пастара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Праявіць стараннасцю рупнасць у якой‑н. справе, рабоце. — Калі добра сягоння пастараемся, можа, як-небудзь заўтра да вечара ўправімся [дажаць], — думала Алена. Мележ. — А мы сёння пастараліся ўранку і вунь які клін на расцяробах дабілі: ведаеш, там, дзе летась Аўдзея секанула маланка. М. Стральцоў.

2. з інф. Зрабіць спробу дасягнуць, дабіцца чаго‑н.; прыкласці намаганні да чаго‑н. [Русаковіч:] Ён пастараецца даказаць, што я не праў. Крапіва. Сабіна разумела: гэтыя хлопцы — частка Вацлава. Вацлаў — частка Алеся. І таму яна пастаралася пасябраваць з імі і дабіцца іхняй прыхільнасці. Караткевіч. [Кастусь:] — Калі толькі Язэп не расказаў каму пра нас, мы пастараемся яго вярнуць. Якімовіч.

3. Дастаць, набыць з цяжкасцю, раздабыць; расстарацца. [Паўлік:] — Я, кажа ён [Нахлябіч], мог бы пастарацца твайму бацьку дрэва на гумно і на ўсе будынкі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схамяну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑меняцеся; зак.

1. Раптам успомніць пра што‑н.; раптоўна заўважыць памылку, недагляд і пад. Было ўжо далёка за поўнач, калі першай схамянулася Наташа: «Гулянне гуляннем, а мне пара і дадому». Хадкевіч. — Не, стой! — раптам схамянулася .. [Наталька], — можа тваёй маці нічога не трэба гаварыць. Чорны. — А венікаў зноў не нарэзаў, — схамянуўся Антось. Аношкін.

2. Выйсці са стану нерухомасці, задуменнасці, падхапіцца, здрыгануцца. І тут Іван трывожна схамянуўся — толькі цяпер да ягонай свядомасці дайшоў трывожны сэнс цішыні. Быкаў. Нечакана зазвінеў званок — Юновіч схамянуўся, убачыў, што ідзе да школы: адтуль ужо гурмою высыпалі на вуліцу дзеці. М. Стральцоў. // Набыць здольнасць разважаць; прыйсці ў сябе; ачомацца. [Карніцкі:] — Вы, таварышы, ведаеце, каго можаце прапусціць у самы лагер? Схаменяцеся, ды позна будзе! Паслядовіч. І схамянуцца не ўправіліся, як полымя ўхапілася ўжо за суседняе гумно. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Аві́н ’будынак для сушкі снапоў’ (ДАБМ, Касп.), авин, аввинь (Лысенка, СПГ) ’тс’, овин ’будоўля для захоўвання і малацьбы снапоў’ (Мат. Смал.), ovinʼ ’будынак для сушэння збожжа (паўд.-бел.)’ (Смул.). Рус. овин, укр. овин, ст.-рус. овинъ. Нельга гаварыць пра генетычныя суадносіны з літ. jáuja ’амбар’, лат. jauja ’гумно’, ст.-іран. yəvīn ’збожжавае поле’, бо літ. jáuja суадносіцца з javai ’збожжа’, ст.-іран. yəvīn з yava‑ ’тс’. Генетычна тоеснай назвы збожжа славянскія мовы не ведаюць: гл. Брукнер, KZ, 45, 307. Арэал слова авін абмежаваны (толькі частка ўсходнеславянскіх дыялектаў). Даводзіцца меркаваць аб запазычанні: авін < ст.-іран. yəvīn. Геаграфія гэтага слова гаворыць таксама ў карысць іранскай крыніцы. Слова пашырылася з тэрыторыі на ўсход ад сярэдняга цячэння Дняпра, дзе, як вядома, існаваў іранскі субстрат. У карысць генетычнай сувязі авін з пералічанымі балтыйскімі і іранскімі словамі выказваюцца Бернекер, 455; Траўтман, 107; Мюленбах-Эндзелін, 2, 97; Фрэнкель, 192; Майргофер, 3, 10. Думка Ільінскага, РФВ, 74, 136; Slavia, 262, пра непасрэдную генетычную сувязь авін з і.-е. au̯ (au̯es? — параўн. Покарны, 86) ’грэць’ неверагодная, ён, аднак, справядліва аспрэчвае думку Карскага, Белорусы, 133, аб цюркскім паходжанні слова і лічыць, што цюркскае слова (тат. avyn) мае рускае паходжанне. Таксама Фасмер, 3, 114.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

