пракля́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад праклясці.
2. у знач. прым. Які выклікае праклён; ненавісны. Праклятая вайна. □ Спачатку вось трэба падумаць, як з гэтай праклятай зямлянкі хутчэй выбрацца. Шамякін. [Тэафіл:] — Ліхаманка брала мяне некалькі гадоў, а такі зглуміў хінай праклятую... Самуйлёнак. // Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. Пан пачынае з высокага ганка: — Як ты асмеліўся, галган пракляты, каля палаца хадзіць панібратам? Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праку́длівы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які любіць пракудзіць; свавольны, гарэзлівы. Ад нараджэння ў нутры маім вечным госцем асталявалася гультайства. Істота нябачная, але надзвычай пракудлівая. Мала таго, што сама не любіць працаваць, дык і мяне падбухторвае на гэта. Пальчэўскі. // Які з’яўляецца свавольствам, штукарствам. Шэйдак ведаў: за Людку няма каму заступіцца,.. яшчэ больш выдумляў розных пракудлівых рэчаў і не даваў ёй спакойна сядзець. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгада́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Прыйсці на памяць, успомніцца. З’явяцца новыя людзі, новыя інтарэсы, і можа толькі гады ў рады прыгадаецца.. [Таццяне] сёлетняя практыка — прыгадаецца, каб адразу ж і забыцца. Васілёнак. Даўнім смуткам павеяла на мяне. Прыгадалася сцюдзёная зімняя ноч... Хомчанка. «Слязьмі гору не паможаш», — прыгадаліся .. [Галі] словы маці. Ваданосаў.
2. Уявіцца. Гэта можа толькі прыгадацца ў марах, Як спявала поўная душа. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пуза́н, ‑а, м.
Разм. Пра чалавека з вялікім пузам. Рогат узмацняўся, узвізгі жанчын, хрыплы, як брэх, рогат фрачных пузаноў, інтэлігентнае хіхіканне больш далікатных асоб рознага роду заглушылі спачатку аркестр. Самуйлёнак. — Стой, пузан, а то выстралю! — крыкнуў на бягу дзед. Лынькоў. // Пра малое тоўстае дзіця. Як многа ў мяне сыноў — Гарластых пузаноў, Зацесных паўзуноў! Адзін дзіцячы сад — Уся зямля. Бічэль-Загнетава.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раззбро́іць, ‑рою, ‑роіш, ‑роіць; зак., каго-што.
1. Адабраць у каго‑н. зброю; пазбавіць каго‑, што‑н. сродкаў узбраення. Адна з такіх успрынятых па-рознаму вестак была весць аб тым, што грамада арыштаваных сялян раззброіла польскі канвой і разбеглася па лясах. Колас.
2. перан. Пазбавіць магчымасці змагацца, пярэчыць і пад.; уціхамірыць. Непадроблены тон .. голасу [трэнера] мяне раззброіў, і я, забыўся на абразы. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самазва́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які самавольна, незаконна прысвоіў сабе чужое імя, званне. — Цікава, а што скажа самазваны старшыня Зубкоўскі? — спытаўся Швец. Гурскі. Стрэльбай грукнуў у дзверы: «Выходзь да мяне, Гаспадар самазваны, на ганак!» Куляшоў.
2. Разм. Які па сваёй ініцыятыве ўзяўся за якую‑н. справу. Назло прарокам самазваным, Што глуха каркаць пачалі, Спявайце [юныя паэты] спевам нечуваным На мове любай вам зямлі! Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
се́нцы, сянец; адз.
Разм. Невялікія сені. Свякруха, крэкчучы і вохкаючы, марудна злазіць з печы, доўга ў прыцемках каля ложка шукае чаравікі, запальвае лямпу і, нарэшце, тупае ў сенцы. Мележ. [Пятро:] — Хата тады ў мяне была ўжо гатовая, а сенцы не скончаны — так і засталіся на зіму без дзвярэй. Ракітны. Неяк пад вечар на парозе сянец з’явілася шыракаплечая постаць Івана Іванавіча. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слі́на, ‑ы, ж.
Цягучая вадкасць, якая выдзяляецца асобымі залозамі ў поласці рота чалавека і жывёлы і садзейнічае змочванню і пераварванню ежы. [Кузьма:] — Ды такая паляндвіца! Свіціцца проста. У мяне аж сліна пацякла, калі ўбачыў. Ермаловіч. [Пніцкі] ўжо .. у смак гаворкі ўваходзіў: пырскаў слінаю, патрасаў плячыма. Чорны. Стаіць ураднік, выцірае рукавом сліну з рота, твар злосны і крывіцца ад знявагі. Каваль.
•••
Глытаць сліну гл. глытаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тыфо́зны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тыфу. Тыфозная гарачка. // Які выклікае тыф. Тыфозны мікроб.
2. Хворы тыфам. [Наталля Пятроўна:] — Помню, як .. [Алёша] лядзяшкамі кідаў у мяне, калі я тыфозную маці ў бальніцу забірала. Шамякін. / у знач. наз. тыфо́зны, ‑ага, м.; тыфо́зная, ‑ай, ж. Па вагоне раптам прайшла чутка: «Не прымаюць! Няма куды. Горад перапоўнены тыфознымі!» «Полымя». // Прызначаны для хворых тыфам. Тыфознае аддзяленне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
угро́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.
Разм.
1. Груб. Забіць. — А ты чаго маўчыш — вызверыўся .. [Кашын] на Севу. — Табе напляваць, што мяне бэсцяць і ўгробіць збіраюцца! Карпаў.
2. Сапсаваць, вывесці з ужывання. [Ладуцька:] — Паўтаратонку ўгробілі, дык цяпер вазі іх,.. Хадкевіч.
3. перан. Загубіць, праваліць (якую‑н. справу і пад.). [Гаруноў:] — Дык што ж гэта ты, Андрэй Максімавіч, праваліў? Ты разумееш, якую ты прапанову ўгробіў? Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)