ПУДО́ЎКІН (Усевалад Іларыёнавіч) (28.2.1893, г. Пенза, Расія —30.6.1953),
расійскі кінарэжысёр, акцёр, тэарэтык кіно; адзін з заснавальнікаў сав. кінематаграфіі. Нар.арт.СССР (1948). Скончыў Маскоўскі ун-т (1914), у 1922—24 вучыўся ў Дзяржкінашколе. Першыя пастаноўкі — «Шахматная гарачка» (1925, разам з М.Шпікоўскім) і «Механіка галаўнога мозга» (1926). Стварыў этапную для сав. кіно трылогію: «Маці» (1926), «Канец Санкт-Пецярбурга» (1927), «Нашчадак Чынгісхана» (1928) з драм. масавымі сцэнамі, паэт. вобразамі, псіхал. распрацоўкай характараў. Сярод інш. фільмаў: «Просты выпадак» (1932), «Дэзерцір» (1933), «Перамога» (1938), «Мінін і Пажарскі» (1939, з М.Долерам), «Сувораў» (1941), «Адмірал Нахімаў» (1947), «Жукоўскі» (1950, з Д.Васільевым), «Вяртанне Васіля Бортнікава» (1953). Выступаў і як кінаакцёр. Распрацаваў сістэму работы з акцёрам і непрафес. выканаўцам паводле сістэмы К.Станіслаўскага. Аўтар кн. «Кінарэжысёр і кінаматэрыял», «Кінасцэнарый. Тэорыя сцэнарыя» (абедзве 1926), «Акцёр у фільме» (1934). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947, 1951.