Пабудаваны ў 1330-я г. з бутавага каменю і цэглы ў г.Ліда Гродзенскай вобл. Уваходзіў у лінію супрацькрыжацкай абароны Навагрудак—Крэва—Меднікі—Трокі. Замак у плане меў выгляд няправільнага чатырохвугольніка з 2 вуглавымі вежамі, быў пастаўлены на насыпным пясчаным узгорку, абкружаны балоцістымі берагамі рэк Лідзея і Каменка, з Пн — ровам шыр. каля 20 м, які злучаў гэтыя рэкі і аддзяляў замак ад горада. Пазней (верагодна, у 16—17 ст.) у сістэму перадзамкавых умацаванняў з У уключана штучнае возера. На замкавым двары размяшчаліся правасл. царква (у 1533 перанесена ў горад), жылыя і гасп. пабудовы, з 1568 — суд, архіў, астрог. Жылыя памяшканні былі на верхніх паверхах вежаў.
Л.з. зведаў шмат аблог. У 1384 пасля штурму яго ўзялі крыжакі і часткова разбурылі. У 1392 атрады ням. і англ. рыцараў і войскі іх саюзніка кн. Вітаўта аблажылі і ўзялі замак. У 1394 англ. і франц. рыцары зноў напалі на Ліду, але жыхары горада абаранілі замак. Не авалодалі Л.з. у 1406 атрады смаленскага кн. Юрыя Святаславіча, у 1433 войска кн. Свідрыгайлы, у 1506 загоны крымскіх татар. Улетку 1659 замак штурмам захапіла рус. войска І.А.Хаванскага. У час.Паўн. вайны 1700—21 замак разбураны ў 1702 і 1710 (паводле інш. звестак, і ў 1706) шведамі, якія ўзарвалі яго вежы. Апошняя бітва тут адбылася ў 1794 паміж паўстанцамі Т.Касцюшкі, што заселі ў руінах замка, і царскімі войскамі.
Археал. даследаванні Л.з. праводзілі М.А.Ткачоў (1970), А.А.Трусаў (1977—78, 1980, 1985), А.К.Краўцэвіч (1986—87). У 1920-я г. зроблена частковая, у 1982 — поўная кансервацыя Л.з. Вядуцца работы па рэстаўрацыі сцен і вежаў замка.
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991;
Краўцэвіч А., Трусаў А. Археалагічнае вывучэнне Лідскага замка і г. Ліды // З глыбі вякоў: Наш край. Мн., 1992.
Лідскі замак. Акварэль Ю.Пешкі канца 18 ст.Лідскі замак. Сучасны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУІЗІЯ́НА (Louisiana),
штат на Пд ЗША, на Прымексіканскай нізіне. На Пд абмываецца Мексіканскім залівам. Пл. 125,7 тыс.км². Нас. 4350,6 тыс.чал. (1996), у т. л. 30,8% негры. Адм. ц. — Батан-Руж, найб. горад Новы Арлеан. Прыморская частка — забалочаная нізіна з азёрамі, на У — даліна і дэльта р. Місісіпі. На ПнЗ рэльеф узгорысты (выш. да 163 м). Клімат субтрапічны, вільготны. Сярэднія месячныя т-ры ад 12 °C у студз.—лютым да 27,5 °C у ліпені. Ападкаў каля 1500 мм за год. Індустр.-агр. штат. Здабыча нафты, прыроднага газу, каменнай солі, серы. Буйная нафтаперапр. і хім.прам-сць (Батан-Руж, Лейк-Чарльз, Новы Арлеан). Развіты алюмініевая, нафтахім. (вытв-сцьсінт. каўчуку, пластмас), дрэваапр., папяровая, харч. (цукр., алейная, апрацоўка трапічных прадуктаў), суднабуд. і суднарамонтная, аўтазборачная, металаапр.прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства (больш за 60% даходаў). Асн. культуры: рыс, бавоўнік, цукр. трыснёг, соя, кукуруза, батат. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Рачное і марское рыбалоўства. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, рачны, марскі.
