Цвёрдае крышт. рэчыва белага колеру, шчыльн. 2150—2240 кг/м³, tпл 270—327 °C, пры t > 415 °C раскладаецца. Тэрмапласт. Не раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Устойлівы да ўздзеяння кіслот, раствораў шчолачаў, моцных акісляльнікаў і інш.хім. рэагентаў; атмасфера-, каразійна- і радыяцыйнаўстойлівы. Не гарыць. Выдатны дыэлектрык. Выкарыстоўваюць для вырабу плёнак, валокнаў, радыё- і электратэхн. дэталей, ізаляцыі для правадоў і кабеляў, хім. рэактараў і лабараторнага посуду, пратэзаў розных органаў чалавека, труб, шлангаў, мембран і інш., нізкамалекулярны П. (мал. м. 20—30 тыс.) — як сухую змазку, кампанент антыфрыкцыйных матэрыялаў, напаўняльнік для пластмас і каўчукоў, суспензіі — для нанясення ахоўных пакрыццяў на металы, прамочвання тканін, прызначаных для працы ў агрэсіўным асяроддзі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНА́ДЫЙ (лац. Vanadium),
V, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 23, ат. м. 50,9415. Прыродны складаецца з 2 ізатопаў: 51V (99,76%) і слаба радыеактыўнага 50V (0,24%, перыяд паўраспаду 1014 гадоў). Належыць да рассеяных элементаў, трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл.Ванадыніт). У зямной кары знаходзіцца 0,019% па масе.
Пластычны серабрыста-шэры метал, шчыльн. 6110 кг/м³, tпл 1920 °C. Устойлівы да ўздзеяння раствораў неарган. к-т, соляў і шчолачаў. Раствараецца ў канцэнтраваных к-тах, у расплавах шчолачаў, на паветры акісляецца да ванадатаў. Пры 600—800 °C узаемадзейнічае з кіслародам, з азотам утварае нітрыд (VN, tпл 2360 °C), з вугляродам — карбід (VC, чорныя крышталі, tпл каля 2830 °C, мае высокую цвёрдасць). Крыніца здабычы — жал. руды, якія маюць злучэнні ванадыю. Атрымліваюць з пентаксіду дыванадыю V2O5 металатэрмічным аднаўленнем. Выкарыстоўваюць як легіруючы кампанент сталяў і спец. сплаваў для авіяц. і касм. тэхнікі, суднабудавання; кампанент звышправодных сплаваў. Злучэнні ванадыю таксічныя; ГДК для V2O5 0,1—0,5 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СМУТ (лац. Bismuthum),
Ві, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 83, ат. м. 208,9804. Прыродны мае 1 стабільны ізатоп 209Bi. У зямной кары знаходзіцца 2∙10−5 % па масе. Трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл.Вісмутавыя руды). Крохкі серабрыста-шэры з ружовым адценнем метал, шчыльн. 9800 кг/м³, tпл 271,4 °C (пры плаўленні памяншаецца ў аб’ёме), tкіп 1564 °C.
Устойлівы ў сухім паветры, пры t вышэй за 1000 °C гарыць (утварае аксід Bi2O3). Раствараецца ў к-тах азотнай і канцэнтраванай сернай (пры награванні). З галагенамі пры 200—250 °C утварае трыгалагеніды (напр., вісмуту хларыд BiCl3), з большасцю металаў пры сплаўленні — інтэрметал. злучэнні вісмутыды (напр., вісмутыды натрыю Na3Bi, магнію Mg3Bi2). Атрымліваюць пры перапрацоўцы пераважна свінцовых руд. Выкарыстоўваецца як кампанент легкаплаўкіх сплаваў (напр., сплаў Вуда), бабітаў, як цепланосьбіт у ядз. рэактарах (расплаў), для вытв-сці пастаянных магнітаў, у прыладах для вымярэння напружанасці магн. поля. Злучэнні вісмуту выкарыстоўваюць у вытв-сці керамікі, фарфору, спец. шкла, як антысептычныя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́НКГА (Ginkgo),
манатыпны род голанасенных раслін сям. гінкгавых. Вядомы 1 від — гінкга двухлопасцевы (G. biloda). Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі (радзіма Усх. Кітай, Японія), утварае лясы з інш. дрэвамі. Стараж. рэлікт цеплалюбнай даледавіковай флоры (геал. ўзрост віду каля 50 млн. гадоў). На Беларусі рэдка вырошчваецца (з 1900) як дэкар. расліна ў садах, парках і ў аранжарэях.
