ФЕРАЦЭ́Н, біс(η-цыклапентадыеніл) жалеза,

рэчыва з групы металаарганічных злучэнняў, Fe(C5H5)2. Атрыманы ў 1951 (першы сінтэзаваны прадстаўнік металацэнаў).

Аранжавыя крышталі, tпл173 °C, tкіп249 °C (пры награванні Ф. устойлівы да 470 °C). Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў арган. растваральніках. Малекула Ф., як і малекулы ўсіх металацэнаў, мае структуру «сэндвіча»: жалеза ў ступені акіслення +2 знаходзіцца паміж 2 размешчанымі ў паралельных плоскасцях π-цыклапентадыенільнымі C5H5-кольцамі на аднолькавай адлегласці ад усіх атамаў вугляроду (сувязі Fe—C кавалентныя). Ф. адносіцца да небензоідных араматычных сістэм (гл. Араматычныя злучэнні). Атрымліваюць пераважна ўзаемадзеяннем цыклапентадыену C5H6 са злучэннямі жалеза (II), а таксама ўзаемадзеяннем жалеза і C5H6 пры 300 °C. Выкарыстоўваюць як тэрмастабілізатар поліэтылену і дыенавых каўчукоў, у сінтэзе некат. лек. сродкаў (напр., ферацэрону).

Ферацэн.

т. 16, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)