уе́хаць, уеду, уедзеш, уедзе; уедзем, уедзеце, уедуць; заг. уедзь; зак.

1. Заехаць унутр, у сярэдзіну чаго‑н.; прыехаць куды‑н. Уехаць у двор. Уехаць у лес. □ Гумно стаяла крыху воддаль ад хаты, і абодва яны [Максім з Гіпалітам] не чулі, як уехаў туды на санях Цімка. Машара. У пачатку жніва, неяк раз раніцай, у Бярозаўку ўехалі тры параконныя салдацкія брычкі. Васілевіч. Неўзабаве аўтамабіль, лёгка рассякаючы коламі сухі пясок, уехаў у вуліцу. Якімовіч.

2. Разм. Праехаць які‑н. шлях, ад’ехаць на якую‑н. адлегласць. За дзень мы ўехалі сто кіламетраў.

3. перан. Увайсці ў што‑н. мяккае, сыпучае; асесці, спусціцца; угрузнуць. Цяпер хатка ўехала ў зямлю, асунулася і выглядае побач з новым зрубам кучай парахні. С. Александровіч. Сена на калёсах заслана белым абрусам, але яго зусім не відаць, ён уехаў у само сена. Пташнікаў. Ногі адразу ўехалі вышэй кален у мяккую цеплаватую гушчу. Мележ.

•••

Уехаць па вушы — тое, што і акунуцца з галавой (гл. акунуцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стадо́ла

1. Стар. Язычаскае мольбішча, храм у язычнікаў.

2. Хлеў для коней (Чашн. Касп.); вялікі даржнік, скацінны хлеў (Нас.); хлеў на заезным двары (Крыч. Бяльк.); вялікі хлеў для збажыны ў панскіх гаспадарках (Віц. Нік. 1892, 35); павець (Маг. губ. вед., 1854, № 48, 865); халодны будынак (Слаўг.).

3. Еўня ў гумне; гумно (Смален.).

□ в. Застадолле Сен. (Касп., 33), с. Стадолішча Смален. вобл., в. Стадолічы Лельч.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

тачо́к

1. Месца, дзе малоцяць збожжа; глінабітны ток у гумне, пад паветкай; цэментаваная пляцоўка каля калгаснага свірна; расчышчаны ўчастак для малацьбы збожжа, ільну (Лёзн., Слаўг., Сур. Касп.).

2. Гумно, дзе складваюць і малоцяць збожжа (Мін., Я. Купала. Вершы. Паэмы, 1958, 18).

3. Бойкае месца, дзе збіраюцца людзі; пляцоўка, плошча (Нясв., Слаўг.).

□ Стралецкі тачок перад стралецкім замкам у Полацку, Княжы тачок перад замкам у Навагрудку.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

скі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Скінуць што‑н. з чаго‑н. у некалькі прыёмаў. Скідаць дровы з воза.

2. Кідаючы, сабраць што‑н. у адно месца. Скідаць каменне ў кучу. □ Зрэзалі .. [сасну] з пня, ацерабілі. Не прыбралі ні верху, ні сукоў — не скідалі ў кучу. А летам тады — пажар... Пташнікаў. [Міхась] узяў рукзак, скідаў туды свае пажыткі, падхапіў на плечы і падаўся ў хмызняк. Ваданосаў.

3. Кідаючы ў адно месца (сена, салому), скласці стог. На Доўгім грудзе расце добрая дзяцеліна, дзікі гарошак. Калі лясгас дазволіць, яны, хлопцы, скосяць гэтую траву і скідаюць там стажок. Паслядовіч.

