Едва́б ’шоўк’ (Нас., Шат., Касп., Сцяшк., Шпіл., Шн.), ст.-бел. едвабъ ’тс’. Запазычанне з польск. jedwab, якое ў сваю чаргу са ст.-чэш. hedvabie (Булыка, Запазыч., 105). Ст.-чэш. hedvabie, відавочна, герм. паходжання. Сярод лексем найбольш блізкая да верагоднай крыніцы ст.-в.-ням. gutawebbi, ст.-сакс. godowebbi (Слаўскі, 1, 551).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жанчы́на. Улічваючы націск і абмежаванае літаратурнае пашырэнне, хутчэй не ўласна бел. утварэнне (жен‑ък‑а, женък‑ина), а запазычанне са ст.-польск. ženczyzna (з XV ст. ад *žen‑ъk‑izna) з пазнейшым падвядзеннем пад усх.-слав. мадэль без ‑z‑ (параўн. ojczyzna, айчына, гл.). Параўн. ст.-укр. (канец XVII ст.) женщизна (Цімчанка).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кава́дла ’жалезная падстаўка асобай формы для ручной коўкі металу’ (БРС, ТСБМ, Дэмб., Жыв. сл., Касп.; лаг., КЭС; Мал., Нар. словатв., Сержп. Грам., Сцяц., Сцяц. БНС, Шат., Янк. БФ), кувадло ’тс’ (Мядзв., Нас.), ’бабка’ (Сержп. Земл.). Паводле суфіксацыі — запазычанне з польск., дзе да прасл. kovadlo < kovati, гл. Слаўскі, 3, 19–21.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Панца́к ’круглыя ячныя крупы; суп з такіх круп’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сцяшк.), панса́к (Др.-Падб., Сержп. Грам., Сцяшк., З нар. сл.), панца́к, панса́к, пэнца́к (Сл. ПЗБ) ’тс’, па́нцыр ’жалобная каша’ (Сцяшк. Сл.). Запазычанне з польск. (Шат., 200) дыял. pęcak (агульна-польск. pęczak), якое ад pęcznieć ’набракаць, напухаць’ (гл. Брукнер, 408).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прата́к ’вельмі рэдкае рэшата’ (Сл. рэг. лекс.). Параўн. чэш. přetak ’сіта, рэшата’, славац. ’ток, гумно’, якое, паводле Махэк₂, 646, з’яўляецца зваротным дэрыватам ад točiti ’кружыць’, што ўказвае на тэхніку ачышчэння збожжа на рэшаце (гл. скружваць). Да ток, тачыць. Відаць, запазычанне праз польскую, калі ўлічыць лінгвагеаграфію, але польск. слова нам не вядома.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Прэ́дак, прэдок, прэдко ’продак, пачынальнік роду’ (ТС), продкі ’продкі’ (Ян.), ’продкі, бацькі, дзяды і прадзеды’ (Бяльк.), арэшкі ’продкі’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Рус. предок, предки ’тс’, укр. предок ’продак’. Запазычанне з ц.-слав., звязанае з прѣд- (Цыхун, Зб. памяці Талстога, 419), гл. перад, а таксама Фасмер, 3, 357. Параўн. продак (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́псік ’нешта маленькае, падобнае на шарык’ (мсцісл., Мат. Маг.), ’пампон’ (Яўс.). Хутчэй за ўсё, запазычанне з рус. разм. пупс, пупсик (пра нешта малое, надутае), што з ням. Puppe ’лялька’, франц. pupėe ’тс’ (гукапераймальнага паходжання), набліжанае да пуп (гл.). Не выключаны балтыйскі уплыў, параўн. лат. pūpsoti (pūpso) ’тырчаць, выступаць’, pūpsnis ’пукатасць, уздуцце’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раго́йшыла ’няўдаліца’ (ашм., Сл. ПЗБ), ’скаціна (пра чалавека) (там жа). Утворана па мадэлі дуры́ла. Лічыцца запазычаннем з літоўскай мовы, параўн. літ. ragúotas ’рагаты’, raduõlis ’пірог’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 72), але гэта версія гучыць непераканальна. Складальнікі беларускага слоўніка звязваюць запазычанне з літ. rãgas ’рог’ (Сл. ПЗБ, 4, 238). Параўн. таксама раго́йш (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́тман1 гіст. ст.-бел. ’член магістрата старажытнай Рыгі’ (Ст.-бел. лексікон; Карскі, 1, 204), упершыню фіксуецца ў 1300 г. (Булыка, Запазыч.). Непасрэднае запазычанне з с.-н.-ням. râtman ’тс’, параўн. Фасмер, 3, 447.

Ра́тман2 ’старшы над плытагонамі, які кіруе праводкай плытоў праз небяспечныя месцы’ (зах.-палес., Кольб.). Гл. ротман.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Самава́р ’металічны прыбор для кіпячэння вады з награвальнай трубкай у сярэдзіне’ (ТСБМ, Др.-Падб.). З рус. самова́р ’тс’, якое ад сам і варить (Праабражэнскі, 2, 248; Брукнер, 480). Інакш Міклашыч, які бачыць у рускім слове запазычанне з цюрк. sanabar, што менш верагодна. Падрабязна аб рус. слове гл. Фасмер, 3, 553.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)