СТАБРО́ЎСКІ Казімір (21.11.1869, б. маёнтак Крупляны, Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. — 8.6.1929),

жывапісец, педагог. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі, Польшчы, Расіі. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1887—94), акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Пасля 1894 жыў і працаваў на Гродзеншчыне. Удзельнічаў у маст. выстаўках у Пецярбургу, Парыжы, Мюнхене, Венецыі. З 1902 чл. Т-ва польскіх мастакоў «Штука» і Т-ва падтрымкі прыгожых мастацтваў. Заснавальнік і кіраўнік (1904—09) Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве. У 1922 заснаваў аб’яднанне мастакоў «Sursum Corda». Ствараў кампазіцыі фантастычна-сімвалічнага характару, пейзажы, партрэты ў стылі мадэрн. Сярод работ: «Магамет у пустыні» (1894), «Цішыня ў вёсцы» (паміж 1894—1900), серыя з 11 карцін «Шэсце навальніцы», «Белая ноч у Петраградзе каля раз’езда», «Змярканне ў Лазенкаўскім парку ў Варшаве», «Белыя ночы», партрэты С.​Дамброўскага, Ф.​Радашэўскага, Л.​Рытлінскай, В.​Семяшковай і інш.

І.І.Стаброўскі.

т. 15, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)