Двухдомнае лістападнае дрэва выш. да 40 м і дыям. ствала каля 3 м. Кара шэрая, шурпатая. Крона светлая, пірамідальная або раскідзістая. Лісце чаранковае, простае, арыгінальнай веерападобнай формы, светла-зялёнае, увосень — залаціста-жоўтае, сядзіць пучкамі на пакарочаных парастках. Спарафілы моцна рэдукаваныя, сабраны ў аднаполыя стробілы. Сперматазоіды рухомыя, са шматлікімі жгуцікамі (архаічная прыкмета). Семя (да 2—3 см) абкружана тоўстай вонкавай абалонкай, ядомае. Лек. і дэкар. расліна. Размнажаецца насеннем і чаранкамі. Святлалюбны, устойлівы да засухі, задымлення паветра, грыбковых і вірусных захворванняў, рэдка пашкоджваецца насякомымі. Даўгавечны (да 1000 і больш гадоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМУНІТЭ́Т РАСЛІ́Н,
неўспрыімлівасць раслін да ўзбуджальнікаў хвароб, шкоднікаў і прадуктаў іх жыццядзейнасці. Заснавальнік вучэння аб І.р. сав. біёлаг М.І.Вавілаў. Адрозніваюць І.р. структурны (мех.; залежыць ад марфал. асаблівасцей расліны-гаспадара, напр., густое апушэнне парасткаў) і хімічны (абумоўлены хім. асаблівасцямі, шкоднымі для паразіта). Вылучаюць 2 формы І.р.: сартавы і відавы (радавы), напр., гібрыд яравой пшаніцы № 21 устойлівы да большасці рас бурай іржы (сартавы), бульба наогул не пашкоджваецца ёй (відавы). Адрозніваюць таксама І.р. прыродны (прыроджаны) і набыты (штучны). Прыродны ўзнікае і замацоўваецца ў працэсе эвалюц. развіцця раслін; бывае пасіўны (існуе незалежна ад таго, трапляе ўзбуджальнік хваробы або паразіт на расліну ці не) і актыўны (уласцівасць расліны процістаяць узбуджальніку або шкодніку, якая выяўляецца і актывізуецца толькі пры пападанні на расліну). Набыты І.р. узнікае пасля перанясення раслінай хваробы ці ў выніку ўвядзення ў расліну аслабленай або знішчанай культуры ўзбуджальніка, пры ўжыванні антыбіётыкаў, інгібітараў росту. На выкарыстанні І.р. заснавана селекцыя раслін, устойлівых да хвароб і шкоднікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІЭТЫЛЕ́Н,
сінтэтычны тэрмапластычны палімер, прадукт полімерызацыі этылену, адзін з найб. пашыраных поліалефінаў, [—CH2—CH2—]n. Займае 1-е месца ў сусв. вытв-сці палімераў, што атрымліваюць метадам полімерызацыі.
Цвёрдае рэчыва белага колеру. Паводле спосабу атрымання адрозніваюць П. высокага ціску, ці нізкай шчыльнасці (913—930 кг/м³), з мал. м. (3—40)∙104, tпл 103—110 °C, і П. нізкага ціску, ці высокай шчыльнасці (910—968 кг/м³), з мал. м. (5—100)∙104, tпл 124—137 °C. Пры пакаёвай т-ры не раствараецца ў арган. растваральніках (абмежавана набракае). Тэрмадэструкцыя ў паветры пачынаецца пры 180 °C. Спалучае высокую трываласць пры расцягванні з эластычнасці, добры дыэлектрык. Устойлівы да ўздзеяння хім. рэагентаў і радыеактыўных выпрамяненняў Выкарыстоўваюць для вытв-сці плёнак тэхн. і быт. прызначэння (гл.Плёнкі палімерныя), вырабу ёмістасцей, канстр. дэталей, арматуры, гальванічных ваннаў, высокатрывалых валокнаў, пратэзаў унутр. органаў, цепла- і электраізаляцыі, прадметаў хатняга ўжытку і інш.
