ПУДО́ЎКІН (Усевалад Іларыёнавіч) (28.2.1893, г. Пенза, Расія —30.6.1953),
расійскі кінарэжысёр, акцёр, тэарэтык кіно; адзін з заснавальнікаў сав. кінематаграфіі. Нар.арт.СССР (1948). Скончыў Маскоўскі ун-т (1914), у 1922—24 вучыўся ў Дзяржкінашколе. Першыя пастаноўкі — «Шахматная гарачка» (1925, разам з М.Шпікоўскім) і «Механіка галаўнога мозга» (1926). Стварыў этапную для сав. кіно трылогію: «Маці» (1926), «Канец Санкт-Пецярбурга» (1927), «Нашчадак Чынгісхана» (1928) з драм. масавымі сцэнамі, паэт. вобразамі, псіхал. распрацоўкай характараў. Сярод інш. фільмаў: «Просты выпадак» (1932), «Дэзерцір» (1933), «Перамога» (1938), «Мінін і Пажарскі» (1939, з М.Долерам), «Сувораў» (1941), «Адмірал Нахімаў» (1947), «Жукоўскі» (1950, з Д.Васільевым), «Вяртанне Васіля Бортнікава» (1953). Выступаў і як кінаакцёр. Распрацаваў сістэму работы з акцёрам і непрафес. выканаўцам паводле сістэмы К.Станіслаўскага. Аўтар кн. «Кінарэжысёр і кінаматэрыял», «Кінасцэнарый. Тэорыя сцэнарыя» (абедзве 1926), «Акцёр у фільме» (1934). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў НАВЕ́ЙШАЙ ГІСТО́РЫІў Маскве.
Створаны ў 1991 як Цэнтр захоўвання сучаснай дакументацыі на базе дакументаў бягучых архіваў структурных падраздзяленняў ЦККПСС, з 1999 сучасная назва. 1 500 000 млн. адзінак захоўвання за 1952 — жн. 1991. Зберагае дакументы па гісторыі паліт. партый, грамадскіх аб’яднанняў і арг-цый. Сярод іх матэрыялы з’ездаў КПСС, пленумаў ЦККПСС, Палітбюро і Сакратарыята ЦККПСС, усесаюзных канферэнцый і нарад пры ЦККПСС, структурных падраздзяленняў апарата, інфарм.-паліт. цэнтра і рэгіянальных бюро ЦККПСС, міжнар. нарад і перагавораў з камуніст. і рабочымі партыямі. Захоўвае дакументы вышэйшых і цэнтр. органаў Кампартыі РСФСР за 1990—91, рэдакцый перыяд. выданняў ЦККПСС, матэрыялы, рассакрэчаныя для Канстытуцыйнага суда Рас. Федэрацыі па «справе КПСС» за 1922—91. Дакументы па гісторыі КПБ знаходзяцца ў фондах Палітбюро, Сакратарыята і апарата ЦККПСС, у фондзе-калекцыі «па справе КПСС».
Літ.:
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 205—208.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛА́ДЗЕНЬ,
складны абраз, або т.зв. машчавік з двух (дыпціх), трох (трыпціх) ці больш (паліпціх) частак-створак. Выконваецца ў тэхніках тэмпернага жывапісу, разьбы па косці або дрэве, у метале з выкарыстаннем чаканкі, філіграні, эмалі і інш.
Жывапісныя С. належаць да стараж.-візант. літургічнай традыцыі. У зах.-еўрап. мастацтве позняй готыкі, Адраджэння, барока пашырыліся алтарныя С., якія аб’ядноўвалі жывапіс і скульптуру (напр., С. М.Пахера ў царкве г.Санкт-Вольфганг, Аўстрыя, 1471—81); скульптурныя (напр., драўляны С. В.Ствоша ў касцёле Дзевы Марыі ў г. Кракаў, Польшча, 1477—89); жывапісныя (напр., «Алтар Ільдэфонса» П.П.Рубенса, 1632). У Расіі з 15 ст. пашыраны мініяцюрныя, медналітыя, выразаныя з дрэва ці косці С. з гравіроўкай, залатой і сярэбранай сканню (трыпціх майстра Лукіяна, 1412—13, і інш).
На Беларусі С. меў вял. пашырэнне ў правасл. (напр., С. «Наталля. Маці Божая Адзігітрыя. Рафаіл», 1760) і стараверскіх храмах (шматстворкавыя метал. С., аздобленыя выемчатай каляровай эмаллю 17—20 ст.).
Да арт.Складзень. Наталля. Маці Божая Адзігітрыя. Рафаіл. Беларуская школа. 1760.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАГО́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
у Расійскай Федэрацыі. Утворана 23.9.1937. Пл. 145,7 тыс.км². Нас. 1362,4 тыс.чал. (1995), гарадскога 66%. Цэнтр — г. Волагда. Найб. гарады: Чарапавец, Сокал, Вял. Усцюг.
