20,9 тыс. км² (ліст. 1940), нас. 1368 тыс. чал. (на 1.1.1941). 15.1.1940 падзелена на 24 раёны: Аўгустоўскі, Беластоцкі, Бельскі, Бранскі, Ваўкавыскі, Граеўскі, Гродзенскі, Дамброўскі, Заблудаўскі, Замбраўскі, Кольнаўскі, Крынкаўскі, Лапскі, Ломжынскі, Монькаўскі (пазней Кнышынскі), Парэцкі, Саколкаўскі, Сапоцкінскі, Свіслацкі, Скідзельскі, Снядаўскі, Цехановецкі, Чыжэўскі, Ядвабнаўскі. У ліст. 1940 Парэцкі р-н скасаваны ў сувязі з перадачай Літ. ССР тэрыторый з пераважна літ. насельніцтвам. 20.9.1944 Беластоцкае ваяводства ліквідавана ў сувязі з перадачай б.ч. вобласці Польшчы. Бераставіцкі (б. Крынкаўскі), Ваўкавыскі, Гродзенскі, Сапоцкінскі, Свіслацкі і Скідзельскі р-ны засталіся ў БССР (увайшлі ў Гродзенскую вобл.).

т. 3, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАФІ́ЦІ (італьян. graffito мн. лік ад graffito літар. надрапаны),

старажытныя надпісы, зробленыя вострымі прадметамі на сценках будынкаў і розных рэчах. Графіці часта знаходзяць пры раскопках стараж. і сярэдневяковых гарадоў і паселішчаў у многіх краінах свету. Гэтыя гіст., прысвячальныя, магічныя і інш. надпісы маюць вял. значэнне для вывучэння рэлігіі, побыту, мовы, пісьменнасці стараж. і сярэдневяковых грамадстваў. На тэр. Беларусі найб. стараж. графіці 11 ст. знойдзены ў Сафійскім саборы ў Полацку. На вял. плоскім камені ў падмурку выдрапаны імёны людзей, якія яго будавалі: «Давидъ, Тоума, Микоула», «Петър, Воришько» і слова «Къпьсь». Графіці 12 ст. выяўлены на прасліцах, амфарах у Мінску, Навагрудку, Пінску, Віцебску, Друцку. Яны даюць звесткі аб імёнах, бытавой лексіцы. Графіці 13 ст. знойдзены ў Спаскай царкве ў Полацку, Благавешчанскай царкве ў Віцебску. Выяўлена некалькі графіці 15 ст., якія маюць дакладнае датаванне іх напісання, напр. графіці пра смерць Казіміра IV Ягелончыка, вял. князя ВКЛ і караля Польшчы, і ўступленне на трон яго сына Аляксандра. Косці з надпісамі і малюнкамі выяўлены на гарадзішчы Маскавічы (Браслаўскі р-н). Выкананнем да графіці блізкія берасцяныя граматы.

Г.​В.​Штыхаў.

Графіці на прасліцах 12—13 ст. з гарадзішча Маскавічы Браслаўскага раёна.

т. 5, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ БЕРАСТАВІ́ЦА,

гарадскі пасёлак, цэнтр Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Бераставічанка. За 63 км ад Гродна, за 10 км ад чыг. ст. Бераставіца на лініі Масты—Бераставіца, на аўтадарозе Гродна—Бераставіца—Ваўкавыск. 5,8 тыс. ж. (1996).

Вядома з пач. 16 ст. як уладанне навагрудскага ваяводы А.​І.​Хадкевіча. Належала Мнішкам, Патоцкім, Касакоўскім. На карце Т.​Макоўскага (1613) пазначана як мястэчка (афіцыйна гэты статус зацверджаны ў 1725). З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Гродзенскага пав. У 1900 — 1786 ж., дробныя прадпрыемствы. З 1921 у Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, вёска ў Крынкаўскім р-не Беластоцкай вобл. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 да 17.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Вялікай Бераставіцы і раёне 634 чал. З 1944 цэнтр раёна, з 1947 гар. пасёлак. У 1962—66 у Свіслацкім р-не. У 1969 — 2,9 тыс. жыхароў.

Сярэдняя, муз. і спарт. школы, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Помнікі архітэктуры: Бераставіцкі касцёл Візітацыі Дзевы Марыі, касцёл (пач. 20 ст.), заезны двор (2-я пал. 19 ст.). Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.

т. 4, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУНІ́ЛАВІЧЫ,

вёска ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Галбіца, каля аўтадарогі Полацк—Вільнюс. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на У ад Паставаў, 223 км ад Віцебска, 9 км ад чыг. ст. Варапаева. 793 ж., 334 двары (1997).

Упамінаецца ў 1473 як уладанне кн. А.​Ю.​Гальшанскага. У 1556 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. У 1567—77 належалі М.​К.​Радзівілу, пазней Я.​Дз.​Долмат-Ісайкоўскаму і яго нашчадкам. У 1624 у Д. заснаваны драўляны, у 1684 — мураваны касцёлы, у 1683 — дамініканскі кляштар. З 1793 у Рас. імперыі, у Віленскім пав. У 1800—564 ж., 101 двор. З 1861 — цэнтр воласці, у канцы 19 ст. каля 900 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр Дунілавіцкага павета. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Дунілавіцкага раёна. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Д. 828 чал., спалілі больш за палову дамоў. З 1950 цэнтр сельсавета, з 1954 вёска ў Дунілавіцкім, з 1960 у Глыбоцкім, з 1962 у Пастаўскім р-нах. 781 ж., 246 двароў (1971).

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Дунілавіцкі Троіцкі касцёл дамініканцаў.

т. 6, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)