4. Разм. Зрабіць сяк-так якую‑н. будыніну. Папрацаваўшы гэтак усё лета, Ільюк пад зіму скідаў сабе хатку. Лобан. Асталася .. [Грасыльда] адна. Хату ёй скідалі сяк-так талакой. Пташнікаў. [Анішчук:] Трэба гумно якое скідаць, а то жыта няма дзе складаць... Гурскі.

5. Разм. Сшыць што‑н. на скорую руку. Я таксама маю світку. Маці скідала мне яе з бацькавай старой, і выйшла яна, як новая. Баранавых.

скіда́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да скінуць.

•••

(Аж) з ног скідае (валіць) — пра вецер, буру і пад., што не даюць магчымасці ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ток

1. Глінабітная пляцоўка ў гумне для малацьбы; гумно (БРС). Тое ж малатня́ (Паст.).

2. Высокае роўнае месца, плошча; месца, шырэйшае за вуліцу, дзе збіраецца народ (Слаўг.); прытаптанае цвёрдае месца без травы (Лёзн., Слаўг.); убіты, цвёрды грунт (Слаўг.). Тое ж точышча (Слаўг.).

3. Глінабітная падлога (БРС).

4. Месца, дзе такуюць цецерукі (Бых., Тур.).

5. Цячэнне вады (Слаўг.).

6. Пляцоўка для малацьбы на полі, для збожжа каля зернясховішча (Бых., Слаўг.).

□ Тураў ток — месца каля калодзежа у г. Тураве.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Ток 1 ’струмень, цячэнне, плынь’ (Ласт., Некр. і Байк.), ’электрычны зарад у правадніку’; ’электрычная энергія’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ст.-бел. токъ ’плынь’ (1535 г., КГС); часцей у спалучэннях выток, паток, атока (гл.). Параўн. рус. ток старое ’цячэнне’, ’электрычнасць’, польск. tok ’цячэнне, ход’, чэш. tok ’цячэнне, струмень’, славац. tok ’цячэнне’, н.-луж. tok ’рэчка’, славен. tok ’плынь, цячэнне’, серб.-харв. то̑к ’цячэнне; ход, напрамак’, балг. ток ’электрычнасць’, рэдка ’цячэнне’, макед. ток, тек ’цячэнне, ход’, ст.-слав. токъ ’цячэнне, плынь, струмень’. Прасл. *tokъ, роднаснае літ. tãkas ’сцежка, дарожка’, лат. taks ’тс’, што да і.-е. *tek‑ ’ісці, рухацца’ (Фасмер, 4, 69; Бязлай, 4, 191; Борысь, 637; Шустар-Шэўц, 1512), гл. цячы.

Ток 2 ’гумно’ (ТСБМ, Касп., Варл., Сл. ПЗБ; леп., Яшк. Мясц.; ПСл, ТС; астрав., Ск. нар. мовы), ’будынак, дзе малоцяць’, ’гумнішча’, ’прыгуменне’ (полац., віл., арш., талач., ельск., ЛА, 4), ’месца ў гумне для малацьбы’ (Нас., Шат., Некр. і Байк., ПСл, Ян., Сцяц. Сл., Сцяшк., Бяльк.; ашм., Стан.; Мат. Гом.), ’пляцоўка для абмалоту збожжа’ (ТСБМ; ст.-дар., Нар. ск.), ’свабоднае роўнае месца, пляц, плошча’ (Ласт.), ’глінабітная пляцоўка’ (ТС, ЛА, 4), ’земляная падлога (звычайна гліняная)’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Сцяц. Сл., Мат. Гом., Ян., ПСл; палес., Шатал.), ’под у печы, чарэнь’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Сцяц., Гіл.; палес., Шатал.; ЛА, 4), істо́к ’тс’ (ЛА, 4), ток ’цвёрдае дно (вадаёма, ракі)’ (лун., Шатал.), тэк ’земляная падлога’ (там жа), тык ’пляцоўка для малацьбы ў гумне’ (кам., Сл. ПЗБ), тӥк ’тс’, ’глінабітная падлога’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), тік ’тс’ (Сл. Брэс.), сюды ж токо́ваты, токо́васты ’цвёрды, утоптаны, выбіты’ (ТС), ст.-бел. токъ ’ток, пляцоўка для абмалоту збожжа’ (1559 г., КГС). Укр. тік ’памяшканне для малацьбы’, рус. ток ’расчышчанае месца, пляцоўка для малацьбы, ачысткі і прасушкі збожжа’, польск., славац. дыял. tok ’тс’, балг. дыял. ток ’гумно, месца малацьбы’, ст.-слав. токъ ’тс’. З прасл. *tokъ ’утаптанае для малацьбы месца’, а літаральна — ’месца, дзе бегаюць коні ці іншая жывёла, з дапамогай якіх малоцяць (пры старым спосабе малацьбы)’. Роднаснае (з чаргаваннем галосных) да прасл. *tekti ’бегчы, цячы’ (Фасмер, 4, 69, 70; Брукнер, 573; Махэк₂, 646; ЕСУМ, 5, 578).