Прырода. Валагодская вобласць размешчана на ПнЗУсх.-Еўрапейскай раўніны. Пераважаюць выш. 150—200 м. У зах.ч. вобласці ярка выяўлены марэнны рэльеф. На ПнЗ знаходзяцца Вепсаўскае (выш. да 304 м) і Андомскае ўзвышшы, Мягорская града, на ПдЗ — Андогская града (выш. да 299 м), у цэнтр.ч. — Валагодскае, Галіцкае, Верхняважскае ўзвышшы і шэраг град, на ПдУ — частка узв. Паўночныя Увалы. Карысныя выкапні: торф, флюсавыя вапнякі, даламіты, вогнетрывалыя гліны, кухонная соль. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -14 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. У Валагодскай вобласці больш за 2000 рэк, найб. — Сухона з прытокам Юг, Вага, Малога, Шэксна, Унжа. Азёр каля 4200, сярод іх Анежскае і Белае, Вожэ, Кубенскае, Рыбінскае і Шэкснінскае вадасховішчы. На Пн пашыраны падзолістыя, на Пд — дзярнова-падзолістыя глебы. Лясы займаюць каля 2/3 тэрыторыі, пераважаюць хвойныя пароды. На тэр. вобласці частка Дарвінскага запаведніка.
Гаспадарка. Лен. галіны прам-сці: чорная металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтацягнікі-цыстэрны, рачныя сухагрузныя цеплаходы, буксіры-штурхачы, суднавыя краны; абсталяванне для лясной, дрэваапр. і харч. прам-сці; станкі для апрацоўкі драўніны, рухавікі, падшыпнікі, электраапаратура, дэталі для с.-г. машын, рамонт буд. і дарожных машын і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, зрубы, домікі садовыя, мэбля), цэлюлозна-папяровая, хім. (вытв-сць азотных угнаенняў, аміяку, салетры, лакаў і фарбаў), лёгкая (апрацоўка льновалакна, трыкат. і швейныя вырабы), рыбная і харч. (масласыраробная, кансервавая) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла, жалезабетонныя канструкцыі). Вядучыя галіны сельскай гаспадаркі — малочная жывёлагадоўля і льнаводства. Развіты птушкагадоўля і свінагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніца, ячмень) і кармавыя культуры. Пасевы бульбы і агародніны. Шырока вядомы традыцыйныя маст. промыслы: пляценне карункаў (гл.Валагодскія карункі), чарненне па серабры, маст. ткацтва, разьба і пляценне з бяросты. Па тэр. вобласці праходзяць чыг. Масква—Архангельск і Санкт-Пецярбург—Перм, аўтадарога Санкт-Пецярбург—Чарапавец—Волагда—Яраслаўль. Суднаходства па Волга-Балтыйскім водным шляху, Паўн.-Дзвінскай сістэме, па Сухоне, Волагдзе, Паўн. Дзвіне. Захаваліся ансамблі Гледзенска-Троіцкага (засн. ў 12 ст.), Міхаіла-Архангельскага (засн. ў 1212) і Спаса-Праабражэнскага (засн. ў 1422) манастыроў. Курорт — г. Тоцьма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ЛЕ́ТАПІС, Dzieje miasta Witebska, Аверкі і Панцырнага летапіс,
помнік гар. летапісання Беларусі 18 ст. на польск. мове. Завершаны ў 1768 жыхаром Віцебска С.Аверкам на аснове летапісу М.Панцырнага (звесткі датаваны 896—1709), кароткіх гіст. запісаў Чарноўскіх (1601—33) і Г.Аверкі (1733—57), матэрыялаў, сабраных аўтарам. Твор кампіляцыйны, кампазіцыйна рыхлы, яго часткі не аб’яднаны ў цэласны звод. Складаецца пераважна з кароткіх сухіх пагадовых запісаў-паведамленняў, размешчаных хаатычна. Звесткі па рус., польскай, сусветнай і літоўска-бел. гісторыі запазычаны пераважна з польскіх хронік і хранографаў, маюць шэраг недакладнасцей. Найб. каштоўныя арыгінальныя звесткі па гісторыі Беларусі і Віцебска, асабліва пра ваен.-паліт. падзеі канца 17 — пач. 18 ст. У канцы летапісу змешчаны спісы членаў віцебскага магістрата 1597, віцебскіх ваявод за 1516—1753 і інш.гіст.-дакументальныя матэрыялы. Упершыню апублікаваны А.П.Сапуновым у «Віцебскай даўніне» (т. 1, 1883) у перакладзе на рус. мову. Рукапіс захоўваецца ў Рас.нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу.