Тэр. Л., якую здаўна насялялі індзейцы, у 1539—42 адкрылі іспанцы, з 1682 даследавалі і з 1699 каланізавалі французы (у 1718 засн.г. Новы Арлеан). У канцы 17 — пач. 19 ст. Л. наз. вялізная тэр. басейна р. Місісіпі. У выніку Сямігадовай вайны 1756—63 Францыя перадала зах. частку Л. пад уладу Іспаніі, усходнюю — Англіі. Пасля ўтварэння ЗША усх. частка Л. ўвайшла ў іх склад (1783), а заходняя зноў адышла (1800) да Францыі, якая ў 1803 прадала сваю частку Л. ЗША за 15 млн.дол. З 1804 паўд. частка Л. — тэрыторыя (адм. адзінка), з 30.4.1812 штат ЗША (астатнія часткі Л. ўвайшлі ў інш. штаты ЗША), які ў грамадз. вайну 1861—65 удзельнічаў на баку паўд. (канфедэратыўных, рабаўладальніцкіх) штатаў. У Л. працяглы час адбываліся сац. і расавыя хваляванні, асабліва ў канцы 1920 — пач. 1930-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРС,
чацвёртая ад Сонца планета Сонечнай сістэмы. Знак . Мае выгляд яркага свяціла чырвонага колеру (-2,01 зорнай велічыні).
Сярэдняя адлегласць ад Сонца 227,94 млн.км. Адлегласць ад Зямлі мяняецца ад 55,7 млн. да 101,2 млн.км. Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце (эксцэнтрысітэт 0,0934) з перыядам 1,88 года (687 сут). Сярэдняя скорасць на арбіце 24,13 км/с. Перыяд абарачэння вакол восі 24,62 гадз. Раз у 2 гады адбываецца процістаянне М. (гл.Процістаянні планет), кожныя 15—17 гадоў — вялікія процістаянні. Экватарыяльны радыус М. 3397,2 км, палярны 3376,4 км, маса 6,42 ∙ 1023кг (каля 0,107 масы Зямлі), сярэдняя шчыльнасць 3943 кг/м³. Нахіл экватара да плоскасці арбіты (25,2°) абумоўлівае змену пораў года, аналагічных зямным. Паверхня М. пустынная. пакрытая камянямі; шмат кратэраў. Мінім.т-ра паверхні -140 °C, макс. — 20 °C. Атмасфера складаецца з вуглякіслага газу СО2 (95,32%) азоту N2 (2,7%), аргону Ar(1,6%), кіслароду О2 (0,13%), вадзяной пары (0,03%). Атм. ціск на паверхні 700 Па. М. мае паўночную і паўднёвую палярныя шапкі, якія складаюцца з замёрзлага вуглякіслага газу і вады; з надыходам лета ў адным паўшар’і яго шапка выпараецца, з надыходам зімы зноў з’яўляецца. Ніякіх прыкмет існавання жыцця на М. не выяўлена. Біял. эксперыменты, праведзеныя пры дапамозе пасадачных апаратаў «Вікінг», не выявілі наяўнасці жывых мікраарганізмаў у глебе. М. мае 2 спадарожнікі — Фобас і Дэймас. Большасць звестак пра М. атрымана пры дапамозе касм. апаратаў «Марс», «Марынер», «Вікінг».
Літ.:
Мороз В.И. Физика планеты Марс. М., 1978;
Поверхность Марса. М., 1980;
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984.
А.А.Шымбалёў.
Фатаграфія паверхні планеты Марс, атрыманая пры дапамозе аўтаматычнай станцыі «Вікінг-1» (1976, ЗША).Да арт.«Марс». Аўтаматычная станцыя «Марс-1»: 1 — радыятар сістэмы тэрмарэгулявання; 2 — панэлі сонечных батарэй; 3 — вузканакіраваная антэна; 4 — арбітальны адсек; 5 — рухальная ўстаноўка для карэкцыі; 6 — востранакіраваная антэна.Агульны выгляд планеты Марс (касмічны тэлескоп імя Э.Хабла, 1995, НАСА).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЕ́Т (Milētos),
старажытнагрэчаскі горад у Іоніі, каля вусця р. Меандр у М. Азіі. Першыя тут паселішчы грэкаў вядомы з 16 ст. да н.э. У 14 ст. да н.э. буйны ахейскі горад-крэпасць. На мяжы 2—1-га тыс. да н.э. ў М. перасялілася новая хваля грэкаў — іанійцы (жыхары Атыкі, паводле інш. звестак — выхадцы з Піласа пасля ўварвання на Пелапанес дарыйцаў). У 8—6 ст. да н.э. буйны горад-дзяржава, гандл. (пасрэднік паміж еўрап. Грэцыяй і дзяржавамі Усходу), рамесніцкі (апрацоўка воўны, чаканка манет) і культ. цэнтр; адыгрываў вядучую ролю ў грэч. каланізацыі (засн. больш за 80 калоній, у т. л.Абідас, Кардыя, Сінопа, Ольвія, Пантыкапей і інш.). Росквіту дасягнуў у час тыраніі Фрасібула (каля 610—600 да н.э.). Тут была засн.Мілецкая школа. У сярэдзіне 6 ст. да н.э. пад уладай персаў, у 500 да н.э. ўзначаліў антыперс. паўстанне іанійскіх гарадоў, пасля задушэння якога (494 да н.э.) разбураны персамі, з 479 адбудоўваўся. У 478 увайшоў у Дэлоскі саюз. Пасля Пелапанескай вайны 431—404 да н.э.зноў залежаў ад персаў, у 334 да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім, з 129 да н.э. пад уладай Рыма.