Ток 3 ’растоплены, вытаплены тлушч’ (Мат. Гом., ТС; брагін., Нар. словатв.; жытк., Жыв. сл.; мазыр., ГЧ), ’тлушч’ (Шатал., ПСл), ’тук’, ток, тук ’тлушч’, ’тлушч са смажанага сала’ (Сл. Брэс.). Укр. дыял. ток, тік ’растоплены тлушч’. З іншым вакалізмам роднаснае да цячы < прасл. *tekti. Параўн. тук, гл.

Ток 4 ст.-бел. ’утулка з дном, у якую укладалі задні канец гусарскай дзіды, каб павялічыць сілу удару’ (Arche, 2008, 1–2, 85). Параўн. укр. точо́к ’похва для бруска ў касароў’, польск. tok ’трубчастая падстаўка, у якую ўстаўляецца канец дзіды’, ст.-польск. tok ’карыта, жолаб’, ’кадаўб’, славен. tok ’калчан’, серб.-харв. ток ’тс’, то̀чир ’пасудзіна з рога для бруска ў касароў’, ст.-слав. токъ ’калчан’. Этымалогія няпэўная. Борысь (637) лічыць аддзеяслоўным назоўнікам ад *tekti (гл. цячы) са значэннем ’тое, што робіць мажлівым цячэнне, напр., карыта’. Акрамя магчымага запазычання з венгерскай і румынскай моў (Скок, 3, 479), што цяжка давесці, прапануецца сувязь з *tъkati (Бязлай, 4, 148–149) (гл. тыкаць) або з *točiti ’вастрыць’ (ЕСУМ, 5, бі 1), гл. тачыць.

Ток 5 ’шлюбныя гульні глушцоў, цецерукоў і іншых птушак, такаванне’, ’месца, дзе такуюць цецерукі, глушцы, бакасы’ (Некр.), на таку́ ’падчас такавання’ (Пятк. 1), ст.-бел. токъ ’такавішча (цецерукоў)’ (1663 г., КГС). Гл. такаваць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

такаві́шча

1. Месца ў лесе, дзе такуюць цецерукі (Рэч.); месца, прыстасаванае для лоўлі звяроў, птушак (БРС). Тое ж такаўі́шча (Лёзн.).

2. Месца, дзе вядуцца змеі (в. Губеншчына Камаровіцкай вол. Чэр. пав. — Маг. губ. вед., 1889, № 1, 161).

3. Месца, дзе раней быў ток у гумне (Лёзн., Слаўг.), дзе было гумно (Віц. Нік. 1895, Паст.).

4. Цэментавая пляцоўка, куды ссыпаюць зерне ў час малацьбы (Лёзн., Слаўг.). Тое ж такаўі́шча (Лёзн., Слаўг.), ток, тачок (Слаўг.).

5. Месца, прыстасаванае для спаборніцтваў, гульняў (Слаўг.). Тое ж точышча (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)