Публ.:
Полное собрание русских летописей. М., 1975. Т. 32. С. 193—205.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗБО́РНІКІ СВЯТАСЛА́ВА 1073 і 1076, зборнікі Кіеўскай Русі, найб. раннія помнікі стараж.-рус. пісьменства.
Ізборнік 1073 створаны ў Кіеве для князя Святаслава Яраславіча. З’яўляецца спісам зборніка, перакладзенага з грэч. мовы на стараслав. ў 9 ст. для балг. цара Сімяона. Уключае творы «Ад апостальскіх статутаў», «Слова Іаана пра верачытныя кнігі», «Багаслоўца ад славес». Уключаны і свецкі трактат візант. пісьменніка 9 ст. Георгія Хіравоска «Пра вобразы» — першы ў стараж.-рус. л-ры дапаможнік па паэтыцы, а таксама артыкулы па логіцы, граматыцы, прытчы, загадкі. Упрыгожаны застаўкамі, мініяцюрамі. Зберагаецца ў Гіст. музеі ў Маскве.
Ізборнік 1076 складзены на падставе рукапісаў княжацкай б-кі. У ім змешчаны «словы», «павучанні», «наказы», этычныя выслоўі, «Стасловец» канстанцінопальскага патрыярха Генадзія, свецкія тэксты («Наказ багатым», «Пра жонак злосных і добрых»), творы, напісаныя ў Кіеўскай Русі, настаўленне пра карысць ведаў, кніг. Зберагаецца ў Рас.нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу.
Публ.:
Изборник Святослава 1073 г.М., 1983;
Изборник 1076 г.М., 1965.
Літ.:
Изборник Святослава 1073 г.: Сб. ст.М., 1977;
Сапунов Б.В. Книга в России в XI—XIII вв. Л., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІКО́Ў (Мікалай Іванавіч) (8.5.1744, радавы маёнтак Ціхвінскае-Аўдоцціна каля г. Бронніцы Маскоўскай вобл., Расія — 12.8.1818),
рускі асветнік, журналіст, кнігавыдавец, пісьменнік. Вучыўся ў дваранскай гімназіі пры Маскоўскім ун-це. З 1769 выдаваў часопісы. у т. л. сатырычныя («Трутень», «Пустомеля», «Живописец», «Кошелек»), першыя рас. часопісы: філас. «Утренний свет» (1777—80), крытыка-бібліягр. «Санкт-Петербургские ученые ведомости» (1777), дзіцячы «Детское чтение...» (1785—89). Склаў і выдаў «Спроба гістарычнага слоўніка пра расійскіх пісьменнікаў» (1772), кнігу помнікаў рас. гісторыі і л-ры «Старадаўняя расійская вівліёфіка» (1773—75) і інш. Аўтар цыкла сатыр. апавяданняў «Прыказкі расійскія» (1782), прац па педагогіцы («Пра выхаванне і навучанне дзяцей...», 1783), эканоміцы («Пра гандаль увогуле», 1783) і інш. Выступаў супраць прыгоннага права, за нац. асновы рус. культуры. Арганізатар друкарняў, бібліятэк, школ у Маскве, кніжных магазінаў у гарадах Расіі. У 1770-я г. далучыўся да масонаў. У 1792 за антыўрадавую дзейнасць паводле загаду Кацярыны II зняволены на 15 гадоў, вызвалены ў 1796 без дазволу працягваць ранейшую дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ АБСЕРВАТО́РЫІ,
навукова-даследчыя ўстановы па вывучэнні нябесных аб’ектаў і з’яў. Абсталёўваюцца астранамічнымі інструментамі і прыладамі, спец. лабараторыямі і сродкамі выліч. тэхнікі, могуць спецыялізавацца на пэўных кірунках даследаванняў у залежнасці ад віду ўстаноўленага тэлескопа (напр., сонечныя тэлескопы, спектрагеліёграфы, сонечныя магнітографы і інш.). Навук. даследаванні каардынуюцца Міжнародным астранамічным саюзам.