У канцы 5 ст. да н.э. М. набыў рэгулярную планіроўку паводле т. зв. сістэмы Гіпадама, якая ўяўляла сабой адзін з лепшых узораў ант. горадабудаўніцтва. Археал. раскопкі выявілі, што ў эліністычна-рым. час цэнтр горада складалі 3 плошчы-агоры (рынкі): паўночная (забудоўвалася з канца 4 ст. да н.э.; каля яе дом для сходаў — булеўтэрый, свяцілішча Апалона Дэльфінія, будынак гімнасіі, тэрмы Фаўсціны і інш.), паўднёвая (забудоўвалася з 3 ст. да н.э.; манум. вароты), заходняя (позні элінізм; каля яе храм Афіны, тэатр на 45 тыс.чал.). У М. — візант. сабор 5—6 ст. н.Э., гал. помнік мусульм. перыяду — мячэць Ільясбея (1403).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—18 ст. у г.Мсціслаў. Размяшчаўся на пляцоўцы гарадзішча Замкавая гара 12—13 ст., на высокім правым беразе р. Віхра. Замак абкружалі шырокія (60—100 м) і глыбокія (больш за 25 м) яры і кальцавы вал, вышынёй з усх. і паўд. бакоў 6—7 м, шыр. ў аснове 15—18 м. На вяршыні стаялі зрубныя абарончыя канструкцыі — гародні, шмат’ярусная вежа і ўязная брама. Перыметр замкавых умацаванняў перавышаў 800 м. Высокі мост на па́лях злучаў замак з горадам. У цэнтры М.з. ўзвышалася пабудаваная ў 15—16 ст. васьмівугольная вежа-данжон, у ніжнім ярусе якой размяшчаўся храм. М.з. лічыўся важнейшым стратэгічным замкам Пасожжа на мяжы ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, таму перажыў шмат аблог і войнаў. У 1389 на працягу 11 дзён яго асаджала войска смаленскага кн. Святаслава Іванавіча. У перыяд міжусобнай вайны (1432—39) паміж вял. князем ВКЛ Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам М.з. адзіны на Беларусі, які не паддаўся войску апошняга і вытрымаў трохтыднёвую аблогу. У 1500, 1502, 1508 (двойчы) і 1514 быў абложаны рус. войскамі. Пасля надання г. Мсціславу ў 1634 магдэбургскага права замак яшчэ больш умацавалі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у ліп. 1654 рас. войскі акружылі Мсціслаў і замак. У выніку 4 штурмаў 22 ліп. замак быў узяты і спалены, а большасць абаронцаў загінула. Стратэг. важнасць М.з. спрыяла хуткаму яго аднаўленню. У 1660 паводле загаду цара М.з. зноў спалены, а 46 яго абаронцаў сасланы ў Яраслаўль. У 1676 сейм Рэчы Паспалітай прыняў рашэнне аднавіць замак. У час Паўн. вайны 1700—21 М.з. узарваны ў жн. 1708 адступаючым войскам Пятра I. Адноўлены, існаваў да 1772 (год далучэння Мсціслава да Рас. імперыі).
М.А.Ткачоў.
Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў. Агульны выгляд касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІК-ПЯЮ́Н (Сяргей Міхайлавіч) (27.8.1906, в. Лявонавічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 26.8.1994),
бел. пісьменнік. Скончыў Нясвіжскую гімназію (1924), бел. настаўніцкія курсы ў Вільні (1926). Арганізатар і першы кіраўнік хору ў Лявонавічах (з 1963 народны), стварыў там тэатр, б-ку, гурток ТБШ, за што высланы ў г. Свеце над Віслай (1926—31). Пасля вяртання зноў арыштаваны, высланы пад нагляд паліцыі ў Слонім. У 1939 зняволены ў астрог у г. Баранавічы. Вызвалены Чырв. Арміяй. З 1939 інспектар Слонімскага аддзела нар. адукацыі, дырэктар Слонімскага краязн. музея. Ў Вял.Айч. вайну ў 1943 арыштаваны слонімскім СД і зняволены ў Калдычэўскі лагер смерці пад Баранавічамі. Пасля вызвалення працаваў дырэктарам Слонімскага музея. 14.12.1944 арыштаваны сав. органамі бяспекі, высланы на Калыму. Рэабілітаваны ў 1958. Жыў у Слоніме, Нясвіжы, з 1960 у Мінску. Друкаваўся з 1924. У 1927 выдаў у Вільні пад псеўд. «Малады Дзядок» п’есу «Ёлка Дзеда Мароза». У 1927—31 супрацоўнічаў з віленскім дзіцячым час. «Заранка», газ. «Беларуская крыніца», часопісамі «Студэнцкая думка», «Шлях моладзі», «Хрысціянская думка» і інш., у 1940—41 друкаваўся ў слонімскай раённай газ. «Вольная праца». Аўтар зб-каў вершаў «Заўсёды з песняй» (1984), для дзяцей «Зорачкі ясныя» (1986), успамінаў пра Я.Купалу, Г.Леўчыка, І.Стаброўскага, Я.Карскага, ген. Я.Леашэню. Напісаў больш за 100 песень (словы і музыка Н.-П.). Песні «Зорачкі» і «Над Шчарай» («Слонімскі вальс») і інш. сталі народнымі. Пераклаў на бел. мову п’есы П.Салаўёвай (Алегра) «Цудоўная ноч», «Пакой у наймы», «Прадка пад крыжам», польскую камедыю А.Абрамовіча і Р.Рушкоўскага «Муж у ветлівасці», «Русалку» А.Пушкіна, «Першага вінакура» Л.Талстога. Эсперантыст. Аўтар эсперанцкага міжнар. гімна. Зб. «Песні з-за кратаў» застаўся ў рукапісе.
Літ.:
Лойка А. Душа рвалася да песень // ЛіМ. 1981. 9 кастр.;
Шишигина К. Музы Несвижа. Мн., 1986. С. 61—63, 101—102, 108, 110, 112.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯДЗЕ́ЛЬНЫЯ ШКО́ЛЫ,
прыватныя або грамадскія агульнаадук., прафес. або рэліг. школы, навучанне ў якіх праводзіцца ў выхадныя дні (найчасцей у нядзелю; адсюль назва). Гістарычна найб. ранняя форма пазашкольнай адукацыі. Падзяляюцца на канфесіянальныя шкалы розных веравызнанняў для рэліг.-маральнага выхавання (у хрысціян — нядзельныя, мусульман — пятнічныя, іудзеяў — суботнія) і свецкія. Канфесіянальныя Н.ш. ўзніклі ў сярэдзіне 16 ст. (першая пры Міланскім саборы) у форме нядзельных размоў. У 17—18 ст. пашырыліся ў краінах Еўропы і Паўн. Амерыцы. Свецкія Н.ш. з’явіліся ў сярэдзіне 18 ст. (першая ў 1756 у Базелі, Швейцарыя). У 19 ст.агульнаадук. Н.ш. адыгралі значную ролю ў развіцці нар. адукацыі ў Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі і інш.еўрап. краінах. Ствараліся таксама Н.ш. і курсы прафес. падрыхтоўкі. У пач. 20 ст.агульнаадук. Н.ш. амаль спынілі існаванне ў сувязі з арг-цыяй дзярж. школьных сістэм і ўвядзеннем усеагульнага абавязковага навучання. Канфесіянальныя Н.ш. і ў наш час існуюць у многіх краінах.
