ВА́ТМАН,

папера для чарчэння і рысавання. Устойлівы да сцірання, мае шурпатую паверхню. Наз. ў гонар англ. прамыслоўца 18 ст. Дж.​Ватмана.

т. 4, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАРЦ (ням. Quarz),

мінерал, аксід крэмнію, SiO2; адзін з самых пашыраных пародаўтваральных мінералаў зямной кары. Крышт. мадыфікацыі: трыганальная (α-К., устойлівы ніжэй 573 °C) і гексаганальная (β-К., устойлівы вышэй 573 °C). Крышталі прызматычныя ці дыпірамідальныя, часта ўтвараюць зросткі.Трапляюцца зерні, агрэгаты і суцэльныя масы. Колер разнастайны: бясколерны К. — горны хрусталь, фіялетавы — аметыст, дымчаты — раўхтапаз, чорны — марыён, залацісты — цытрын і інш. Бляск шкляны. Празрысты. Цв. 7. Крохкі. Шчыльн. 2,65 г/см³. П’езаэлектрычны. Паходжанне пераважна эндагеннае. Кварцавыя пяскі і кварцыты выкарыстоўваюцца ў керамічнай і шкляной прам-сці, монакрышталі К. — у оптыцы і як п’езаэлектрычны матэрыял, афарбаваныя разнавіднасці К. — у ювелірнай справе. На Беларусі шматлікія радовішчы кварцавых пяскоў.

У.​Я.​Бардон.

Крышталі кварцу.

т. 8, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРА́НЦЫЙ (лац. Francium),

Fr, радыеактыўны хім. элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 87; адносіцца да шчолачных металаў. Найменш устойлівы з радыеактыўных элементаў; найб. устойлівы з іх ​223Fr (перыяд паўраспаду 21,8 мін, β-распад) — чл. прыроднага радыеактыўнага рада актынаурану. У прыпаверхневым пласце Зямлі таўшчынёй 1,6 км знаходзіцца прыблізна 24,5 г Ф. Радыенуклід ​223Fr адкрыла ў 1939 франц. радыяхімік М.​Перэй; названы ў гонар Францыі.

У вагавых колькасцях атрымаць Ф. немагчыма з-за адсутнасці доўгажывучых ізатопаў. Паводле ацэнак для Ф. tпл 18—20 °C, шчыльн. 2300—2500 кг/м³. Самы электрададатны метал. Хім. ўласцівасцямі падобны да рубідыю і цэзію. Выкарыстоўваюць для вызначэння астату-227 і ў біял. даследаваннях, у т. л. для дыягностыкі ракавых захворванняў.

А.​П.​Чарнякова.

т. 16, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКО́Р [ад назвы мінералаў ба(дэлеіт) і кар(унд)],

вогнетрывалы матэрыял з вял. колькасцю аксіду цырконію (33—45%) і гліназёму (50%). Шчыльн. (3,6—3,8)∙10​3 кг/м³, устойлівы да тэмператур 1700 °C і дзеяння агрэсіўных расплаваў (шкламасы). Выкарыстоўваецца для муравання шклаварных печаў.

т. 2, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОМІНДЫ́ГА (5,5′, 7,7′ — тэтраброміндыга),

кубавы фарбавальнік; вытворнае індыга. Цёмна-сінія крышталі; не раствараецца ў вадзе. Атрымліваецца пры браміраванні індыга ў канцэнтраванай сернай кіслаце. Больш устойлівы і яркі, чым індыга. Выкарыстоўваюць для фарбавання баваўняных і віскозных тканін.

т. 3, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАБЕНЗО́Л,

найпрасцейшае араматычнае азазлучэнне, C6H5N = NC6H5. Мал. м. 182,22, аранжава-чырв. крышталі, устойлівы транс-ізамер, t пл. 68 °C. Нерастваральны ў вадзе, раствараецца ў арган. растваральніках. Атрымліваюць аднаўленнем нітрабензолу. Вытворныя азабензолу — азафарбавальнікі і змякчальнікі для гумы.

т. 1, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. stabilis устойлівы, пастаянны),

прывядзенне чаго-н. ва ўстойлівы стан і падтрымка гэтага стану на вызначаным узроўні; забеспячэнне пастаянства якіх-н. велічынь; працэсаў, уласцівасцей. Напр., стабілізацыя палімераў, стабілізацыя частаты, С. палітычных адносін і г.д.

т. 15, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАСТАБІ́ЛЬНЫ СТАН (ад мета... + лац. stabilis устойлівы),

адносна ўстойлівы стан сістэмы, з якога яна можа перайсці ў больш устойлівы стан (напр., асн.) пад уздзеяннем знешніх узбурэнняў ці самаадвольна. 1) М.с. тэрмадынамічных сістэм — стан няўстойлівай раўнавагі (гл. Раўнавага тэрмадынамічная). Існаванне М.с. абумоўлена асаблівасцямі кінетыкі фазавых пераходаў. У такім стане знаходзяцца, напр., перагрэтая вадкасць — вадкасць, т-ра якой большая за т-ру кіпення пры дадзеным ціску; перахалоджаная (перасычаная) пара — пара, т-ра якой ніжэйшая за т-ру кандэнсацыі пры дадзеным ціску; перанасычаны раствор — раствор, канцэнтрацыя якога перавышае канцэнтрацыю насычанага раствору пры дадзенай т-ры.

2) М.с. квантавых сістэм — узбуджаны энергетычны стан атамнай сістэмы (атама, малекулы, атамнага ядра), у якім яна можа існаваць адносна працяглы час. Пераходы з такіх станаў у станы з меншай энергіяй, якія суправаджаюцца выпрамяненнем фатонаў, забаронены адбору правіламі.

т. 10, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАПО́Н,

эквімалекулярная сумесь сульфіду цынку і сульфату барыю; белы пігмент, ZnS∙BaSO4. Устойлівы да ўздзеяння раствораў шчолачаў, несвятлоўстойлівы, няшкодны. Выкарыстоўваюць для вырабу алейных, эмалевых і водаэмульсійных фарбаў для ўнутр. работ, у вытв-сці гумы, пластмас, лінолеуму, паперы, скуры.

т. 9, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХО́ДНІ ПЕРАНО́С ПАВЕ́ТРАНЫХ МАС,

устойлівы перанос паветра з У на З у тропіках (пасаты) або палярных шыротах (пераважна над акіянам каля Антарктыды); таксама летні перанос паветра з У на З над усім паўшар’ем у стратасферы на выш. больш за 20 км.

т. 16, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)