ША́МАВА,

вёска ў Раздзельскім с/с Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., каля аўтадарогі Мсціслаў—Горкі. За 34 км на ПнЗ ад г. Мсціслаў, 100 км ад Магілёва, 18 км ад чыг. ст. Цёмны Лес. 125 ж., 56 двароў (2003). Дом культуры, б-ка. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі ахвярам фашызму і землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

Вядома з пач. 18 ст. У 1737 вёска ў Мсціслаўскай правінцыі, мела драўляную царкву. З 1777 мястэчка, 2 разы на год адбываліся кірмашы. З 1784 цэнтр воласці Мсціслаўскага пав. У 1846 у Магілёўскім пав., 314 ж. У 1861 мястэчка ў Мсціслаўскім пав., 489 ж., 105 двароў, школа, царква. У 1879 засн. ваўначоска і крупадзёрка. У 1880—741 ж., 91 двор, школа, лячэбніца, аптэка, царква, 30 крам. У 1897—917 ж., 107 двароў, 2 крупадзёркі, вадзяны млын, паштовае аддз., хлебазапасны магазін, 32 крамы, 4 карчмы; праводзіліся 7-дзённы кірмаш і 2-дзённы таржок. З 20.8.1924 да 29.8.1959 цэнтр сельсавета Мсціслаўскага р-на. У 1929 пабудаваны торфазавод, дзейнічалі сукнавальня, шавецкая майстэрня, мех. млын. У 1940—920 ж., 228 двароў. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты ў ліст. 1941, ліп. 1942 і вер. 1943 палілі вёску, загубілі 500 жыхароў.

М.​Б.​Батвіннік.

т. 17, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)