У Рас. імперыі і на Беларусі канфесіянальныя Н.ш. эпізадычна ўзнікалі з пач. 18 ст.Найб. стабільнымі былі лютэранскія. Свецкія пачалі стварацца асобнымі прадпрымальнікамі ў 1-й пал. 19 ст. (напр., у 1816 пры Трохгорнай мануфактуры Прохаравых у Маскве). У канцы 1850 — пач. 1860-х г., у выніку дэмакр. ўздыму, агульнаадук. Н.ш. арганізоўваліся інтэлігенцыяй амаль паўсюдна. У 1858 адкрыта Н.ш. ў Палтаве, у 1859 — у Кіеве, Магілёве, Мінску, Пецярбургу, у 1860 — у Гродне, Брэсце, Вільні. У пач. 1862 у 178 гарадах Рас. імперыі 331 Н.ш. Спробы выкарыстаць Н.ш. для рэв. прапаганды сталі падставай да іх закрыцця (1862). З канца 1880-х г. у выніку грамадскай ініцыятывы зноў пачалося іх стварэнне. У 1904 на Беларусі дзейнічала 20 Н.ш. і курсаў (1950 навучэнцаў, у т. л. 1148 жанчын). У 1920-я г. свецкія Н.ш. заменены інш. тыпамі школ для дарослых (гл. таксама Вячэрняе навучанне). На пач. 2000 у Беларусі 1094 Н.ш. розных канфесій для дзяцей і дарослых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНГЕ́Я (ад пан... + грэч. gē зямля),
старажытны гіганцкі суперкантынент, які аб’ядноўваў усе сучасныя кантыненты і ў геал. гісторыі Зямлі існаваў тройчы: П. 0, П. 1, П. 2.
Познаархейская кратанізацыя зямной кары пачалася 3 млрд.г. назад (на мяжы ранняга і позняга архею) і завяршылася 2,7—2,5 млрд.г. назад, пра што сведчыць узрост найб.стараж. адкладаў платформавага чахла. Магчыма, у гэты час зямная кара ўтварала суцэльную абалонку, або ўсеагульнае скучванне ў канцы архею прывяло да яе канцэнтрацыі ў выглядзе суперкантынента П. 0 у адным паўшар’і і ўтварэнню першаснага акіяна ў другім паўшар’і. У пач. пратэразою ўзніклі протагеасінкліналі, якія падзялілі П. 0 на вял. колькасць протаплатформ. Развіццё раннепратэразойскіх протагеасінкліналей завяршылася пераважна да 1,8—1,75 млрд.г. назад (у канцы ранняга пратэразою). Протаплатформы апынуліся моцна спаянымі протагеасінклінальнымі складкавымі сістэмамі і паясамі тэктона-тэрмальнай перапрацоўкі з нарошчваннем кантынент. кары. Утварыўся суперкантынент П. 1. З гэтага часу на плошчы сучасных стараж. платформ усталяваўся кантынент. рэжым з пашыраным наземным вулканізмам. Існаванне П. 1, як і П. 0, пацверджана палеамагн. данымі (падабенства крывых блукання полюсаў Зямлі) і пераходнымі палеаструктурамі. У раннім рыфеі фіксуюцца пач. працэсы распаду П. 1 у вобласці Паўд.-Усх. Азіі, новаўтварэнне акіянскіх басейнаў і ўзнікненне мікракантынентаў, з перыферыяй якіх звязана станаўленне афіялітавых паясоў. У познім рыфеі адбыўся распад П. 1 на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію, узніклі планетарныя рухомыя паясы. У канцы палеазою (позняя перм) зноў аднавілася суцэльнасць кантынент. кары: Лаўразія і Гандвана разам з Кітайска-Карэйскай платформай і Паўднёва-Кітайскай платформай утварылі адзіны звышкантынент, якому А.Вегенер (гл.Вегенера гіпотэза) даў назву П. (у адрозненне ад рыфейскага суперкантынента П. 1, мае назву П. 2).
Распад П. 2 пачаўся 200 млн.г. назад у канцы трыясавага — пач. юрскага перыяду мезазойскай эры і звязваецца, паводле гіпотэзы «Новая глабальная тэктоніка», з утварэннем новай сістэмы канвекцыйных ячэек у мантыі. Гл. таксама Дрэйф кантынентаў, Мабілізм, Тэктанічныя гіпотэзы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТСДА́М (Potsdam),
горад на У Германіі, каля паўд.-зах. ускраіны Берліна. Адм. ц. зямлі Брандэнбург. Каля 150 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт на р. Хафель. Прам-сць: маш.-буд. (буд-ва і рамонт цеплавозаў, рачных суднаў, дакладная механіка і оптыка, эл.-тэхн.), прыладабуд., тэкст., хім.-фармацэўтычная, паліграф., харчасмакавая. Кінастудыя. Астрафіз. абсерваторыя.