Літ.:
Полиэтилен низкого давления: Науч.-технич. основы пром. синтеза. Л., 1980;
Полиэтилен высокого давления: Науч. технич. основы пром. синтеза. Л., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДЫЙ (лац. Rhodium),
Rh, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 45, ат.м. 102,9055, адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 1 стабільны нуклід 103Rh. У зямной кары 10−7% па масе. Як ізаморфная прымесь уваходзіць у крышт. рашотку мінералаў медна-нікелевых сульфідных руд, мінералаў групы осмістага ірыдыю, самароднай плаціны. Адкрыты ў 1804 англічанінам У.Воластанам, назва ад грэч. rhodon — ружа (ад ружова-чырв. колеру яго солей).
Серабрыста-белы бліскучы метал, tпл 1963 °C, tкіп 3727 °C, шчыльн 12 410 кг/м³. У звычайных умовах кампактны Р. устойлівы да ўздзеяння ўсіх кіслот (у т. л. царскай гарэлкі) і шчолачаў. Здробнены пры 100 °C узаемадзейнічае з сернай к-той, пры 200—600 °C — з галагенамі, серай, селенам; пры 600—800 °C у паветры акісляецца, утвараецца сесквіаксід Rh2O3 (шэрыя крышталі, якія пры t>1000 °C раскладаюцца на метал і кісларод). Выкарыстоўваюць для атрымання сплаваў з плацінай (маюць 7, 10 і 30% Р.) і інш. плацінавымі металамі (каталізатары, тэрмапары), вырабу тыгляў у вытв-сці монакрышталёў, нанясення ахоўных пакрыццяў на эл. кантакты, люстраныя паверхні рэфлектараў, пражэктараў, тэхн. люстраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
непахі́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, што нельга пахіснуць; устойлівы. Светлаю любоўю да Радзімы, Сілай непахіснай у плячах Услаўляем вобраз мы любімы — Дарагія рысы Ільіча!Звонак.
2. Цвёрды, стойкі (у сваіх намерах, перакананнях і пад.). Лірычны герой вершаў В. Таўлая паўстае перад чытачом як непахісны барацьбіт за шчасце народа.Шкраба.Ты [баян-кабзар] прайшоў яго [шлях], Як асілак-змагар непахісны, І агню твайго Не згасіў ніхто.Колас.// Які ўласцівы такому чалавеку. Усю гэтую навалу вытрымала, выстаяла і перамагла непахісная воля народа.Паслядовіч.Характар у.. [бацькі] цвёрды і непахісны, як скала.Пянкрат.// Які выяўляе стойкасць, цвёрдасць. Хлопцы адчулі палёгку і непахісную ўпэўненасць у сваёй незалежнасці.Вітка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
ГЕРМА́НІЙ (лац. Germanium),
Ge, хімічны элемент IV групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 32, ат. м. 72,59. Прыродны складаецца з 5 стабільных ізатопаў, найб. колькасць 74Ge (36,54%). У зямной кары 1,5∙10−4% па масе. Належыць да рассеяных элементаў. Адкрыты ў 1886 К.А.Вінклерам, названы ім у гонар яго радзімы (Германія).
Цвёрдае крохкае рэчыва серабрыстага колеру з метал. бляскам, tпл 938,25 °C, шчыльн. 5323 кг/м³ (25 °C), шчыльн. вадкага 5557 кг/м³ (1000 °C). Паўправаднік, шырыня забароненай зоны 0,66 эВ. Пры звычайных умовах устойлівы да ўздзеяння вады, кіслароду, разбаўленых к-т. Узаемадзейнічае з азотнай к-той, царскай гарэлкай, растворамі шчолачаў у прысутнасці акісляльніку (утварае солі германаты, пры награванні — з большасцю неметалаў. У паветры пры 700 °C акісляецца да германію дыаксіду. Пры сплаўленні з металамі ўтварае германіды — крохкія цвёрдыя рэчывы з метал. бляскам (напр., германід цырконію Zi5Ge3, tпл 2330 °C). Атрымліваюць з пабочных прадуктаў пры перапрацоўцы руд каляровых металаў, з попелу некаторых відаў вугалю, адходаў коксахім. вытв-сці. Выкарыстоўваюць у паўправадніковай тэхніцы для вырабу дыёдаў, транзістараў, тэрма- і фотарэзістараў; як кампанент сплаваў, матэрыял для лінзаў у прыладах інфрачырвонай тэхнікі і дэтэктараў іанізавальнага выпрамянення.