Астранамічныя абсерваторыі ўзніклі ў глыбокай старажытнасці. Рэшткі стараж.астр. збудаванняў знаходзяцца ў Англіі, Арменіі, Мексіцы, Узбекістане і інш. Найстарэйшыя дзеючыя астранамічныя абсерваторыі — Парыжская (1667), Грынвічская (1675, Англія), Пулкаўская (1839, Расія), у 1753—1876 дзейнічала Віленская астранамічная абсерваторыя. Самыя вялікія астранамічныя абсерваторыі: на Гавайскіх а-вах (буйнейшы ў свеце тэлескоп, дыяметр люстра 10 м), Спец. астрафізічная абсерваторыя Расійскай АН (Паўн. Каўказ, станіца Зелянчукская; тэлескоп з дыяметрам люстра 6 м і самы вял. ў свеце радыётэлескоп), Маўнт-Паламарская астранамічная абсерваторыя (штат Каліфорнія, ЗША; тэлескоп з дыяметрам люстра 5 м), Нац. абсерваторыя Кіт-Пік (ЗША; дыяметр люстра тэлескопа 4 м), Паўднёвая астранамічная абсерваторыя ЗША (у Чылі; дыяметр люстра тэлескопа 4 м), Гал. астранамічная абсерваторыя Расійскай АН (Пулкава, пад г.Санкт-Пецярбург), Крымская, Бюраканская (Арменія), Абастуманская (Грузія) астрафізічныя абсерваторыі, Радыёастрафізічная абсерваторыя АН Латвіі і інш. З развіццём касманаўтыкі ствараюцца арбітальныя Астранамічныя абсерваторыі на ШСЗ і касм. станцыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРБА́РЫЙ (лац. herbarium ад herba трава, расліна),
1) калекцыя раслін, сабраных, засушаных, адпаведна дакументаваных і зманціраваных на лістах паперы. З’яўляецца асновай для навук. даследаванняў па сістэматыцы і марфалогіі раслін, а таксама дае звесткі аб складзе і змяненні флоры тэрыторыі, пра пашырэнне відаў і ўмовы іх росту.
2) Установа, дзе зберагаюцца, папаўняюцца і навукова апрацоўваюцца калекцыі засушаных раслін (гербарый).
Упершыню метад гербарызацыі раслін ужыў італьянец Л.Гіні (16 ст.). У далейшым гербарыі ствараліся пераважна пры ун-тах і бат. садах. Найб. поўнае развіццё атрымалі з 1930—40-х г. У свеце больш за 20 буйных гербарыяў. У Парыжы (каля 6 млн. лістоў), Жэневе (гербарый Дэкандоля і Буасье — каля 5 млн. лістоў), Лондане (гербарый Брытанскага музея прыроднай гісторыі, у т. л. гербарый Лінея — 4,5 млн. лістоў), у Санкт-Пецярбургу (больш за 5 млн. лістоў).
На Беларусі найб. гербарый у Ін-це эксперым. батанікі імя В.Ф.Купрэвіча АН (Мінск), дзе захоўваецца больш за 50 тыс. лістоў вышэйшых сасудзістых раслін, 5 тыс. лістоў мохападобных, 17 тыс. лістоў лішайнікаў, больш за 1 тыс. ўзораў грыбоў-макраміцэтаў. Ёсць гербарыі ў БДУ і інш.ВНУ, бат. садах і запаведніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МЕНШНАЙДЭР ((Riemenschneider) Тыльман) (каля 1469, г. Гайлігенштат, Германія — 7.7.1531),
нямецкі скульптар эпохі Адраджэння. З 1483 працаваў у Вюрцбургу. У ранніх творах спалучаў дынаміку форм і ламанасць ліній позняй готыкі з рэнесансавымі формамі; пазней імкнуўся да большай абагульненасці і яснасці вобразаў, гарманічнай ураўнаважанасці кампазіцыі. Адзін з першых адмовіўся ад традыц. расфарбоўкі і пазалоты статуй, раскрываў адухоўленасць вобразаў праз фактуру матэрыялу, міміку і жэсты персанажаў.
Сярод твораў: статуі Адама і Евы ў партале капліцы Дзевы Марыі ў Вюрцбургу (1491—93); алтары св. Магдаліны для прыходскай царквы ў Мюнерштаце (1490—92), Укрыжавання (1494—97) і 12 апосталаў (1509) для царквы ў Віндсгайме, «Святой крыві» ў Якабскірхе ў Ротэнбургу (1501—05), Марыі ў Гергатскірсе ў Крэглінгене (1505—10), сабора ў Майдбране (1515—23); надмагіллі Рудольфа фон Шэрэнберга (1496—99) і Ларэнца фон Бібра (каля 1519) у саборы Санкт-Кіліян, Конрада фон Шаўмбурга ў Марыенкапэле (1499) у Вюрцбургу, імператара Генрыха II і Кунігунды ў саборы ў Бамбергу (1499—1513); рэльеф «Аплакванне Хрыста» ў алтары прыходскай царквы ў Майдбране (1519—23) і інш.
Я.Ф.Шунейка.
Т.Рыменшнайдэр. Кампазіцыя «Тайная вячэра» алтара «Святой крыві» ў Якабскірхе ў Ротэнбургу. 1501—05.