Засн. на мяжы 9—10 ст. як слав. паселішча, у пісьмовых крыніцах згадваецца з 993. Пасля 1150 пры Альбрэхце Мядзведзюзасн.зноў як ням. паселішча. З 1317 горад (гар. права з 1345). З 1416 уладанне Гогенцолернаў, з 1660 другая (пасля Берліна) рэзідэнцыя курфюрстаў Брандэнбурга, з 1701 — каралёў Прусіі. У 1838 П. злучаны чыг. лініяй з Берлінам. З 1875 навук.цэнтр. У мясц. палацы Цэцыліенгоф адбылася Патсдамская канферэнцыя 1945. У 1952—90 адм. ц.аднайм. акругі ГДР. У 1945—52 і з 1990 адм. ц. зямлі Брандэнбург. У 1991 засн. Патсдамскі ун-т.
У 17—18 ст. адбудаваны як ваен. горад з палісадамі і манум. варотамі. Моцна пашкоджаны ў 2-ю сусв. вайну, адноўлены. Сярод помнікаў стылю барока: «Галандскі квартал» (1737—42), ратуша (1753), Брандэнбургскія вароты (1770). У палацава-паркавым ансамблі Сан-Сусі спалучэнне позняга барока, ракако і ранняга класіцызму; уключае рэгулярны франц. парк, палац (1745—62, арх. Г. фон Кнобельсдорф, прыбудовы 19 ст.), «Кітайскі чайны домік» (1754—56), карцінную галерэю (1755—62), «Павільён з драконамі» (1770) і інш. Ёсць пейзажны англ. парк з палацам Шарлотэнгоф (1826—29, класіцызм) і «Рымскімі лазнямі» (1828—44, абодва арх. К.Ф.Шынкель). Комплекс палацаў і паркаў П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Найб. значнае збудаванне 20 ст. — абсерваторыя (вежа Эйнштэйна, 1920—21, арх. Э.Мендэльзон). Музей першабытнай і стараж. гісторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНАМПЕ́НЬ,
горад, сталіца Камбоджы, на р. Меконг, каля ўпадзення ў яе прытока Танлесап. 984 тыс.ж. (1994). Рачны порт, даступны для марскіх суднаў. Вузел аўтадарог. Чыгункай злучаны з портам Кампонгсаам і Бангкокам (Тайланд). Міжнар. аэрапорт. Гал.паліт., эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: дрэваапр., тэкст., харч. (рысаачыстка, вытв-сць пальмавага алею, цукру і інш.), харчасмакавая, мылаварная, тытунёвая. Прадпрыемствы па суднарамонце, аўтазборцы. ЦЭС. 3 ун-ты. Вышэйшая тэхн. школа. Школа выяўл. мастацтваў і музыкі. Музеі: археалогіі і гісторыі, Каралеўскі палац «Сярэбраная пагада» і інш.
Засн. каля 1372 пад наз. Чадамук. У 1434 кхмерскі кароль Понья Ят перанёс сталіцу з г. Ангкор у Чадамук (пазней стаў называцца П.). Тут пабудаваны гар. ўмацаванні, каралеўскі палац і будыйскія храмы. П. не страціў эканам. значэння і пасля пераносу сталіцы ў гарады Лавек (1528) і Удонг (1623). У 1866 П. зноў стаў сталіцай. Тут былі размешчаны цэнтр. ўстановы франц. адміністрацыі пратэктарата Камбоджы. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны яп. войскамі. У 1945 П. занялі франц. войскі на чале з ген. Ф.М.Леклеркам. З 1953 П. — сталіца незалежнай Камбоджы.
Радыяльная структура цэнтра (склалася ў 2-й пал. 19 ст.) спалучаецца з прамавугольнай сеткай прылеглых раёнаў. Цэнтр горада забудаваны віламі, 2—4-павярховымі дамамі еўрап. тыпу з крамамі і канторамі, ускраіны — лёгкімі драўлянымі жылымі дамамі. Самае стараж. збудаванне П. — ват (манастыр) Пном са ступай 15 ст. Сярод пабудоў 19—20 ст.: комплекс Каралеўскага палаца (2-я пал. 19 — пач. 20 ст., цяпер музей), «Сярэбраная пагада», Нац. музей (1917—20), крыты рынак (1936), бальніца (1956—60, рас.арх. Н.Якабсон і інш.), помнік Незалежнасці (1960), зала канферэнцый Чадамук (1961), Нац.спарт. комплекс (усе арх. Ванмаліван), Вышэйшы тэхнал.ін-т (рас.арх. С.Міхайлаў, А.Мачалаў, В.Навумаў; абодва 1962—64).
Каралеўскі палац у Пнампені 2-я пал. 19 — пач. 20 ст.