паміра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да памерці.
2. перан. Прыходзіць у заняпад. — Памірае мястэчка, — скардзіўся рабін у сваіх казаннях. Бядуля. // Адыходзіць у мінулае, адміраць — аб грамадскіх з’явах і пад. Чапляючыся за жыццё, памірае адсталае, старое, тое, што аджыла свой век; нараджаецца і дужэе новае, перадавое. Кудраўцаў.
•••
Паміраць (лопацца) са смеху — знемагаць ад смеху.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раструбі́ць, ‑трублю, ‑трубіш, ‑трубіць; зак., што, аб чым, пра што, з дадан. сказам і без дап.
Разм. Разнесці чуткі, расказаць усім і ўсюды; раззваніць. Цётка раструбіла на ўсё мястэчка, што ў таго пасадскага кучаравага хлопца з вялікімі вачыма лёгкая рука і добрае сэрца. С. Александровіч. [Віктар:] — Але праект цікавы. І галоўнае — пра яго ўжо раструбілі. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сімпатызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; незак., каму-чаму.
Адчуваць сімпатыю, адносіцца з сімпатыяй да каго‑, чаго‑н. Я так прызвычаіўся .. да жыхароў хаткі, што пачаў сімпатызаваць ім і нават вітацца з бабулькай. Няхай. Міровіч сімпатызуе Машэку, падаючы яму, як мы ўжо бачылі, вельмі станоўчыя рысы. Сабалеўскі. Жыхары мястэчка сімпатызавалі гімназіі і ганарыліся ёю. У. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упрасі́цца, упрашуся, упросішся, упросіцца; зак.
Разм. Настойліва просячы, дамагчыся чаго‑н. Ноч [хлопцы] .. не спалі ад страху. А раніцай упрасіліся на калгасную машыну і, прыехаўшы ў мястэчка, расказалі.. пра ўсё, што ўбачылі ў былым партызанскім лагеры... Нядзведскі. Па дарозе [сяржант] упрасіўся не паказваць яго ўрачам, а перавязаць самой [Марыі] і сказаць камандзіру роты, што служыць можа. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
town [taʊn] n.
1. невялі́кі го́рад, гарадо́к; мястэ́чка;
in town у го́радзе;
out of town за го́радам, на сяле́; у ад’е́здзе
2. цэнтр дзелаво́га, гандлёвага жыцця́;
I’m going down town to do some shopping. Я еду ў цэнтр, каб пахадзіць па крамах.
♦
be (out) on the town infml гуля́ць, весялі́цца
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
БУ́ДСЛАЎ,
вёска ў Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на р. Сэрвач. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 56 км на ПдУ ад г.п. Мядзел, 130 км ад Мінска, 2 км ад чыг. ст. Будслаў. 721 ж., 300 двароў (1996).
Вядомы э 1504 як уласнасць манахаў-бернардзінцаў, якія ў 1589 пабудавалі тут драўляны, у 1783 мураваны касцёл, пры якім знаходзіліся Будслаўскі кляштар бернардзінцаў і 2 капліцы. З 1732 мястэчка, з 1793 у складзе Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1868 — 259 ж., 48 двароў. У 1885 цэнтр воласці, 327 ж., 50 двароў, касцёл, сінагога, прыходскае вучылішча, крама, таржок; у маёнтку працавалі бровар, сукнавальня, вадзяны млын, крама, заезны дом, 2 карчмы. У 1907 у Б. 435 ж., 61 двор, каля мястэчка прайшла чыг. Полацк—Маладзечна, пабудавана чыг. станцыя. У 1917—19 працавала Будслаўская беларуская гімназія. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у складзе БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Крывіцкага, з 1962 — Мядзельскага р-наў. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў 1942 расстралялі тут 270 жыхароў. У 1970 — 859 ж., 318 двароў.
У Будславе лясніцтва, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Будслаўскі касцёл бернардзінцаў. Магілы ахвяр фашызму.
т. 3, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕШАНКО́ВІЧЫ,
гарадскі пасёлак у Беларусі, цэнтр Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл., прыстань на Зах. Дзвіне. За 51 км ад Віцебска, 38 км ад чыг. ст. Чашнікі на лініі Орша—Лепель. Вузел аўтадарог на Віцебск, Шуміліна, Улу, Лепель, Чашнікі, Сянно. 9,1 тыс. ж. (1995).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1447 (паводле А.П.Сапунова) або 1460 (паводле В.В.Турчыновіча). З пач. 16 ст. вёска Бешанковічы ўваходзіла ў Полацкае ваяв. З пач. 17 ст. мястэчка, з 1634 мелі магдэбургскае права. Са стараж. часоў вядома бешанковіцкая кераміка. З сярэдзіны 18 ст. Бешанковічы — горад, 5—6 тыс. ж. У канцы 18 ст. мястэчка ў Лепельскім пав. Паводле перапісу 1897 у Бешанковічах 4423 ж. У пач. 20 ст. цэнтр воласці. З крас. да вер. 1918 цэнтр Бешанковіцкага пав. З 1924 цэнтр раёна у Віцебскай акр. (да 1930), з 27.9.1938 гар. пасёлак у Віцебскай вобл. 4,3 тыс. ж. (1939). З 6.7.1941 да 25.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Бешанковічах і раёне 10 276 чал. У 1969 — 4,7 тыс. ж.
Прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці. Бешанковіцкі гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Бешанковіцкі палацава-паркавы ансамбль, Бешанковіцкая Ільінская царква. Курган Славы на ўшанаванне памяці сав. воінаў, партызанаў і землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Брацкая магіла сав. воінаў, магілы ахвяраў фашызму.
т. 3, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУКО́РА,
вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Свіслач, на аўтадарозе Мінск—Гомель. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПнЗ ад г. Мар’іна Горка, 38 км ад Мінска, 13 км ад чыг. ст. Рудзенск. 1429 ж., 596 двароў (1997).
У 16 ст. ў складзе маёнтка Бакшты ў Мінскім пав., належала Кезгайлам, Служкам, Агінскім і інш. З 1793 у Рас. імперыі, у Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1800 складалася з мястэчка і сяла, мела царкву, яўр. школу, будаваўся мураваны касцёл (у 1864 ператвораны ў правасл. царкву), праводзіліся 4 кірмашы ў год. З 1-й пал. 19 ст. існавала Дукорская сядзіба. З 1861 цэнтр воласці, у 1881 мястэчка злілося з сялом, 842 ж. У 1919—20 непадалёку ад Д. дзейнічаў партыз. атрад (гл. Дукорскія партызаны). У 1924—60 цэнтр сельсавета ў Смілавіцкім, Пухавіцкім, Рудзенскім, з 1960 у Пухавіцкім р-нах. У 1970 у Д. 2258 ж., 797 двароў.
Філіял Мінскага матацыклетнага і веласіпеднага з-да, дрэваапр. цэх, пякарня. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік дукорскім партызанам, якія загінулі ў 1920. Радзіма дзярж. дзеяча А.Р.Чарвякова. Помнік архітэктуры — сядзіба (19 ст.).
т. 6, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДЗІ́ТАВА,
вёска ў Спораўскім с/с Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Дарагабуж, паміж азёрамі Чорнае і Спораўскае. За 33 км на ПдУ ад г. Бяроза, 133 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Белаазерск. 1200 ж., 436 двароў (1997).
З 2-й пал. 15 ст. вядомы «Здитов Городок» («дворец») — цэнтр дзярж. воласці Слонімскага пав. Трокскага ваяв. З 1520 «двор» З. — адм.-гасп. цэнтр мястэчка і воласці. З 1561 З. належала В.Цішкевічу і яго дачцэ Аляксандры. У 1590 Здзітаўская воласць у закладзе ў Л.Сапегі, у 1594 — у А.Цішкоўны-Язлавецкай. У 1567 тут існавала царква Успення. У 17—18 ст. З. — цэнтр староства Сапегаў у Навагрудскім ваяв. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка Пескаўскай вол. Слонімскага пав. У 1880-я г. ў З. 644 ж., 57 двароў. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска Пескаўскай гміны Косаўскага пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Бярозаўскага р-на. У Вял. Айч. вайну ў крас. 1944 у З. і наваколлі адбыліся баі паміж партызанамі і ням.-фаш. захопнікамі (гл. Здзітаўская абарона 1944). У 1971—2492 ж., 565 гаспадарак.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Царква. Мемарыяльны комплекс «Здзітаўская абарона 1944». Каля вёскі 2 стаянкі неаліту і бронз. веку, сярэдневяковае селішча.
т. 7, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЎЧАДЗЬ,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Моўчадзь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПнЗ ад г. Баранавічы, 230 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Міцкавічы. 1046 ж., 348 двароў (1999). Лясніцтва, пякарня. Сярэдняя школа, базавая школа-інтэрнат, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам і ахвярам фашызму, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (1869—73).
Вядома з 1-й пал. 15 ст., калі тут быў заснаваны касцёл св. Тройцы (не збярогся). З 1486 мястэчка Слонімскага пав., уласнасць вял. князёў ВКЛ. У 1654 разбурана ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і на 4 гады вызвалена ад падаткаў. У 1660-я г. ўласнасць Халецкіх. У 1716—70 належала Юдзіцкім, пазней — Тызенгаўзам. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. мястэчка Люшнеўскай вол. Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1879 М. на 2/3 знішчана пажарам. У 1886—479 ж., 45 двароў, школа, 2 царквы, 3 сінагогі, бровар, 4 кірмашы на год. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны ў Слонімскім, з 1926 — у Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр сельсавета Гарадзішчанскага раёна, з 25.12.1962 у Баранавіцкім р-не.
В.У.Шаблюк, УМ.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 10, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)